Вярнуць храму яго каштоўнасці

Вішнеўскі касцёл — асаблівы гонар Валожыншчыны: ён ніколі не зачыняўся, гэта самы старажытны будынак у раёне. Тут, дзякуючы самаахвярнасці ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, стварыўся моцны асяродак беларускамоўных вернікаў. 

Прага служыць на хвалу касцёлу вызначае і яго цяперашняга пробашча — ксяндза Юзафа Мельдзюка. Цяпер парафіяне разам з ім просяць Бога, каб ім хапіла сілы і сродкаў адрамантаваць святыню, захаваць і перадаць нашчадкам усю мастацкую і гістарычную ўнікальнасць храма. 

Найперш пастаўленая задача не выйсці за рамкі стылю позняга барока, у якім вытрыманы будынак і яго аздобы. Дзякуючы намаганням ксяндза Юзафа да рэстаўрацыйнай працы падключыліся высокакваліфікаваныя спецыялісты з ліку навукоўцаў і творчай інтэлігенцыі. Было вырашана адмовіцца ад выкарыстання танных матэрыялаў, якія маглі б спрасціць выгляд касцёла. «Для Бога трэба браць усё самае найлепшае!» — не раз паўтараў ксёндз парафіянам. 

Вядома, невялікая парафія не можа разлічваць на значныя сумы, але з Божай дапамогай ужо аплачаныя прыгожыя алтары з суцэльнага дубу ў гонар св. Юзафа, абраза Маці Божай Вастрабрамскай, Укрыжаванага Збаўцы. Даўнейшыя перанасныя алтары таксама пачалі выглядаць па-новаму: іх пакрылі сусальным золатам. Пакрысе і іншыя аздобы храма варта будзе ўпрыгожыць пазалотаю. Цяпер жа ў планах айца Юзафа адрамантаваць унікальны арган, сабраны ў 1907 годзе віленскім майстрам Фларыянам Астрамэнцкім. Адшукалі рэстаўратара, які ў сваёй місіі бачыць не толькі магчымасць зарабіць, але і абавязак перад Усявышнім. 

Касцёльны арган — такая ж каштоўная спадчына, як абразы і алтары. Унікальнае гучанне клавішна-духавога інструмента непаўторнае, як і голас чалавека, таму вялікую папулярнасць у свеце маюць менавіта канцэрты арганнай музыкі. І хто ведае, можа і вішнеўскаму касцёлу наканавана слава рыжскага Домскага сабора?..  

Божым Провідам захаваўся «касцяк» касцёльнага аргана, дык няўжо можна дапусціць, каб ён спарахнеў? 

Нашы продкі збіралі на арган грошы і верылі, што іх унукі будуць маліцца пад яго ўрачыстае гучанне, любіць і берагчы інструмент. Час руйнаваць святыні ўжо мінуў. Яны павінны ўваскрэснуць, і ўваскрэснуць не менш прыгожымі, чым былі…

Алена Збірэнка, Валожын.

Фота з архіва парафіі.

 {gallery}235-02{/gallery}

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней