У тыя дні, калі здараецца нам захварэць і прыпыніцца звыклы бег дзён, калі нядужасць возьме верх над здароўем і на кароткі альбо даўжэйшы час падступяцца сумнівы, самота, калі ўбачым раптам, што не заўжды і не ўсюды мы можам даць сабе рады, чаго мы найбольш прагнем тады? Ці толькі вяртання здароўя ды звыклага рытму жыцця? А можа нам так моцна захочацца тады, каб хтосьці, каго мы даўно не бачылі, адчыніў дзверы нашага жытла? Каб мы маглі проста пагаварыць з кімсьці, проста пабыць разам… Аляксей Дзядак – адзін з тых, каго многія хворыя чакаюць, з кім рады падзяліцца тым, што ляжыць на сэрцы. І ён не марудзіць з наведваннем…
Аляксей — валанцёр. Адзін з тых, хто не баіцца адчыняць дзверы жытла, за якімі часта чакаюць сум, боль, праблемы. Не баіцца ўваходзіць ва ўсё гэта, каб раздзяліць боль і страх, надзею і радасць. Прызнаемся, што нашыя праблемы часта ў тым, што мы не тое што лянуемся наведаць блізкага нам хворага чалавека, але баімся акунуцца ў ягоныя няпростыя справы, баімся іх цяжару. Яшчэ не паспрабаваўшы падняць, мы ўжо адчуваем той «непад’ёмны» цяжар…
А чаму гэты малады мужчына, які мае вышэйшую адукацыю і якога зусім не залічыш да няўдачнікаў, не шкадуе свайго часу і сілаў для таго, каб дапамагаць адзінокім, хворым, нямоглым, тым, каго напаткала бяда? Чаму ён ахвотна ідзе ў кватэры да хворых? Чаму наведвае іх у бальнічных палатах?
У свой час Аляксею пашчасціла сустрэць святара, які дапамог яму адкрыць вочы і сэрца на патрэбы іншых людзей і тым самым нібы дапамог пашырыць межы сэрца. Гэта — ксёндз Андрэй Санько. Многія на Беларусі і цяпер з удзячнасцю ўспамінаюць гэтага чалавека, тое, як не шкадаваў ён часу ў сваім служэнні, каб раздзяліць з кімсьці цяжар выпрабавання.
Мне, аўтару гэтых радкоў, у свой час таксама давялося з ім пазнаёміцца. Было гэта ў Мінску, у Чырвоным касцёле. Не паспелі мы тады пазнаёміцца, як ксёндз Андрэй адразу папрасіў мяне пабыць гадзінку з хлопчыкам, якім апекаваўся. Хлопчык той быў хворы, праходзіў медыцынскае абследаванне ў Мінску — яго чакала вельмі сур’ёзнае лячэнне.
— Я пайду цэлебраваць Імшу, а Вы можа пабудзеце з ім? Пагуляйце, калі ласка, з ім па вуліцы, пагаварыце. Ён любіць чытаць кнігі, у вас будзе агульная тэма для размовы, — сказаў мне тады ксёндз Андрэй.
Мы пазнаёміліся з хлопчыкам і нейкую гадзіну праходжваліся па горадзе, размаўлялі… Такім чынам і я на нейкую гадзінку далучылася да таго, чым мы, калі на добрае, павінны жыць штодня. Даўнавата тое было, а памятаецца. І вось цяпер, праз столькі гадоў, неспадзявана ўсплыло ў памяці — Аляксей дапамог. Яшчэ адзін неабыякавы чалавек, які не баіцца насіць цяжар іншых.
Гэтая неабыякавасць прымусіла Аляксея зрабіць у сваім жыцці лагічны выбар: цяпер ён не проста чалавек, які ў любую хвіліну гатовы ісці на дапамогу іншым, але яшчэ і каардынуе працу валанцёраў. Аляксей цяпер працуе сацыяльным работнікам ГДА «Беларускі дзіцячы хоспіс» і каардынатарам валанцёраў. Слова «хоспіс», вядома, не выклікае ў нас пазітыўных эмоцый, але гэта — рэальнасць нашага жыцця, з якою трэба лічыцца. Дзіцячы хоспіс створаны ў 1994 годзе як дабрачынная арганізацыя, пакліканая дапамагаць хворым дзецям. Напачатку яго супрацоўнікі дапамагалі толькі анкалагічна хворым дзецям, потым межы дзейнасці пашырыліся, і цяпер сярод іх падапечных ёсць дзеці з рознымі хваробамі. Ранейшым жа засталося тое, што хваробы часта вельмі цяжкія, невылечныя, такія, ад аднаго ўспаміну пра якія ў спагадлівых ды баязлівых людзей сціскаецца сэрца. Ад такіх праблемаў многія адварочваюцца, многія проста не гатовыя нават слухаць пра іх, не тое што спрабаваць хоць бы неяк дапамагчы.
Але, на шчасце, ёсць людзі, якія не баяцца ніякага цяжару, хоць той, хто з любоўю ўваходзіць у гора й бяду іншага чалавека, наўрад ці лічыць гэта цяжарам. Любоў здольная афарбоўваць нават самыя балючыя праблемы яркімі, жыццесцвярджальнымі фарбамі.
Кожны валанцёр можа прыгадаць некалькі прыгожых, светлых гісторый. Нават калі фінал іх бывае сумны, цярпенне вучыць чалавека напоўніцу жыць сённяшнім днём, радавацца яму, цаніць найменшае дабро.
А якое яно, гэтае дабро, што нясе валанцёр хвораму чалавеку? Самае рознае. Часам так важна проста пабыць з ім разам. А калі здолееш схадзіць з хлопчыкам альбо дзяўчынкай у цырк альбо дэльфінарый, пагуляеш па лесе, пачытаеш разам кніжку альбо разам паглядзіш фільм, то гэта можа стаць для дзіцяці падзеяй, якой яно будзе яшчэ доўга жыць. Часам трэба знайсці спонсараў, каб набыць інвалідны вазок альбо нейкую апаратуру. Час ад часу валанцёры арганізуюць дыскатэкі для сваіх падапечных. Дастаткова ўважліва паглядзець на здымкі з такіх вось дыскатэкаў, якія па нашай просьбе даслаў нам Аляксей. Эмоцыі, як кажуць, б’юць праз край!
Беларускія валанцёры супрацоўнічаюць з замежнымі — у іх ёсць надзейныя сябры ў Польшчы, Германіі, іншых краінах. Гэтая надзейнасць праверана гадамі сумеснай працы, і таму нікога ўжо не здзіўляюць мужныя дзяўчаты, напрыклад, з Германіі, якія прыязджаюць летам у Мінск, каб проста пажыць колькі тыдняў з хворымі маленькімі беларусамі, якія перажываюць зусім не маленькія праблемы.
Колькі разоў Аляксей быў таксама працяглы час у іншых краінах, знаёміўся там з арганізацыяй працы валанцёраў. Дарэчы, звярнуў увагу на тое, як шмат, напрыклад, у Польшчы валанцёраў пенсійнага ўзросту. Людзі, якія ўжо не мусяць штодня працаваць, але яшчэ маюць неблагое здароўе, часта нясуць выключна карыснае служэнне сярод хворых, адзінокіх, тых, хто трапіў у бяду. Таму, дарагія пенсіянеры, не спяшайцеся спісваць сябе! Калі вы адчуваеце жаданне паслужыць іншым — можна заўсёды звярнуцца да тых, у каго ляжыць на сэрцы гэтая справа. Магчыма, менавіта вас, шаноўныя спадары, там і не хапае сёння! Дык можа варта дачытаць гэты тэкст да канца і адгукнуцца на запрашэнне каардынатара валанцёраў.
Мабыць, валанцёрства — гэта ўсё ж пакліканне. І шчаслівы той, хто яго адкрые ў сабе ды рэалізуе. А Бог, калі Ён ужо каго кліча да супрацоўніцтва, абавязкова дасць і сілы для рэалізацыі.
Кожны валанцёр, які бярэ ўдзел у жыцці цяжкахворага чалавека, можа сустрэцца і з болем расстання. Вечнага расстання. Аляксей Дзядак перажыў іх некалькі. Усе памятае. Усе трывала запісаныя ў сэрцы, і раўнадушна гаварыць пра гэта не атрымліваецца. Да гэтага таксама трэба быць гатовым.
У размове з Аляксеем я запытала, а ці карысныя чым-небудзь для яго людзі, якім ён нясе падтрымку і дапамогу? Чаму ён навучыўся ў іх за гэтыя гады?
Адказаў, што менавіта гэтым найбольш і карысныя — уменнем несці крыж цяжкіх выпрабаванняў. У яго было некалькі такіх сяброў, што ўжо адышлі ў вечнасць, якім ён удзячны за іх малітву, прыклад мужнасці. А яшчэ, сказаў Аляксей, яго захапляюць сем’і, у якіх гадуецца хворае дзіця. Некаторыя з іх надзвычай трывалыя, у іх сапраўды можна шмат чаму навучыцца. Можна, прынамсі, навучыцца не скардзіцца на дробязныя непамыслоты, якія часам вырастаюць у нашых вачах да агромністых памераў.
…Ксёндз Андрэй Санько, той самы, які калісьці даў Аляксею прыклад таго, як трэба любіць людзей, цяпер служыць ва Украіне. У небяспечнай для жыцця і служэння зоне. Нядаўна ён зрабіў такі запіс у Фэйсбуку пад здымкам, на якім ён шчасліва ўсміхаецца побач з дзяўчынкай у белай сукенцы: «Мае малыя хворыя сябры! Пан Бог даў мне ў жыцці надзвычайнае шчасце — сустрэць шмат такіх дзяцей, як Ангеліна, якія падарылі мне больш, чым я здолеў ім даць». Калі чытала той подпіс, падумала, што шчаслівая таксама і Ангеліна, бо яна сустрэла ў сваім жыцці таго, каму неабыякавы яе лёс, хто ўмее радавацца разам з ёю.
Гэтаму шчасцю, зрэшты, можна навучыцца.
Ірына Жарнасек