Павага, салідарнасць і дабрыня: пра новы крыж ў вёсцы Шантараўшчына

Прыбраць ля касцёла, дапамагчы ў будаўніцтве святыні — сутнасць не толькі ў выніку гэтай працы, але і ў працэсе, у жаданні людзей спрычыніцца да добрых рэчаў, у сілах, аддадзеных Богу і людзям. Так і ўстаноўка новага крыжа ў вёсцы Шантараўшчына Віцебскай вобласці — не проста падзея, гэта вынік, за якім хаваецца добрая воля людзей, іх сяброўства, узаемная пашана.


Маляўнічая вёска Шантараўшчына знаходзіцца, як кажуць самі жыхары, на паўвостраве возера Сэрвач, што на Глыбоччыне. Сёння тут засталося толькі тры хаты карэнных жыхароў. Але вёска не памірае — шмат дамоў выкупілі людзі з гарадоў, якія прыязджаюць сюды на лецішча. Здаўна тут жылі католікі (з аднаго і другога боку вёскі стаяць каталіцкія крыжы), але цяпер большасць вяскоўцаў праваслаўныя, якія глыбока перакананыя, што трэба шанаваць веру былых жыхароў гэтай зямлі. Доказам таму стала тое, што ўсёю вёскаю яны паставілі новы каталіцкі крыж на месцы старога.

«Той крыж ужо надта слабы быў, і плот быў такі хісткі, што ажно цэглаю падпіралі», — кажа Галіна, жыхарка вёскі. Муж спадарыні Алены, дачніцы з Глыбокага, якраз перад смерцю марыў паставіць новы крыж у Шантараўшчыне. Жанчыны пагаварылі з аднавяскоўцамі, сярод якіх нямала людзей з дастаткам, і мужчыны вырашылі памяняць не толькі стары плот, але і паставіць новы металічны крыж на ўшанаванне памяці аднавяскоўца.

«Уся вёска ўдзельнічала ў гэтай справе, ніхто не адмовіў у дапамозе. Усе збіраліся грашыма, хаця тут многія мінчане, людзі праваслаўныя, нават з Пецярбурга людзі дапамагалі», — кажа Галіна. Ініцыятыва ўсталяваць крыж сыходзіла ад саміх людзей — яны замовілі новы металічны плот, новы крыж, плітку, а ўсе працы ў асноўным рабілі мясцовыя мужчыны — Вячаслаў і Уладзімір. «У гэтай гісторыі быў такі цікавы момант: работнікі штосьці наблыталі і зрабілі праваслаўны крыж, дык мы сказалі перарабіць», — кажа Уладзімір. Алена тут жа дадае: «Я сама праваслаўная, але крыж мы каталіцкі паставілі, бо Шантараўшчына была каталіцкаю вёскаю і мы не маглі іншы крыж тут паставіць. А якая розніца? Бог адзін, на тым самым крыжы памёр Хрыстос. А паважаць людзей трэба: спакон вякоў тут жылі католікі, хаты, двары, зямлю асвяцілі тут католікі».

Самая старэйшая жыхарка вёскі, Сініца Ганна Баляславаўна, таксама ўдзельнічала ў асвячэнні новага крыжа. «Мы маліліся тут, адпраўлялі маёвае набажэнства, калі яшчэ больш людзей жыло ў вёсцы. Я тут нарадзілася, тут вырасла, усё жыццё ў гэтай вёсцы жыву. Памятаю, як пры мне тут таксама ставілі крыж. З даўніх часоў ён стаяў, а потым пры савецкай уладзе маліцца ля крыжа нельга было, дык яго завезлі на могілкі ў Дзеркаўшыну, бо там хавалі людзей з нашай вёскі. Калі ўжо дазволілі маліцца, тут зноў паставілі новы дубовы крыж, але ён толькі гадоў 20 прастаяў. Дзякуй Богу, гэты металічны крыж ужо доўга будзе стаяць. Цяпер ужо новае жыццё вёска мае. Некалі, у 1912 годзе, нашыя продкі купілі тут зямлю. Усяго было 7 гаспадароў з сем’ямі, і я іх усіх памятаю: Кучынскія, Сінкевічы, некалькі сем’яў Сініцаў, Падгайскія, Авіны. Засталіся толькі Кучынскія і дзве хаты Сініцаў. Прыязджаюць дзеці, унукі, шмат новых гаспадароў, дачнікаў, гэта радуе, канешне».

З усіх гэтых аповедаў бачна, што ў людзей ёсць вялізны патэнцыял, яны радыя праслаўляць Бога. Канешне, усялякі патэнцыял трэба накіроўваць, падказваць людзям, што годнага і добрага яны могуць зрабіць. Толькі варта паглядзець на гэтых людзей: тут, ля крыжа, яны з радасцю расказваюць, як працавалі ўсе разам, як стараліся. Адзін з вяскоўцаў маму сваю прывёз, каб яна паглядзела і парадавалася таксама, і мама ганарыцца тым, што яе сын крыж паставіў. І цяпер у гэтага крыжа такая цудоўная гісторыя, столькі цяпла і дабра з ёю звязана...


Вольга Качалка
Фота аўтара

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней