Мядзельская Кальварыя знаходзіцца на ўскраіне Мядзела каля аўтатрасы Мядзел-Паставы. Гэта гістарычнае месца пакланення каталіцкіх вернікаў.
Кальварыя ўнікальная тым, што такога тыпу пабудоваў на тэрыторыі сучаснай Беларусі няма. На ёй засталіся рэшткі 18-ці каменна-цагляных каплічак, месцазнаходжанне якіх умоўна абазначаюць драўляныя крыжы. Некалькі разоў на год, як і ў верасні на свята Узвышэння святога Крыжа, вернікі мядзельскай парафіі і госці з іншых мясцінаў ушаноўваюць гэтыя святыя месцы шматлюднай працэсіяй — набажэнствам Крыжовага шляху, пасля чаго на гары Трох крыжоў цэлебруецца св. Імша.
Агульная працягласць Крыжовага шляху складае 2 км. Гісторыя мядзельскай Кальварыі сягае ў 1772 год.
У той час яна складалася з 21-й каплічкі і 8-мі брамаў, размешчаных на палях паблізу касцёла і на рынку мястэчка. Кальварыя была задуманая і пабудаваная паводле плану Крыжовай дарогі ў Ерузалеме. З густам былі размешчаны збудаваныя з дрэва капліцы, на каменных падмурках былі размешчаны абразы і фігуры. Асвяціў Кальварыю біскуп Фелікс Тавянскі — суфраган беларускі — 8 жніўня 1772 года. Цырымонія гэта працягвалася ажно 4 дні (увесь час запрошаных гасцей частавалі гаспадары Кошчыцы).
У 1866 г. парафія была перададзена праваслаўнаму духавенству. Кальварыя нейкі час была занядбана.
У 1927–1929 гг. мядзельская Кальварыя пачала адбудоўвацца са стацыямі Пана Езуса і Маці Божай. Айцец Браніслаў Ярасінскі быў ініцыятарам гэтай адбудовы. У тыя часы даўнюю тэрыторыю Кальварыі займаў Генрых Козел-Паплеўскі, жыхар Старога Мядзела. Пад капліцу ён вызначыў плошчу ў 7 м у шырыню (якую потым павялічыў да 9 м) на іншым месцы, больш разнастайным, пад назвай «Гyркі». З дапамогай мясцовых жыхароў а. Браніслаў вызначыў месцы для капліцаў, гледзячы на план Кальварыі Зэбжыдоўскай у Польшчы. У вызначаных месцах заклаў крыжы. Стацыі Крыжовага шляху адкрыў і асвяціў біскуп Уладзіслаў Бандурскі на ўрачыстасць Спаслання Духа Святога (Зялёныя Святкі)
27 мая 1928 года. Пасля смерці Генрыха Козела-Паплеўскага кармэліты босыя купілі ў спадара Валатковіча 50 га зямлі пад Кальварыю за грошы, атрыманыя ад продажу фальварка ў в. Некасецк.
У 1933–1938 гг. намаганнямі а. Ігнацыя Быліцы былі пабудаваныя 15 капліцаў з цэглы і камення, пакрытых бляхаю. У летні час Кальварыя напаўнялася пілігрымамі, якія карысталіся духоўнай паслугай законнікаў. Далейшыя працы па рэстаўрацыі Кальварыі перарвала Другая сусветная вайна. 2 лістапада 1942 г. Кальварыя, на якой налічвалася каля 40 капліцаў, практычна была знішчаная.
У 1997 г. вернікі мядзельскай парафіі на месцах, дзе былі капліцы, паставілі крыжы, каб нанова пазначыць незвычайнасць і святасць гэтага месца. Некалькі разоў на год вернікі сталі збірацца большай колькасцю, каб перажываць на месцы даўняй Кальварыі набажэнства Крыжовага шляху. Марай і парафіянаў, і айцоў кармэлітаў была адбудова капліцаў Крыжовага шляху. Нарэшце, дзякуючы Божаму благаслаўленню, вялікай працы людзей і ахвярнасці шматлікіх дабрадзеяў, сёлета 14 верасня адбылася ўрачыстасць благаслаўлення новаадбудаванай Кальварыі, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Спадзяемся, што гэтае святое месца, якое захавалася дзякуючы веры і пабожнасці Божага народа, зноў будзе месцам сустрэчы чалавека з пакутуючым і міласэрным Хрыстом.

З малітвай і запрашэннем наведаць
мядзельскую Кальварыю —
а. Юрый Кулай OCD.
Фота аўтара і А. Ваўчок.