Калі гавораць, што дзесьці адзначаецца 600-годдзе парафіі, адразу ўяўляеш старажытны горад з велічным касцёлам у стылi неаготыкі, пабудаваны ў часы Вялікага Княства Літоўскага. На жаль, берасцейцы не могуць пахваліцца такой даўніной, бо старажытнае Берасце з яго шматлікімі прыгожымі святынямі было знiшчана ўладамі царскай Расii, а дзеля ўмацавання аўтарытэту ўлады на месцы зруйнаванага горада пабудавалі крэпасць, а сам горад перанеслі далей на ўсход. Месца абжывалася, і першым храмам, пабудаваным у новым горадзе Брэст-Літоўску, стаў касцёл Узвышэння Святога Крыжа (1852).

Сучаснаму будынку касцёла ўсяго толькі 160 гадоў, а сучасная парафія Узвышэння Святога Крыжа склалася крыху больш за 20 гадоў. Перыяд новай гісторыі парафіі адлічваецца з таго самага моманту, калі пачалася барацьба за будынак касцёла, пад дахам якога ў савецкі час знаходзіўся абласны краязнаўчы музей.

Пасля адыходу ў вечнасць кс. Станіслава Лазара ў Брэст на пахаванне прыехалі і засталіся працаваць ксяндзы Тадэвуш Альшэўскі і Збігнеў Кароляк. Менавіта ксёндз Збігнеў і пачаў працу па вяртанні будынка касцёла вернікам. Парафіяне-старажылы распавядаюць, што першыя набажэнствы праходзілі ў краязнаўчым музеі. Вернікі разам з ксяндзом маліліся там, дзе цяпер знаходзіцца алтар Сэрца Езуса. А ў алтарнай частцы цяперашняга касцёла ў той час былi выстаўлены пудзіла зубра і іншыя экспанаты музея. Супрацоўнікі музея не маглі забаранiць вернікам наведваць музей, бо яны паводзілі сябе вельмі культурна, але дакладвалі пра іх «наверх». Шчырая вера, самаадданасць, смеласць i настойлівасць ксяндза і вернікаў дапамаглі вярнуць будынак каталіцкай супольнасці, але скалечанай савецкімі перабудовамі святыні трэба было надаць касцёльны выгляд. Пан Юзаф, адзін з удзельнікаў тагачасных падзеяў, успамінае: «Усе задумкi ксяндза Збігнева, які меў адукацыю архітэктара, рэалізоўвалі парафіяне. Працавалі нават цэлымі сем’ямі... Асабліва радаваліся, калі адбуда-валі белыя вежы, якія нада-юць касцёлу велічную прыгажосць. Займаліся таксама і ўладкаваннем старых каталіцкіх могілак: капліцы і тэрыторыі».

{gallery}213-02{/gallery}

Можна доўга распявядаць пра тое, як святыня паступова прымала цяперашні прыгожы выгляд. А распявядаць пра тых, хто моцаю сваёй шчырай малітвы стварае ацаляючую цеплыню Божай прысутнасці ў халодных каменных сценах, можна бясконца. Адзін наш праваслаўны сябар з Масквы, які дагэтуль ніколі не наведваў каталіцкія святыні, прысутнічаў на ўрачыстасці святога Яна Хрысціцеля ў нашым касцёле і пасля святой Імшы з захапленнем сказаў: «На службе в вашем храме я почувствовал, как на меня нисходит Божья благодать. Моя душа пела вместе с людьми».

Хто ж яны, гэтыя людзі, нашыя парафіяне, дзякуючы якім Божая мілата назаўсёды пасялілася ў нашай святыні? Гэта простыя людзi, такiя ж, як i мы з вамi. Хтосьцi ў свецкім жыцці з’яўляецца звычайным кiраўнiком, хтосьці – звычайным прыбіральшчыкам. Але ўсіх яднае Божая любоў і супольная малітва.

Пра іх, а таксама пра нашых святароў мы распавядзем у наступным нумары.


Алена Дуброўская.
Фота з архіва парафіі.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней