З часопіса «Ave Maria», № 2 за 1996 год.
Познім вечарам 20 снежня, а потым у Вігілійны вечар, 24 снежня 1995 года, у Смаргонскай бальніцы людзі назіралі сапраўдны цуд. На замерзлай шыбе ў акне 22-й палаты тэрапеўтычнага аддзялення з’явіўся абраз Сэрца Езуса, які час ад часу змяняўся на абраз Маці Божай з Дзіцяткам на руках.
Першымі заўважылі цуд родныя хворай Вольгі Іванаўны Харлан, ложак якой стаяў побач з акном. Яны паклікалі медсястру і ўрачоў. У палату пазбягаліся хворыя. Многія пачалі маліцца. Некаторыя ўпадалі ў істэрыку.
Медсястра Святлана Карабко расказвае: «Як чалавек не надта веруючы, спачатку я наракала, што гэта здарылася менавіта ў маё дзяжурства. А потым да мяне пачаў даходзіць сэнс убачанага. У душы нешта здрыганулася, і па скуры быццам мароз пабег...»
«Каб я на свае вочы не бачыў гэтага, нікому б не паверыў», — сказаў падчас нашай сустрэчы ўрач-неўрапатолаг Мікалай Андрэевіч Грыгор’еў. На развітанне, устаўшы, ён перажагнаўся і з гонарам дадаў: «Я заўсёды верыў, што Бог ёсць»...
На вялікі жаль, пахваліцца шчыраю вераю сёння можа далёка не кожны. У большасці мы спасылаемся на абставіны, знаходзім аб’ектыўныя прычыны свайго нігілізму ў адносінах да веры. Але наколькі гэта наша ўсеагульная бяда, настолькі і асабістая віна кожнага. Няма на свеце чалавека, чыю б душу міласэрны, цярплівы Бог не хацеў бы ўратаваць. «Яны не ідуць да Мяне, то Я сам прыйду да іх. Толькі б яны не зачынялі перада Мною сваіх сэрцаў», — сказаў Езус Хрыстус у часе аб’яўленняў святой Фаўстыне Кавальскай у 1937 годзе.
Але ўся бяда ў тым, што многія людзі зачыняюць перад Богам свае сэрцы, не разумеючы, як шмат губляюць, адмаўляючыся ад Божай ласкі.
Вольга Іванаўна Харлан, жанчына ў сталым веку, доўга і цяжка хварэла і, лежачы ў бальніцы, жадала ўжо толькі смерці, але тая аніяк не прыходзіла. Людзі, бачачы яе пакуты, прапаноўвалі запрасіць святара, каб паспавядаў яе і даў апошняе намашчэнне. Але бабуля пагардліва адмаўлялася: яна, заслужаная настаўніца, атэістка, павінна верыць у якіясьці рэлігійныя забабоны?..
Як сведчаць хворыя, неўзабаве пасля яе адмоваў пачалі з’яўляцца на шкле абрысы Сэрца Пана Езуса, Маці Божай з Дзіцяткам на руках, Езуса Хрыста.
Дзевятнаццацігадовы хлопец Сяргей Філістовіч успамінае, што яго ўвесь час не пакідала адчуванне, быццам Хрыстус глядзіць менавіта на гэтую бабулю. Яна цяжка пакутавала, але ў той момант была вельмі спакойная і гэтак жа ціха памерла.
Чуткі пра цудоўную з’яву ў раённай бальніцы хутка абляцелі ўсю Смаргонь. Людзі шукалі адказу на свае шматлікія пытанні: «Што гэта азначае?», «Чаму менавіта ў Смаргонскай бальніцы?», «Ці Божая гэта, наогул, з’ява?»
3 такімі сумненнямі многія звярнуліся да святара праваслаўнай царквы айца Пятра Пургеля.
24 снежня пасля вячэрняга набажэнства, у часе нядзельных разважанняў, святар адказаў сваім парафіянам: «Калі на аб’яўленых абразах няма крыжа, то гэта, хутчэй за ўсё, справа не Божая».
Было гэта, як сведчыць айцец Пётр, у 19 гадзін 30 хвілін. I якраз у гэты ж час на шыбе бальнічнага акна над галавой Езуса Хрыста пачаў вымалёўвацца крыж. Трохі пазней крыж з’явіўся і з боку на абразе. Міжволі прыходзяць на думку словы з Евангелля: «Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў: Малаверны, чаму засумняваўся ты?» (Мц 14, 31). Вось і тут, у сваёй бясконцай ласцы, у бязмежнай міласэрнасці Хрыстус пашкадаваў слабых і грэшных, аб’явіўся малаверным...
Цяпер у 22-й палаце ляжаць іншыя хворыя, але пра цудоўную з’яву ведаюць усё да драбніцаў, нібыта самі бачылі гэта на свае вочы. Яны ганарацца тым, што трапілі ў «Богам абраную палату».
На століку, што месціцца каля сцяны паміж ложкамі (чатыры з аднаго боку і чатыры з другога), стаіць прыгожы абраз Маці Божай з Дзіцяткам на руках. Гараць свечкі. Увечары сюды заходзяць хворыя і з іншых палатаў, каб пагаварыць і памаліцца.
Сярод веруючых — і католікі, і праваслаўныя. «Бог адзін, і малітвы ў тых і ў другіх адны і тыя ж, — разважаюць жанчыны ў палаце. — Бог нікога ніколі не дзяліў і не дзеліць. Ён, наадварот, прагне паяднання хрысціянаў».
Пробашч касцёла ў Смаргоні ксёндз дэкан Генрых Куляшэвіч пацвердзіў усе гэтыя цудоўныя з’явы. Ен расказаў, што ўжо не адзін год кожную пятніцу а 17-й гадзіне адпраўляе ў гэтай бальніцы святую Імшу, спавядае хворых, удзяляе святую Камунію. «Думаецца, што Пану Богу падабаецца ўсё гэта, таму Ён і аб’явіўся менавіта ў нас», — сказаў на развітанне ксёндз дэкан.
Даведалася я і пра тое, што гэты бальнічны корпус, узведзены параўнальна нядаўна, асвячаў ксёндз з Солаў Альберт Масальскі, цяперашні пробашч Кальварыйскага касцёла ў Мінску. Тады касцёл і царква ў Смаргоні былі зачынены і ксёндз Альберт раз на тыдзень прыязджаў са святарскай паслугаю ў раённую бальніцу.
«Я памятаю той час: у яго спавядаліся і католікі, і праваслаўныя, — расказвае хворая з 22-й палаты Ядвіга Генрыхаўна Бартноўская. — Відаць, Пан Бог асабліва апякуецца гэтаю бальніцаю, бо святары тут часта бываюць. А цяпер сюды завітаў і сам Езус Хрыстус. Дзякуй Яму і хвала!»
Галіна Калевіч