Папа Францішак перасцярог хрысціянаў перад «духоўнаю хваробаю Альцгеймера»
22.08.2017|Асобы

Папа Францішак заклікае, каб хрысціяне пазбягалі «духоўнай хваробы Альцгеймера». Нельга назіраць за рэчаіснасцю «з балкона або тэлевізара», — сказаў Папа ў звароце да ўдзельнікаў з’езду каталіцкага руху «Камунія і Вызваленне» ў італьянскім горадзе Рыміні.


Пантыфік заўважыў, што адным з недахопаў сучаснага грамадства з’яўляецца недахоп памяці, «вызваленне ад непатрэбнага і вялікага цяжару падзеяў, што былі перад намі». 

Давайце падумаем пра адукацыю. Як можна разлічваць на выхаванне добрага пакалення без клопату пра памяць? Як можна думаць пра пабудову будучыні без ацэнкі таго, што мы робім цяпер? — разважае папа Францішак.

«Духоўнаю хваробаю Альцгеймера» Папа назваў забыванне ахрышчанымі людзьмі асабістых адносінаў з Богам і Божую любоў.

«Калі мы забываемся пра нашую сустрэчу з Панам, мы губляем спакой і нас ахінае страх, які паралізуе кожны наш рух», — сказаў Папа.

У звароце папа Францішак адзначыў: «Калі мы пакідаем бяспечны порт нашых адносінаў з Айцом, мы становімся здабычаю хвілінных капрызаў і хаценняў, робімся нявольнікамі бясконцых падманаў, якія абяцае нам сатана, бо яны пакідаюць нас расчараванымі і сумнымі, а таксама правакуюць мітуслівыя пошукі чаго-небудзь, што запоўніць пустату сэрца».

Папа папярэдзіў, што не трэба паддавацца страху з-за стомы і цярпенняў, якія «становяцца часткаю дарогі».
«Нам нельга глядзець на рэчаіснасць з балкона, мы таксама не маем права расслаблена сядзець на канапе і глядзець на свет з тэлевізара», — сказаў папа Францішак. Пантыфік перакананы, што толькі рэальна гледзячы на свет можна дасягнуць «зменаў эпохі, у якую мы пагружаныя».

Папа лічыць, што мітуслівы рытм жыцця пагражае тым, што можна страціць з поля зроку яго вартыя і праўдзівыя бакі. «Здаецца, што ўсё, што будзе пасля нас, сплыве», — сказаў Пантыфік. — І па гэтай прычыне «жыццё развальваецца на кавалкі».

Папа Францішак звярнуўся з пасланнем да 28-га сходу, арганізаванага ў Рыміні рухам «Камунія і Вызваленне» з больш пільнаю бяспекаю ў сувязі з тэрарыстычнай пагрозай у Еўропе.


Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле deon.pl

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней