«Не ты пішаш ікону, а ікона піша цябе...» Размова з вучаніцаю іканапіснай школы

Часам у сваёй стужцы навінаў у Фэйсбуку я бачыла фота з іканапісных варштатаў: людзі самага рознага ўзросту ў прыязнай атмасферы вучыліся пісаць іконы. Адной з удзельніцаў гэтых варштатаў была беларуская дзяўчына Валянціна Аўсянікава з Віцебска, з якой я вырашыла паразмаўляць пра гэтую школу іканапісу, пра ікону як феномен культуры і яе глыбокі духоўны сэнс.


— Валя, раскажы, калі ласка, пра іканапісныя варштаты, куды ты нядаўна ездзіла. Як ты туды трапіла?

— Ездзіла ў іканапісную школу я не ўпершыню: гэта была мая чацвёртая паездка. Школа знахо­дзіцца ў Львове, пры Украінскім каталіцкім універсітэце, і пачала яна сваю працу ў 2005 годзе. Там прапануецца летняя трохтыднё­вая праграма, а таксама суботняе навучанне, пасля якога выдаецца сертыфікат, і ёсць стацыянарнае навучанне на тры гады.

Асаблівасць навучання ў гэтай іканапіснай школе ў тым, што там не толькі вучышся пісаць іконы, але, што вельмі важна, вывучаеш тэорыю іканаграфіі. Курс лекцый па гадзінах амаль роўны з практычнай часткай.  Тэорыя дапамагае бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй іконы, з яе канонамі, асаблівасцямі, значэннем колеру і сімволікай. Яшчэ адна асаблівасць школы ў тым, што яна наследуе іканапіс XIV–XVI стагоддзяў, але там не проста стараюцца зрабіць копію іконы, а імкнуцца паўтараць гэта так, як рабіў аўтар. Для гэтага школа супрацоўнічае з рэстаўратарамі Нацыянальнага музея імя Шэптыцкага, дзе захоўваецца вялікая колькасць прыгожых іконаў. Іканапісцы вывучаюць асаблівасці гэтай складанай тэхнікі, а гэта вельмі цікава, бо візуальна той самы колер можна атрымаць з дапамогаю розных пігментаў. А яшчэ ў летняй школе арганізуюць экскурсіі, падчас якіх можна ўбачыць арыгінал іконы, якую ты пішаш. І, хіба, самае каштоўнае ў гэтай школе тое, што яна стваралася для ўсіх ахвотных, незалежна ад узросту, мастацкіх здольнасцяў, і такою яна застаецца і сёння.

— Калі наогул у цябе ўзнікла жаданне пісаць іконы?

— Напэўна, гады чатыры назад, за год да маёй першай іканапіснай школы. Але цікавасць да іконы была ўжо даўно: яна прыцягвала мяне сваёй «незразумеласцю». У студэнцтве я нават пісала курсавую па іканаграфіі Багародзіцы, і гэта было хутчэй «для сябе», чым для заліку. І мая цікавасць то з’яўлялася, то знікала, але пісаць іконы я не рашалася, напэўна, з-за таго, што я чула пра іканапісцаў: маўляў, трэба пісаць па канонах, чытаць вызначаныя малітвы, пасціцца, атрымаць благаслаўленне і гэтак далей. Ну і самае «цікавае» ў гэтым спісе: ты ж каталічка, якія іконы?!

Жаданне пісаць прыйшло ціха і па-чалавечы, у самы не падыхо­дзячы для гэтага момант. Я ез­дзіла аніматарам з падлеткамі ў горы. Ужо ў першыя паўгадзіны нашага пад’ёму ўсе пачалі скар­дзіцца, што яны стаміліся, увесь астатні час займалі размовы, жарты і розныя глупствы. Не бы­ло часу на цішыню і асабістыя роздумы, але сярод гэтага ўсяго ў сэрцы з’явілася вельмі канкрэтнае жаданне пісаць іконы, яно было падобным да запрашэння: «Ты можаш гэта зрабіць, калі хочаш».

Прайшло некалькі месяцаў, але жаданне не знікала. І мы сустрэліся з адным з аніматараў той паездкі і пачалі размаўляць. Аказалася, што ў кожнага з нас было сваё «запрашэнне» і гэтыя горы многае памянялі, хоць гэта быў зусім непрыдатны момант. Я пачала расказваць пра тое, што мне бывае балюча бачыць у нашых касцёлах знутры, напрыклад, абразкі з бляскам і перламутрам... Бог жа дае ўсім таленты, і дзіўна, калі замест напісанай іконы вісіць друк на банеры! Не прайшло і тыдня, як да мяне падышоў адзін з айцоў дамініканаў і проста пачаў распавядаць пра тое, што яму балюча глядзець на некаторыя касцёлы: няўжо Бог не варты таго, каб для Яго было ўсё добра зроблена? Гэта дакладна апісвала тое, што адбывалася ў мяне ўнутры. Я стаяла, слухала і ў мяне па шчоках цяклі ў два ручаі слёзы. Я распавяла пра жаданне пісаць іконы, і мы вырашылі маліцца аб тым, каб мне знайсці іканапісную школу.

Праз пару месяцаў пошуку я знайшла толькі адзін манастыр, які мне быў вельмі блізкі, але ён знаходзіўся амаль у Сібіры. Туды трэба было з’ехаць на год, а я заканчвала магістратуру, і перада мной быў год размеркавання. Пакінуць усё, з’ехаць, ды яшчэ і ў праваслаўны манастыр... «Бог умее адкрываць любыя дзверы, — пачула я ад гэтага святара, — давай маліцца далей». Прыходжу дадому, а ў мяне ўнутры толькі адно: «Любыя дзверы... Так, вядома, але не ў Сібір жа!» Я села за камп’ютар і ўвяла ў пошук тую ж фразу, якую шукала раней, — «іканапісная школа», і першым радком у пошуку з’явілася інфармацыя пра школу «Радруж» у Львове, і ў мяне не заставалася ўжо ніякіх пытанняў: я чытала і разумела, што мне ўсё падабаецца. Потым было яшчэ шмат гісторый з маімі зборамі, пошукам жылля ў Львове, але ўсё гэта праходзіла для мяне з разуменнем, што «Бог адчыняе любыя дзверы», і Ён даваў мне роўна столькі, колькі мне трэба было, каб туды паехаць.

 — Ці задаволеная ты ўзроўнем атрыманых ведаў у Львове?

— Так, узровень вельмі высокі, і, незалежна ад першапачатковай базы ведаў, усё зразумела і вельмі цікава. У мяне мастацкая адукацыя, і спачатку я думала, што мне не так ужо і шмат чаму трэба будзе, каб навучыцца. Але мая адукацыя дапамагла толькі ў тым, што ў мяне ўжо «пастаўленая» рука і няма страху нешта зрабіць не так. З тэорыяй тая ж гісторыя: я думала, што пасля пяці гадоў вывучэння гісторыі мастацтва ва ўніверсітэце нічога глабальна новага мне ўжо не распавядуць, але разглядаць мастацтва праз прызму хрысціянства было нечым новым, а пра мастацтва як узаемаадносіны чалавека з Богам, пошук прыгожага як пошук Бога не напісана нават у мастацтвазнаўчых кнігах. На практычныя заняткі я кожны год трапляла да розных выкладчыкаў — гэта таксама вельмі каштоўна, бо яны перадаюць не толькі веды і майстэрства, але і свой асабісты вопыт.

— У чым самае важнае адрозненне іконы ад карціны? Чаму іконы пішуцца менавіта такім «дзіўным» стылем?

— Канон зараджаўся яшчэ ў самым пачатку хрысціянства. Гэта былі сімвалы Хрыста, Апошняй Вячэры, якія захаваліся ў катакомбах. Потым пачалі рабіць выяву Хрыста як чалавека, а не проста сімвал: у выглядзе пастуха, цара на троне. Цікава, што гэтыя выявы былі ўзятыя з выяваў паганскіх багоў для таго, каб лю­дзям не трэба было тлумачыць, што на троне сядзіць імператар, таму ён апрануты ў пурпур, — пра гэта ўсе ведалі. А каб паказаць, што гэта не паганскі бог, уводзіліся новыя элементы, так з’явіўся крыжаваны німб у Езуса. Пасля іканаборства былі прынятыя агульныя каноны ў адлюстраванні Хрыста, Багародзіцы. Гэтак утварыўся «дзівосны» стыль, характэрны толькі для іканапісу. Мне здаецца, што гэта такі баланс бачнага і схаванага ў знаках. Ікона — гэта своеасаблівае «акно ў неба», спроба паказаць Боскае звычайнымі мастацкімі сродкамі, таму тут існуе зваротная перспектыва. Мне некаторыя іконы нагадваюць кнігу Апакаліпсісу: яна таямніча-прыгожая, сімвалічная, і ў ёй часта ўжываецца слова «падобны», як быццам не хапае слоў, каб апісаць убачанае, таму выкарыстоўваюцца знакі, якія маглі б у сабе гэта змясціць.

— Я чула, што для напісання добрай іконы трэба быць чалавекам глыбокай веры, быць чалавекам малітвы. Наколькі гэта так? Або не так?

— Са сваёй першай іканапіснай школы я прыехала з адной фразай: «Не ты пішаш ікону, а ікона піша цябе». Як я ўжо сказала, асаблівасць львоўскай іканапіснай школы ў тым, што туды прымаюць усіх жадаючых, незалежна ад мастацкага або «малітоўнага» ўзроўню. Ты пішаш ікону, а Бог у табе нешта ў гэты момант таксама піша, хутчэй, нават рэстаўруе. І сказаць, што хтосьці не можа пісаць ікону, — гэта тое ж самае, што сказаць Богу, што Ён не мае права змяняць сэрца гэтага чалавека.

Я баялася іканапісу, таму што думала пра сваю неадпаведнасць яму. Як дакрануцца да гэтага? Як гэтага дасягнуць? Я ж усё адно грэшная! А цяпер я разумею, што адпавядаць і не трэба, бо проста не зможаш: гэта як патрапіць у рай сваімі сіламі. Для мяне ікона — гэта яшчэ адзін спосаб вучыцца давяраць Богу: ты молішся, пішаш, вучышся не наракаць на сваю працу і не шукаць недахопы, а бачыць толькі прыгожае, імкнуцца зрабіць добра настолькі, наколькі гэта цяпер магчыма.

— А як выглядае працэс навучання? Ікона — гэта самавыяўленне мастака, яго ўласнага бачання? Або гэта найперш строгія каноны і бездакорнае капіраванне ўжо вядомых кананічных іконаў?

— Капіраванне — гэта вельмі важная частка любога навучання, бо, капіруючы лепшыя працы, ты вучышся ў найлепшых майстроў. Ёсць аўтарскія іконы, калі мастак не проста капіруе канон, а прыўносіць нешта сваё. Гэта не просты шлях іканапісца, бо ты пішаш не проста карціну, дзе можна сказаць «я так бачу», а важна дакладна ведаць значэнне колеру і сімвалаў, каб гэта было сапраўды іконаю. Мне вельмі падабаюцца іконы, намаляваныя Святаславам Уладыкам. Гэта і канон, і сімвалізм, і сучасная графіка.

— Што б ты магла сказаць чалавеку, які любіць і ўмее добра маляваць і хацеў бы прымяніць свой талент у іканапісе?

— Іканапіс — гэта праца не толькі для тых, хто ўмее і лю­біць маляваць, бо гэтыя ўменні зусім не асноўныя. Важна само жаданне пісаць іконы, а калі яно ёсць, то варта памаліцца і спрабаваць, таму што Бог дае гэта жаданне з нейкай мэтаю. Для мяне ікона — гэта дарога, дзе сам час ужо штосьці вельмі важнае. Перад напісаннем іконы мы кожны дзень чыталі розныя малітвы іканапісца, але мне найбольш запомніліся вось гэтыя словы: «Пане, правядзі рукой недастойнага слугі Твайго... і благаславі тых, хто будзе маліцца перад гэтаю іконаю... каб годна пакланяліся Табе».


Гутарыла Вольга Качалка
Фота Валянціны Аўсянікавай

Цэтлікі: Інтэрв’ю

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней