Праз сартыроўку смецця — да змены побыту

Размова з Ірынай Кухальскай, якая сартыруе смецце, мінімізуе пластык у сваім побыце і імкнецца да жыцця «без адходаў».


— Іра, раскажы, калі ласка, як так здарылася, што ты сартыруеш смецце?

— Хіба ўсё пачалося з майго знаёмства з адной журналісткаю, якая піша на розныя экалагічныя тэмы. Мы з ёю шмат размаўлялі, і яна проста так, ненавязліва, распавядала пра свой досвед сартыроўкі смецця, як яна жыла ў Варшаве і набывала розныя цікавыя рэчы ў zero waste крамах (англ. «без адходаў»). І я падумала тады: дзіўна, што я раней пра такое не задумвалася, бо гэта ж так лагічна — сачыць за тым, як ты чымсьці карыстаешся, куды што выкідваеш. І першае, з чаго я пачала, — гэта проста сартыраваць смецце. У мяне адразу з’явіліся тры сметніцы: для пластыку, для паперы і для ўсяго астатняга. Таксама я стала выкідваць батарэйкі ў спецыяльныя кантэйнеры і, што вельмі важна, знайшла шпіталь, дзе прымаюць сапсаваныя лекі. Найгоршае, што можа адбыцца, — гэта калі нейкі чалавек, асабліва дзіця, будзе капацца ў смецці і знойдзе старыя таблеткі або яны трапяцца жывёле. А калі такія таблеткі будуць валяцца на агульнай сметніцы і трапяць пад дождж, то ўся гэтая атрута і хімія трапяць у глебу, што потым на нас жа саміх і адаб’ецца. 

— Ці змянілася ад гэтага штосьці ў тваім жыцці, ці была далейшая праца над сабою?

— Безумоўна, бо ўсё пачыналася са смецця, а цяпер я іду далей, спрабую пазбягаць ужывання аднаразовага посуду, нават папяровых кубкаў, таму што ў іх складзе ёсць мікрапластык, і яны да канца не перапрацоўваюцца. Я набыла сабе бутэлечку для вады, якую кожны дзень бяру з сабою; яшчэ ў мяне ёсць кубак, у які я прашу наліваць мне каву «на вынас», у кавярнях за гэта нават робяць зніжку. Калі іду ў краму, думаю, як штосьці купіць з меншаю упакоўкаю, напрыклад, можна купляць адразу самы большы пакунак макаронаў, каб была адна ўпакоўка. Таксама я стала ашчадна ставіцца да рэсурсаў: напрыклад, сачу за святлом у пакоі, каб не гарэла дарэмна.

— Мяне вельмі радуе, што папа Францішак шмат кажа пра экалогію, але ў Касцёле мы ўсё роўна амаль не гаворым пра беражлівыя адносіны да прыроды. А ці задумвалася ты пра адказнасць католікаў за экалогію?

— Калі я стала больш зважаць на гэтую праблему, то пачала пытацца ў сябе, чаму я наогул стала змяняць свае паводзіны? Можа, гэта проста становіцца цяпер модным, ці гэта робіць мяне крутой і незвычайнай? Але я адказала сабе, што не. Бог жа стварыў зямлю для нашага карыстання, і мы павінны клапаціцца пра яе, каб нам было тут добра і ўтульна. І я падумала, што мне падабаецца гэтая місія, я сапраўды магу пастарацца дзеля будучыні нашай планеты. То бок, мне здаецца, што гэта вельмі лагічна — клапаціцца пра тое, што адбываецца наўкол, у тым ліку пра экалогію. Было б цудоўна, канешне, калі б у нашым Касцёле часцей на гэта звярталі ўвагу, але мне здаецца, што ёсць шмат іншых пытанняў, больш важных для Касцёла.

— Думаю, на ўроках катэхезы, калі мы гаворым, што Бог стварыў свет, было б нядрэнна гаварыць і пра экалогію.

— Згодна... Бо сапраўды, калі мы не паклапоцімся пра наваколле і не станем больш свядомымі, можа адбыцца катастрофа.

— Часам я думаю, што нашым людзям будзе вельмі цяжка адмовіцца ад пластыку, бо яны толькі пачалі губкамі посуд мыць, а не анучамі са старога адзення.

— Можа, нам і трэба было працягваць прыбіраць ласкутамі тканіны і не пераходзіць на гэты пластык, які нас цяпер усюды атачае? Калі пачынаеш уважліва ставіцца да свайго карыстання рэчамі, то з’яўляецца нават нейкі азарт. Я не магу сказаць, што гэта шмат высілкаў ад мяне патрабуе, проста мне не складана ўзяць з дому сваю бутэлечку з вадой, якую магу напоўніць на працы, у сяброў дома ці ў кавярні замест таго каб на працягу дня купіць тры бутэлькі і потым выкінуць гэты пластык. Але я таксама не хачу, каб гэта перарасло ў штосьці дзіўнае, я да такога не гатова. Напрыклад, некаторыя людзі рэальна імкнуцца да нуля адходаў, нават ачысткі ад бульбы не выкідваюць, а заводзяць скрынку з чарвякамі і скармліваюць гэта ім. Для мяне гэта занадта нязвыкла. Але калі, напрыклад, у мяне ёсць выбар набыць марозіва ў ражку ці ва ўпакоўцы, то я куплю сабе ў ражку. Тое, ад чаго ўсе так доўга ўцякалі, цяпер становіцца актуальным, а прайшло толькі гадоў 20.

— І сапраўды, 20 гадоў назад нашае жыццё не было так перапоўнена пластыкам. Ці былі ў цябе нейкія адкрыцці і здзіўленні, калі ты пачала цікавіцца сартыроўкаю смецця?

— Успамінаю, як мяне шакаваў адзін дакументальны фільм пра тое, як працуе індустрыя па вырабе адзення і колькі затрачваецца не толькі чалавечых рэсурсаў, але і экалогія страшэнна пакутуе ад гэтага. Каб пашыць танную маечку з масмаркету, чалавек з Бангладэш ці з Індыі працуе вельмі цяжка і ў дрэнных умовах, а атрымлівае за гэта капейкі. То бок, таннае адзенне — гэта, канешне, прыемна, але ж не такім людскім коштам. Пасля гэтага я вось на што яшчэ стала звяртаць увагу: што і колькі я набываю.

— Якое ты выйсце для сябе знайшла?

— Мне заўсёды падабаліся сэканд-хэнды, бо раней цяжка было знайсці якасныя і прыгожыя рэчы, ды яшчэ і па даступнай цане, таму я набывала адзенне там. А цяпер сэканд-хэнд мне падабаецца, бо гэта па сваёй сутнасці безадходнае карыстанне рэчамі. Я амаль не набываю адзення ў масмаркеце і не падтрымліваю гэтую нялюдскую вытворчасць. Мне не агідна, калі хтосьці ўжо карыстаўся рэччу, затое ў яе ёсць гісторыя. А яшчэ перад пакупкаю чагосьці новага я стараюся ўзважваць сваё рашэнне: чаму мне хочацца штосьці купіць, ці сапраўды яно мне патрэбна? Мне хочацца адысці ад таго, каб нешта сабе купляць як узнагароду або дзеля радасці. Таму ў мяне цяпер менш стала рэчаў, і я зразумела, што іх шмат і не трэба, і я больш камфортна сябе адчуваю. Я хачу навучыцца атрымліваць асалоду не ад рэчаў, а, напрыклад, лепш патраціць грошы на паход у кіно. Няхай радасць будзе ад чагосьці нематэрыяльнага.

— Атрымліваецца, што ўсё пачыналася з малога, з сартыроўкі смецця, а цяпер Бог запрашае цябе думаць над сваімі патрэбамі, над сваім побытам. І ты прыходзіш да пэўнага аскетызму. Фактычна Бог паказвае, што нам вельмі мала і трэба.

— Так! І ўсё гэта адбываецца свядома, без нейкіх адкатаў назад, як пры дыеце, калі пасля набраў вагі больш, чым было раней. Усё вельмі натуральна адбываецца.

— Але ў сённяшнім свеце вельмі цяжка адмовіцца ад пластыку. Многія думаюць: я ўсяго толькі кропля ў моры і нічога не змяню, нават калі і захачу. Як ты сабе на такое адказваеш?

— Я ўвогуле не люблю штосьці навязваць, але мне здаецца, што як мяне калісьці змяніў прыклад той дзяўчыны, так і па маім прыкладзе хтосьці стане хаця б задумвацца над сваім побытам і смеццем, якім ён напоўнены. Глабальна я нічога змяніць не змагу, але заўсёды трэба пачынаць з сябе.


Гутарыла Вольга Качалка
Фота: Вераніка Скрабатун

 

 

Цэтлікі: Інтэрв’ю

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней