На прыкасцёльным пляцы ў Мастах, што на Гарадзеншчыне, нас, удзельнікаў рэкалекцый з айцом Антанэлам Кадэду, сустрэла вялікая фігура Хрыста, які нясе крыж. Адразу кінулася ў вочы, што Хрыстус хоць і згорблены пад цяжарам сваёй нялёгкай ношы, але Яго твар зусім не напоўнены безнадзейнасцю. Ягоны палец указвае на неба. На пастаменце надпіс : «Sursum corda», што ў перакладзе азначае: «Угору сэрцы!». Дык мы і ўваходзім у касцёл з надзеяй, што рэкалекцыі з айцом Антанэла Кадэду дапамогуць нам узняць угору свае сэрцы.
Айцец Антанэла
Ён родам з Сардыніі (Італія). Разам з айцом Энрыке Порку ён ужо шмат гадоў нясе сваё адметнае служэнне ў Касцёле. Яны — місіянеры, служаць у Бразіліі, за плячыма абодвух — па 30 гадоў святарства. Абодва жывуць разам з беднякамі ў трушчобах Сан-Паўла і дзеляць з імі ўвесь цяжар іх нялёгкага жыцця. У 2000 годзе гэтыя адважныя святары заснавалі асацыяцыю «Запавет Міласэрнасці» («Alianca de Misericordia»), якая на гэты час дзейнічае ў 36-ці гарадах Бразіліі, а таксама ў Італіі, Партугаліі, Францыі, Бельгіі, Польшчы. Харызмаю гэтай супольнасці з’яўляецца праца з беднякамі і евангелізацыя.
Хто мы?
Лагічна падумаць, што калі шаноўны госць, які прадстаўляе сваю супольнасць у Беларусі, завітаў да нас, то хто мы для яго: беднякі альбо тыя, хто не ведае Евангелля? Кароткага позірку на людзей, якія сабраліся на рэкалекцыі ў мастоўскім касцёле, хапіла, каб упэўніцца, што на беднякоў мы не падобныя. Ну а што з Добрай Весткай? Калі айцец Антанэла запытаў, ці ўсе ўдзельнікі рэкалекцый прынеслі з сабой Біблію, рук паднялося не так і шмат. Тых жа рук, якія засведчылі, што не ўзялі з сабой Святога Пісання, было прыкметна больш.
— Вось так і трымайце паднятыя рукі да заўтрашняга вечара, — пажартаваў айцец і дадаў. — Хрысціянін заўсёды павінен мець з сабой Біблію, а тым больш на рэкалекцыях.
Калі ж ён заахвоціў весці запісы, каб потым аднавіць усё ў памяці, таксама не шмат людзей паслухаліся. Прызнацца, я хоць і мела з сабой Евангелле ды нататнік для запісаў, але захапіла не найлепшую самапіску. Адна добрая душа мела дзве дык падзялілася, але і гэта мала дапамагло, бо самапіска «капрызіла». Словам, мы з сяброўкай кінуліся ў перапынку шукаць кіёск «Саюздруку». Для тых, хто, магчыма, як і я, не захопіць на нейкія наступныя рэкалекцыі ў Мастах добрай самапіскі, падказка: у кіёску напрыканцы вуліцы Клары Цэткін вам ветліва прададуць найлепшую.
Дарэчы, мы чамусьці не сустрэлі нікога, хто б таксама шукаў, дзе набыць самапіску альбо сшытак. Затое, забягаючы наперад, заўважу: калі рэкалекцыяніст сказаў, што будзе асвячаць ваду, соль і алей, у бліжэйшых крамах можна было сустрэць людзей з бэйджыкамі на грудзях, што выдавала іх удзел у рэкалекцыях. Вынік майго, няхай сабе і павярхоўнага назірання, кажа сам за сябе: мы — тыя, каго трэба евангелізаваць, каму трэба чытаць, разважаць, жыць.
Некалькі разоў услед за айцом Антанэла мы хорам паўтаралі гэтыя словы: «Чытаць. Разважаць. Жыць».
— Кожную раніцу пачынайце дзень з Божага слова. Аддайце Пану Богу 15 хвілінаў, каб прачытаць Яго слова, паразважаць над ім, прыняць у сваё жыццё, — пераконваў нас рэкалекцыяніст. — І не проста разважайце, але прымайце яго як слова, звернутае канкрэтна да вас. На ваш сённяшні дзень! Падумайце, чым вы сёння адкажаце Богу на Яго слова. Не ганіцеся за грандыёзным ды велічным, уводзьце Божае слова ў вашу штодзённасць, туды, дзе вы жывяце, дзе працуеце. І потым увечары запішыце ў дзённіку, як вы пражылі дзень з Яго словам, што ўдалося, а што не.
І адразу ж мудрая жартоўная парада бацькам:
— А вы, таты і мамы, калі ваш сын альбо дачка ўзяліся таксама весці свой дзённік, не падглядвайце ў яго. Бацькі часта любяць усё кантраляваць. Не заўсёды гэта добра. Прынамсі, у духоўных справах.
І зноў ды зноў папярэджвае: чытайце, насычайцеся, жывіце Божым словам. З дня ў дзень.
— Не думай, што калі ты адзін раз прачытаў Біблію, то ўжо ведаеш Святое Пісанне. Чалавеку ўвогуле ўласціва бачыць павярхоўна, асабліва напачатку. Калі ж будзеш чытаць Божае слова штодня, то абавязкова настане час, калі яно пачне адкрывацца табе, зайграе, як каштоўны алмаз, сваімі шматлікімі гранямі.
На наступны дзень з раніцы рэкалекцыяніст зноў прымусіў нас хорам паўтарыць: чытаць, разважаць, жыць. А потым быў прыклад таго, як трэба ўзірацца, услухоўвацца ў Божае слова. Мы разам разважалі над эпізодам з Евангелля пра суцішэнне Езусам буры (Мк 4,35-41). Магу смела сведчыць пра тое, што ў выніку Божае слова сапраўды заззяла для мяне шматлікімі гранямі. Галоўнае правіла, якое заклікаў нас запамятаць айцец Антанэла, такое: калі Бог штосьці робіць у Бібліі, то Ён тым самым штосьці хоча нам сказаць, а калі штосьці кажа, то Ён адначасна і штосьці робіць, таму што Божае слова жывое, дзейснае. У Бога няма неістотных, выпадковых словаў, пустых абяцанняў.
У чаканні ацалення
Не сакрэт, што многія з тых, хто прыходзяць, а то й прыязджаюць за няблізкі свет на падобныя рэкалекцыі, спадзяюцца атрымаць жаданае аздараўленне ад нейкіх хваробаў. Чуткі разлятаюцца хутчэй за часопісы, дык многія ўжо чулі, мабыць, пра цудоўныя аздараўленні ў Росі на мінулых рэкалекцыях, якія вёў ксёндз Башабора. Раней гэта здарылася на служэнні айца Джэймса Манджакала і на служэнні ксяндза Яна Рэчэка… То чым жа айцец Антанэла горшы?
А ён раптам сказаў нібы ў адказ на такія спадзяванні:
— Не крычы, не сумуй, не наракай на цяжкае жыццё, на сваю адзіноту, боль… Чаму Езус спакойна спіць у чаўне? Бо Ён аддаў сваё жыццё Айцу, даверыў яго. І таму не турбуецца. А ты? Ты хочаш пазнаць усю прыгажосць жыцця? Тады спачатку навучыся паміраць з Хрыстом на крыжы. І толькі пасля гэтага сапраўдная прыгажосць адкрыецца табе.
Можна было б запярэчыць на гэта звыклым: «Лёгка казаць!», калі б не ўсведамленне таго, што гэты чалавек сам штодня бачыць агромністую бяду, хваробы, боль. І не толькі бачыць, але жыве сярод усяго гэтага.
Дарэчы, мая сяброўка чакала ад такога слыннага айца місіянера гісторый пра навяртанне, ацаленне, вызваленне, а ён увесь час гаварыў пра Бога. «І гэта цудоўна, — сцвердзіла мая маладзенькая сяброўка, — бо ён звяртае нашу ўвагу на самае галоўнае».
— Самае цудоўнае ацаленне здарыцца з табой тады, калі ты зразумееш сэрцам, што павінен жыць у вечнасці. І таму ты мусіш зрабіць усё магчымае для гэтага, бо тваё імя запісана на Божых далонях…
Шмат малітвы
Ці бывае малітвы зашмат? Не, не бывае. Кожная канферэнцыя заканчвалася ёю, кожная святая Імша, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту — таксама. Рэкалекцыяніст маліўся разам з намі, вучыў нас маліцца за іншых… Вучыў прабачаць… А падчас малітваў — я ні кроплі не сумняваюся ў гэтым — былі выпадкі аздараўлення ад фізічных і духоўных хваробаў. Пройдзе нейкі час, і хтосьці з тых, на каго асаблівым чынам узглянуў Пан Бог у тыя дні, таксама засведчыць сваё ацаленне.
Прэч смутак!
На самым пачатку рэкалекцый наш шаноўны госць сказаў, што ён не хоча бачыць гэтыя два дні сумных твараў у касцёле. І ён зрабіў усё, каб смутку сярод нас не было.
Ніколі мне не даводзілася чуць столькі смеху ў касцёле, як на гэтых рэкалекцыях! Айцец Антанэла валодае цудоўным пачуццём гумару, непадробнай зычлівасцю да кожнага чалавека. Ён можа знайсці падыход і да старога, і да малога. І таму касцёл раз-пораз узрываўся добрым, лагодным смехам. Было адчуванне, што за гэтыя два дні мы неўпрыкмет становімся адной дружнай, зычлівай сям’ёй. Словам, добра нам тут быць! Але рэкалекцыяніст заяўляе раптам, што мы павінны евангелізаваць, а значыць: ідзіце ў свет…
Рабіце свой выбар!
Кожны дзень трэба рабіць свой выбар на карысць Хрыста — да гэтага заклікаў нас айцец Антанэла. Чытаць Божае слова, несці яго іншым праз свае ўчынкі, словы, вялікія і малыя справы — вось пакліканне сучаснага хрысціяніна.
— Стварайце малыя групы і дзяліцеся ў іх Божым словам, — заахвочваў айцец.— Вучыцеся так жыць, і тады вы навучыцеся жыць паводле Божага Духа!
На заканчэнне рэкалекцый айцец Антанэла заахвоціў і святароў, і свецкіх прысвяціць гэты год Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса і Маці Божай Фацімскай. Я зразумела, што ён, харызматык, меў нейкае адкрыццё на гэты конт. Айцец заклікаў усіх нас раз на месяц усю ноч адараваць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, наладжваць эўхарыстычныя працэсіі, прысвячаць усе свае асабістыя справы і справы народу, усяго свету Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
— Маці Божая раструшчыць галаву змею! — мы маем такое абяцанне, — урачыста казаў айцец Антанэла. — І станецца гэта ў гэтым рэгіёне свету. Адсюль — з Польшчы, Беларусі, Літвы — прыйдзе вялікая перамога над злом!
Ірына Жарнасек.
Фота аўтара і з сайта grupa12.pl.