31 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч кансэкраваў касцёл Божага Цела ў Беразінскім.
Калі мы з сяброўкай прыехалі ў Беразінскае, першае, што я ўбачыла перад тым як увайсці ў новы касцёл, — гэта плот, высокі такі, дабротны. Абышлі яго і ўбачылі чалавека, які ветліва ўсміхаўся. Мы адразу яго пазналі: гэта быў ксёндз Сяргей Бараўнёў — пробашч парафіі Божага Цела.
Кс. Сяргей параіў нам звярнуцца да Ірыны Руткоўскай, маўляў, яна ўсё ведае і ўсё раскажа. Спадарыня Ірына стаяла з правага боку касцёла, «заціснутая» столікам з кніжачкамі, якія яна прадавала, каб збіраць ахвяраванні на касцёл. Пазнаёміліся, разгаварыліся. Спадарыня Ірына, тэрцыярка Маці Божай Прыгожай Любові, расказала мне, што ўсё пачалося, калі да іх прыехаў малады святар Сяргей Бараўнёў.
«Мы вельмі ўзрадаваліся! Радасць ахапіла нас таму, што тут, у Беразінскім, даўно не было святара, бо стары касцёл святой Ганны быў разбураны. Парафіяне папрасілі святара пабудаваць святыню: на новым месцы — новы касцёл. Калісьці тут быў сад, квітнелі яблыні, цяпер жа ўвогуле была пустка. А зімою ксёндз прыйшоў менавіта сюды, паглядзеў і кажа: тут будзе святыня. І ўсё пачалося: звярнуліся да ўладаў, каб аддалі гэты былы сад пад будову. Дазволілі. Купілі праект, доўга-доўга збіралі грошы, але ўсё ж-такі распачалі будову гэтага касцёла. Наталля Марцінкевіч сама выкарчоўвала карані ўсіх дрэваў, а перад гэтым прасіла знаёмых, каб іх спілавалі. Нанялі будаўнікоў, якія пачалі капаць катлаван, а ўсё астатняе дапамагалі зрабіць парафіяне. Стараліся ўсе. Пачыналі з нічога. Нашыя нават вельмі пажылыя парафіяне падавалі цэглу, цягалі цяжкія мяшкі. Шмат з іх, на жаль, не дажыло да гэтага радаснага дня, сярод іх — Жабінскі Адольф, сям’я Наркевічаў… Я, калі праязджала побач з будоўляй і бачыла, што прывезлі цэглу, абавязкова бегла дапамагаць. Спачатку паддоны дапамагала разгружаць, потым тэлефанавала іншым парафіянам: прыбягалі і выгружалі ўсе разам (станавіліся ланцужком)… Тынкавала святыню ад пачатку да канца я (сціпла ўсміхаецца). З пачатку будаўніцтва тут практычна ўсё мае рукі: тынкоўка, малярскія працы, грунтоўка. І, дзякуючы Богу, мы ўсе разам пабудавалі гэты касцёл (глядзіць на яго з захапленнем і слязьмі на вачах). Канешне, шмат яшчэ не дароблена: неабходна завяршыць сакрыстыю, добраўпарадкаваць дом для святароў. Мы вельмі рады, што дзякуючы нашаму ксяндзу Сяргею Бараўнёву, яго намаганням, яго руплівасці нарадзіўся новы касцёл. Як у народзе кажуць, «новы Езус нарадзіўся». Дзякуючы нашай веры і намаганням вернікаў і ў нашай вёсачцы ёсць святыня, цяпер не трэба людзям ехаць у Маладзечна ці ў Палачаны, каб быць на Імшы...»
...Пакуль касцёл быў паўпусты, я пачала «лётаць» і рабіць здымкі. Мне падабалася ўсё: алтар, лавачкі, на якіх сядзелі і маліліся бабулі, сакрыстыя, пакоік, дзе можна папіць кавы, і г.д. Калі рабіла фотаздымкі, убачыла міністранта і папрасіла яго сказаць мне, што азначае для яго дзень кансэкрацыі касцёла. «Гэты дзень для мяне азначае, што ён будзе толькі адзін раз у жыцці. Некаторыя моманты будуць паўтарацца шмат разоў, а гэтага больш ніколі не будзе... Раней у нас не было касцёла, а цяпер я вельмі рады, што з’явіўся такі прыгожы, вялікі — нават людзі ідуць да нас, каб паглядзець на наш касцёл. З Маладзечна прыйшла невялікая пілігрымка». Гэтага хлопца завуць Андрэй Макрыцкі, прыгожым, амаль настаўніцкім почыркам ён напісаў сваё імя на залацістай візітоўцы касцёла і аддаў мне, каб я не забылася...
Потым я пазнаёмілася са старэйшымі міністрантамі. Адзін з іх на пытанне пра яго пачуцці ў гэты дзень адказаў толькі адным словам: «Радасць». Потым я даведалася, што яго завуць Ян Марцінкевіч, і, як высветлілася, я даўно ведаю яго маці Наталлю, пра якую згадвала вышэй. І я з ім згодная, бо менавіта радасць лунала ў паветры ў гэты дзень на тэрыторыі новай святыні.
Падчас гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сказаў: «Сардэчна вітаю ўсіх вас на гэтай урачыстасці, прысвечанай кансэкрацыі новага касцёла Божага Цела ў Беразінскім. Добра памятаю свой візіт у гэтую парафію некалькі гадоў таму. Памятаю пажаданні вернікаў мець свой дом малітвы. Памятаю таксама і падобныя пажаданні мясцовай улады. Касцёл — гэта месца спаткання чалавека з Богам, месца яго духоўнай фармацыі, і таму ўсім хочацца мець яго, каб на евангельскіх каштоўнасцях выхоўваць новых грамадзянаў. Вернік — гэта не толькі член Касцёла, але таксама грамадзянін, і грамадству добра, калі ён высакародны, справядлівы, міласэрны — словам, калі ён будуе сваё жыццё на духоўным падмурку…
Новы касцёл з цэглы пабудаваны і сёння кансэкруецца. Цяпер мы павінны праз слуханне Божага слова і цэлебрацыю сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі, будаваць жывы Касцёл, цаглінамі якога з’яўляюцца нашы душы. Таму не забудземся сюды дарогі. Тут нас чакае Хрыстус, адзіны Збаўца свету. Спатканне з Ім дае веру, якая, як навучае папа Францішак у сваёй першай энцыкліцы “Lumen fidei” («Святло веры»), свеціць у цемры і не дае нам заблудзіцца; дапамагае адрозніць дабро ад зла, асвятляе супольнае жыццё, суцяшае ў цярпеннях і вядзе да сапраўднага шчасця», — сказаў Яго Эксцэленцыя напрыканцы гаміліі.
Прыехала дамоў радасная... А «рамантыка» скончылася, калі я ўсвядоміла, што трэба ўсё гэта сабраць «у кучу» і напісаць у гэты цудоўны часопіс, які Вы трымаеце ў руках. Аднак знайшоўся добры хлопчык — Санька Чэрнак, які паслухаў запіс на дыктафоне і пераслаў мне на электронную скрынку вордаўскі файл. А што атрымалася, тое і атрымалася...
Людміла Бурлевіч.
Фота Генадзя Буракоўскага.