Іканапісныя варштаты прайшлі пры дамініканскім кляштары ў Магілёве

«Гэта былі вельмі насычаныя дні! Насычаныя новымі ведамі, размовамі з людзьмі, думкамі, малітвай, працай.... Фізічна няпросты, але вельмі цікавы час! Першы ў жыцці ўласнаручна напісаны невялічкі абраз — вельмі важны плён гэтых дзён, але думаю, што не адзіны…» Мы публікуем уражанні ўдзельнікаў варштатаў па іканапісе, якія праходзілі з 13 па 15 жніўня ў магілёўскай парафіі св. Казіміра і Ядвігі.


Сястра Уладзіміра MSF

«Не чалавек піша ікону, а ікона піша чалавека…» — такія словы я пачула на майстар-класе, і гэта сапраўды так. Я даўно марыла пра тое, каб навучыцца пісаць іконы. Гэтая мара была дзесьці глыбока ў сэрцы, але я не спадзявалася, што ў мяне атрымаецца яе споўніць. Як аказалася, паспрабаваць напісаць ікону можа кожны, было б толькі жаданне і добры настаўнік ці настаўніца. Мы перажылі тры дні, насычаныя працаю і малітваю. Ікона, якую мы пісалі, мае назву «Пнеўматофара» — «Тая, якая нясе Святога Духа». Маці Божая прытуляе да свайго сэрца галубку — як жа прыгожа і пакорна Марыя пазірае на нас!.. Пісаць ікону зусім нялёгка: мы працавалі з 9-ці раніцы да 11-ці вечара з маленькімі перапынкамі на ежу і малітву, але час пралятаў вельмі хутка і плённа, бо паміж усімі ўдзельнікамі варштатаў адчувалася адзінства і любоў, узаемапавага і дапамога. Для мяне гэта быў час выпрабавання характару на цярплівасць і стрыманасць, бо ікона пішацца вельмі павольна і спакойна, як малітва. Цяпер я адчуваю ў сэрцы спакой і задавальненне ад сваёй працы і не шкадую, што прыехала ў Магілёў. Спадзяюся, што гэта толькі пачатак і ў будучыні збярэцца больш жадаючых паспрабаваць напісаць ікону. Галоўнае — верыць у тое, што жаданні збываюцца, і ніколі не губляць надзеі!»

Святлана

«Для мяне асабіста гэта быў не майстар-клас, а сапраўдныя рэкалекцыі, падчас якіх Пан Бог самым нечаканым спосабам звяртаўся да майго сэрца. Хачу падкрэсліць некалькі момантаў, якія да глыбіні душы ўзрушылі мяне. Па-першае, гэта тое, што кожны мазок пэндзлем мае сэнс, нават калі ён спачатку здаецца непатрэбным. І тут не трэба спяшацца і рабіць па-свойму, тут асабліва важныя паслухмянасць, унутраная цішыня, засяроджанне і стараннасць. Па-другое, каб ісці далей, неабходна змяняць звыклае мысленне, сваё ўяўленне і ўспрыманне працэсу напісання іконы, напрыклад, маляванне святлом, што зусім няпроста. Але толькі такім чынам можна стварыць сапраўдны абраз, з якога прамянее нябеснае святло. Па-трэцяе, усе працэсы на варштатах самым дзіўным чынам параклікаліся з тым, што ў гэты час адбывалася ў маёй душы. Моцна адчувалася прагненне супакою, цішыні і прабывання ў прысутнасці Створцы».

Жанна

«Я лічу маленькім цудам, што мне выпала магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класе па іканапісе. Гэта дазволіла мне рукою мастака дакрануцца да ліку Маці Божай. Паступовае раскрыццё Яе схаванага аблічча паказвае, як Марыя глыбока любіць нас, Яна дазваляе ўбачыць сябе праз такія простыя рэчы, адчуць Яе прысутнасць у кожным з нас».

Ганна

«Для сябе гэтыя выходныя магу падзяліць на тры складнікі: майстар-клас, малітва, размовы з людзьмі. І кожная з гэтых частак стала настолькі важнай, што не магу нават вызначыць штосьці як першаснае. На занятках за тры дні атрымала тое, што не дадуць месяцы праглядаў відэакурсаў — тут былі не толькі практычныя веды, падказкі, дапамога, але і кароткія ўводзіны ў тэорыю іканапісу. Яшчэ хочацца адзначыць высокі ўзровень падрыхтоўкі матэрыялаў: выкладчыца прадугледзела ўсё да дробязяў. Што датычыць малітвы і размоваў, хочацца сказаць пра асабліва кранальны сямейны дух Эўхарыстыі. Вельмі цешыла штодзённая магчымасць быць на адарацыі, прынесці Езусу свае клопаты і хваляванні, падзякі, часам — сваю стомленасць. А ў размовах на працягу гэтых дзён было закранута столькі важных тэмаў, што, ад’язджаючы, я павезла дадому не толькі ўласнаручна напісаны абраз, але і шмат разважанняў для духоўнай працы. Гэтая майстэрня дала такі патрэбны глыток паветра і цішыні сярод жыццёвай мітусні, што сапраўды стала нечым нашмат большым, чым проста варштаты!»

Аксана

«Майстар-клас быў цудоўны! Дзякуй нашай настаўніцы Валянціне, якая была вельмі цярпліваю да нашага няўмення. На варштатах мы атрымалі шмат інфармацыі пра іканапіс: даведаліся пра працэс падрыхтоўкі дошкі, выкарыстанне пігментаў, навучыліся разводзіць пігменты па старой традыцыі з выкарыстаннем яйка і воцату. Я зразумела самае галоўнае — ікону трэба ўмець чытаць, таму той, хто яе піша, павінен правільна данесці сэнс».

Алена

«Курсы іканапісу сталі для мяне спаўненнем мары. Я быццам вярнулася ў свой дом, сапраўдны, родны, па якім тужыла і не спадзявалася туды трапіць. Я зразумела, што не бывае позна для таго, каб славіць Пана. Дзякуй Богу за ўсё!»

Віялета

«Штодзенная малітва, святая Імша, адарацыя, сумесны кароценькі адпачынак і разважанні разам з айцом Раманам «у кампаніі» абразоў мастака Фра Анджэліко стваралі атмасферу, напоўненую Святым Духам. Вельмі сімвалічна, што варштаты супалі з літургічным успамінам а. Максімільяна Кольбэ і з Урачыстасцю Унебаўзяцця Насвяцейшай Панны Марыі. Падчас літургіі 15 жніўня ў магілёўскай катэдры Віцебскі біскуп Алег Буткевіч асвяціў іконы ўдзельніц майстар-класу. Гэта быў вельмі кранальны завяршальны момант! Асабліва прыемна, што для напісання яшчэ адной іконы дома мы атрымалі дадатковыя матэрыялы: дошку, пігменты, пэндзлі, а самае галоўнае — практычныя веды. Спадзяюся, што такога кшталту майстар-класы будуць развівацца на прасторах нашай Беларусі».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней