Дзіця — жывое

Размова з Іванам Пузанавым, сузаснавальнікам і намеснікам дырэктара Дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы», найбуйнейшай грамадскай арганізацыі ў Беларусі па абароне сям’і і жыцця.


— Іван, як Вы трапілі ў гэтую «жаночую тэму» — пра цяжарных, аборты, плоднасць?

— Выключна праз жонку. Я спачатку абсалютна не разумеў, навошта гэта патрэбна. Канешне, я ведаў, што ніколі не пазбаўлюся свайго дзіцяці, але каб паглыб­ляцца ў гэтую тэму — не. Я быў звычайным назіральнікам, калі мая жонка — ёй было 21–22 гады — бегала па кансультацыях разам з тады яшчэ ксяндзом Алегам Буткевічам. Я проста дапамагаў па тэхнічнай частцы, даносіў нейкія буклеты. І так выйшла, што ў ксяндза Алега аднойчы не атрымалася прыйсці, і жонка мне сказала: «Я не магу ісці адна, ідзі са мною». Я пайшоў, і якраз мы трапілі на першую кансультацыю, якая была праведзена «Адкрытымі сэрцамі». Я ўбачыў цяжарных жанчын і зразумеў, што калі мы нешта не зробім, то праз 10–20 хвілін гэтых дзетак проста не будзе. Мяне гэта ўстрывожыла, і я паволі стаў дапамагаць жонцы.

— Цікава, што і Вы, і Уладзіслаў Валаховіч, дырэктар фонду, пражываеце сваім жыццём тое, што з’яўляецца прынцыпамі «Адкрытых сэрцаў» — абарона сем’яў і дзяцей: працуеце ў фондзе разам са сваімі жонкамі, абодва шматдзетныя. Гэта выпадкова?

— Думаю, невыпадкова. Глыбокае разуменне гэтай праблемы і перажыванне яе, у тым ліку ў сваёй сям’і, непазбежнае. Акрамя таго, мне як лектару «Адкрытых сэрцаў» важна, каб я прыходзіў не як тэарэтык, а як практык. Напрыклад, мы робім выставы дзецям, і яны пішуць у водгуках: «Людзі ведаюць, пра што гавораць…», «Відаць, што гэта частка іх жыцця…», «Гэта не пустыя словы…». У апошні час я больш канцэнтруюся на лекцыях для моладзі, а гэтую аўдыторыю немагчыма падмануць: яны падсвядома адчуваюць, счытваюць мову цела. Зрэшты, мне падаецца, што немагчыма аддзяліць асабістае жыццё ад сацыяльнага служэння.

— Адно з вашых трох дзяцей, дачка, хворая на ДЦП. Гэта неяк паўплывала на Вашу працу ў фондзе?

— Гэта дадало ёй шматграннасці, я стаў больш разумець каштоўнасць любога чалавечага жыцця ўвогуле. Пакуль гэта не закране цябе асабіста, як, напрыклад, цяжкая хвароба безабароннага дзіцяці, гэта ўсё здаецца далёкім прыкладам, не тваім. А дачка мне паказала гэтую праўду: не важна, якое дзіця, любое каштоўнае: і хворае, і здаровае. Нараджэнне Машы нам вельмі дапамагло: нашы сэрцы сталі больш адкрытымі. Быў спачатку перыяд, калі было цяжка, бо мы сутыкнуліся са сваім асабістым сямейным горам, але пасля прыняцця ўсяго гэтага ў нас, наадварот, з’явілася другое дыханне, жаданне дапамагаць яшчэ больш і дзяліцца сваімі ведамі, якія ў нас не з вучобы, а з уласнага досведу.

— Вы рэгулярна моліцеся ў абартарыі. Ці страшна там ма­ліцца?

— Спачатку было вельмі страшна. Людзі, якія праходзілі міма нас, не разумелі, што мы робім, гаварылі: «Гэта ўсё — пустая справа, жанчына зрабіла выбар, чаго вы замінаеце?»

— А ці ўдаецца не асуджаць жанчын, бацькоў, лекараў?

— У нас ёсць Кодэкс паводзі­наў у «Адкрытых сэрцах», і я магу ўпэўнена сказаць, што тыя валанцёры, за якіх я адказваю, яго прытрымліваюцца, але што робіцца ў іх душах, я не ведаю. Магу сказаць за сябе, бо я шмат рэфлексаваў з гэтай прычыны. На кансультацыях, калі прыхо­дзяць жанчыны па накіраванні, у мяне няма асуджэння. Працуючы псіхолагам, я шмат чаго бачыў. Аборт — гэта вельмі страшна. Страшны і хатні гвалт, я бачыў яго крайнасці. І заўсёды важна вы­слухаць чалавека, заўсёды важна разумець, што перад табой ся­дзіць чалавек, які робіць выбар, — правільны ці няправільны. Але гэта не значыць, што перада мной сядзіць дрэнны чалавек. Гэты прынцып аддзялення граху ад самога чалавека мне заўсёды дапамагаў: я не асуджаў, а суперажываў.

— Ці можна намаляваць сацыяльны партрэт тых, хто звяртаецца па дапамогу ў «Адкрытыя сэрцы»?

— Звычайна гэта дзяўчына да 30-ці гадоў, якую кінуў яе мужчына; у яе можа быць да пяці дзяцей, але ў сярэднім двое; дзяўчына ў вельмі складаным фінансавым становішчы, з жыллёвай праблемай, таму што ад яе адварочваюцца нават бацькі.

— Ці ёсць прыклад, які ілюструе незвычайнасць вашай працы?

— Успамінаецца гісторыя нашага віцебскага абартарыя. Мы вельмі доўга хадзілі туды па два чалавекі і маліліся — і перад абартарыем, і ўнутры, і спрабавалі размаўляць з жанчынамі ў пакоі. І мы заўсёды вялі статыстыку: кожны валанцёр штодня падыходзіў і пытаўся ў рэгістратара: «Колькі сёння прыходзіла жанчын запісацца на перапыненне цяжарнасці?» І тая нам давала лічбу. Мы зрабілі таблічку і маглі глядзець на дынаміку — гэта было цікава і досыць паказальна. У сярэднім у дзень, калі мы пачыналі маліцца, у нас было 11 абортаў. Пасля іх станавілася ўсё менш і менш, і менш. Я памятаю, калі было трое дзяцей у дзень… хоць усё роўна страшна пра гэта казаць. Але ніколі такога не было, каб нікога не было. І вось аднойчы я прыйшоў і проста маліўся Ружанец, бо не было ўжо ніякіх сілаў — ні фізічных, ні псіхалагічных, ні духоўных — з кімсьці размаўляць, таму што я там быў трэці дзень запар. І тут да мяне падышла жанчына-рэгістратар і кажа: «А што Вы робіце?» Я адказваю: «Малюся… Нічога не раблю». А яна: «Вы ўяўляеце, сёння ніхто не прыйшоў! У нас тут такога ніколі не было!» Потым пачалі медсёстры цікавіцца: «А як Вы моліцеся, як Вы гэта робіце?» Потым лічба ў нуль чалавек стала досыць прывычная — раз ці два на тыдні толькі хто-небудзь прыходзіў. Ніякіх аб’ектыўных прычынаў для гэтага не было, але паступова ў гэтае месца ніхто больш не прыходзіў. Гэта прынцып Філіпа Рэйлі: «Маліцеся — і Пан Бог зробіць астатняе сам». І дзіўна: пасля гэтага выпадку абартарый зачынілі цалкам…

— Гэта які год?

— Напэўна, 2011 ці 2010 год. Калі абартарый зачынілі, цэлы тыдзень увогуле абортаў не рабілі. Гэта значыць, што жанчынаў, мусіць, вазілі кудысьці ў раён. Але ў любым выпадку цэлы вялікі горад з амаль 400 тысячамі насельніцтва ўвесь тыдзень жыў без перарывання цяжарнасці! Не паверыце, цяпер 2021 год, і да гэтага часу стаіць гэтая разваліна — цалкам разбураны будынак, без даху, з абадранымі сценамі, жудасным будаўнічым плотам. Увесь Віцебск прыгожы, адрэстаўраваны, а ў цэнтры стаіць гэтая разваліна! Незразумела, чаму яго ніяк не могуць адрэстаўраваць...

— Якія якасці патрэбныя для такога служэння?

— Калі ўзяць толькі пытанне абароны жыцця, абортаў, то самая галоўная якасць — быць малітоўным чалавекам, які хо­дзіць у Касцёл і прымае святую Камунію. Гэтае разуменне з досведу: толькі там можна знайсці суцяшэнне ў любым стане. Стан асвячальнай ласкі дапамагае вытрымаць абсалютна ўсё, нават у тым месцы, дзе ўвесь час адбываюцца беззаконні.

— Ці адчуваеце Вы сваё прафесійнае выгаранне?

— Вядома. Лекі супраць гэтага — пастаянныя малітоўныя сустрэчы, своеасаблівыя супервізіі, як у псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў. Нашыя сустрэчы скіраваныя на духоўную ўзаемную падтрымку: мы разам молімся, абмяркоўваем складаныя моманты, дапамагаем адзін аднаму. Без такіх сустрэчаў выгаранне прыходзіць звычайна праз паўгода, бывае нават раней, прычым здараецца нават выгаранне ўшчэнт. У патрэбны момант мы ўжо ведаем, як дапамагчы валанцёру ў такой сітуацыі.

— Іван, што самае цяжкае ў Вашай працы?

— Прачнуцца з самай раніцы і, нягледзячы на ўсе ўнутраныя і вонкавыя сітуацыі, устаць і пайсці рабіць тое, што павінен рабіць. Усе астатнія моманты — перажыванні, страх, адчай — за ўсе гэтыя гады прафесійна нівеліруюцца.

— У Вашай працы шмат праціўнікаў. Ці атрымлівалі Вы ці Вашыя калегі калі-небудзь пагрозы ці абразы?

— Увесь час. Напрыклад, тэлефануюць і гавораць: «Вы займаецеся глупствам, мы на Вас паскардзімся!» Калі мы выстаўляем намёты на вялікіх святах, людзі падыходзяць і часта выказваюць раздражненне, што мы знахо­дзімся тут. Нават на хрысціянскіх святах ад католікаў і праваслаўных такое таксама бывае! Мы ж разумеем, што злы дух такім чынам дзейнічае, мы да такога прывыклі і не рэагуем.

— У Вашым служэнні, напэўна, узнікае спакуса павесіць сабе медаль на грудзі як герою-выратавальніку?..

— Так... Многія, напэўна, ідуць у гэты рух, каб такі медаль сабе на грудзі павесіць, але, зноў жа, кажу за сябе: калі жанчына пасля маёй кансультацыі ці малітвы прыняла рашэнне пакінуць дзіця жывым, у мяне не ўзнікае думкі, што гэта зрабіў я. У нас ёсць каманда. Маімі вуснамі, але працаю і малітваю ўсёй каманды Бог дапамагае знайсці патрэбныя словы. Так, Ён гэта робіць праз нас, такіх дрэнных, няправільных, таму ўсім нам зразумела, што гэта справа Пана. Самае галоўнае — вынік, дзіця жывое.

— Шчыра дзякую за размову.


Размаўляла Надзея Лісоўская.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней