Мы ўсе добра ведаем, што Святы Айцец Ян Павел II прагнуў у свой час наведаць Беларусь. На жаль, не атрымалася. Аднак ужо праз сем гадоў пасля адыходу ў вечнасць яго святыя рэліквіі былі ўрачыста ўнесены Гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам у першую на Беларусі парафію імя св. Яна Паўла II у Смаргоні. Дэкрэт аб заснаванні парафіі быў выдадзены 17 лістапада 2012 года, а праз восем месяцаў гэты ж біскуп асвяціў новапабудаваную капліцу. Сёння побач з капліцаю будуецца вялікі касцёл.
Прысутнасць і дапамога святога апекуна вельмі моцна адчуваецца ў гэтай парафіі, пра што сведчыць пробашч кс. Яўген Учкуроніс, а таксама многія вернікі. Ян Павел II для парафіянаў не толькі вялікі святы, але дарагі і блізкі чалавек, для некаторых нават зямляк, з якім пашчасціла ўбачыцца пры яго жыцці. Ксёндз Яўген, будучы семінарыстам, у 1999 годзе меў таксама шчасце быць на сустрэчы са Святым Айцом Янам Паўлам II, калі той наведваў польскі горад Элк. Малады клерык перажыў тады неверагоднае ўражанне, адчуў вялікія Божыя ласкі, якімі Бог адарыў яго праз малітву і благаслаўленне тагачаснага Рымскага Папы. «Святы нашых часоў Ян Павел II даў нам усім прыклад мужнай і глыбокай веры, а таксама прыклад вялікай святасці, — гаворыць у нашай размове кс. Яўген. — Гэта быў чалавек малітвы, і многіх людзей уражвала, што пасля напружанага працоўнага дня ён ішоў не на адпачынак, а да Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, каб падзякаваць Яму і паразмаўляць з Ім».
Ксёндз Яўген удзячны Пану Богу за магчымасць служыць у парафіі імя св. Яна Паўла II і адчуваць дапамогу гэтага апекуна. Вернікі ж у сваю чаргу таксама дзякуюць Пану Богу за свайго пробашча, які стаў для іх не проста пастырам, але сапраўдным айцом. Людзі расказвалі, што два гады таму, калі ксёндз Яўген прыйшоў служыць у парафію, ён знаёміўся асабіста з кожным вернікам, а гэта прыблізна некалькі тысяч чалавек. Мае святар дар ад Бога працаваць не толькі з дарослымі, але і з дзецьмі, і з моладзю. Арганізоўвае розныя цікавыя мерапрыемствы, конкурсы, паездкі. У парафіі з’явіліся тры хоры — дзіцячы, моладзевы і дарослы, і называюцца ўсе яны «Барка». За гэты час быў абсталяваны будынак, дзе праводзяцца заняткі па рэлігіі, а таксама на свае сустрэчы збіраюцца розныя супольнасці, у іх ліку Легіён Марыі, «Маці ў малітве», «Маргарыткі», Біблійная група. Запрасіў кс. Яўген на дапамогу ў парафію сястру кармэлітку Магдалену Кулай, якая стала для ўсіх парафіянаў вельмі блізкім чалавекам.
Па прыкладзе свайго апекуна св. Яна Паўла II у парафіі вялікае значэнне надаецца малітве. Тут перад кожнай св. Імшою заўсёды моляцца Ружанец. У першыя чацвер, пятніцу, суботу месяца перад кожнай св. Імшою адаруецца Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце, а ў нядзелю з 15-ці гадзінаў і да вечара таксама адбываецца адарацыя. Вяночак да Божай Міласэрнасці праводзіць святар.
У гэтай касцёльнай супольнасці ёсць чалавек, без якога цяжка ўявіць жыццё парафіі — гэта Сяргей Кікіліч. Ён — сакрыстыянін, ён — міністрант, ён — легіянер Марыі, ён спявае ў хоры і гэта ён праводзіць малітву на ружанцы перад кожнай св. Імшою. Ксёндз Яўген сказаў пра Сяргея: «Гэты чалавек — дар Божы для парафіі». Сяргею Кікілічу 35 гадоў, ён жанаты, мае 4-гадовага сына Паўла. У свае 18 гадоў ён вельмі цяжка захварэў і перанёс некалькі аперацый на страўніку. Менавіта тады перажыў глыбокае навяртанне да Пана Бога і вельмі хацеў Яму служыць. Аднойчы першы пробашч парафіі кс. Дзмітрый Урбановіч паклікаў яго пасля св. Імшы і прапанаваў служыць пры алтары. Сяргей згадзіўся і, як сам кажа, з Божай дапамогаю навучыўся нават спяваць псальмы і чытаць па-польску. Чалавек вельмі пакорны і сціплы, Сяргей з дзіцячым даверам ідзе ў сваім жыцці за Хрыстом, наследуючы Марыю. Пасля аперацыі, калі цудам выжыў, ён бачыў у сне Божую Маці, якая працягнула яму руку і сказала: «Ідзі за Мною і нічога не бойся». І ён паслухмяна крочыць з Марыяй, у Марыі, праз Марыю і дзеля Марыі, як і вучыў св. Ян Павел II.
Крочаць з Багародзіцаю па жыцці ўсе легіянеры Марыі, якіх у парафіі нямала, як актыўных, так і дапаможных. Сваёю малітваю і справамі яны падтрымліваюць жыццё парафіі і з’яўляюцца тымі жывымі цаглінкамі, з якіх складаецца Касцёл. Уражвае сваёю вераю, напрыклад, Сафія Чэканава, маці пяцярых дзяцей, жанчына адважная і неверагодна сціплая. Сваё пятае дзіця, дачку Насцю, якой сёння ўжо 22 гады, яна нарадзіла ў 43-гадовым узросце. Перажыла шмат непрыемнасцяў і нападкаў і з боку дактароў і ад розных людзей. Аднак Богу не здрадзіла і дзіця захавала. Дарэчы, яе старэйшая дачка Людміла ў той час была ўжо легіянеркаю Марыі і потым шмат гадоў займалася выратаваннем ненароджаных дзяцей у Мінску і ў Гродне.

Тэрэзу Пяхоцкую смела можна назваць чалавекам малітвы. Яна мае ад Бога гэты дар і плённа яго рэалізуе. Шмат моліцца дома, а ў касцёле бывае штодня на некалькіх св. Імшах. Вядома ж, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, розныя набажэнствы, у тым ліку начныя чуванні, не абыходзяцца без яе. Мяне вельмі ўразіла гатоўнасць гэтай 77-гадовай жанчыны ісці а 6-й раніцы да капліцы разгружаць цэглу для будаўніцтва касцёла. Аднак знайшоўся чалавек з пагрузчыкам, і святар адмяніў сваю ранейшую просьбу аб дапамозе. А яшчэ Тэрэза Антонаўна мае сапраўдны кулінарны талент: без яе неверагодна смачнага печыва не абыходзяцца парафіяльныя святы, як і сходы Легіёну Марыі. Трэба таксама сказаць, што дачка гэтай вельмі пабожнай і ахвярнай жанчыны Людміла Тарнацкая ўзначальвае хор дарослых «Барка».
Шэсць гадоў была старшынёю прэзідыума Легіёну Марыі ў парафіі Святлана Макрыцкая, якая паходзіць з каталіцкай сям’і і з дзяцінства мае жывую веру. Зусім маладой жанчынай яна перажыла шмат выпрабаванняў, адным з якіх была хвароба малодшага сына. У год і тры месяцы ў хлопчыка лопнуў апендыкс і пачаўся перытаніт. Дзіця перажыло некалькі аперацый, было нават у коме, а пасля ўсяго ў яго пачалася эпілепсія. Святлана вельмі пакутавала і шчыра малілася да Маці Божай, просячы паратунку для дзіцяці. Пазней маліла Багародзіцу дапамагчы знайсці працу па сваіх сілах і па тых абставінах, якія склаліся, бо сын застаўся інвалідам. Абяцала Ёй верна служыць. У хуткім часе такая праца знайшлася, а калі ў парафіі ўзнік Легіён Марыі, смела яго ўзначаліла, памятаючы пра дадзенае Багародзіцы абяцанне.
Нядаўна на гэтай пасадзе Святлану змяніла Алена Іванец. Жанчына таксама паходзіць з каталіцкай сям’і, але шчыра прызналася, што яе вера значна ажыла пасля таго, як яна прыйшла ў Легіён Марыі. Потым Алена пачала спяваць у хоры, але праз нейкі час ахрыпла. Дактары выявілі вузлы на галасавых звязках, і ніякае лячэнне не дапамагала. Ёй далі накіраванне ў Мінск на абследаванне. Жанчына шчыра малілася, просячы Езуса і Марыю аб дапамозе. «Бог, напэўна, убачыў маё шчырае жаданне спяваць для Яго хвалы і дапамог, — гаворыць Алена, — хвароба знікла без усялякай аперацыі».
Даўно і добра ведаю Веру Царык, якая была адною з першых легіянерак Марыі ў касцёле св. Арханёла Міхала, а калі ў яе мікрараёне паўстала парафія св. Яна Паўла II, перайшла туды. Яе дачка Наталля Шлык, маці трох сыноў, таксама даўняя легіянерка. Я вельмі ўдзячная гэтым людзям за іх дабрыню і ахвярнасць. Дзесяць гадоў таму, калі памерла ў Смаргоні мая мачаха, яны першымі прыйшлі на дапамогу, бо ўвесь цяжар пахавання лёг на мае плечы. Вера са сваім мужам, святой памяці Іванам, выгадавалі таксама цудоўнага сына Віталія, які шмат гадоў працуе ў рэдакцыі часопіса «Ave Maria» і без якога немагчыма ўявіць наш калектыў. Чалавек глыбокай веры, міласэрны і ахвярны, ён заўсёды бескарысліва прыходзіць на дапамогу ўсім, каму гэта патрэбна.

У летапісі парафіі св. Яна Паўла II ёсць ужо сведчанні пра цуды, якія адбыліся дзякуючы гэтаму Вялікаму Папу. Вось адно з іх. Піша Рэгіна Белакапытава: «Мая ўнучка Елізавета Бубенька нарадзілася з пупочнай грыжай. Да таго ж дзяўчынка была вельмі хваравітаю. Грыжа рэгістравалася ў яе медыцынскай карце. На руках у нас было ўжо накіраванне на аперацыю, але мы не спяшаліся з-за слабога здароўя дзяўчынкі. Ліза падрасла і ў маі 2013 года прыступіла да Першай святой Камуніі. Тады яна даведалася, што Ян Павел II аб’яўлены благаслаўлёным і працягваецца рэгістраванне новых цудаў для абвяшчэння яго святым. Унучка згадзілася маліцца са мною аб цудзе аздараўлення яе ад грыжы. І цуд здарыўся! Грыжа знікла бясследна, і ў медыцынскай карце гэта адзначана».
Гэты артыкул хочацца закончыць малітвай да св. Яна Паўла II у цяжкай справе, якую вернікі разам са святаром прамаўляюць пасля кожнай св. Імшы: «Яне Паўле II, наш святы заступнік, дапаможца ў цяжкіх справах! Сваім жыццём ты сведчыў пра вялікую любоў да Бога і людзей, ведучы нас шляхам Езуса і Марыі. З любові да іх ты прагнуў дапамагаць іншым. Праз любоў і цярпенне, ахвяраванае за бліжніх, ты штодня набліжаўся да святасці. Прашу цябе аб заступніцтве ў маёй справе (назваць) верачы, што праз сваю веру, малітву і любоў ты дапаможаш узнесці яе да Бога. Веру ў Божую міласэрнасць і моц тваёй айцоўскай малітвы. Прагну праз Езуса і Марыю па тваім прыкладзе набліжацца да Пана Бога. Амэн».
Галіна Калевіч