Аб сучасным свеце, бачных і нябачных аспектах жыцця хрысціяніна, страху і надзеі, разгубленасці і Божым Провідзе напрыканцы красавіка размаўляем з сястрой Чаславай Навіцкай USJK з Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага, дырэктарам Дабрачыннай Місіі Добрага Самараніна пад апекай св. Уршулі Ледухоўскай.
— Сястра Часлава, я вельмі ўдзячная Вам за тое, што знайшлі час на размову. Вашая праца ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры — гэта бачны аспект жыцця, які заўважаюць іншыя. А што з аспектам, нябачным для вока? Адкуль Вы чэрпаеце духоўныя сілы, як плануеце свой дзень, каб у ім быў час на малітву?
— Так, найперш — штодзённая малітва, перадусім — ранішняя, бо дзень заняты працай. Увечары таксама малюся, але найбольш прадуктыўная малітва — раніцай, бо розум тады найбольш ясны, і гэты найлепшы час хочацца аддаць Пану Богу. Перадусім я пытаюся, якія Ягоныя планы для мяне на сённяшні дзень, бо ажыццяўленне толькі маіх планаў не будзе плённым. Дэвіз нашай супольнасці: «Вось я, слуга Пана», і паколькі слуга Пана, то павінна выконваць загады Пана, прычым з адказнасцю і любоўю. Можна параўнаць гэта з каханнем да чалавека, якому ты прысвяціў сваё жыццё, і хочаш заўсёды ісці насустрач яго жаданням. Перадусім я адчуваю, што Бог любіць кожнага чалавека, мы ўсе — Ягоныя авечкі, за кожную Ён аддаў жыццё і не хацеў бы ні адной страціць. Вось так я і перажываю кожны дзень, а час цяпер вельмі складаны.
— Сапраўды складаны, і таму маё наступнае пытанне: як Вы бачыце гэты свет?
— Гэты свет... Вядома, я аналізую ўсё, што адбываецца. Па-першае, я вельмі люблю сваю краіну. Інакш жа немагчыма. Калі няма любові да Бога, да сваёй краіны, да мовы, да культуры, не будзе і гармоніі ў чалавеку. Наша родная Беларусь апынулася цяпер у розных крызісах — і палітычным, і эканамічным, і пандэмічным. Новага нічога няма: я маю на ўвазе пераслед Касцёла — я яго зведала ўжо з дзяцінства. Касцёл увесь час пераследуюць, і выглядае на тое, што менавіта ў такіх умовах ён мусіць выконваць сваю місію. Езуса пераследавалі — тое самае адбываецца і з Касцёлам. У 90-я нам падавалася, што наступіла «вясна», бо нашыя дзяды і бацькі перажылі ўціск веры, бо прагнулі рэлігійнай свабоды. Мы з гэтага цешыліся. Пачалі прыязджаць святары, пачалі адбудоўвацца святыні — усё было цудоўна. Мы перажывалі аднову Касцёла ў Беларусі. І людзі насамрэч думалі, што пераследу няма, а тым часам ён не спыняўся. Калі пачалі трансліраваць святую Імшу, а па тэлевізары паказваюць біскупаў ды Папу, то хіба ўжо скончыўся пераслед? Супрацоўніцтва з Касцёлам няма! Катэхезы ў школах няма! Магчыма, мы больш сілаў укладалі ў адбудову сценаў, але гэта натуральна для чалавека — ствараць прастору, дзе ён сябе добра адчувае. Аднак нельга сказаць, што не было адбудовы духоўнай, яна была, але цяпер мы бачым, што яна патрабуе большай увагі і далейшых намаганняў: маю на ўвазе катэхезу маладога пакалення. Пасля многіх гадоў атэізацыі вернікі масава прымалі сакрамэнты ў новых святынях і капліцах, сотні дзяцей прыступалі да Першай святой Камуніі, але мінула некалькі гадоў — і значная іх частка перастала ўдзельнічаць у нядзельнай святой Імшы, не кажучы пра катэхезу, якая з’яўляецца крыніцай духоўнай фармацыі да канца жыцця.
Сёння кожны хрысціянін павінен задаць сабе пытанне: што я асабіста зрабіў у кірунку катэхізацыі — абвяшчэння Бога. Гэта не толькі абавязак святара ці законнай асобы, гэта — абавязак кожнага. Ці дабіваўся я як бацька, маці, хрысціянін, каб у школе дзецям была створана магчымасць пазнаваць Божае навучанне, вучыцца праву этыкі і маралі? Людзі, якія паводзяць сябе так жорстка, — чые гэта сыны і дочкі? Я ўвесь час задаю сабе гэтае пытанне: чые гэта дзеці? Значыць мы, хрысціяне — католікі, праваслаўныя, пратэстанты — слаба абвяшчалі Хрыста, калі сярод нас столькі людзей, для якіх хрысціянскія каштоўнасці не маюць значэння. Вось пытанне, якое мяне вельмі непакоіць. Мы чакаем: калі гэтаму будзе канец? Перакананая, што тады, калі ўсе мы станем на калені, перапросім Бога за злачынствы і перастанем іх рабіць. Вось і пандэмія паказала, хто ёсць хто, і якія мы хрысціяне. Я не кажу, што трэба парушаць санітарныя нормы — я за тое, каб іх захоўваць, але павінна быць «залатая сярэдзіна». Нельга ў гэты час адмовіцца ад Бога. Няўжо нам трэба гэтак палохацца, закрывацца і нікуды не хадзіць, тым больш у касцёл? Дзе тады мая вера? Вядома, трэба мыць рукі, насіць маскі, захоўваць дыстанцыю, але ўсё гэта не азначае, што трэба адмовіцца ад сакрамэнтаў.

— Насамрэч існуе пэўная разгубленасць, у якой прабываюць хрысціяне. Што ж значыць быць хрысціянінам цяпер, быць чалавекам увогуле?
— Я думаю, адказ просты, толькі няпроста яго выканаць. Вярнуся зноў да нашых продкаў, якія перамаглі з ружанцам у руках. Гэтая перамога была не канчатковая: яны перадалі нам гэтую «эстафету», далі нам прыклад. Перш за ўсё, гэта вытрымка і моцная вера ў Божы Провід, у тое, што Усёмагутны Бог няспынна падтрымлівае чалавека, але гэта не азначае, што я раз ці два памаліўся і Пан Бог на падносе мне ўсё падасць. Нашыя продкі маліліся гадамі, яны былі трывалымі, і не толькі ў малітве — хадзілі ў касцёл за некалькі кіламетраў пехатой, нават босымі. Мы ж цяпер жывём у камфортных умовах, абутак маем вельмі зручны, і нібыта захапіліся верай, але не да канца перанялі яе, і таму адчуваем стому, адсутнасць веры ў Божы Провід, які не абмяжоўвае чалавека, а наадварот, жадае ад нас самастойнага, творчага і мудрага дзеяння. Я бачу па дзецях і моладзі, што яны хочуць, каб усё адбывалася імгненна, нібы ў фільме, дзе развязка, пазітыўная або негатыўная, наступае досыць хутка. А жыццё — не фільм. Тут неабходная вытрымка і ў малітве, і ў змаганні. Людзі павінны змагацца за свае правы. Чаму хтосьці хлусіць, а іншыя пад гэтым падпісваюцца? І мы потым здзіўляемся: як так?! Дык гэта ж мы робім! Мы не перапрасілі Бога за камунізм. Ён быў і цяпер трывае. Мы не сказалі Богу: «Прабач». Я разумею, што агульнае навяртанне — гэта складаны працэс, які не адбудзецца за адзін дзень, аднак праблема ў тым, што людзі хочуць дасягнуць зменаў маленькім коштам.
— Гэта прагучала ў пэўным сэнсе як дыягназ, але, як ка жуць, працаваць трэба з тым, што ёсць. Так, вакол шмат нясталых, разгубленых людзей, да таго ж пасяліўся гэты страх унутры, бо чытаеш навіны і спачуваеш іншым, але сам насычаешся страхам, што з табой можа быць гэтак жа. Як нам не даць страху кіраваць сабой?
— Тут дапаможа ўнутраная глыбіня. Чалавек павінен весці глыбокае духоўнае жыццё. І не трэба баяцца смерці. Вядома, мы баімся. Калі кажаш пра смерць, пра жыццё вечнае, то гэта адразу палохае: «Як сястра распавядае пра такія рэчы? Мы ж усе створаныя для жыцця і хочам жыць 100 і болей гадоў». Але ж мы — хрысціяне, мы ведаем, што на зямлі нашае жыццё часовае і ўрэшце мы спаткаемся з Богам. З намі ўсё могуць зрабіць, але душы нашай не заб’юць. Нам патрэбная адвага, падобная да той, якую мелі мучанікі розных краінаў і эпохаў. Ніколі не абыходзілася без праліцця крыві. Кожная краіна праходзіла праз розныя выпрабаванні, і Беларусь — не выключэнне. Самае галоўнае — не губляць надзеі ў Божы Провід, таму што Бог вельмі любіць кожны народ, а Беларусь неяк асабліва, як мне падаецца. Нам не трэба паддавацца ніякаму запалохванню, і перадусім трэба спыніць гвалт. Я думала, што ён трошкі стаў меншым, але надалей пануе хлусня, невінаватыя людзі церпяць, іх несправядліва асуджаюць. Мая праца з дзецьмі дадае мне сілы і надзеі. Яны — іншае пакаленне, больш адважнае, чым нашае. Ім патрэбны добрыя настаўнікі, добрыя пастыры, з добрай педагагічнай адукацыяй і духоўна сталыя. Дзеці часам не столькі прыслухоўваюцца да бацькоў, колькі да настаўнікаў, якія маюць аўтарытэт. Таму вельмі патрэбная добрая фармацыя педагогаў.

Я бачу толькі адно выйсце — прасіць на каленях прабачэння ў Бога. Мы будзем і далей плаціць за падман, як плацілі за камунізм. Мы не можам разлічваць на тое, што ўсё забудзецца, і мы будзем проста жыць далей — не! Калі народ зрабіў нешта дрэннае, адказваюць усе! Было забойства — будзем адказваць усе і Бога перапрашаць. Быў падман — будзем усе за гэта плаціць! Не бывае так, што нейкая настаўніца падпісала няпраўду, а ты, сястра Часлава, не будзеш за гэта адказваць. Не, я ў адказе за яе, бо гэтая асоба — частка народа, яна зрабіла зло, і я ў пэўным сэнсе адказваю за яе перад Богам. Таму цяпер у малітве мне хочацца ўвесь час перапрашаць Яго. Абсалютна не маю ніякіх прэтэнзій да Пана Бога, гэта не той шлях. У пэўным сэнсе цяперашні час — школа для ўсіх нас. Крыўдна, што так, але я думаю, што і Богу гэта баліць, але баліць і ўсім хрысціянам. Прынамсі, павінна балець.
— Думаю, гэты боль знаёмы многім нашым чытачам... Я б хацела яшчэ спытацца пра ўменне праявіць сваё спачуванне. Вось ёсць жаданне дапамагчы, але ў той жа час, як Вы сказалі, ёсць жаданне хуткага выніку. Як адольваць пачуццё бяссілля, калі ты нічога не можаш зрабіць, каб спыніць гвалт, напрыклад? Шлях перапрашэння Бога — гэта адзін з такіх спосабаў?
— Так, я думаю, шлях перапрашэння і прабачэння. А яшчэ павінна быць навяртанне. Змены прыйдуць, калі кожны адкажа за сваё злачынства. Як інакш, калі Бог справядлівы? Але гэта не значыць, што цяпер мне трэба камусьці адплаціць тым самым. Трэба прабачыць. Прабачэнне — вельмі цяжкі працэс, яно не ў тым, што мы кінемся ў абдымкі, і я на руках буду насіць крыўдзіцеля, але ў тым, што я зла ў сэрцы не трымаю, грэх прабачаю, але чакаю, што будзе навяртанне. За тых, хто чыніць зло, я перапрашаю Бога і вельмі прагну ў сваім сэрцы, каб яны навярнуліся да Бога. Тады будзе перамога. Без гэтага не зробім ніводнага кроку наперад, а мы павінны будаваць цывілізацыю любові. Святы Ян Павел ІІ, які таксама перажываў за сваю краіну, казаў: «Няхай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі». Вядомая фраза, якую і мы паўтараем, і біскупы, і святары, але трэба рабіць яе рэальнай, клікаць Духа Святога, бо Ён павінен гэта здзейсніць. Мы са свайго боку павінны перапрасіць, раскаяцца, навярнуцца — і тады адновіцца беларуская зямля. У нас шмат крыві пралілося і праліваецца, што таксама не застаецца дарэмным, прыносіць свой плён. Церпячыя ўжо сталі гэтым плёнам і нашай надзеяй. У гэтай сувязі думаю і пра Курапаты. Калі мы дзівімся, як такое сталася ў жніўні мінулага года, я пытаюся: а што сталася два гады таму ў Курапатах? Ды не толькі два, а ўвогуле. Мы ж не раскаяліся за крыжалом у красавіку 2019 года! Колькі ў тыя дні на Крыжовы шлях пайшло вернікаў у Курапаты? І чаму мы тады не пайшлі перапрасіць Бога? Гэта ж не дрэвы спілавалі! Гэта крыжы! Крыжы Езуса Хрыста!
— Напэўна, і тут трэба нам дарастаць да гэтага сэнсу салідарнасці — салідарнасці ў стаўленні да зла?
— Так. Мне і тады было вельмі балюча, і дагэтуль усё сціскаецца ўнутры, калі ўзгадваю тыя падзеі ў Курапатах. Нават калі адзін крыж нехта ламае, гэта жахліва, бо гэта паламаны Хрыстус. І мы павінны былі тады стаць на калені і каяцца. Тое, што сталася ў жніўні, таксама вынік таго, што адбылося ў Курапатах. Калі для выканаўцаў той крыжалом не мае значэння, значыць і Той, Хто на крыжы, не мае ніякага значэння. Усе людзі, якія церпяць, амаль кожны церпячы сёння — са зламанага курапацкага крыжа. І чаго ж хацець, калі мы не разумеем гэтага? Тым не менш, надзеі губляць не трэба. Трэба маліцца, перапрашаць і верыць у Божы Провід, які дае сілу. Бог глядзіць і прадбачыць нашае жыццё наперад, але робіць гэта з вялікаю далікатнасцю, даючы нам свабоду выбару. Ці можа Бог пакінуць сваё дзіця, якое прагне навяртання? Менавіта ў такіх момантах крызісу, захоўваючы надзею, давяраючы Божаму Провіду, нам неабходна прызнаваць свае дрэнныя ўчынкі, перапрашаць за іх, уставаць і ісці наперад. Бог не злапамятны, кожнага з нас Ён хацеў бы бачыць каля сябе, і таксама тых, хто робіць злачынствы, Ён усім прабачае і ўсіх чакае.
— Дзякуй за размову, сястра Часлава, дзякуй, што натхнілі нас на далейшы шлях. Няхай Пан Бог благаслаўляе Вас ва ўсім.
Гутарыла Тэрэса Клімовіч
Фота: facebook.com/centrsamaranin