Легенда пра заснаванне Будслава і цудоўнае аб’яўленне Маці Божай у будслаўскай пушчы выклікае нязменнае зацікаўленне пілігрымаў, умацоўвае іх веру жывою вобразнасцю і дадае ім натхнёнасці. Аднак апрача вуснай версіі, якая можа набываць розныя інтэрпрэтацыі, мы вельмі мала ведаем пра пісьмовыя крыніцы, з якіх можна было б пачэрпнуць інфармацыю пра цудоўныя падзеі ў Будславе.
У адной з сучасных кніг па гісторыі Будслава — «Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай» («Pro Christo», 2009), у раздзеле, напісаным а. Інакенціем Русецкім OFM, падаецца толькі ўрывак з гэтай легенды, аднак, нягледзячы на немалы аб’ём цытаванага тэксту, яго аўтарства не ўказваецца: пераказу папярэднічае толькі згадка пра тое, што гэта «шырока вядомая легенда»1.
На шчасце, у мастацкай літаратуры Беларусі захаваўся адзін з пісьмовых варыянтаў будслаўскай легенды, і дакладныя тэкставыя супадзенні ў гэтым творы і ў цытаце, прыведзенай
а. Інакенціем Русецкім OFM, даюць падставы меркаваць, што крыніцаю для даследчыка-францішканіна магла стаць менавіта гэтая, так бы мовіць, «задакументаваная» згадка. Гутарка ідзе пра твор Ігната Ходзькі «Smierc mojego dziadka» («Смерць майго дзядулі»), у якім легенда пра Будслаў адыгрывае ролю ўстаўнога апавядання.
Ігнат Ходзька быў пляменнікам Яна Ходзькі, аўтара славутай аповесці «Пан Ян са Свіслачы», і траюрадным братам Міхала і Аляксандра Ходзькаў. Нарадзіўся пісьменнік у 1794 г. на Вілейшчыне ў в. Заблошчына, у доме дзеда з боку маці, Мацея Відманта. Будучы літаратар вучыўся ў базыльянскай школе ў Барунах, а пасля ў Віленскім універсітэце; быў сябрам Таварыства шубраўцаў і публікаваў свае творы ў «Wiadomosciach Brukowych» — друкаваным органе гэтага аб’яднання — пад псеўданімам Віршайтас (Wirszaytos), які абазначае адно з бостваў літоўскай міфалогіі2.
Польскі гісторык літаратуры Вацлаў Баравы лічыць, што менавіта ў Таварыстве шубраўцаў выявілася і пачала развівацца асноўная рыса літаратурнага таленту І. Ходзькі — «апісваць чалавечыя вобразы з побытавага жыцця»3. Гэтае ўменне, як сцвярджае даследчык, вельмі добра стасавалася з кодэксам таварыства, у адным з параграфаў якога выказвалася патрабаванне да шубраўцаў уважліва назіраць за сучаснымі звычаямі і норавамі ва ўсіх акалічнасцях і станах.
У сваіх першых літаратурных творах Ігнат Ходзька прытрымліваўся духу класіцызму. Пазней, пад уплывам творчасці рамантыкаў, пісьменнік знайшоў сябе ў жанры рамантычнай гавэнды, у якім працаваў амаль усё сваё жыццё. Пяру Ігната Ходзькі належыць шэраг аповесцяў, сярод якіх — «Прыгонны», «Самавар», «Берагі Віліі», «Ранак перад шлюбам», цыкл «Літвінскія паданні» і інш. Аднак невыпадкова імя пісьменніка ў даследчыкаў і чытачоў адразу ж асацыюецца менавіта са знакамітым цыклам аповесцяў «Obrazy Litewskie» («Літвінскія малюнкі»), якія выходзілі ў Вільні з 1840 па 1862 год у шасці серыях. Дарэчы, у гэты цыкл аповесцяў увайшлі таксама ўжо вядомыя беларускамоўнаму чытачу «Успаміны квестара». Як піша літаратуразнаўца Мікола Хаўстовіч, «структуру „Літвінскіх малюнкаў“ „падказаў“ І. Ходзьку Генрык Равускі, які „сабраў“ пад адным тытулам („Успаміны Сапліцы“) шэраг шляхецкіх гавэндаў»4. У сваім цыкле Ігнат Ходзька распавядае пра побытавае жыццё шляхты ў XVIII – першай палове ХІХ стагоддзя. Аповесць «Смерць майго дзядулі», у якую ўключана славутая легенда пра Будслаў, належыць да першай серыі «Літвінскіх малюнкаў» і з’яўляецца своеасаблівым працягам двух іншых твораў з гэтай жа серыі — «Domek mojego dziadka» («Домік майго дзядулі») і «Boruny» («Баруны»). Аповед пра заснаванне Будслава і цудоўнае аб’яўленне Маці Божай гучыць з вуснаў галоўнага героя твора — дзядулі пісьменніка Мацея Відманта, які вельмі любіў распавядаць гісторыі з мінуўшчыны. Ігнат Ходзька бачыў у гэтых аповедах крыніцу сапраўднага, але, на жаль, незаўважнага і занядбанага скарбу, бо ў іх захоўвалася памяць пра тыя звычаі і цноты збяднелай шляхты, якія служылі ўмацаванню этнічнай і рэлігійнай самасвядомасці, захаванню сямейных і нацыянальных каштоўнасцяў, ды з часам перасталі ўспрымацца як узор для наследавання: «Яго [дзядулі Мацея. — Г. Ш.] патрыярхальныя цноты і простыя норавы могуць скласціся ў надзвычай цікавы вобраз, тым больш, што сярод мноства апісанняў пышнасці і раскошы нашых багатых прадзедаў, паказу іх цнотаў, якія служылі на карысць айчыны і народа <...>; сярод малюнкаў ганьбы вышэйшага класу, а таксама сярэдняга, які заўсёды хацеў наследаваць вышэйшаму, ды часцей абіраў для пераймання раскошу і заганы, чым добрыя рысы, — мы амаль не маем эскізаў згаслага ўжо пакалення той ніжэйшай і бяднейшай шляхты нашай, у сціплых сядзібах якой захоўваліся часта сярод паўсюднай разбэшчанасці, быццам ва ўтоенай схованцы, багабоязная сумленнасць, простая і адкрытая шчырасць, хрысціянская руплівая пабожнасць ды чысціня сумлення. Захоўваўся таксама запас вераванняў, якія кожны вечар пераказваліся ў ціхай гамане, злучалі родавым, так бы мовіць, звяном народныя ўяўленні і паданні з сямейнымі байкамі ды пэўным чынам утваралі іх рэлігійную паэзію»5. Гэтыя радкі з аповесці «Домік майго дзядулі», без якой складана зразумець аповед «Смерць майго дзядулі», могуць служыць ключом да аналізу ролі будслаўскай легенды ў творы Ігната Ходзькі.
Па сюжэце і кампазіцыі сама легенда слаба звязаная з асноўным дзеяннем у аповесці — гісторыяй спакойнага і шчаслівага адыходу пачцівага літвіна ў вечнасць. Аднак у ёй можна ўбачыць выразную паралель з жыццёвым лёсам гэтага «шляхціца на сядзібе»: як у глухой і цёмнай пушчы, у пакоры і ўбостве заквітнелі багабоязнасць, працавітасць і малітва, азораныя цудоўным аб’яўленнем Маці Божай і вялікаю славаю гэтай мясціны, так у «сціплай сядзібе» дзядулі захоўваліся сумленнасць, чысціня і шчырасць — найлепшыя патрыярхальныя цноты прадзедаў, асвечаныя Божым благаслаўленнем для дома і Божаю падтрымкаю ва ўсіх нягодах.
Дзед Мацей распавёў свайму ўнуку легенду пра Будслаў у апошняй размове з ім, за дзень да сваёй смерці, пра якую даведаўся таксама з цудоўнага аб’яўлення. Таму гэтая даўняя гісторыя нібы змяняе настрой аповеду, становіцца кульмінацыяй усяго твора: пасля таго, як дзядуля прызнаўся аканому, што меў візію пра сваю смерць, якая павінна здарыцца ўжо заўтра, і папрасіў яго дастаць схаваную ў свірне труну, настаў самотны і напружаны вечар, поўны цяжкіх прадчуванняў, што ў аповесці па-мастацку падкрэслена яшчэ і вобразам заходзячага сонца. Раптам удалечыні пад апошнімі сонечнымі промнямі дзядулеў позірк заўважыў два залацістыя крыжы будслаўскага касцёла. Гэтае сузіранне і ўспамін цудоўнай легенды быццам азарае саму душу апавядальніка, нагадвае пра тое, што Бог абірае для сваёй славы ўбогае і нябачнае. Такі паварот надае важны сэнс усяму сціпламу жыццю дзеда Мацея і адначасова развіццю праблемы смерці ў аповесці. Атмасфера, у якой адбываецца падрыхтоўка дзядулі да адыходу, з мітуслівай і роспачнай змяняецца на спакойную і нават урачыстую; важным яе элементам становіцца прыгожая працэсія Божага Цела, якая праходзіць каля дома паміраючага і глыбока ўзрушвае старога: «Ніколі не забуду твар свайго дзядулі ў тыя хвіліны, — піша апавядальнік. — ...Уся рэшта жыцця адлюстравалася ў яго абліччы, а жыццё гэтае было толькі адной любоўю да Бога і прагненнем паяднацца з вечным ззяннем, якое, аддаляючыся, цягнула яго душу за сабою!!!».
Такім чынам, легенда пра Будслаў у аповесці Ігната Ходзькі, з аднаго боку, мае самастойнае значэнне, а з другога — служыць ідэі твора. Сама ж аповесць «Смерць майго дзядулі», напісаная ў стылі рамантычнай шляхецкай гавэнды, мае актуальнасць і для гісторыі беларускай літаратуры, у якой творчасць Ігната Ходзькі яшчэ маладаследаваная, і для ўшанавальнікаў культу Маці Божай Будслаўскай: гэта яшчэ адна крыніца веры ў цудоўнае аб’яўленне на нашых землях, а таксама прыклад «рэлігійнай паэзіі» продкаў, як сам пісьменнік акрэсліў характар дзядулевых аповедаў. Нягледзячы на тое, што аповесць напісана празаічнаю моваю, па сваім змесце і стылі яна глыбока лірычная, напоўненая пашанаю да веры і мудрасці «згаслага ўжо пакалення» дзядоў.
Ганна Шаўчэнка
1 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай / склад. а. В. Бурлака OFM. — Мінск: «Pro Christo», 2009. — С. 6–8.
2 Як пісаў Тэадор Нарбут, пад апекаю гэтага боства «была ўся хатняя гаспадарка і ўся рухомая і нерухомая ўласнасць, а таксама свойскія жывёлы» (Narbutt, T. Dzieje starozytne narodu Litewskiego. — T. 1. Mitologia Litewska. — Wilno, 1835. — S. 6).
3 Borowy, W. Ignacy Chodzko: Artyzm i umyslwosc. — Krakow, 1914. — S. 4.
4 Хаўстовіч, М. В. Гісторыя беларускай літаратуры 30–40-х гг. ХІХ ст. — Мінск: БДУ, 2001. — С. 41.
5 Chodzko, I. Domek mojego dziadka. Smierc mojego dziadka. — Lwow , Warszawa, Krakow, 1926. — S. 4–5.