Калі наша вера мацнейшая? Тады, калі нам спакойна і добра, усё ідзе ладам? Альбо тады, калі знянацку грымне бяда, і ты раптам зразумееш, як нетрывала ўсё ў гэтым свеце — радасць, каханне, здароўе, матэрыяльныя даброты? Калі свет раптам нібы аглухне, і ты адчуеш у ім невыносную цішыню? Калі ты раптам зразумееш, што нават самыя блізкія людзі, нават тыя, што гатовыя прыбегчы заўсёды на твой кліч аб дапамозе, што яны таксама... не могуць табе дапамагчы? Якая яна тады, наша вера?..
Першае сур’ёзнае выпрабаванне веры прыйшло ў сям’ю Захаравых з Наваполацка 13 гадоў таму. Тады здарылася бяда, якая скаланула наш невялікі горад, — ахвярай дарожнай аварыі стала старэйшая дачушка Захаравых Дзіна. Пятнаццацігадовая дзяўчынка перанесла пасля тае аварыі некалькі аперацый і апынулася ў коме... Пазней яе стан дактары пачалі называць іншымі медыцынскімі тэрмінамі, ды сутнасць мала змянілася. Усе гэтыя гады тата Сяргей, мама Лена і малодшая Дзініна сястра Аня беражліва, з любоўю клапаціліся аб Дзіне. Ды неўзабаве Аня вылецела з бацькоўскага дому ў свет і апынулася ажно ў Піцеры, а яны, трое, засталіся жыць у сваім горадзе.
...Заўсёды з радасцю прыходжу ў гэты дом. Магчыма, камусьці цяжка зразумець, як можна ісці з радасцю ў дом, дзе надоўга пасялілася бяда, бо Дзіна засталася прыкаванаю да ложка. За ўсе гэтыя гады бацькі не пачулі ад яе ніводнага слова, не ўбачылі яе выразнай рэакцыі на штосьці. Але гэта зусім не перашкаджала ім моцна любіць дачку, цярпліва, з любоўю клапаціцца аб ёй. Камусьці цяжка ўявіць такое, але ў гэтым доме лёгка жартаваць, бо і Сяргей, і Лена ад прыроды надзеленыя тонкім пачуццём гумару. Да нядаўняга часу тут можна было паслухаць добрыя песні пад гітару — Сяргей любіў спяваць. Яго з радасцю слухалі не толькі дома, але час ад часу і на нейкай гарадской вечарыне...
Ды не так даўно Сяргеева гітара змоўкла. Пасля працяглага мужнага змагання з цяжкай хваробай ён адышоў у лепшы свет, туды, дзе няма аварый, болю, слёз, хваробаў. Чамусьці я не сумняваюся, што яго там прыветна сустрэлі. Пасля таго, як ахвярна напрацаваўся на зямлі, ён, хіба што, заслужыў гэта. Пра Сяргея найлепш сказаў неяк адзін святар, з якім мы наведалі Захаравых: «Я не здзіўляюся, што Лена — мужная, ахвярная маці. Сярод жанчын такое часта здараецца. А вось тое, якім любячым бацькам, дбайным гаспадаром, айцом сваёй сям’і аказаўся Сяргей, не можа не захапляць».
Але сёння размова пра веру, пра наша хрысціянства. Дарэчы, Захаравы — праваслаўныя, але гэта ніколі не перашкаджала нам быць сябрамі і разумець адно аднаго. У часе Сяргеевай хваробы Лена дбала, каб святар час ад часу з’яўляўся ў іхнім доме. Яна глыбока верыла: тое, што дасць святар і дачцэ, і мужу, нашмат важней за аперацыі і лекі. Не адмаўляючы медыцыны, якая лечыць цела чалавека, яна не забывалася дбаць пра душу.
...Праз нейкі час пасля развітання з Сяргеем мы сустрэліся з Ленай, як і раней, за кубкам гарбаты. Тады і з’явілася жаданне занатаваць яе развагі, бо лічу іх надзвычай важнымі. Сяргей хварэў працяглы час. І менавіта пра гэты час, пра тыя трывогі, надзеі і... пра вялікую любоў разважае Алена Захарава, чалавек, чыйму слову можна давяраць, бо яно загартаванае ў выпрабаваннях, без якіх наша хрысціянства выглядала б адно прыгожай казкай, а не верай мужных людзей у Бога, які, па словах апостала Яна, сам ёсць Любоў.
— Той час, калі Сяргей хварэў, стаўся для нас вельмі важным, — кажа Лена, — і для яго, і для мяне. За гэты час мы лепш пазналі адно аднаго, сумелі радавацца кожнаму дню, які Бог нам даваў. Паспелі зрабіць шмат важных і патрэбных рэчаў, вырашыць некаторыя справы, якія мне цяпер без яго было б складана вырашаць. За час хваробы я спазнала мужаву высакароднасць, чуласць, любоў. А ён, думаю, лепш спазнаў мяне. Ён увесь час адчуваў сябе вінаватым, бо ведаў, што пакіне нас... Не сябе шкадаваў, хоць на ягоную долю выпала жорсткая хвароба, а шкадаваў нас, бо ведаў, што нам без яго будзе няпроста. Пакуль мог, ён стараўся хоць як-небудзь працаваць — ездзіў на лецішча, мы разам рабілі нейкія нарыхтоўкі на зіму. А калі не мог ужо ездзіць, да апошняга стараўся глядзець за Дзінай. Я магла і ў краму схадзіць, і нейкімі справамі заняцца, бо ведала, што Дзіна пад надзейным бацькавым наглядам. А яшчэ Сяргей умеў быць удзячным. Калі ўжо моцна прыслаб і я дапамагала яму, ён так часта цалаваў мне рукі... Ведаеце, жанчыне гэта важна — бачыць, што блізкі чалавек удзячны табе. Мы за гэты час нібы наноў адкрылі для сябе адно аднаго, нібы наноў пакахалі. Хто ведае, можа, гэта і быў самы шчаслівы наш час...
— Лена, прабач, але ж была маладосць, калі вы былі маладыя, здаровыя, закаханыя... Хіба тады вы не былі шчаслівыя?
— Былі. Усё гэта было. Але тое мінулася і, можа, менавіта таму, што тады мы былі здаровыя, упэўненыя ў сабе, згадваецца з меншай цеплынёй. Маладосць прайшла, адляцела, і я думала, што пачуццё сапраўднай любові ніколі не вернецца...
— А яно вярнулася?
— Вярнулася. Ведаеце, маладая доктарка, якая казала мне пра вынікі аперацыі Сяргея, намалявала страшную карціну, што, маўляў, нас чакае «не-жыццё». Яна такімі чорнымі фарбамі гэта намалявала, што я жахнулася і нейкі час хадзіла з каменем на сэрцы. А потым зразумела, што калі Бог дае мне яшчэ, напрыклад, гэты канкрэтны дзень, у якім ёсць мой муж, мая дачка, то я проста мушу вучыцца цаніць такія падарункі. І цяпер я ўдзячная Богу за кожны наш дзень!
— За кожны? Нават за тыя, найбольш цяжкія дні?
— Нават за тыя. Калі з Дзінай здарылася бяда, я не мела столькі жыццёвага досведу, таму цяпер шкадую за некаторыя рэчы. Тады свет нібы страціў для мяне ўсе колеры. Мы атрымалі тады кватэру, Сяргей рабіў рамонт, стараўся... Я прыйду з працы, а ён мне: «Паглядзі, як я зрабіў», а потым горка так махне рукой: «Табе нічога не трэба». Бо я сапраўды жыла толькі ў той бядзе, яна нібы паглынула мяне. Пазней зразумела — так нельга. Мы павінны цаніць тое, што маем, і ад жанчыны так шмат залежыць!
— Ну ты ж навучылася потым! Мяне, прызнаюся, менавіта гэта і ўражвала, што вы сумелі паўнавартасна жыць, нягледзячы на ўвесь цяжар вашай ношы.
— Потым навучыліся... Увогуле я вельмі ўдзячная Сяргею за тое, што ён узяў увесь цяжар па гаспадарцы на сябе, адгарадзіў мяне ад усялякага будзённага клопату. Ведаў, як няпроста мне даюцца бяссонныя ночы пры Дзініным ложку, і таму раніцай мяне заўсёды чакаў мой кубачак кавы, які ён мне прыносіў проста ў пасцель. Як мне пасля гэтага наракаць? Не-не, усё невыпадкова. Нават і на тое, як напалохала мяне пасля другой Сяргеевай аперацыі доктарка, я цяпер гляджу іншымі вачыма. Яна нібы падрыхтавала мяне, хоць і вельмі жорстка, да таго часу, калі спатрэбіцца шмат сілаў, каб жыць далей.
— Менавіта пра сілы... Лена, дзе крыніца гэтых сілаў?
— Крыніца? Проста я больш, відаць, спадзяюся ў жыцці на Бога, чым на медыцыну і дактароў. Яму я давяраю, а ім... не заўсёды. Але многім дактарам я ўдзячная: і тым, якія ратавалі Дзіну, і тым, якія аперыравалі ды лячылі Сяргея. Але яны ж толькі людзі...
— Лена, я не памятаю, каб ты калі-небудзь наракала на лёс, на гэтую цяжкую гісторыю з Дзінай, а цяпер вось і з Сяргеем. Твая мужнасць таксама бярэ свой пачатак у Богу?
— Ды не, напачатку, калі з Дзінай здарылася бяда, я таксама наракала... Праўда, Богу не прад’яўляла прэтэнзій, больш мела іх да жыцця, нашай штодзённасці. Пакуль не змірылася і не зразумела штосьці вельмі важнае: магчыма, нашай Дзіне з яе ўражлівай натурай было б вельмі цяжка ў гэтым свеце. Таму яна і жыве ў сваім. А гэта таксама жыццё — таямнічае, многім незразумелае, але жыццё! У вечнасці, магчыма, зразумеем яго. Хрысціянства ж без мучаніцтва немагчыма ўявіць, а наша сапраўдная краіна — хрысціянства. У гэтай краіне іншыя рахункі, каштоўнасці. Я ўдзячная Богу за тое, што майму мужу быў адведзены час, каб перагледзець сваё жыццё, тыя каштоўнасці, якімі ён жыў раней. Над многімі рэчамі, як я разумею, ён усур’ёз задумаўся ўжо ў часе хваробы. Сяргей пачаў шмат маліцца, слухаць па тэлевізары службы, спавядаўся, прычашчаўся. У яго наладзіліся адносіны з Богам. Як жа мне не быць за гэта ўдзячнай?
— А не шкада, што ты ўжо даволі працяглы час не працуеш? Я маю на ўвазе не хатнюю працу, якой у цябе ажно зашмат, а тую, ранейшую.
— Не, не шкада. Увогуле я лічу, што ў маёй службовай кар’еры за гэты час адбыўся значны рост, бо раней я падначальвалася старшыні гарвыканкама, а цяпер я падначальваюся самому Богу! Ён — мой галоўны Начальнік.
— Ну, з гэтым, канешне ж, не паспрачаешся!
— А ўвогуле я пераканана, што нам, хрысціянам, трэба быць заўсёды гатовымі да выпрабаванняў. Не спадзявацца на тое, што «неяк там будзе», а быць гатовымі годна прыняць і панесці свой крыж. У кожнага ён свой, кожны цяжкі. Нам важна годна пранесці яго па жыцці.
— Самае складанае...
— Дык а хто нам абяцаў лёгкае жыццё? Але ж мы і не сіроты, каб бедаваць ды наракаць. Да таго ж, маем надзейную зброю. У Пасланні да Эфесцаў нам сказана: «...прыміце ўсю Божую зброю, каб вы маглі супрацьстаяць у ліхі дзень... Станьце, падперазаўшы свае сцёгны праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога...» (гл. Эф 6, 13–16).
— Цяпер я ведаю, Лена, адкуль у цябе гэтая моц — ты маеш Божую зброю, шчыт веры... Дзякуй за гутарку і згоду падзяліцца сваімі думкамі з чытачамі часопіса «Ave Maria». Божай дапамогі табе і ўсім дарагім для цябе людзям!
Ірына Жарнасек
Фота з архіва аўтара