На плошчы Льва Сапегі ў Слоніме ўзвышаецца фарны касцёл святога Андрэя — помнік архітэктуры барока ХVIII cтагоддзя. Святыня здзіўляе пластыкаю фасада, багаццем скульптурна-дэкаратыўнай апрацоўкі. Асноўны дэкор сканцэнтраваны на галоўным фасадзе — глыбокія нішы, слаістыя пілястры, фігурны франтон. Дзве вежы, пастаўленыя пад вуглом да фасада, узмацняюць яго пластычную пабудову. Скульптурнае ўбранне інтэр’ера мае рысы мастацтва ракако. У архітэктурны комплекс уваходзяць таксама брама і кляштарныя карпусы. Касцёл святога Андрэя з’яўляецца сёння своеасаблівай брамай старажытнага горада над Шчарай, хаця лёс касцёла складваўся па-рознаму. Найбольш нягодаў яму прынесла другая палова ХХ стагоддзя.
Дзякуючы былому настаяцелю касцёла святога Андрэя дэкану Вітальду Жыльветру ў 1990-я гады помнік барока ў Слоніме ўдалося выратаваць і аднавіць. З 28 гадоў свайго святарства айцец Вітальд 22 гады аддаў Слоніму. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам быў адрамантаваны касцёл святога Андрэя, пабудаваны ў 1775 годзе. Дзякуючы айцу Вітальду ў касцёле заўсёды гучала беларуская мова. Ён пасадзейнічаў вяртанню вернікам іконы Жыровіцкай Багародзіцы, якая была падрыхтаваная да каранацыі ў 1730 годзе.
Цяпер айцец Вітальд Жыльветра служыць у касцёле святога Казіміра ў Ліпнішках Іўеўскага раёна, але часта наведвае Слонім. У адну з такіх паездак у Слонім я сустрэўся ў айцом Вітальдам і задаў яму некалькі пытанняў.
— Айцец Вітaльд, раскажыце трохі пра гісторыю касцёла святога Андрэя.
— Касцёл святога Андрэя ў Слоніме пабудавалі з дрэва ажно ў 1493 годзе, а ў 1595 годзе яго адбудавалі з цэглы і каменя. Касцёл дапамог аднавіць Леў Сапега пасля таго, як яго знішчылі крымскія татары. Грунтоўна храм перабудоўваўся ў 1660 годзе, а ў 1775 годзе яго ўзвялі ў стылі барока.
— Якое значэнне меў касцёл у часы Льва Сапегі?
— У часы Льва Сапегі касцёл святога Андрэя ператварыўся ў адзін з цэнтраў рэлігійнага жыцця не толькі Слоніма, але і ўсяго Вялікага Княства Літоўскага. На тэалагічныя дыспуты сюды прыязджалі Сымон Будны, Пётр Скарга, падканцлер Казімір Сапега, які любіў паўдзельнічаць у дыспутах, і многія іншыя вядомыя людзі нашай зямлі. Акрамя касцёла святога Андрэя, чальцы дынастыі Сапегаў узвялі ў Слоніме касцёл бэрнардынаў, малельню для рэгулярных лютэранскіх канонікаў. Сапегі спрыялі таксама будове ў Слоніме школ і калегіумаў пры гарадскіх касцёлах ды цэрквах. У Слоніме часоў Льва Сапегі існавала вялікая бібліятэка і друкарня, дзе, як мяркуюць некаторыя даследчыкі, друкаваўся вядомы на ўсю Еўропу Статут Вялікага Княства Літоўскага.
— Мабыць, самым нялёгкім перыядам для касцёла святога Андрэя быў атэістычны савецкі час?
— Сапраўды, найбольшую шкоду касцёлу прынеслі бальшавікі ў ХХ стагоддзі. Яны амаль цалкам знішчылі гэтую славутую святыню, а ў пасляваенныя гады тут мясціўся склад са збожжам, а пасля — з соллю.
— І ў канцы 1990-х гадоў лёс храма прыйшлося вырашаць менавіта Вам?
— Так. У 1987 годзе я прыехаў у Слонім. І калі прыйшоў да касцёла святога Андрэя, у мяне ўзнікла думка-пытанне: хто і калі адновіць гэтую святыню? Аднойчы мяне выклікалі ў Слонімскі гарвыканкам і сказалі, каб я заняўся рамонтам гэтага храма, хаця дапамогі не абяцалі ніякай. «Он всё-таки ваш!» — сказалі мне чыноўнікі. А я адказаў: калі б ён быў наш, дык не быў бы ў такім стане. Пакрыўджаны, я пакінуў гарвыканкам. Іду да свайго касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі, што на Першамайскай вуліцы, а голас пытаецца: а што людзі скажуць? Болей за тое — да вайны ў Слоніме было пяць касцёлаў, а ў акрузе — 16, то цяпер застаўся толькі адзін на Першамайскай вуліцы, дзе я і быў яго настаяцелем. І я вырашыў аднавіць касцёл святога Андрэя для Божай хвалы і Маці Божай Жыровіцкай, а таксама для ўсіх людзей.
— Як пачыналася аднаўленне касцёла святога Андрэя?
— Неяк у Слонім прыехалі з Варшавы на машыне два чалавекі, якія былі родам з Ваўкавышчыны. Адзін з іх — Збігнеў Васюкевіч — меў у Варшаве сваю ўласную будаўнічую фірму. Я з імі пазнаёміўся і прапанаваў гэтай будаўнічай фірме заняцца рэстаўрацыяй касцёла. Мяне ўважліва выслухалі, і праз два тыдні спадар Васюкевіч прыехаў са сваімі інжынерамі, якія абследавалі разбураную святыню, зрабілі ўсе замеры і праектную дакументацыю. У архітэктурным музеі ў Варшаве рэстаўратары гэтай фірмы знайшлі фотаздымкі, зробленыя да вайны ўнутры касцёла. І паводле гэтых фотаздымкаў абразоў і фрэсак усё і аднаўлялася. Так пачыналіся рамонт і рэстаўрацыя каталіцкай святыні. Дапамагалі таксама будаўнікі — спецыялісты з рэспубліканскай Белрэстаўрацыі і, вядома ж, слонімцы. Бывалі такія суботы, што на працу прыходзіла да 50-ці чалавек розных веравызнанняў. За год мы зрабілі вельмі шмат: і накрылі храм, і дзверы змайстравалі, пачалі рабіць скляпенне, аднаўляць фрэскі...
— Ці знаходзілі рэстаўратары і будаўнікі што-небудзь каштоўнае падчас аднаўлення касцёла?
— Хачу сказаць, што перад пачаткам рэстаўрацыі тры гадзіны сем самазвалаў вывозілі з касцёла смецце і соль. Але перш чым соль вывезлі, мужчыны тры месяцы яе адбівалі. Вось у гэтым хламе і знайшлі шэсць мемарыяльных шыльдаў, якія раней мясціліся на сценах касцёла. Многія з іх былі паколатыя. Знайшлі мы там і шыльдачку, прысвечаную вялікаму каталіцкаму дзеячу Пятру Скаргу. Аднавілі і замацавалі яе на сцяне касцёла. А аднойчы прыходзіць у касцёл адзін чалавек і кажа, што ў нішах касцёльнага скляпення пахавана сэрца Міхала Казіміра Агінскага. Гэтае сэрца знаходзілася ў срэбным куфэрку з надпісам «Сэрца Агінскага». Калі разбураўся касцёл, куфэрак укралі і вывезлі на Усход.
— Калі ў касцёле святога Андрэя адбылася першая Імша?
— 29 лістапада 1992 года.
— Айцец Вітальд, а колькі сёння на Слонімшчыне налічваецца католікаў і каталіцкіх святыняў?
— На Слонімшчыне да гэтага часу адрэстаўравалі і аднавілі 14 касцёлаў, пабудавалі 2 новыя, якія наведваюць больш за 10 тысяч католікаў. Касцёл святога Андрэя з’яўляецца фарным, галоўным храмам католікаў Слонімшчыны.
Размаўляў Сяргей Чыгрын.
Фотаздымкі з архіва аўтара.