Парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы адзначыла свае чарговыя журботныя ўгодкі — 70-годдзе росіцкай трагедыі. Як заўсёды, гэтая ўрачыстасць сабрала не толькі росіцкіх парафіянаў, але і вернікаў з розных куткоў Беларусі. Як і штогод у лютаўскія дні, яны прыехалі на гэты ўскраек нашай Бацькаўшчыны, каб маліцца за яе дачок і сыноў. За тых, што жылі на ёй да нас, за тых, што жывуць цяпер і перажываюць самыя розныя праблемы. Росіца прыцягвае да сябе найперш сваёй мужнасцю, вернасцю Богу, любоўю. Усё гэта так патрэбна сучаснаму чалавеку. Дык і шукаем мы ў падзеях 70-гадовай даўніны падтрымкі для нашага сённяшняга дня. Памяць пра Росіцу, якая ў 1943-м захлынулася ў нялюдскім агні варожасці, агрэсіі і нелюбові, вучыць сучаснага чалавека наноў любіць, цярпліва несці свой крыж і заставацца верным крыжу і Касцёлу, заставацца верным Хрысту.
У 1943-м у Росіцы жывымі згарэлі ў агні, раскладзеным тут гітлераўцамі, больш за паўтары тысячы чалавек. Сорак вёсак вакол Росіцы таксама захлынуліся ў агні. Ніхто з гэтых людзей не меў выбару: застацца жыць альбо памерці. Такі выбар мелі толькі два чалавекі — айцы марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра. Маглі застацца жыць, а яны выбралі смерць, бо не захацелі прыняць такога дарагога «падарунка» з рук гітлераўцаў. Прынялі смерць, пажадалі да канца быць вернымі Хрысту і Яго крыжу. Усяму гэтаму вучыць сучаснага верніка Росіца. Таму і склікае яна штогод нас на малітву. Але найлепш пра гэта скажуць тыя, хто ў гэтай малітве чэрпае для сябе сілы.
![]() |
Анатоль Цырук, г. Глыбокае — Гэтае святое месца прыцягвае да сябе незвычайнай сілай. Я проста адчуваю тут прысутнасць тых людзей, якія загінулі ў лютым 1943 года. Росіца кліча да сябе пілігрымаваць: летам — пехатою з майго роднага Глыбокага, а то й з Барысава, зімой — транспартам. Малітва тут дае незвычайную сілу. |
|
Ірына Рубінава, г. Мінск — Я, ведаеце, вельмі люблю мора, можна сказаць, маё цела прагне яго ўлетку, і я часам аднаўляю свае цялесныя сілы на моры. А Росіца — гэта мора для маёй душы. Тут мая душа абмываецца духоўнай чысцінёй. Бываю ў Росіцы, за рэдкім выключэннем, тры разы на год. |
![]() |
Валянціна Марцінкевіч, в. Ворзава, што на Верхнядзвіншчыне — Да вайны я жыла ў вёсцы Кулакова, блізу Росіцы. Нашу вёску ў дні трагедыі спалілі на маіх вачах, а нас, тры сям’і, вывезлі ў канцлагеры. Мне тады было 10 гадоў, маёй мен-шай сястрычцы Лідачцы — сем. Дык з Ліды — уяўляеце? — у Саласпілсе бралі тыя нелюдзі кроў для гітлераўскіх салдатаў! Разлучылі тады нас з мамаю, якой давялося прайсці праз некалькі канцлагераў. Столькі гора, столькі бяды зведалі — не дай, Божа, нікому такое перажыць! У росіцкай магіле ляжыць сем маіх сваякоў, у асвейскай — пяць… |
![]() |
Ірына Багдановіч, г. Мінск — Я ўпершыню ў Росіцы. Уразіла яна мяне сваёй зімовай стрыманасцю, веліччу духу. Прыехала сюды шукаць адказаў на пытанні й праблемы, якія перажываю. Дзякуй Богу, атрымала іх тут. Я шмат чытала пра росіцкую трагедыю, а цяпер дакранулася да яе сэрцам. Росіца вучыць велічы духу, красе любові, якая можа адбыцца ў кожным чалавечым жыцці. Гэта — звышрэальныя рэчы. І чалавек у сваёй штодзённасці мусіць пра гэта памятаць, каб не губляць арыенцір на цудоўную вышыню, якую для нас вызначае Пан Бог. Вельмі рада, што Ён паклікаў і мяне ў гэты шлях. |
![]() |
Сястра эўхарыстка Валянціна Русачонак, г. Браслаў — Разумею так, што Росіца — гэта святое месца, адкуль людзі пайшлі са свайго зямнога жыцця проста да Бога. У дні трагедыі ў гэтым касцёле былі замкнёныя таксама і сёстры эўхарысткі, яны таксама чакалі тут сваёй хвіліны адыходу ў вечнасць. Ды благаслаўлёны Антоні Ляшчэвіч выпрасіў у нямецкага афіцэра для іх вызваленне. А для сябе не пажадаў прыняць яго… Росіца — гэта памяць пра ўсіх нявінных ахвяраў нашай спакутаванай Бацькаўшчыны. |
![]() |
Сафія Брандыкова, 10 гадоў, г. Полацк — Люблю ў Росіцы маліцца. І тут асабліва добра ў мяне атрымліваецца зрабіць рахунак сумлення. Вось і сёння пабыла ў споведзі — і шчаслівая! Пасля яе чалавек чысценькі і лепшы, чым быў да таго. А летам я прыходжу ў Росіцу пешкі разам з полацкай пілігрымкай — ужо тры разы пілігрымавала сюды. Вельмі люблю гэты шлях! |
![]() |
Ядвіга Саўчанка, г. Глыбокае — Для маёй душы пабыць у Росіцы — нібы напіцца жывой вады. І ў смутку, і ў радасці часта бываю думкамі тут, у Росіцы. Ну а калі надараецца магчымасць прыйсці сюды альбо прыехаць, заўжды карыстаюся гэтым. Мне Росіца дапамагае жыць поўняй жыцця і дае сілы несці свой крыж. |
![]() |
Святлана Юран, г. Браслаў — Росіца для мяне — самае галоўнае духоўнае перажыванне. Тут найлепш раскрываецца мая душа. Можа таму, што пра росіцкую трагедыю я ведаю не толькі з кніг, але і ад маёй роднай бабулі, якой пашчасціла выжыць у асвейскай трагедыі… |
![]() |
Антон Бубала, г. Верхнядзвінск — У гэтым касцёле вянчалася мая матуля, у Ліпаўках, што блізу Росіцы, у дні трагедыі спалілі маю цёцю з яе малым сыночкам. Я — тутэйшы, дык боль гэтай зямлі — мой асабісты боль. Ніколі не думаў, што росіцкі касцёл зноў ажыве пасля савецкага занядбання. Памятаю, як мы з вучнямі рабілі краязнаўчы паход па гэтых мясцінах. Выйшлі з лесу, бачым — вокны касцёла свецяцца! Вачам сваім не паверыў! А памятаю, праз колькі дзён сустрэў тут, у Росіцы, святой памяці старэнькую бабу Ванду. Ідзе сабе, згорбленая, нясе дзве цагліны. Пытаюся: — Што робіш, баба Ванда? Адказвае: — Дык жа мы касцёл будуем! Кажу: — І ты верыш, бабуля, што гэта магчыма — такую махіну адбудаваць? Пасля такога занядбання?! — Веру, — адказвае. Так проста і моцна. Гэтая вера і вярнула росіцкі касцёл да жыцця. Яна і ўсіх нас вяртае — да жыцця, да праўды, да Бога. |
Такія вось думкі росіцкіх пілігрымаў… Дзякуй Табе, Божа, за тое, што і балючыя, і светлыя старонкі нашай гісторыі трываюць у жыцці нашчадкаў. Дзякуй за тое, што і надалей Ты вучыш нас жыць і не губляць на жыццёвым шляху веры, надзеі, любові. Што дазваляеш нам зноў і зноў шукаць і сустракаць Цябе на гэтых нашых, такіх розных, жыццёвых шляхах.
Ірына Жарнасек.
Фота аўтара і В. Палінеўскага.