«#ГрайПану» — так называўся з’езд хрысціянскіх музыкаў, які арганізавалі ўдзельнікі «Rybyproject» на базе жодзінскай парафіі Маці Божай Фацімскай. Сустрэча працягвалася з 10 па 12 сакавіка, і ўдзельнічала ў ёй каля 90 маладых хрысціянскіх музыкаў з Беларусі, Украіны і Узбекістана.
Запрашаючы на сустрэчу хрысціянскіх музыкаў, арганізатары такім чынам акрэслівалі яе задачы:
«„Rybyproject“ запускае праект па фармацыі музыкаў, мэты якога: аб’яднаць хрысціянскіх музыкаў; разбудзіць Везувій запалу маладых людзей; знішчыць усялякага роду канкурэнцыю моцаю адзінства; павысіць прафесійны ўзровень музыкаў; стварыць годную альтэрнатыву свецкай музыцы на Беларусі. Мы гатовыя з радасцю падзяліцца сваім досведам служэння Пану праз музыку. За плячыма ў нас два альбомы, шэраг выступленняў на фестывалях, дыяцэзіяльных днях моладзі, служэнні ў розных кутках Беларусі ад Віцебска да Брэста».
У Жодзіна з’ехалася нямала музыкаў не толькі з усёй Беларусі, але таксама прыехала група студэнтаў з Любліна, якія паходзяць з Украіны і Узбекістана. Харчаванне і начлег для ўдзельнікаў былі арганізаваныя парафіянамі, а ўсе мерапрыемствы ў межах сустрэчы музыкаў адбываліся ў парафіяльным доме і ў касцёле.
Уся праграма падзялялася на тры часткі: супольная малітва праслаўлення Бога спевам; лекцыі ўдзельнікаў «Rybyproject», злучаныя з іх уласным досведам перажывання веры ў Бога і служэння Яму музычнай дзейнасцю; а таксама майстар-класы па вакале, барабанах, гітары, клавішах і гукарэжысуры. Завяршэннем сустрэчы стала нядзельная св. Імша, а яе музыкальным суправаджэннем былі спевы, якім навучыліся ўдзельнікі з’езду.
Галоўным сэнсам сустрэчы музыкаў у Жодзіне было не навучыцца граць і спяваць песні, а заахвоціцца да ўдасканальвання сваіх музычных талентаў дзеля служэння людзям і праслаўлення Бога. Неацэнным дарам было бачыць імкненне кожнага з удзельнікаў «Rybyproject» дасягаць больш высокага ўзроўню сваёй музыкі, пачуць сведчанні пра духоўнае развіццё, пра Божыя справы ў жыцці кожнага. Бог дае нам таленты, а багатыя плады яны прыносяць толькі ў служэнні імі. Сустрэча «#ГрайПану» напоўніла музыкаў вераю, што Пан Бог благаслаўляе беларусаў на вялікія добрыя справы ў Яго імя.
Віталік («Rybyproject»): Я вельмі моцна здзіўлены тым, што ўсё так выдатна атрымалася. На сустрэчу «#ГрайПану» прыехалі людзі розных канфесіяў. Я не раздзяляю людзей на католікаў, праваслаўных ці пратэстантаў. Калі чалавек мае асабістыя адносіны з Хрыстом, то ўсё астатняе ўжо мне здаецца не такім важным. Усім патрэбны любоў, клопат, якія можа даць толькі Пан.
Пакаленне нашых бацькоў не музыкальнае. У Беларусі наогул вялікая праблема з музыкальнай культурай, а вось маладое пакаленне ўжо вельмі моцна звязана з музыкай: амаль у кожнага на вуліцы — навушнікі ў вушах. Менавіта мы сёння ствараем новую музыкальную прастору. Мы — тое пакаленне, ад якога залежыць будучыня нашага народа. Я перакананы, што хрысціянская музыка павінна быць на ўзроўні, а то і лепшаю за свецкую, таму трэба заахвочваць хрысціянаў развіваць свае музыкальныя таленты, выхоўваць сур’ёзны падыход да стварэння музыкі.
На ўікэндзе «#ГрайПану» я баяўся, што мне не будзе чаму навучыць барабаншчыкаў. Аказалася, што нават я са сваім невялікім вопытам ігры магу шмат чаго расказаць, а галоўнае — заахвоціць вучыцца.
Алёна («Rybyproject»): Я ўбачыла ў людзях прагненне адносінаў з жывым Богам як асобаю. Яны, нібы згубленыя авечкі, якім патрэбны той, хто іх павядзе. Гэта можа быць супольнасць, малітоўныя сустрэчы, любая іншая духоўная фармацыя, каб была дапамога для іх на духоўным шляху. Сюды прыехалі не толькі гурты, былі таксама і тыя, хто прыехаў зусім адзін. Гэтай моладзі патрэбна жывая вада, патрэбна, каб ёй паказалі прыклад жывых адносінаў з Богам. Толькі адзінкі могуць самі, без падтрымкі, прыйсці да Хрыста, а многім патрэбны прыклад. Для таго, каб гэтая моладзь жыла і дыхала Богам, патрэбныя платформы. Сфармаваўшыся, яны змогуць ужо выйсці ў свет і не патануць, а трымацца Бога.
Паўліна («Rybyproject»): Я не чакала, што ўсё атрымаецца. Падчас арганізацыі з’езду я вельмі часта казала: «Мы нічога не паспеем, занадта шмат на сябе бяром». Я не цешылася пустымі надзеямі, напэўна, проста на Бога не спадзявалася, сумнявалася. А Ён паказаў, што мы можам многае, мы нічым не горшыя за кагосьці. Я ў захапленні ад клавішнікаў. Музыканты былі адкрытымі на вучэнне, на новую інфармацыю, не было зайздрасці, негатыву, суперніцтва — усе хацелі навучыцца. Прыемна было, што яны ўвесь час хацелі выцягнуць з мяне як мага больш уменняў. Асабіста мне ёсць да чаго імкнуцца, каб пасля дзяліцца з іншымі. Хвала Богу!
Наталька («Rybyproject»): Лічу, што музычнае праслаўленне Бога з’яўляецца вельмі важным. Апостал Павел казаў: «З усёй мудрасцю навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Богу» (Клс 3, 16). Мы вельмі часта чуем сведчанні людзей, якія кажуць, што Пан дакрануўся да іх сэрца словамі песняў. Для некаторых прысутнасць Бога звязана з пэўным спевам, але праз той самы спеў кожны раз Бог кранае сэрца па-рознаму. І не сцены святыні вызначаюць прысутнасць Божую. У Евангеллі паводле Яна падчас сустрэчы з самаранкаю Хрыстос дае зразумець, што не месца пакланення важнае, а важным з’яўляецца сэрца, каб чалавек пакланяўся Богу ў Духу і праўдзе, Ён там, дзе мы клічам Яго.
Яна (Смаргонь): Я даведалася пра «#ГрайПану» ад сваёй сястры, клавішніцы ў «Рыбах». Яна даўно хацела зрушыць мяне з месца, каб я паехала на які-небудзь «каталіцкі ўікэнд», але з двума дзецьмі цяжка было рашыцца, і вось нарэшце мы прыехалі. Я засталася вельмі задаволенаю, адчувала прысутнасць Божую кожную секунду: на святой Імшы, на супольных малітвах, лекцыях, майстар-класах. Я вельмі ўдзячная за гэты час Богу і кожнаму, хто стаіць за арганізацыяй сустрэчы музыкантаў у Жодзіне.
Марыйка (Маладзечна): Дзякуючы сустрэчы музыкантаў я знайшла новых знаёмых, ад «Рыбаў» навучылася многаму. У мяне з’явілася моцнае жаданне мяняць сваё жыццё, мяняць з Богам. Вячэрняя малітва праслаўлення была цудоўнаю. Хвала Пану!
Наста (Мінск): Я прыехала ў Жодзіна для таго, каб павучыцца ў Паўліны, клавішніцы ў «Рыбах», ігры на фартэпіяна, бо я сама клавішніца і даўно захапляюся тым, як Паўліна прымяняе свае веды на практыцы. Пабыўшы на сустрэчы музыкантаў, я парадавалася, што хрысціянская музыка ў Беларусі так добра развіваецца. Зразумела, што важна не проста прыходзіць у касцёл паспяваць ці падыграць, а важна сур’ёзна развіваць сваё майстэрства. Я вельмі ўдзячная і «Рыбам», і іншым арганізатарам, і жодзінскім святарам за тое, што падарылі нам гэты час. А самае галоўнае, што сустрэча была найперш малітоўнай, усё было з Богам.
Ілья (Віцебск): Я вучуся ў Любліне, прыехаў сюды са сваімі аднакурснікамі. Я вельмі рады, што такі з’езд музыкантаў адбываецца менавіта ў маёй роднай Беларусі. Ганаруся каталіцкай моладдзю нашай краіны, ганаруся, што нашыя маладыя хрысціянскія музыканты ўжо могуць дзяліцца сваім досведам у веры, у музыкальным развіцці.
Юстына (Ташкент): Я прыехала з Любліна. Вельмі ўдзячная ўсім арганізатарам. Ад’язджаю адсюль з радасцю, што моладзь можа вось так збірацца разам і праслаўляць Богам. Не важна, адкуль ты, якою моваю праслаўляеш Бога, галоўнае — сэрцам. Я, напрыклад, не ведаю беларускай мовы, але праслаўляла Бога ў спевах па-беларуску і вельмі гэтаму рада! Такія міжнародныя сустрэчы павінны адбывацца часцей.
Оля (Залочаў, Украіна): Я таксама прыехала з Любліна. На гэтай сустрэчы музыкантаў я ўбачыла, як можна маліцца. Музыка — вялікі дар, гэта адзін са спосабаў малітвы, якому трэба вучыцца. Самае галоўнае ў музыкальным праслаўленні — гэта спяваць і іграць сэрцам, усведамляючы Божую прысутнасць. Я ўдзячная арганізатарам, вяртаюся ў Польшчу пад вялікім уражаннем. Няхай Пан благаславіць усё тое, што вы тут, у Беларусі, ствараеце на Яго хвалу!
Айцец Раман (Львоў): Я прыехаў з Любліна, вучуся там у Люблінскім каталіцкім універсітэце. У Любліне мы маем свой музыкальны гурт, які яшчэ толькі пачынае развівацца. Тут я атрымаў цікавы і новы досвед. Лічу, што кожнаму гурту неабходна духоўнае фармаванне. Думаю, астатнія, з кім я прыехаў, таксама гэта моцна ўсвядомілі, і мы ўсе будзем старацца гэтаму следаваць у сваім музыкальным развіцці.
Таццяна (Шчучын): На сустрэчу «#ГрайПану» я прыехала як вакаліст разам з віцебскай групай моладзі, бо цяпер вучуся там. Падчас сустрэчы я не столькі навучылася чамусьці новаму, як убачыла, што людзі могуць жыць з Богам і праслаўляць Яго музыкай, развіваць свае навыкі, каб спяваць Богу прыгожа і якасна. Унутры мяне з’явіўся запал для развіцця свайго таленту.
«Рыбы» заахвочвалі ўдзельнікаў гуртавацца, знаёміцца, дзяліцца сваімі ўменнямі, дапаможнымі матэрыяламі (відэа, кнігамі і г.д.) для павышэння майстэрства. У летні перыяд з’ездам хрысціянскіх музыкаў будзе Музычная майстэрня ў Івянцы, куды з Польшчы прыязджаюць не проста музыканты добрага ўзроўню, а прафесіяналы.
Падрыхтавала Вольга Качалка
Фота: Ганна Завадская, Вікторыя Грышкевіч