У чацвер, 25 ліпеня, нарэшце ўдалося вырвацца з Мінска і прыехаць у «месца сілы і духа», у Івянец. «Музычная майстэрня» ўжо каторы год праходзіць у гэтым невялічкім беларускім мястэчку, дзе служаць айцы францішкане. У Івянец з’язджаюцца музыканты з усёй Беларусі, каб на працягу аднаго тыдня дасканаліць сваё майстэрства на музычных інструментах, спяваць у хоры, іграць у тэатры. Але той, хто прыязджае, напэўна, галоўнае, што можа атрымаць, -- гэта паглыбіць свае адносіны з Богам, паслухаць Яго, пабыць з Ім, адпачыць у Ім…
У невялікім фотарэпартажы хачу расказаць вам пра адзін дзень з музычных варштатаў, якія завяршаюцца Днямі каталіцкай моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Але наперадзе нас яшчэ чакае традыцыйны канцэрт «Музычнай майстэрні» ў суботу вечарам, 27 ліпеня, таму гэтым рэпартажам хачу запрасіць вас сюды, вы цудоўна праведзяце тут суботні вечар!
На «Майстэрню» прыехала каля дзвюхсот чалавек. Кожны дзень пачынаўся Літургіяй гадзінаў, а ўвечары ўсе ўдзельнікі варштатаў збіраліся на святой Імшы, якая суправаджалася вялікім агульным хорам.
Ужо не першы дзясятак год настаўнікамі на «Майстэрні» з’яўляюцца музыканты з Польшчы, якія прыязджаюць на чале з Янам Паспяшальскім, вядомым тэлевядучым і музыкантам. Сёлета прыехала дырыжорка Зоф’я Баркоўская са сваімі трыма дзеткамі і мужам, кампазітар Хуберт Кавальскі і іншыя музыканты высокага ўзроўню.
Апроч польскай групы арганізацыяй займаліся францішкане а. Яўген Голуб, а. Лех Баханэк, супольнасць Ubi Caritas, а таксама мясцовыя парафіяне.
Кожны ўдзельнік музычных варштатаў спявае ў вялікім хоры на 4 галасы, ім кіруе Зоф’я Баркоўская, якая амаль кожны год прыязджае ў Івянец і без яе ўжо амаль немагчыма ўявіць «Майстэрню».
У другой палове дня кожны займаецца ў адной з групаў па наступных класах: музычныя інструменты, вакал і тэатр.
За духоўную фармацыю на «Музычнай майстэрні» ў гэтым годзе адказваў францішканін а. Тамаш Шымчак. Напэўна, найважнешае, што мне запомнілася з яго катэхез і казанняў -- гэта катэхеза аб прасторы, якую варта вызваляць у сваім жыцці для іншага чалавека. Гэта як у хоры ці аркестры – ты павінен узаемадзейнічаць з іншым, пакінуць месца для яго. Нават калі спявае адзін чалавек на сцэне, ён можа пакінуць месца словам, музыцы, думцы. Так і ў адносінах: ты выслухаеш іншага, толькі калі здолееш для яго пакінуць прастору каля сябе. Дарэчы, праз а. Тамаша беларуская моладзь атрымала прывітанне ад генеральнага настаяцеля францішканскага ордэна: ён звярнуўся да нас праз галасавое паведамленне.
Для кожнага ёсць месца ў Івянцы, калі можна прыехаць і ўбачыць дарагіх сэрцу людзей, памаліцца супольна або асабіста на няспыннай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, паспяваць і патанцаваць на канцэрце, а галоўнае – праславіць такім розным чынам нашага Пана і Збаўцу.
Тэкст і фота Вольгі Качалкі
{gallery}2019-07-01{/gallery}