Гэтага маладога, прыгожага мужчыну, які да таго ж паспяховы бізнесмен, часта можна бачыць у Чырвоным касцёле Мінска на вячыстай св. Імшы, што цэлебруецца штодзённа а 15-й гадзіне ў інтэнцыі памерлых. Падумалася, напэўна, так шчыра і аддана моліцца за кагосьці з вельмі родных яму людзей. Аказалася — не. Гэты чалавек мае Божы дар — дар малітвы, за памерлых у тым ліку. Ён з радасцю згадзіўся на нашу размову, каб сваім сведчаннем хоць камусьці дапамагчы на дарозе да Пана Бога.
— Спачатку давайце вызначымся, як Вас называць, бо ведаю, што маеце два імені?
— Называйце мяне Маркам. Гэта імя я атрымаў падчас бежмавання сем гадоў таму, а хрысцілі мяне ў дзяцінстве Віталіем. Марк — вельмі блізкае майму сэрцу імя, і я хацеў бы, каб мяне так называлі, прынамсі ў касцёле.
— Марк, Ваша натхнёная маліт ва многіх у касцёле ўражвае, як і Ваша жывая вера. Як даўно Вы вось так гарыце вераю? А таксама, калі не сакрэт, колькі Вам гадоў і адкуль родам?
— Мне 35 гадоў. Родам я з Браслава, там і застаюся, хаця прафесійныя абавязкі змушаюць мяне жыць на два гарады — Браслаў і Мінск. Паходжу з каталіцкай сям’і. Веру з дзяцінства мне ў асноўным перадавала бабуля Марыя (татава мама), якая жыла ў Свіры. Яна мяне рыхтавала да сакрамэнтаў першай споведзі і святой Камуніі, якія я атрымаў у сем гадоў у браслаўскім касцёле. Бабуля вельмі старалася, каб я маліўся і хадзіў у касцёл. Памятаю, што я маленькім хлопчыкам самастойна па некалькі разоў на дзень маліўся пацеры. На жаль, пасля «Маё пакліканне — малітва» таго, як я вяртаўся ад бабулі ў Браслаў, маё натхненне згасала, бо мае бацькі ў той час слаба практыкавалі веру. Пасля школы я паступіў у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на эканамічны факультэт і амаль адразу пачаў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю — гандляваў будаўнічымі матэрыяламі. Працаваў і ўдзень, і ўначы, аднак стараўся быць у нядзелю на святой Імшы, хоць потым зноў працаваў. З’явілася шмат спакусаў — алкаголь, цыгарэты, грахоўныя стасункі з дзяўчатамі. Я разумеў, што гэта мяне аддаляе ад Бога, але з усіх сілаў стараўся не пакідаць практыку веры. Аднойчы Езус праз святара не даў мне падчас споведзі разграшэння. Ксёндз тады сказаў: «Ідзі і падумай, бо нельга жыць і з Богам, і з д’яблам». Я тады ўкленчыў і вельмі шчыра папрасіў Пана Бога аб дапамозе, прасіў таксама аб ласцы быць кожны дзень на святой Імшы. І Пан Бог даў мне гэта імгненна! У маім жыцці пачало хутка ўсё змяняцца: я перастаў працаваць дзень і ноч, у мяне нармалізаваўся сон, нават успрыманне ежы змянілася — ніколі не думаў, што такой смачнай можа быць грэчневая каша і тая ж зеляніна. А самае галоўнае, я кожны дзень — у касцёле, прычым часта бываю і не на адной святой Імшы. Бог даў мне таксама ласку жыць у чысціні. Калі мяне пытаюцца, што мне дапамагае трымацца, адказваю: малітва, чытанне слова Божага і, вядома ж, святыя сакрамэнты.
— Якія малітвы Вы практыкуеце і чаму менавіта гэтыя?
— Усе малітвы мне пасылаюцца Богам, і іншых варыянтаў тут няма. У маім жыцці быў момант, калі адна дзяўчына сказала, што нібы рабіла ад мяне аборт. Калі я пачаў практыкаваць веру, я пра гэта ўспомніў. Дакладна не ведаю, сказала яна тады праўду ці не, аднак чамусьці да мяне прыйшла малітва духоўнага ўсынаўлення ненароджанага дзіцяці, якую практыкую па сённяшні дзень. У Браславе я таксама ўступіў у групу Вестуноў Божай Міласэрнасці. Мы збіраемся разам у першую пятніцу месяца і кожны дзень молімся Вяночак да Божай Міласэрнасці. Вельмі захапляе мяне малітва за памерлых, і калі наш пробашч Станіслаў Мжыглуд прапанаваў мне ўступіць у апостальскі рух дапамогі душам чыстцовым, я гэта зрабіў з задавальненнем. Калі бываю ў Мінску, стараюся заўсёды быць у Чырвоным касцёле на вячыстай святой Імшы за гэтыя душы. Мне цяжка растлумачыць, але я вельмі моцна адчуваю сувязь з душамі, якія адышлі ў вечнасць. Некаторыя прыходзяць у маю падсвядомасць і просяць аб малітве. Быў выпадак, калі я думаў памаліцца іншай малітвай, а пачуў просьбу: «Анёл Панскі...». Вядома ж, малюся Ружанец і чытаю Святое Пісанне. Чытанне Бібліі я стаў практыкаваць пасля знаёмства з братам у Хрысце Русланам, які належыць да адной з пратэстанцкіх цэркваў. Памятаю, як я пабег тады да свайго пробашча Станіслава па параду, якую Біблію купіць і як яе чытаць. Святар параіў набыць Святое Пісанне з каментарыямі, а пачаць чытанне з Новага Запавету. Я быў у захапленні! Слова Божае вельмі кранае маё сэрца, так укладаецца ў маё жыццё, што я знаходжу адказы на ўсе пытанні, на якой бы старонцы яго ні адкрыў. Гэта цуд! Гэта, сапраўды, Кніга Кнігаў і Мудрасць Мудрасцяў! Усім тым, хто наведвае розныя курсы асобаснага росту і псіхааналізу, я раіў бы набыць Біблію і адкры ваць свае сэрцы на Бога. Паверце, атрымаеце звыш таго, чаго прагнеце, а самае галоўнае — вечнае жыццё ў шчасці і радасці!
— Вядома, што малітва дае плён, калі молішся сэрцам. Ці заўсёды ў Вас атрымліваецца так маліцца? Ці не бывае часам напружання і нежадання маліцца?
— Ведаю, што гэта вялікая Бо жая ласка, бо малітва для мяне не цяжар і не абавязак, які можа прыгнечваць, малітва для мяне — асалода, размова з Тым, Каго я вельмі люблю. Мая душа знаходзіцца ў нейкім стане неверагоднага палёту, прычым пастаянна. Асмелюся нават сказаць, што прыблізна ўяўляю, што такое рай. Аднак мы павінны ўсведамляць, што калі гэтага палёту не адчуваеш, гэта не значыць, што ўсё дрэнна. Бывае ў галаву лезуць думкі: «Ты не так молішся, ты не тое гаворыш...». Я разумею, што гэта ад злога духа, таму не звяртаю ўвагі. Стараюся як мага часцей злучацца з Езусам Хрыстом у святой Камуніі, добра ўяўляючы, Каго я цяпер прымаю. Ведаю, што трэба дбаць пра тое, каб гэта не стала проста звычкаю і нават руцінаю. Стараюся чытаць духоўную літаратуру. Напрыклад, кніга пра Эўхарыстычны цуд у польскім горадзе Сакулка яшчэ больш умацавала маю веру і хваляванне перад Езусам у Эўхарыстыі.
— Чалавек жывой веры не можа не быць Апосталам. Бачыла, як Вы, Марк, у капліцы Чырвонага касцёла, дзе знаходзіцца Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце, вучылі мужчыну маліцца на ружанцы, а таксама вучылі маладую, прыгожую дзяўчыну. Раскажыце крыху пра Вашае апостальства.
— Я ўзгадваў, што належу да суполкі Вестуноў Божай Міласэрнасці, і гэта, дзякуй Богу, не фармальнасць. Бог даў мне жаданне несці Яго слова ўсім, каго сустракаю. Я не хачу быць навязлівым, але Пан Бог робіць так, што ў мяне заўсёды ёсць нагода расказаць людзям Добрую Навіну. Галоўнае — пасеяць зерне ў душы чалавека, а Пан Бог ужо зробіць астатняе. Вельмі важна расказаць людзям, якія жывуць у граху, пра Божыя запаведзі. Вядома, што не ўсе слухаюць, але не трэба забывацца і пра тое, што кожны чалавек мае вольную волю. Добра адчуваю, як, несучы слова Божае, сам узрастаю ў веры, бо дапамагаючы некаму, мы ўзаемаўзбагачаемся. Шмат гадоў таму мой бацька папрасіў адвезці дзядулю ў бальніцу, аднак я гэтага не зрабіў. У хуткім часе стары памёр, і маё сумленне ўжо не давала мне спакою. Міласэрны Бог паслаў мне ў Браславе старэнькага чалавека — Казіміра, якому я магу дапамагчы, у тым ліку падвезці да касцёла. У гэтага чалавека вельмі цікавы лёс, напоўнены цудамі Божай любові. Я ў яго шмат чаму вучуся. Вось яна — узаемная дапамога!
— Марк, я ведаю, што Вы нежанаты. Міжволі ўзнікае пытанне пра пакліканне да святарскага ці манаскага жыцця. Як Вы да гэтага ставіцеся?
— Я быў неяк у Пінскай семінарыі на рэкалекцыях па распазнанні гэтага паклікання. З сумам зрабіў выснову, што я пакуль не гатовы пакінуць звыклы і камфортны для мяне лад жыцця. Мне падабаецца мая праца, звязаная з прадпрымальніцкай дзейнасцю, але не для таго, каб зарабляць як мага больш грошай. Бог дае столькі, колькі трэба. З замілаваннем гляджу на добрыя сем’і, дзе людзі звязаныя шлюбам, і лаўлю сябе на думцы, што і я не супраць стварыць сям’ю, але пакуль што не спаткаў сваю палавінку. Я часта ў жыцці блытаў любоў і страсць, і гэта вельмі мне нашкодзіла. Я цяпер — з Богам, з малітвай, і мне вельмі камфортна, таму нічога пакуль не хачу мяняць у сваім жыцці. Але гэта не азначае, што ў мяне няма ніякіх праблем, я проста давяраю Богу, як дзіця. А яшчэ я заўсёды памятаю словы майго духоўнага кіраўніка ксяндза Станіслава: «Што б ні было, ты толькі вер!». Узгадаю яшчэ, што ў 2016 годзе да нас у Браслаў прыязджалі прадстаўнікі Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля (айцы рэдамптарысты) і прасілі аб малітве. З таго часу я малюся за іх. Магчыма, гэта мне нейкі знак, але пакуль я адчуваю, што маё пакліканне — гэта проста малітва.
Размаўляла Галіна Калевіч