Вялікая «старонка пакоры» — так Апостальскі нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў сваёй гаміліі акрэсліў 600-гадовы перыяд гісторыі брэсцкай парафіі Узвышэння Святога Крыжа, дзе 25 лістапада адбылася юбілейная ўрачыстасць.
У святой Імшы, якую ўзначаліў Яго Эксцэленцыя К. Гуджэроцці, прынялі ўдзел біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Казімір Велікаселец, архімандрыт Сяргей Гаек, рэктар Міждыяцэзіяльнай ВДС імя св. Тамаша Аквінскага ксёндз Ян Саламон, шматлікія святары і вернікі. Апостальскі нунцый на пачатку ўрачыстасці асвяціў новы абраз «Укрыжаванне Езуса», змешчаны ў галоўным алтары. Яго Эксцэленцыя ў сваім слове асабліва падкрэсліў ролю і мужнасць вернікаў, якія, нягледзячы на цяжкасці і пераслед, у пакоры захавалі веру і адстаялі святыню.
Вернікі шчыра віталі кс. Збігнева Кароляка, былога пробашча, дзякуючы намаганням якога касцёл Узвышэння Святога Крыжа зноў стаў святыняй (атэістычныя ўлады размясцілі ў сакральным будынку музей) і сфармавалася парафіяльная супольнасць. Словы ўдзячнасці былі скіраваныя да біскупа Казіміра Велікасельца, які таксама вельмі шмат зрабіў для гэтага касцёла. Сапраўды, тыя вернікі, якія даўно не былі ў гэтай святыні, з радасцю затрымліваліся каля статуі Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, які з усмешкаю, здаецца, вітае і атуляе кожнага, хто ідзе ў касцёл.
{gallery}213-03{/gallery}
Брэсцкая святыня слынная не толькі сваёй багатай гісторыяй, але і цудадзейным абразом Маці Божай Берасцейскай — Маці-Выратавальніцы, які каранаваў св.памяці кардынал Казімір Свёнтэк. Маці Божая ніколі не пакідала сваіх дзяцей, няхай жа і надалей Яна атуляе кожнага з нас, скіроўвае нас да свайго Сына, выпрошваючы для нас ласку мужнасці веры, каб бераглі і ўмацоўвалі Дом Божы.