Дыялог — гэта спосаб камунікацыі, для якога неабходна не толькі ўменне гаварыць, але ў першую чаргу ўменне слухаць і пачуць другую асобу. У мяне асабіста складваецца ўражанне, што ў нашых штодзённых зносінах мы больш абменьваемся паведамленнямі і замест сапраўдных дыялогаў паўсюль — у размовах паміж людзьмі і ў нашай размове з Богам — мы карыстаемся выключна маналогамі, якія не спрыяюць сапраўднай сустрэчы асобаў. Нярэдка ў размовах не дасягаецца сапраўдная мэта дыялогу — зразумець і пазнаць іншага чалавека, а не змяніць яго.
На гэту праблему звярнулі ўвагу Ежы і Ірэна Гжыбоўскія, якія ў 1977–78 гг. заснавалі ў Польшчы рух «Сужэнскія сустрэчы». Галоўная мэта руху — дапамагаць сужэнскім парам умацоўваць сужэнствы дзякуючы дыялогу, заснаванаму на чатырох прынцыпах. З 2003 года рух «Сужэнскія сустрэчы» развіваецца ў Беларусі і дапамагае беларускім сужэнствам знайсці шлях да паразумення і ўзрастання ў сваім каханні дзякуючы шчыраму і адкрытаму дыялогу.
Я сустрэлася з сям’ёй Паўла і Ганны Баярчукоў, якія ўжо 20 гадоў у сужэнстве выхоўваюць пяцёра дзяцей і адказваюць за рух «Сужэнскія сустрэчы» ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, і папрасіла іх распавесці пра сваю сям’ю, прынцыпы ўласнага дыялогу і іх рэалізацыю ў штодзённым жыцці.
— Павел і Ганна, раскажыце, калі ласка, які быў ваш шлях у рух «Сужэнскіх сустрэчаў».
— Ганна: Калі мы першы раз пачулі пра «Сужэнскія сустрэчы», мы перажывалі сур’ёзны крызіс у адносінах і нашай сям’і магло проста не быць. У мінскім касцёле святых Сымона і Алены я пачула сведчанне сужэнцаў, якія распавядалі, як трапілі на рэкалекцыі-ўікэнд, арганізаваныя рухам «Сужэнскія сустрэчы», у той час, калі ўжо была напісаная заява на развод і падзеленая маёмасць, аднак яны здолелі перамагчы крызіс і захаваць сваю сям’ю. Слухаючы іх, я зразумела, што нам абавязкова трэба таксама папасці на такі ўікэнд. Мне заставалася толькі ўгаварыць Пашу. Тады ён яшчэ не быў практыкуючым католікам, таму я вельмі хвалявалася, як ён адрэагуе на маю прапанову. Я спадзявалася, што ўікэнд стане паратункам для нашай сям’і.
— Павел: Я бачыў, што Ані гэта патрэбна, і таму моцна не супраціўляўся. На той момант я нават не думаў, што на мяне гэта можа неяк паўплываць, таму я проста паехаў «адбываць павіннасць»…
— Ганна: Гэта быў першы крок. Мы перажылі ўікэнд і ўпершыню пасля працяглага часу змаглі шчыра паразмаўляць і зразумець праўду пра сябе. Прынцыпы дыялогу сталі для нас шанцам і надзеяй. З таго часу Пашка згаджаўся хадзіць са мною на сустрэчы малой групы руху. Для мяне гэта было неабходна — было прагненне здабываць досвед, быць побач з іншымі сем’ямі, якія перажывалі падобныя праблемы, аднак змаглі іх перамагчы. Нейкі час Паша хадзіў са мною без свайго ўнутранага пераканання.
— Павел: Аднак пазней я пачаў заўважаць плёны ўсіх сустрэчаў і дыялогу ў нашым сужэнстве і мне гэта спадабалася.
— Ганна: Калі мы адчулі, што правілы дыялогу, на якіх заснаваныя «Сужэнскія сустрэчы», эфектыўныя, у нас з’явілася большая блізкасць і давер, аб якіх яшчэ год таму мы не маглі і марыць. Пазней мы згадзіліся быць аніматарамі гэтых сустрэчаў, і вось ужо на працягу 12 гадоў мы самі жывём дарам дыялогу, а сёння дзелімся гэтым дарам з іншымі.
— Распавядзіце, калі ласка, больш падрабязна аб правілах дыялогу, на якіх вы будуеце сваё сямейнае жыццё. Як можна навучыцца імі жыць?
— Ганна: Заснавальнікі руху, Ежы і Ірэна Гжыбоўскія, на досведзе працы з сужэнствамі распрацавалі чатыры прынцыпы эфектыўнага дыялогу. Першы — больш слухаць, чым гаварыць; другі — разумець, а не ацэньваць; трэці —дзяліцца, а не дыскутаваць; чацвёрты — прабачаць. У гэтых прынцыпах схаваная вялікая мудрасць — спрабаваць пачуць не толькі сябе, уласны боль і перажыванні, але заўважаць, што побач знаходзіцца іншы чалавек, якога ты сам калісьці выбраў і якога кахаеш. На маю думку, жыць гэтымі правіламі штодня — гэта нібы кожны дзень нанава паўтараць прысягу, якую мы далі падчас шлюбу.
— Павел: Думаю, што немагчыма адзін раз і назаўсёды навучыцца гэтым правілам. Гэта шлях, якім мы будзем ісці ўсё жыццё.
— Ці лёгка ажыццяўляць прынцыпы дыялогу ў зносінах са сваім сужэнцам і іншымі людзьмі?
— Ганна: Ажыццяўленне гэтых прынцыпаў заўсёды было і застаецца вельмі цяжкім. Прынцыпы дыялогу ў нашым руху — гэта спосаб рэалізацыі Евангелля ў жыцці. Гэтыя правілы дапамагаюць нам на практыцы ажыццявіць запаведзі любові ў адносінах да сужэнца, дзяцей і іншых людзей. Сямейнае жыццё часта становіцца руцінаю, напоўненай рознымі клопатамі і праблемамі, таму штодня неабходна рабіць вялізныя высілкі, каб перамагчы свой эгаізм. Нярэдка я ўпэўненая, што маю рацыю, а Паша — не, таму я спрабую найперш даказаць сваю пазіцыю. Аднак пры ўсім гэтым вельмі важна прагненне дыялогу, і найперш тады, калі ўжо адбыўся канфлікт, супакоіўшыся, спрабаваць пачуць свайго мужа. Майстэрня руху «Сужэнскія сустрэчы» дае нам не толькі інструмент дыялогу, але таксама прапануе сустрэчы ў малых групах, падчас якіх мы разам з іншымі сем’ямі абмяркоўваем складаныя жыццёвыя тэмы, вучымся разумець сябе і свае эмоцыі, знаходзіць прычыну іх узнікнення, каб спраўляцца з сабою.
— Якія плёны рэалізацыі прынцыпаў дыялогу вы заўважаеце ў сваім сямейным жыцці?
— Павел: За час «Сужэнскіх сустрэчаў» у нас нарадзілася трое дзетак, і я ўпэўнены, што гэта не выпадковасць, а перш за ўсё шчыры давер адно аднаму.
— Ганна: У мяне з’явілася ўпэўненасць, што для майго мужа важныя мае пачуцці і мае патрэбы. Вядома, кожнае сужэнства перажывае розныя перыяды, і мы таксама часам аддаляемся, можам штосьці затаіць, перажываць асабісты крызіс, аднак я заўсёды ведаю, што побач са сваім мужам я магу быць самой сабою, магу шчыра размаўляць з ім на ўсе тэмы, дзяліцца сваімі перажываннямі і ў адказ не пачую папроку. Для мяне вельмі важна, каб Паша таксама не баяўся гаварыць мне пра розныя цяжкасці, можа, нават звязаныя са мною. Дар дыялогу дапамог нам збудаваць штосьці цалкам новае... Сёння, пасля 20-ці гадоў сумеснага жыцця, перажыўшы разам многія цяжкасці і маючы пяцёра дзяцей, мы кахаем адно аднаго і разумеем, што гэта сапраўдны дар.
— Павел: Аднак прынцыпы дыялогу — гэта не чарадзейная палачка, якая вырашыць усе праблемы ў сям’і. Найперш — гэта інструмент, з дапамогаю якога трэба шмат працаваць. Важна разумець, што ніхто і нішто не зможа штосьці зрабіць і перамяніць у тваёй сям’і. У нашым руху ніхто не дае парадаў і не павучае, як трэба рабіць, — сужэнствы руху толькі дзеляцца сваім досведам перажывання падобных праблемаў. У «Сужэнскіх сустрэчах» ствараецца атмасфера, у якой муж і жонка могуць размаўляць паміж сабою, аднак праца вядзецца выключна самімі сужэнцамі ўнутры сям’і.
— На пачатку размовы вы гаварылі, што Павел не быў практыкуючым католікам. Як адбылося, што сёння вы ўсёй сям’ёй ходзіце ў касцёл і разам моліцеся?
— Ганна: Для мяне стала надзвычай важна паглыбляць адносіны з Богам, і больш за ўсё мне хацелася, каб Пашка хадзіў разам са мною і дзецьмі ў касцёл, каб гэта яшчэ больш нас аб’ядноўвала. Прынцыпы дыялогу дапамаглі мне прыняць чалавека, які побач са мною, з усімі яго магчымасцямі і абмежаваннямі, перастаць яго змяняць, «падганяючы» пад свой ідэал. Таму я старалася не крытыкаваць і не паскараць яго шлях да веры.
— Павел: На пачатку нашага сумеснага жыцця я быў католікам паводле хросту. Доўгі час я разам з сям’ёю хадзіў у касцёл без унутранай патрэбы, «адбываў» нядзельную гадзіну. Аднак пасля гэта перарасло ў штосьці большае. Перажываючы сустрэчы з сем’ямі нашага руху, я бачыў, як на практыцы ажыццяўляецца Евангелле, і як Хрыстус прысутнічае ў жыцці гэтых сем’яў. На прыкладзе іншых сем’яў я бачыў жывое сведчанне хрысціянскага жыцця, якое мяне прываблівала. Я адчуў, што любоў там, дзе цябе чуюць, прабачаюць і не асуджаюць.
— Ганна: Наша вера ўзмацнялася таксама ў цяжкасцях, калі мы адчувалі на сабе клопат і любоў Бога. У некаторых сітуацыях мы разумелі, што Яго Провід кіруе нашым жыццём. Напрыклад, пасля нараджэння другога дзіцяці ўрачы рэкамендавалі нам больш не планаваць дзяцей, аднак цудам нарадзілася яшчэ трое.
— Жывая вера немагчымая без малітвы — шчырай размовы з Богам. Як дапамагаюць прынцыпы дыялогу ў малітве?
— Павел: Безумоўна, у размове з Богам усё больш складана, чым у размове з Аняй, бо я яе бачу, аднак усё магчыма.
— Ганна: Раней вера была для мяне толькі ўсведамленнем таго, што ёсць Бог, вялікі, далёкі і недасяжны. З цягам часу і дзякуючы «Сужэнскім сустрэчам» я пачала выкарыстоўваць прынцыпы дыялогу таксама ў размове з Богам, які стаў для мяне блізкім і адчувальным. Часам я не магу справіцца з сабою і аддаляюся ад Бога, як і аддаляюся ад Пашы, аднак я вучуся размаўляць з Хрыстом — скардзіцца, крычаць, смяяцца, праслаўляць і захапляцца Ім. Такім чынам мае адносіны з Богам сталі блізкімі і жывымі. Безумоўна, надалей для мяне застаецца вялікай праблемай пачуць Яго словы і не заглушаць іх сваімі ўстаноўкамі і планамі, аднак я дакладна ведаю, што Бог прамаўляе праз Святое Пісанне, праз людзей і падзеі. Правілы дыялогу адкрылі для мяне магчымасць жыць у дыялогу з Богам.
— Ці ёсць у вашай сям’і малітва праслаўлення?
— Павел: У нас не заўсёды атрымліваецца збірацца на супольную малітву, аднак кожная наша малітва пачынаецца словамі праслаўлення і падзякі.
— Ганна: Для мяне вельмі важна кожны дзень заўважаць Божую прысутнасць і Божыя дары, таму мы стараемся вучыць гэтаму і нашых дзяцей. Паша, у адрозненне ад мяне, гаворыць коратка і канкрэтна. Мне вельмі падабаецца, калі ён простымі словамі праслаўляе Бога і дзякуе, што Ён ёсць у нашым жыцці і мы можам разам збірацца ў Яго прысутнасці.
— Закончыць нашу размову хацелася б пытаннем пра любоў як падмурак сямейнага жыцця. Як Вам удалося захавасць свежасць адносінаў праз 20 гадоў шлюбу?
— Павел: Справа ў тым, што пасля шлюбу каханне становіцца іншым. Мы па-іншаму пачынаем ставіцца да гэтага слова і адно да аднаго. Цяпер маё каханне да Ані не слабейшае і не мацнейшае, а проста адрозніваецца ад таго, якое было перад шлюбам.
— Ганна: Сёння я разумею, што перад вяселлем я была закаханая ў іншага Пашу. Гэта было прыгожае і важнае пачуццё, аднак тое, што мы адчуваем цяпер, больш глыбокае і сталае. У сям’і чалавек цалкам раскрываецца, становіцца самім сабою. Кожны з нас развіваецца і змяняецца, мы перажываем розныя крызісы, аднак яны становяцца для нас пераходам на новы ўзровень. З нараджэннем дзяцей у нас з’явіліся новыя ролі бацькоў, але мы памятаем, што перш за ўсё застаемся мужам і жонкаю. Першасная наша роля — гэта роля сужэнцаў, а толькі пасля — роля бацькоў. Мы разумеем, што калі мы не будзем клапаціцца пра сваё сужэнства, то і бацькамі мы будзем дрэннымі.
— Павел і Ганна, вялікі дзякуй за шчырую і цёплую размову!
Размаўляла Кацярына Дурко
Фотаздымкі з сямейнага
альбома Баярчукоў
Рух «Сужэнскія сустрэчы» на працягу года
ладзіць рэкалекцыі-ўікэнды для сужэнцаў,
а таксама праводзіць «Вечары для закаханых»
для параў, якія плануюць заснаваць сям’ю.
Нумар тэлефона (Мiнск)
+375 29 652 11 44