Нядзеля 31 жніўня. Парафія святога Антонія Падуанскага ў Мар’інай Горцы. Радуе вока вялікая колькасць дзяцей і моладзі, якія і з бацькамі, і самастойна прыйшлі ў касцёл, каб памаліцца аб Божым благаслаўленні на новы навучальны год. Напэўна, міласэрны Бог шчодра ўсіх благаславіў, даўшы слушныя наказы праз ксяндза Генрыха Кучынскага развіваць свае таленты, а не закопваць іх. Святар адзначыў, што самы галоўны талент, які толькі можа мець чалавек, гэта — талент веры. Без гэтага таленту жыццё можна лёгка змарнаваць і нават загубіць. А як прыклад таго, што чалавек можа захаваць талент веры, нягледзячы на неверагодныя цяжкасці, кс. Генрых прадставіў парафіянам ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Ватана Іванавіча Лабковіча. Ён жыве ў вёсцы Вынішчы Слуцкага раёна і мае ўжо 89 гадоў, але з радасцю адгукнуўся на запрашэнне святара і прыехаў разам з дачкою Зінаідаю, каб падзяліцца сведчаннем веры.
Лёс склаўся так, што ў 18 гадоў ён пайшоў на вайну. Яго пабожная мама дала сыну з сабою абразок Дзіцяткі Езуса, каб Ён абараняў яе дзіця. І Бог ратаваў. Нягледзячы на цяжкае раненне, пасля якога сур’ёзна пашкоджана левая рука, ён застаўся жыць. Гэты абразок, ужо пацёрты ад часу, Ватан Іванавіч і сёння беражэ як найкаштоўнейшую рэліквію. А яшчэ ветэран расказаў, як Пан Бог уратаваў іх вёску падчас вайны ад знішчэння агнём. Гэта здарылася 18 лютага 1943 года. Фашысты падпалілі восем навакольных вёсак. За адну ноч мужчыны з Вынішчаў зрабілі 5 крыжоў і 19 лютага ўстанавілі іх на скрыжаваннях дарог, баронячы такім чынам сваю вёску. Жанчыны ў тую ж ноч саткалі 6-метровае палатно, якім ахінулі абраз святой Агаты і пайшлі з малітвай вакол сваёй вёскі. Бяда адступіла...
Пасля вайны Ватан Лабковіч ажаніўся. Як сам гаворыць, Бог даў яму вельмі добрую пабожную дзяўчыну Крыстыну, з якой яны нарадзілі і выгадавалі чацвёра дзяцей. Дзякуючы ў тым ліку і пабожнасці сваёй жонкі веру не згубіў нават падчас ваяўнічага атэізму. У 90-я гады, калі касцёл пачаў працаваць, стаў актыўным парафіянінам, вельмі добра спяваў.
Праз усё жыццё Ватан Іванавіч нясе ў сэрцы памяць пра сваіх лепшых сяброў Мікалая, Юзафа, Пятра, якія загінулі на вайне. Ім было ўсяго па 22 гады! Ветэран ахвяруе за іх святыя Імшы ў Дзень усіх памерлых, а ў гонар 65-годдзя Перамогі паставіў са сваім унукам і зяцем на могілках вялікі крыж. Гэта таксама сведчанне таго, як талент веры трэба памнажаць усё жыццё, нягледзячы на ўзрост.
У гэты дзень вернікі парафіі святога Антонія ў Мар’інай Горцы атрымалі яшчэ адно сведчанне таго, як трэба развіваць свой талент. У касцёле перад галоўным алтаром стаялі дзве прыгожыя іконы — Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі, якія вышылі бісерам парафіянкі Кацярына Ільясюк і Данута Плешавеня. У канцы святой Імшы кс. Генрых асвяціў гэтыя абразы, якія будуць перададзены ў Рудзенск, дзе будуецца святыня. Пакуль жа вернікі моляцца ў вагончыку. Гэтыя прыгожыя іконы, напэўна, дададуць аптымізму і надзеі на хутчэйшае паўстанне святыні, а некаторых, магчыма, натхняць на развіццё таленту па вышыванні абразоў.
Пасля святой Імшы дзеці з бацькамі і госці сабраліся на пачастунак, дзе, між іншым, можна было падзівіцца і талентам гасціннасці пробашча і яго парафіянаў.
Галіна Калевіч.
Фота аўтара.