Навошта патрэбна пастырскае наведванне?

У чаканні святара на Каляду

Калі святар пачынае хадзіць па Калядзе, да яго прыходу рыхтуецца ўся сям’я. Жанчыны спяшаюцца падрыхтаваць стол, накрыты абрусам, мужчыны наліваюць у місачку асвячаную ваду, кладуць крапіла, дзеці ставяць свечкі. А навошта ўся гэтая мітусня? Святар затрымаецца ў кватэры або доме самае большае на паўгадзіны. Некаторыя людзі незадаволеныя такім хуткім наведваннем святара, а некаторыя радуюцца, бо «адбылі» Каляду.

Адкуль узялася традыцыя святарскага калядавання?

У старжытным Рыме ў студзені адбывалася святочнае наведванне «календэ» (callandae) першага ў месяцы або першага ў годзе дня, ад якога ў еўрапейскіх мовах з’явілася слова «каляндар». Вядома таксама, што ад слова «каляда», якое на нашу тэрыторыю прыйшло праз пастрэдніцтва чэхаў і палякаў, паходзіць і назва вясёлых песняў «калядкаў». Калядкі і спяваюцца на праслаўленне вялікай падзеі — Нараджэння Хрыстовага. Гэтыя песні з’явіліся яшчэ ў дні зараджэння хрысціянства, але толькі ў славянскіх народаў яны захавалі сваю назву.

Касцёл пераняў народны звычай калядавання, аб’яднаўшы яго з благаслаўленнем дамоў ва ўрачыстаць Трох Каралёў. А паколькі ў гэты дзень немагчыма наведаць усіх жадаючых, наведванне расцягваецца на паслясвяточны час. Заходняя традыцыя, а таксама ўжо і наша, раіць пісаць на дзвярах дамоў, кватэраў асвячанаю крэйдаю літары «С+М+В» + год. Літары з лацінскага выразу: «Chrisus mansionem benedicat» («Няхай Хрыстус благаславіць дом»). Цяпер візіт святара азначае не толькі благаслаўленне дома, але і сустрэчу пастыра з вернікамі.

Навошта патрэбна пастырскае наведванне?

У Кодэксе Кананічнага Права ў каноне 529 напісана: «З мэтаю добрага выканання пастырскіх абавязкаў пробашч павінен старацца пазнаёміцца з даручанымі яго апецы вернікамі. Ён павінен наведаць сем’і, даведацца пра іх клопаты і праблемы, умацаваць іх у Богу...».

Як адбываецца наведванне?

Пастырскае наведванне адбываецца традыцыйным спосабам. Гаспадар дома сустракае святара каля дзвярэй, запрашае ў пакой. Са святаром стараюцца сустрэцца ўсе члены сям’і. Гэта добры час для прыватных размоваў са святаром, падчас якіх у хатняй атмасферы можна пачуць адказы на хвалюючыя пытанні.

Пастырскае наведванне мае характар хатняга набажэнства. Яно можа распачынаецца з абраду благаслаўлення сям’і разам з супольнаю малітваю і разважаннем над Божым словам. Часам наведванне распачынаецца са спеву калядкі, якую разам з сям’ёю спявае таксама і святар. Вітаючыся словамі «Спакой гэтаму дому», святар жадае, каб у гэтым доме пастаянна прысутнічаў Хрыстус, які сваім з’яўленнем на свет прынёс людзям спакой. Пасля гэтага прывітання адбываецца благаслаўленне ўсёй сям’і і дома з акрапленнем усіх прысутных асвячанаю вадою.

Сёння ўсё часцей сем’і ахопленыя песімізмам, многія губляюць працу, фінансавае становішча становіцца хісткім. Парафіяне складаюць сціплыя ахвяраванні, або зусім іх не даюць і моцна з-за гэтага пакутуюць. Іншыя людзі саромеюцца прапанаваць сваю дапамогу, падзяліцца тым, што маюць, баяцца быць добрымі самаранінамі.

Часта ўзнікае пытанне: колькі даць святару за пастырскае наведванне? Адказ просты: хто колькі можа. Святары тлумачаць, што ніхто не называе сумы ахвяравання, якое павінны даць святару. Сабраныя дары пойдуць не толькі на патрэбы парафіі і святара, але і на патрэбы сем’яў парафіі, якія сапраўды чакаюць дапамогі: калі, напрыклад, адзін з членаў сям’і мае залежнасць і ад яго пакутуюць усе родныя; калі  дзіця выхоўваецца толькі адным з бацькоў або бубуляю і дзядулем; калі ёсць моцна або невылечна хворы член сям’і, калі сям’я шматдзетная, і працуе адзін з бацькоў. Святар павінен усё ведаць і занатоўваць, каб быць падрыхтаваным да размовы з тымі, хто жыве без шлюбу, споведзі або нават неахрышчаны, а таксама каб пасля пастырскага наведвання даць «падарунак» святога Мікалая тым, хто вельмі яго чакае.


Іна Бігель

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней