У 1993 г. у Беразіно была афіцыйна зарэгістравана каталіцкая парафія. Гэта была надзвычайна важная падзея для станаўлення і развіцця касцёла на бярэзінскай зямлі ў найноўшай гісторыі.
Беразіно — невялікі горад, якіх шмат у нашай краіне. Знаходзіцца ён у вельмі маляўнічых мясцінах — стаіць на беразе адной з прыгажэйшых беларускіх рэкаў Бярэзіны, а да яго самога амаль з усіх бакоў падступае густы лес. Калісьці ў гэтых лясах вадзілася шмат звяр’я і сюды вельмі часта прыязджалі на паляванне прадстаўнікі знатных шляхецкіх родаў, а пазней і асобы імператарскага двара. Не абмінулі Беразіно і шматлікія войны: перапраўляліся праз Бярэзіну войскі шведскага караля Карла ХІІ падчас Паўночнай вайны з Расіяй, былі тут і Напалеон са сваёй арміяй у 1812 г., і расійскае войска. Асабліва пацярпеў горад у першай палове ХХ ст., калі большая яго частка была разбурана ў выніку ваенных падзеяў.
Шмат славутых людзей нарадзілася на бярэзінскай зямлі. Асабліва ганарацца бярэзінцы сваімі сусветна вядомымі землякамі: Міколам Равенскім, аўтарам музыкі хрысціянскага гімна «Магутны Божа», мастакамі Валенціем Ваньковічам і Апалінарам Гараўскім, чые карціны знаходзяцца ў мастацкіх музеях розных краінаў.
Цяпер у Беразіно амаль не засталося помнікаў былых часоў, якія б расказалі нашчадкам розных пакаленняў гараджан аб мінулым родных мясцінаў, але жыхары горада неабыякавыя да мінулага: імкнуцца ведаць гісторыю свайго роду, шанаваць тыя духоўныя здабыткі і традыцыі, якія засталіся ім у спадчыну. Бо без гэтага наўрад ці адбылося б і адраджэнне касцёла, якога доўгі час у Беразіно не існавала.
Рымска-каталіцкая парафія горада вядзе адлік сваёй гісторыі з 1641 г., калі ў мястэчку пачалося ўзвядзенне драўлянага касцёла. Фундатарам будаўніцтва быў прыдворны маршалак ВКЛ Казімір Лявон Сапега. Будынак быў завершаны ў 1644 г., і касцёл атрымаў тытул Унебаўзяцця Марыі Панны. Да касцёла прыходзіла вельмі шмат людзей, таму ўзнікла патрэба ў яго пашырэнні, што і было некалькі разоў зроблена. У 1803 г. на сродкі памешчыцы графіні Ганны Дунін-Вансовіч быў пабудаваны новы касцёл, таксама драўляны, асвечаны пад тытулам Маці Божай Шкаплернай. У 1838 г. на сродкі графіні пачалася рэканструкцыя будынка касцёла, якая завяршылася праз шэсць гадоў. Касцёлу быў вернуты тытул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны.
У пачатку ХХ ст. бярэзінская парафія была самай вялікай у Мінскай губерні, і ў ёй налічвалася 7000 вернікаў. Пажар 1914 г., падчас якога была знішчана агнём амаль палова мястэчка, не абмінуў і касцёл, які пасля так і не аднавілі (але набажэнствы да 1937 г. праходзілі ў доме вікарыя). Першая палова ХХ ст. стала самым трагічным перыядам для парафіі. У 1937 г. бярэзінскага ксяндза абвінавацілі ў шпіёнскай дзейнасці і арыштавалі (далейшы яго лёс застаўся невядомы). Афіцыйна касцёл спыніў сваю дзейнасць і, на думку ўладаў, разам з ім нібыта не стала і веруючых католікаў.
У канцы 1980 – пачатку 1990-х гг. разам з палітычнымі зменамі ў дзяржаве адбыліся і змены ў стаўленні да рэлігійных арганізацый: з’явілася ўвага да асноўных хрысціянскіх канфесій, да пытанняў веры, пачалі аднаўляць сваю дзейнасць храмы, рэгістраваліся новыя рэлігійныя супольнасці. Для каталіцкай парафіі Беразіно гэты перыяд быў вельмі складаны: трэба было ствараць новыя арганізацыйныя структуры, займацца іх рэгістрацыяй, шукаць памяшканне для правядзення набажэнстваў. Узважвалася, ці зможа заняць Касцёл такія ж трывалыя пазіцыі, як калісьці. Веруючых вельмі хвалявалі гэтыя пытанні, бо ў пачатку 90-х гг. , калі ішло аднаўленне і фарміраванне парафіі, у грамадстве яшчэ існавала думка, што католікі жывуць толькі ў Заходняй Беларусі. Але ўсе гэтыя цяжкасці былі пераадолены і ў 1993 годзе ў Беразіно пачаў дзейнічаць касцёл Маці Божай Міласэрнасці. Спачатку набажэнствы адбываліся ў нядзельныя і святочныя дні. Святую Імшу праводзілі кс. Юзаф Пятушка і Марэк Жук з Барысава, а ў 1999 г. пробашчам парафіі, першым за шэсцьдзясят гадоў, быў прызначаны кс. Сяргей Бараўнёў.
Касцёл паступова стаў развівацца: праводзіліся розныя набажэнствы, вялася асветніцкая дзейнасць, упершыню за шмат гадоў група вернікаў атрымала сакрамэнт канфірмацыі. Менавіта ў гэты час касцёл стаў неад’емнай часткай жыцця для большасці людзей, якія яго наведвалі, ды і сярод мясцовага насельніцтва каталіцкая супольнасць пачала карыстацца павагай.
У 2003 г. у парафію быў прызначаны новы пробашч, кс. Алег Мурзіч. Ён энергічна ўзяўся за выкананне сваіх абавязкаў і ўнёс шмат новага ў жыццё касцёла. Узніклі свае традыцыі правядзення святочных набажэнстваў, дзейнічаюць розныя малітоўныя рухі, мэтанакіравана вядзецца праца з дзецьмі, якія рыхтуюцца да Першай Камуніі, праводзяцца заняткі з міністрантамі, катэхеза для дарослых. Рэгулярна наведваюцца хворыя і людзі пажылога ўзросту, якім аказваецца розная дапамога. Сам касцёл знаходзіцца ў невялікім прыстасаваным памяшканні, якому патрэбны пастаянны рамонт. Кс. Алег прыкладае шмат намаганняў, каб трымаць будынак у прыстойным стане. Але самае галоўнае, што ўдалося зрабіць пробашчу, гэта паўплываць на свядомасць сваіх парафіянаў, пераканаць іх у тым, што касцёл — гэта справа агульная і нельга заставацца ў баку ад тых справаў і клопатаў, якіх так шмат у жыцці парафіі.
На жаль, у Беразіно яшчэ не вырашана пытанне будаўніцтва новага касцёла, але, можа, гэта і не мае такога вялікага значэння. Важна тое, што жывы касцёл згуртаваў вакол сябе шчырых і адданых людзей, якім падабаецца сюды прыходзіць, якія імкнуцца, каб тут заўсёды было прыгожа і ўтульна і ўмеюць ствараць вакол сябе цёплую, душэўную атмасферу.
Прайшло дваццаць гадоў з часу рэгістрацыі парафіі касцёла Маці Божай Міласэрнасці ў Беразіно. За гэты час касцёл змог заваяваць трывалыя пазіцыі ў грамадстве, стаў карыстацца заслужаным аўтарытэтам сярод жыхароў горада і ўладаў. Парафія паступова развіваецца: павялічваецца колькасць каталіцкіх сем’яў, дзеці і моладзь выхоўваюцца ў хрысціянскіх традыцыях, дзеці прымаюць Першую Камунію, больш стала ўдзяляцца сакрамэнтаў хросту і сужэнства. Асаблівым гонарам для парафіі з’яўляюцца дзве законныя сястры, Наталля Далівайла і Іна Амельчанка, якія паходзяць з нашых мясцінаў.
Ад імя ўсіх парафіянаў касцёла Маці Божай Міласэрнасці і пробашча Алега Мурзіча хочацца запрасіць усіх святароў, якія тут працавалі, і тых, якія бывалі ў нашым касцёле, наведвалі яго, сясцёр Наталлю і Іну, усіх, хто нейкім чынам звязаны з бярэзінскім касцёлам, хто ведае пра яго, на ўрачыстасці, прысвечаныя дваццацігоддзю каталіцкай парафіі ў Беразіно. Святкаванне гэтай падзеі працягнецца два дні, 16 і 17 лістапада. Урачыстая святая Імша, на якую запрошаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, адбудзецца 17 лістапада а 12-й гадзіне. Сардэчна запрашаем прыняць удзел у нашых урачыстасцях.
Зоя Несцяровіч.
Фота з архіва парафіі.