Цудоўная гісторыя з'яўлення фігуры Маці Божай новага Жыцця ва Уселюбе

Уселюбскі касцёл, самы старажытны (пач. XV ст.) у нашай краіне, стаў месцам прабывання фігуры Маці Божай новага Жыцця. Яго Эксцэленцыя біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч благаславіў фігуру, створаную адмыслова для гэтай святыні, і абвясціў аб распачацці культу Маці Божай новага Жыцця. Мы ўжо пісалі пра асвячэнне фігуры і далучалі малітву праз заступніцтва Багародзіцы. Цяпер жа мы  прапануем вам цудоўную гісторыю з'яўлення Маці Божай новага Жыцця ва Уселюбе.


Маці Збавіцеля, Маці Божай Міласэрнасці, Маці Божая Нястомнай Дапамогі, Успамога Хрысціянаў, Маці Божая Чэнстахоўская, Маці Божая Будслаўская… Пералік зваротаў да Маці Божай можна працягваць доўга — найбольш іх у польскім Касцёле, бо тытулаў, з якімі звяртаюцца да Яе польскія католікі, некалькі соцен. У Беларусі іх значна менш, бо значна менш у нас і марыйных санктуарыяў. Таму кожная новая выява Маці Божай — абраза або фігуры з новым тытулам, якая з’яўляецца ў той ці іншай святыні нашай краіны, вельмі радуе, абуджае надзею на ажыўленне і паглыбленне веры не толькі парафіянаў, але і ўсіх вернікаў.

Гісторыя аднаўлення касцёла св. Казіміра і з’яўлення ў святыні фігуры Маці Божай распачалася незвычайна. Парафіянка ўселюбскай святыні Ванда Жарыч, знаходзячыся ў Пацлаўскай Кальварыі і молячыся 14 жніўня 2016 г. у санктуарыі Мукі Пана і Маці Божай Кальварыйскай, адчула натхненне Маці Божай, якое датычыла яе роднай парафіі. Паддаючыся гэтаму натхненню, яна папрасіла Анну і Станіслава Хмура, каб дапамаглі адрамантаваць касцёл ва Уселюбе. Сужэнцы вельмі здзівіліся, бо нават не ведалі, дзе знаходзіцца гэтая мясцовасць, аднак адказалі: “Мы не кажам “не”.

Праз два месяцы група Рыцараў Калумба (Рады 15726), да якой належыць пан Станіслаў, прыехала ў Беларусь, каб на свае вочы паглядзець, у якім стане знаходзіцца касцёл, а таксама ацаніць магчымасці яго рамонту пасля доўгіх гадоў занядбання. Былі ўражаныя, але — дзякуй  Богу! — не спалохаліся і ўзяліся за справу. Аб’явілі ахвяраванні на рамонт святыні і былі вельмі здзіўленыя тым, як хутка сабраліся сродкі, да чаго спрычыніліся ксёндз капэлан Юзаф Добаш і вернікі Дэмбіцы.

У гэты ж час біскуп Аляксандр Кашкевіч прызначыў новым пробашчам уселюбскай парафіі кс. Віталія Цыбульскага, які разам з парафіянамі і людзьмі добрай волі з Наваградчыны з запалам узяўся за рамонтныя работы, дзякуючы актыўнаму супрацоўніцтву з Рыцарамі Калумба.

Кс. В. Цыбульскі і пан С. Хмура, успамінаючы ўсе незвычайныя выпадкі, якія здараліся падчас аднаўлення касцёла, імкнуліся зразумець, ці не плануе Маці Божая нечага большага за рамонт гэтай святыні. Некалькі месяцаў малітвы аб распазнанні волі Божай прынеслі плён, бо яны пераканаліся, што Маці Божая хоча быць у гэтым месцы і дапамагаць людзям. Нічога ў гэтай справе не адбывалася “выпадкова”, як не выпадкова трапілася на вочы выява Маці Божай у благаслаўлёным стане — кожны паасобку яны думалі менавіта пра такую выяву Багародзіцы. Бо шмат разоў людзі, якія прыязджалі ў святыню, з болем гаварылі святару аб тым, што ў іх няма дзяцей, і прасілі аб малітве. Сумніваў ні ў кс. Віталія, ні ў пана Станіслава больш не было: ва ўселюбскай святыні павінна быць выява Маці Божай у благаслаўлёным стане. Пан Станіслаў сустрэўся з разьбяром М. Козакам, які за некалькі месяцаў стварыў са сваімі паплечнікамі фігуру з ліпавага дрэва пад працоўнаю назваю «Маці Божая Цяжарная», а ахвярадаўцы Ян Ніва, Марыян Дыбоўскі, Ян Хмура, Станіслаў Пшэтачнік, Станіслаў Хмура пакрылі ўсе неабходныя кошты.

Месца для благаслаўлення фігуры было выбрана таксама не выпадкова — у Пацлаўскай Кальварыі, адкуль пачалася ўся “цудоўная эпапея-місія”, скіраваная на Уселюб. У ліпені 2018 г., падчас сустрэчы з арцыбіскупам Адамам Шалем, мітрапалітам Пшэмысльскім, пан С. Хмура і кс. В. Цыбульскі ўжо размаўлялі аб благаслаўленні фігуры Маці Божай, просячы здзейсніць гэта Яго Эксцэленцыю. Менавіта тады арцыбіскуп прапанаваў: «А можа, назваць фігуру Маці Божая новага Жыцця?». Усе з радасцю згадзіліся. Потым, вяртаючыся ад мітрапаліта, пан Станіслаў заўважыў: «Як цікава, Марыя прывяла нас сюды, каб арцыбіскуп даў Ёй адпаведны тытул». Пасля таго, як 14 жніўня 2018 г. у Пацлаўскай Кальварыі арцыбіскуп А. Шаль благаславіў фігуру Маці Божай новага Жыцця кс. Віталій прывёз яе ў касцёл св. Казіміра.

І вось падчас урачыстасці 4 сакавіка 2019 г. фігура Маці Божай новага Жыцця была ўнесена ў касцёл св. Казіміра іўеўскімі легіянерамі Легіёну Марыі і ўстаноўлена ў спецыяльна падрыхтаванай нішы. Фігура ўвасабляе Найсвяцейшую Панну Марыю, якая знаходзіцца ў благаслаўлёным стане — цяжарная Дзіцяткам Езусам. У блакітна-белых шатах з крыху схіленай галавою, Найсвяцейшая Панна нібы слухае Анёла, які паведамляе Ёй Божую волю, але адначасна выслухоўвае і нашыя просьбы.

Што ж азначае новы тытул Багародзіцы? Беручы пад увагу тэксты Святога Пісання, тытул “новае Жыццё” мы можам разумець, як падкрэсліваюць тэолагі, у чатырохзначным вымярэнні.  Езус сябе называе Жыццём (Ян 11, 25; 14, 6); Ён дае сапраўднае жыццё, г.зн. жыццё ласкі Божай (Ян 6, 27-58; 8,12; 10,10); кожны хрысціянін абавязаны да новага існавання — да новага жыцця ў Хрысце адпаведна Яго настаўленням (Рым 6, 4; 6, 10н; 12); новае жыццё — гэта жыццё вечнае ў небе (Ян 6, 47; 1 Кар 15, 51н), дзе будзем бачыць Бога “такім, якім ёсць” (1 Ян 3, 2) “тварам у твар” (1 Кар 13, 12).

Гэтае ж значэнне мы можам суаднесці і да марыйнага тытулу Маці Божай новага Жыцця. Бо Маці новага Жыцця — гэта перадусім Маці Езуса, які назваў сябе Жыццём. Марыя падчас Звеставання стала Маці новага жыцця, біялагічнага жыцця Уцелаўлёнага Сына Божага, але таксама стала Маці новага Жыцця — Збавіцеля, які прыйшоў, каб мы атрымалі новае жыццё. Праўда аб Божым Мацярынстве Марыі належыць да асноўных і найважнейшых марыйных догмаў нашага Касцёла. У Новым Запавеце мы знойдзем шмат тэкстаў, якія пацвярджаюць гэта. У Евангеллі паводле св. Яна (Ян 2, 1-11), дзе апісваецца цуд перамянення вады ў віно, мы бачым Марыю, якая клапоціцца пра людзей і іх патрэбы, і просіць свайго Сына дапамагчы. Маці Божая і сёння клапоціцца пра нас. І ў гэтым клопаце пра нашае жыццё — на першым плане нашае збаўленне. Марыя — Маці “паводле ласкі” садзейнічае “нараджэнню” ў нас звышнатуральнага жыцця. Менавіта “садзейнічае”, а не дае гэтага жыцця. Бо жыццё Божае ў нас мае толькі адну Крыніцу, якою з’яўляецца Бог. Сваёю апекаю Маці Божая атуляе таксама справы нашага зямнога жыцця. І атрыманыя праз Яе заступніцтва ласкі незлічоныя. “Гэтае мацярынства Марыі ў эканоміі ласкі працягваецца няспынна, пачынаючы ад акту згоды, якую пры звеставанні Яна верна выказала і якую без вагання захавала пад крыжам, да вечнага здзяйснення збаўлення ўсіх выбраных. Узятая ў неба, Яна не спыніла гэтае збаўчае дзеянне, але праз сваё разнастайнае заступніцтва няспынна выпрошвае нам дары вечнага збаўлення. Дзякуючы сваёй мацярынскай любові Яна апякуецца братамі свайго Сына, якія яшчэ пілігрымуюць, сярод працы і небяспек, пакуль не будуць прыведзены да шчаслівай айчыны. Таму Благаслаўлёную Дзеву Касцёл называе Заступніцай, Апякункай, Памочніцай, Пасрэдніцай. Аднак гэта разумеецца ў такім сэнсе, што ад годнасці і эфектыўнасці дзеяння Хрыста, адзінага Пасрэдніка, нічога не адымаецца і не дадаецца” (Lumen gentium, 22).

«Праз пасрэдніцтва Марыі, — зазначыў
кс. Віталій Цыбульскі пробашч святыні, — мы можам тут,
у нашай святыні, выпрошваць дар мацярынства і бацькоўства,
выпрошваць ласкі для аднаўлення нашага хрысціянскага жыцця…
І ўжо за гэты час вядомыя выпадкі,
калі праз заступніцтва Маці Божай новага Жыцця адбыліся цуды.

Камусьці Маці Божая новага Жыцця выпрасіла ласку аздараўлення з невылечнай хваробы, камусьці — палёгку ў цярпенні, ці дапамагла вырашыць нейкія цяжкія жыццёвыя сітуацыі. А зусім нядаўна мне паведамілі, што праз Яе заступніцтва нарадзілася здаровае дзіцятка, хоць па ўсіх ранейшых даследаваннях урачы прадказвалі нараджэнне дзіцяці з сіндромам Дауна. Я вельмі ўдзячны Пану Богу. Ён дзейнічае такім чынам, што прыходзіць праз Марыю — Маці Божую новага Жыцця. Для мяне гэта сімвал новага жыцця, для парафіі таксама гэта — пачатак новага жыцця, надзея на асаблівую апеку Багародзіцы...

Дзякуючы ахвярадаўцам і ўсім, хто быў разам з намі,
хто духоўна маліўся, я запрашаю ўсіх у нашую святыню —
месца прысутнасці Маці Божай.
Запрашаю, каб праз Марыю кожны з нас адкрыў сваё сэрца
і запрасіў Езуса: я Цябе чакаю, прыходзь, Пане Езу,
у маё жыццё, а я буду ісці насустрач да Цябе. З Маці Божай”.

Сапраўды, па ўсім відаць, што уселюбская святыня цяпер знаходзіцца пад асабліваю апекаю Маці Божай, бо намаганнямі ксяндза пробашча, які прызначаны сюды ўсяго два гады назад, дабрачынцаў і парафіянаў аднавілася не толькі ўнутранае ўбранства святыні, але аднаўляецца і душпастырства. Парафіяне кажуць, што дзейнасць ксяндза Віталія безумоўна кіруецца Маці Божай, бо столькі справаў за гэты невялікі адрэзак часу без ласкі Божай зрабіць немагчыма. І сапраўды, акрамя непасрэдных абавязкаў святара, клопату аб рамонце святыні і плябаніі, ксёндз Віталій паспявае наведаць ЛПП (лячэбна-працоўны прафілакторый, дзе знаходзяцца залежныя ад алкаголю), арганізаваць дапамогу шматдзетным і патрабуючым, праводзіць катэхізацыю ў навакольных вёсках і яшчэ шмат-шмат іншых справаў, на якія багаты кожны дзень гэтага няўрымслівага і руплівага ксяндза. Як сказалі парафіяне, “за нашым святаром гатовы “бегчы” і дапамагаць яму нават бабулі і дзядулі са сваімі кульбачкамі, так хочуць, каб аднавілася святыня”. Ксёндз Віталь кажа, што сваё жыццё і ўсе справы даручае апецы Маці Божай, бо «зрабіў на Яе стаўку».

Зробім жа і мы стаўку на Найсвяцейшую Панну, аддаючыся Ёй у апеку і давяраючы самыя складаныя справы. А Маці Божая новага Жыцця, як сказана ў малітве да Яе, няхай «навучыць нас, як прымаць Божую волю, як услухоўвацца ў пасланні, скіраваныя да нас Усемагутным».

У нядаўнім пасланні (25.02.2019 г.) у Меджугорыі Маці Божая таксама звяртаецца да нас, каб мы распачалі новае жыццё:

“Сёння заклікаю вас да новага жыцця. Не важна, колькі вам гадоў, адкрыйце вашы сэрцы Езусу, які вас пераменіць, і вы, як прырода, будзеце адраджацца да новага жыцця ў любові Божай і адкрыеце вашыя сэрцы для Неба… Бог дае вам вялікія ласкі, а вы не ўмееце іх выкарыстаць. Клапоціцеся пра ўсё іншае, а найменш пра душу і духоўнае жыццё… Маліцеся, спавядайцеся і распачніце новае жыццё ў ласцы (Божай). Выберыце Бога і Ён будзе весці вас да святасці, а крыж будзе для вас знакам перамогі і надзеі. Ганарыцеся, што вы ахрышчаныя і дзякуйце ўсім сваім сэрцам, што з’яўляецеся часткаю Божага плана… Заклікаю вас, каб вы пачалі жыць новым жыццём з Езусам. Няхай Уваскрослы Езус дасць вам сілы, каб у спакусах жыцця вы заўсёды былі моцнымі, і ў малітвах адданымі і вытрывалымі, бо Езус збавіў вас (праз) свае раны і (праз) уваскрасенне даў новае жыццё. Маліцеся, дзеці Мае, і не губляйце надзеі. Няхай у вашых сэрцах будзе радасць і спакой…”


А. Лукашэвіч

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней