Нябачнаю нітачкай вера любові
Паволі сплывае ў душы глыбіню.
Сустрэчу з абразам яна абвяшчае,
Каб зведаць змаглі мы святла чысціню.
Каб з Маці Будслаўскай маглі паяднацца
У малітве супольнай святой,
І сэрцы каб нашы маглі напаўняцца
Надзеяй і праўдай, жыцця дабрынёй.
Чароўныя вочы Будслаўскае Маці
Вітаюць усіх, хто з жаданнем прыйшоў,
Ды поўняцца сэрцы святой асалодай,
Хто ў гэтай святыні прытулак знайшоў.
Тут душы з палёгкай у неба нясуцца
Святога блакіту спакойна ўдыхнуць.
На крылах любові святыя анёлы
Нам шчасце, лагоду і радасць нясуць.
Чатырыста год Маці ўсіх тут збірае,
Умее нас, грэшных, пакорна страчаць.
І дзверы святыні для нас адчыняе,
Каб Тройцу святую маглі праслаўляць.
Каб Збаўцу Хрысту мы маглі пакланіцца
Ды шчыра Святога Айца ўшанаваць.
Прасіць прабачэння, да Маці туліцца,
Каб больш дасканалымі ў веры нам стаць.
Не толькі ў Будславе, але і паўсюдна
Імкнуліся б Божую волю спаўняць.
Што праўда Хрыстова жыве ў нашых сэрцах,
Умелі б цаніць і заўжды ўсведамляць.
Адчуць бы нам цуд гэтай дзіўнае ночы,
Пачуцці і розум свае ўскалыхнуць.
І гэтай таемнай сцяжынкі да Бога
Нідзе не згубіць і з яе не звярнуць.
Ядвіга Сячко