Каб праслаўляць Айца, які ў нябёсах. Пра маладую гомельскую парафію

«Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах» (Мц 5, 16). Менавіта гэтыя словы з Евангелля прыйшлі мне на памяць, калі я наведала новую парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны ў Гомелі.


Шчыра кажучы, я ніколі такога не бачыла, каб у касцёле штодня перад святою Імшою адараваўся Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце, а кожны чацвер адарацыя адбывалася з 8:00 да 24:00, прычым не ў пустым касцёле. Людзі шчыра і аддана моляцца, праслаўляючы Бога. Тых жа, з кім мне ўдалося пазнаёміцца, хочацца назваць сапраўднымі Апосталамі і сведкамі веры. Але пра ўсё па парадку.

Вядома, што Гомель — другі па велічыні горад у Беларусі пасля Мінска, аднак да нядаўняга часу там дзейнічаў усяго адзін касцёл. Вернікам, напрыклад, з Савецкага раёна да святыні трэба было дабірацца 10 кіламетраў і столькі ж назад. І вось аднойчы яны выйшлі да гарадскіх уладаў з ініцыятывай стварыць у сваім мікрараёне парафію. Ім дазволілі. Рухавіком развіцця гэтай святой справы, па словах саміх жа вернікаў, стаў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, якога ў той час прызначылі на служэнне ў Гомель. Літаральна праз некалькі месяцаў была пабудавана капліца, а 16 лістапада 2018 года, у свята Маці Божай Вастрабрамскай, Яго Эксцэленцыя Казімір яе асвяціў. У 1938 годзе касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны ў Гомелі быў знішчаны савецкімі ўладамі, і вось праз 80 гадоў ён уваскрос!

Парафія, якую адпачатку ўзначальваў сам біскуп Казімір, была даручана айцам паўлінам (ордэн св. Паўла — першага пустэльніка). Эксцэленцыя асабіста звярнуўся да настаяцеля гэтай манаскай супольнасці, і той накіраваў у Гомель айца Леанарда Адушкевіча, які стаў пробашчам. Дапамагае яму айцец Ануфрый Альховік. Абодва святары паходзяць з Беларусі. Паклапаціўся біскуп Казімір і пра тое, каб вернікі мелі сваю Апякунку і Заступніцу, увасобленую ў іконе Маці Божай Гомельскай. Гэты абраз Яго Эксцэленцыя прывёз у свой час з Баранавічаў. Праз біскупа парафія атрымала таксама рэліквіі св. Яна Хрысціцеля, св. Яна Паўла II, св. Малгажаты, благаслаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка, св. Зыгмунта Шчэнснага.

Адметная парафія і сваімі вернікамі, тымі жывымі цаглінкамі, з якіх і складаецца касцёл. Кінулася ў вочы прысутнасць тут маладых людзей з-за мяжы. Аказалася, што гэта студэнты са Шры-Ланкі, якія вучацца ў Гомельскім медуніверсітэце. Іх каля 20-ці чалавек, і ўсе яны аддана практыкуюць веру. На святой Імшы самі чытаюць на англійскай мове тэксты Святога Пісання, падрыхтаваныя для іх святарамі. Заўсёды па чацвяргах удзельнічаюць у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Вельмі адказна да гэтага ставяцца, размяркоўваючы паміж сабою час на малітву. Іх спеў на сваёй роднай мове, такі далікатны і пранікнёны, кранае да слёз усіх, хто побач. Вельмі зразумелымі становяцца словы: «Хто спявае, той моліцца двойчы».

На адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту часта можна бачыць маладых сужэнцаў — Міхаіла і Ксенію Масквічовых. Міхаіл нарадзіўся і вырас у сям’і пастыра баптысцкай царквы, а Ксенія была ў маленстве ахрышчана ў праваслаўнай канфесіі. У 17 гадоў, шукаючы Бога (бацькі не практыкавалі веру) Ксенія трапіла да баптыстаў, дзе і пазнаёмілася з Міхаілам. Закахаліся, потым ажаніліся, а месяц таму ўзялі шлюб у касцёле. На маё пытанне, як здарылася, што яны прыйшлі да каталіцкай веры, Міхаіл адказаў: «Мы доўга разважалі над гэтым крокам, хадзілі ў касцёл, прыглядаліся. Я цікавіўся багаслоўскай тэматыкай і нарэшце зразумеў, што ў баптыстаў няма паўнавартаснага хрысціянскага жыцця. Ксенія мяне падтрымала, і мы прыйшлі вось у гэту парафію. Першае, што пачулі ад айца Леанарда: “Гэта Маці Божая прывяла вас сюды”. Хадзілі на ўрокі рэлігіі і вось павянчаліся. Рыхтуемся да хросту сваёй маленькай дачушкі».

Многія з вернікаў накіроўвалі мяне да пані Яніны Лукумскай, якую лічаць тут адным з лідараў. Гэта 70-гадовая жанчына з няпростым, а часам трагічным лёсам, сапраўды ўражвае сваёю любоўю да Бога і бліжняга. Амаль з нараджэння яна засталася без бацькоў. Да пяці гадоў яе гадавала бабуля, а калі тая памерла, дзяўчынку ўзялі ў прыёмную сям’ю. Яна вывучылася і ўсё жыццё працавала метролагам у Цэнтры стандартызацыі. Выйшла замуж за лётчыка, нарадзіла траіх дачок. Ад Бога была, як сама прызнаецца, далёка. 1993 год стаў пераломным у жыцці жанчыны: яна захварэла на анкалогію. Урачы не давалі ёй ніякіх шанцаў, а яшчэ перад гэтым яе пакінуў муж — яна некалькі гадоў увогуле не ведала, ці ён жывы. Вярнуўшыся, ён ажаніўся з іншай. Яніна ж увесь гэты час змагалася за сваё жыццё. Сваячніца яе мужа параіла не падаць духам, а ісці ў касцёл. У той час у Гомелі ўжо дзейнічала парафія Нараджэння Панны Марыі, у якой служыў ксёндз Славамір Ляскоўскі. Жанчына ўспамінае: «Гэты святар мне адразу падаўся святым. Калі ён прамаўляў казанне, мне здавалася, што ён гаворыць асабіста для мяне. Я здзіўлялася: у касцёле столькі людзей, адкуль ён можа ведаць усе мае праблемы?».

Як малое дзіця Яніна даверылася Богу. Пачала маліцца, практыкаваць веру, загартоўвацца. Праз чатыры гады яна сустрэла ў горадзе свайго доктара, які быў здзіўлены, што яна яшчэ жывая. Аднойчы ксёндз Славамір сказаў ёй, што яна мае ад Бога дар міласэрнасці, і параіў яго развіваць. Сёння яна ўжо нават не ведае той колькасці хворых: адзінокіх, старых, каму дапамагала і працягвае дапамагаць. Трэба сказаць, што яна стала першым старшынёю прэзідыума Легіёну Марыі ў парафіі. Прывяла ў гэтую супольнасць свайго падапечнага Аляксандра Даўнаровіча, хлопца з няпростым лёсам. Сёння яны разам наведваюць 93-гадовую парафіянку Галіну Францаўну Драбышэўскую, якая вельмі шмат зрабіла для першай парафіі ў Гомелі. А не так даўно пані Яніна прыняла назад свайго блуднага мужа. І гэта праз 28 гадоў расстання! Ён цяжка захварэў, перанёс аперацыю, а потым здарыўся яшчэ і інсульт. Яго даглядалі дочкі. Аднойчы яны сказал: «Мама, ты столькі дапамагаеш чужым людзям, а гэта — наш бацька. Дапамажы яму». Яніна пачала яго даглядаць, а потым забрала да сябе. Яна яму прабачыла, і зрабіла гэта шчыра, бо з любоўю і пяшчотай гаворыць пра свайго Уладзіміра Віктаравіча. Падзялілася радасцю, што ён чытае часопіс «Ave Maria» «ад коркі да коркі».

Прыемна было пачуць добрыя словы пра наш часопіс і ад сужэнцаў Андрэя і Таццяны Коржычаў — абое працуюць у Гомелі ўрачамі. Андрэй у нашай размове сказаў: «З гэтым часопісам я ішоў па жыцці, калі адраджалася вера і не было духоўнай літаратуры. Як жа ён нам быў тады патрэбны!» Мужчына прызнаўся, што перайшоў у новую парафію дзеля айцоў паўлінаў. З дзяцінства ён мае медалікі і абразкі Маці Божай Чэнстахоўскай. З маленства чуў ад бацькоў, што Чэнстахова — гэта Валадарства Маці Божай на зямлі. «Як жа было нам не прыйсці да айцоў паўлінаў!» — усклікае Андрэй. Згадаем, што манаская супольнасць айцоў паўлінаў служыць у Санктуарыі іконы Маці Божай Чэнстахоўскай у Польшчы.

Да таго як прыехаць у Беларусь а. Леанард Адушкевіч нёс святарскае служэнне ва ўкраінскім Марыупалі, дзе створаны Санктуарый Маці Божай Чэнстахоўскай. З 2007-га па 2014 год (пакуль не пачалася вайна ва Украіне) з Данецка ў Марыупаль на свята Чэнстахоўскай Мадонны ішлі пілігрымкі. Мне таксама ўдалося ў некаторых з іх паўдзельнічаць. Праводзіў гэтыя пілігрымкі тады а. Леанард Адушкевіч, які мае дар сапраўднага Апостала і місіянера. У сваім белых габіце ён хадзіў па дамах і кватэрах Марыупаля, шукаючы вернікаў. Сёння тое самае робіць і ў Гомелі. За гэты час, што тут працуе, толькі ў сваім доме знайшоў тры сям’і католікаў. У нашай размове а. Леанард сказаў: «Мы — шчаслівыя, бо атрымалі веру ад бацькоў, а гэтым бедным людзям ніхто не гаварыў пра Бога. Трэба ісці да іх, трэба вучыць, а не чакаць, пакуль яны прыйдуць, бо гэтага можа і не здарыцца».

Бачачы ахвярнае служэнне біскупа Казіміра і айцоў паўлінаў, успомніла словы св. Францішка Ксавэрыя: «Імкненне несці слова Божае павінна даходзіць да шаленства». Няхай міласэрны Бог шчодра благаслаўляе і надалей гэтае служэнне, а Маці Божая Чэнстахоўская, Маці Божая Гомельская атуляе іх і ўсіх, да каго яны пакліканыя, святым сваім покрывам.


Галіна Калевіч

 

Цэтлікі: Сведчанні

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней