
Урывак з аповесці «Смерць майго дзядулі»
Дзень хіліўся да вечара. Сонца, апускаючыся на захадзе, села над лесам, дзе заканчваўся небасхіл, і жывым бляскам азалаціла два крыжы, якія высока зіхацелі ўдалечыні: яны ўзвышаліся і цяпер узвышаюцца на вежах цудоўнага будслаўскага касцёла, што знаходзіцца за некалькі міляў ад доміка майго дзядулі, але ў пагодлівыя дні адтуль добра бачны. Гэты краявід, упрыгожваючы ўсё наваколле, быў заўсёды мілы воку майго дзядулі і асабліва захапіў яго ў тым настроі, у якім ён цяпер сядзеў са мною на ганку.
— Ці бачыш, дзіця маё, — сказаў ён праз некалькі хвілінаў, — як прыгожа там свецяцца два залатыя крыжы?
— Гэта Будслаў! — адказаў я.
— Так, Будслаў, дзіця маё! Але я яшчэ ніколі не распавядаў табе пра цудоўнае заснаванне будслаўскага касцёла і пра тое, чаму гэтую мясцовасць называюць Будславам.
— Не, дзядуля! Ніколі! І калі будзеш ласкавы...
Твар дзядулі праясніўся, сумныя прадчуванні саступілі месца яго відавочна палкаму жаданню распавядаць мне свае гісторыі і ўспаміны; такім чынам зноў — і ўжо апошні раз — вярнуліся хвіліны мілай, спакойнай і простай, як усё жыццё майго дзядулі, яго размовы са мною. Часта слухаючы яго, я сэрцам і памяццю прывыкаў да яго думак і ўяўленняў, якія не паспявалі за бегам часу і рэчаў, а паволі дагаралі пад нізкім дахам, у хатняй святыні нашых старасвецкіх цнотаў!..
— Дык вось, дзіця маё, што датычыць Будслава, было так... — распачаў дзядуля. — Віленскія айцы бэрнардыны папрасілі аднаго з даўніх валадароў нашай айчыны, Аляксандра Ягелона, фундатарам якіх ён, праўдападобна, і з’яўляўся, выдзеліць і падарыць ім частку лесу на дровы для кляштара. А паколькі і ў тыя часы часта ўзнікалі судовыя спрэчкі пра падзелы ды межы, і нашыя законнікі асцерагаліся гэтага, то моцна прасілі караля, каб ён загадаў выдзеліць для іх пушчу ў такім надзейным месцы і ў такіх межах, якія ніхто ніколі не змог бы паставіць пад сумненне. Гэта было складана, дзіця маё, але Бог натхніў пабожнага караля, і па просьбах святароў, а таксама паводле яго волі было выбрана praeter propter1 з дзвесце валокаў лесу, які знаходзіўся паміж трыма рэкамі — Сэрвач, Турак і Зуйка. Гэты астравок кароль назаўсёды аддаў віленскім айцам бэрнардынам, каб яны, седзячы ў цяпле, праслаўлялі Бога і маліліся за душу свайго дабрадзея.
Тое месца знаходзіцца за дваццаць з гакам міляў ад Вільні, але бэрнардыны далі сабе рады, бо рэчка Сэрвач упадае ў Вілію, і кожную вясну яны ў час паводкі сплаўлялі ў Вільню столькі дрэва, што яго хапала не толькі на дровы для кляштара, але і на тое, каб атрымаць пэўны прыбытак.
Аднак паколькі такі вялікі і карысны абшар трэба было пільнаваць, а на працягу ўсёй зімы там павінны былі знаходзіцца працавітыя дазорцы для вывазу і сплаву лесу, віленская супольнасць пасяліла там некалькі братоў, якія на час свайго прабывання змайстравалі сярод пушчы некалькі будаў і ўзвялі маленькую каплічку для штодзённай малітвы і святой Імшы, якую кожны дзень служыў святар, што быў прысланы з віленскага кляштара і знаходзіўся ў гэтым гушчары разам з імі.
Аднойчы зімою, дзіця маё, адзін з трох братоў, аб’язджаючы лясы, вяртаўся пад вечар у свае буды. Ноч наступіла раптоўна. Быў мароз і страшэнны вецер, цемра — хоць вока выкалі, ваўкі вылі жудасна. Таму бедны браток адчуў роспач і даверыўся Богу, дрыжучы ад холаду і страху... Не ведаў ён, блізка ці далёка яшчэ да дому, калі знянацку ўбачыў моцнае ззянне, быццам нейкі агонь прасвечваўся праз дрэвы. Узрадаваны, ён стаў хутчэй кіравацца ў той бок, думаючы, што натрапіў калі не на ўласныя буды, з якіх ніколі так не свяцілася, дык на якое-небудзь іншае чалавечае жыллё; але ж як ён здзівіўся, калі, выбраўшыся з зараснікаў па вузкай сцежцы, апынуўся менавіта каля сваёй каплічкі, а над ёю ў незвычайнай яснасці, нібы ў сонцы, убачыў аблічча Маці Божай, акурат такое, якое было на абразе ў алтары аднаго з віленскіх касцёлаў. З глыбокаю пашанаю памаліўшыся перад гэтым цудоўным аб’яўленнем, ён пабег і разбудзіў субратоў і святара. Усе сабраліся ды на свае вочы ўбачылі такое самае аб’яўленне, пападалі на калені і маліліся, пакуль ззянне і аблічча Маці Божай не зніклі. Вырашыўшы, што Багародзіца абрала гэтае месца для асаблівай хвалы сваёй, яны адразу ж паведамілі пра ўсё ў Вільню.
Гэтае аб’яўленне паўтарылася некалькі разоў, а тым часам у пушчу прыбыло кіраўніцтва супольнасці і пасля сведчанняў відавочцаў у гэтае месца з віленскага касцёла быў перавезены абраз, які так цудоўна аб’явіўся. Ён быў змешчаны ва ўбогай каплічцы, а сёння яснее ў вялікім алтары ў Будславе.
Слава пра гэтае месца разышлася адразу ж, там пачалі збірацца натоўпы вернікаў, і таму ўзнікла патрэба збудаваць больш прасторны дом Божы і жыллё для святароў пры ім.
Айцы бэрнардыны ўзяліся за справу. Іх так шчодра падтрымалі просты люд сваімі штодзённымі ахвяраваннямі і дары заможных гаспадароў, што ў хуткім часе яны з Божаю дапамогаю пабудавалі хоць і драўляны, але прыгожы касцёлік і кляштар для дзесяці-дваццаці законнікаў. А паколькі ўсё пачалося з Цуду, і Пану Богу спадабалася славіць цудамі гэтае ўбогае жыллё сваіх бедных слугаў, адсюль узнікла і назва гэтага месца, складзеная са словаў Цуд і слаўны, Буд-слава, а per abbreviationem2 Будслаў.
Пасля браты пусцілі свой лясны абшар на капітал, які падвоіўся з новых ахвяраванняў і завяшчанняў, ды з часам быў magnifice3 пабудаваны касцёл, а таксама кляштар. Вось так павялічылася Божая хвала і карысць для чалавека, бо пры кляштары чэрпаюць сродкі на існаванне каля ста чалавек розных прафесій — у школцы, у бурсе, у касцёльным служэнні і, нарэшце, у аркестры, які ў кожную нядзелю і фэсты прыгожым спевам дадае касцёльным набажэнствам хараства. Абраз жа не перастае амаль штодзённа славіцца ласкамі Маці Божай! Раскажу табе яшчэ, дзіця маё...
У гэты момант з’явіўся пан Якуб, які вяртаўся з плябаніі, і з заўважным шкадаваннем перабіў майго дзядулю, што ўжо збіраўся распачаць новую гісторыю...
Ігнат Ходзька
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Паводле: Chodźko I., Domek mojego dziadka.
Śmierć mojego dziadka. — Lwów, Warszawa, Kraków, 1926. — S. 42–47.
Ілюстрацыі: