Доктар Міла

У гэтым артыкуле я хачу расказаць пра жанчыну, з якой пазнаёмілася год назад, і якой не стала не так даўно: 7 сакавіка яна адышла да Пана на 73-м годзе жыцця. Як кажуць яе сябры, яна была падрыхтаваная да смерці, прымала святую Камунію і не баялася адыходу ў іншы свет. Усё сваё жыццё Людміла Баракава працавала з цяжарнымі жанчынамі — будучымі мамамі. З яе дапамогаю многія пары станавіліся здольнымі за­чаць дзіця. І шлях да пазнання Бога ў гэтай жанчыны быў дзівосны: яе служэнне лю­дзям адыграла ў гэтым вялікую ролю...


Міла (так яе называлі добрыя знаёмыя) — гінеколаг з 40-гадовым стажам. Яна нарадзілася ў Расіі і скончыла медыцынскі ўніверсітэт у Ленінградзе. Працавала акушэрам-гінеколагам у радзільных дамах, атрымала там вялізны вопыт. Міла з сумам прызнавалася, што рабіла жанчынам і аборты... Але ў пэўны перыяд яе жыцця прыйшло разуменне таго, што аборт — гэта забойства дзіцяці. У 2005 годзе Міла пазнаёмілася з Галінай Масленнікавай, і гэтае знаёмства стала ў яе жыцці паваротным. Галіна Аляксандраўна на той час ужо 10 гадоў займалася метадамі распазнавання плоднасці (МРП) і была прафесіяналам высокага ўзроўню. З часу гэтага знаёмства Міла ўжо вельмі сур’ёзна занялася вывучэннем, а потым і навучаннем іншых людзей МРП. Яна лічыла вельмі важным, каб сем’і маглі бяспечна для свайго здароўя планаваць зачацце дзетак, не забіваючы зачатых дзяцей і не выкарыстоўваючы абартыўных і кантрацэптыўных сродкаў.

Метады распазнавання плоднасці (або натуральнае планаванне сям’і) — гэта на сённяшні дзень самы эфектыўны спосаб планаваць цяжарнасць, гэта зусім не «каляндарны метад», у эфектыўнасці якога многія расчароўваюцца, гэта метад комплекснага назірання за жаночым арганізмам, вымярэнне базальнай тэмпературы і інш. Міла са сваім вялікім вопытам акушэра-гінеколага стала выдатным інструктарам натуральных метадаў планавання сям’і, і дзякуючы ёй у многіх параў з’явіўся рэальны шанец нара­дзіць дзіця, калі ім ужо здавалася, што яны бясплодныя. Разам з Галінай Масленнікавай Людміла праводзіла вялікую колькасць семінараў, сустрэч, давала шмат кансультацый у розных гарадах Расіі і на постсавецкай прасторы.

Яшчэ адзін вельмі плённы перыяд у жыцці Людмілы пачаўся тады, калі яна стала кансультантам і адною са стваральніцаў праекту Babynar.ru. Гэта дыстанцыйныя онлайн-курсы для засваення метадаў распазнавання плоднасці, а таксама сістэма падрыхтоўкі настаўнікаў метадаў. На сённяшні дзень гэты праект дапамог сотням жанчынаў і падрыхтаваў вялікую колькасць кансультантаў.

Маё знаёмства з Мілаю адбылося ў 2018 г. падчас семінара дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» ў Магілёве, які займаецца абаронаю жыцця і сям’і, а заснавальнікі фонду — каталіцкая сям’я Валаховічаў. На той час Міла ўжо жыла ў Магілёве, праводзіла вэбінары і онлайн-кансультацыі, а таксама супрацоўнічала з фондам «Адкрытыя сэрцы». «Мы пазнаёміліся з Мілаю ў чэрвені 2007 года ў Маскве на семінары па МРП, — расказвае Алена Валаховіч, — і былі ў захапленні ад таго, што ўпершыню ў сваім жыцці сустрэлі гінеколага, які настолькі шануе і паважае чалавека ў прынцыпе, не кажучы ўжо пра плоднасць, зачатае дзіця, роды і гэтак далей. У 2002 годзе ў нас нарадзілася першае дзіця праз кесарава сячэнне, і на той момант мы разумелі, што па медыцынскіх паказчыках у далейшым я змагу нарадзіць толькі праз кесарава. І якое ж было наша здзіўленне і радасць, калі даведаліся, што пасля кесарава можна нарадзіць натуральным шляхам! Прычым Міла прапанавала сваю дапамогу — пабыць з намі дома да родаў. Усё атрымалася, дзіця нарадзілася натуральным шляхам. Вядома, лекар, які прапануе сваю дапамогу, выклікае давер. Таму ў лютым 2008 года мы запрасілі яе для чытання лекцый у каталіцкіх парафіях Віцебскай дыяцэзіі. Пасля лекцый, як правіла, многія жанчыны вымалі спіраль, каяліся ў зробленых абортах. Вядома ж, у іх была магчымасць навучыцца натуральным метадам распазнавання плоднасці. Былі арганізаваны заняткі па вывучэнні гэтага метаду. Для многіх гэта быў як глыток свежага паветра, таму што на самай справе для жанчын магчымасць зацяжа­рыць, іх плоднасць, была хутчэй праблемай, а не радасцю, і тым больш не прымалася як Божы дар. Нягледзячы на адлегласць, мы з Магілёва ездзілі ў Паставы, Лынтупы, Мёры, Верхнядзвінск і іншыя гарады. Гэта стала пачаткам нашай дзейнасці па абароне жыцця і сям’і. Потым летам мы сталі праводзіць тыднёвыя семінары па МРП, рыхтуючы ўжо настаўнікаў гэтага метаду, якія самі маглі б на месцах навучаць жанчын, а Міла вельмі ахвотна пачала праводзіць гэтыя семінары. З цягам часу, калі была падрыхтавана ўжо досыць вялікая колькасць настаўнікаў метаду, мы пачалі праводзіць для іх семінары з паглыбленым вывучэннем МРП. Можна сказаць, што фонд „Адкрытыя сэрцы” паўстаў у вялікай ступені дзякуючы служэнню Мілы».

Семінар «Экалогія сужэнства» ў Оршы

Алена ўспамінае таксама, што падчас знаёмства з Мілаю ў яе не было адчування, што гэтая жанчына была няверуючай: «Бог быў у яе жыцці заўсёды. Яна нам распавядала, як у цяжкіх, нават небяспечных для жыцця сітуацыях, яна адчувала Яго дапамогу, а Меджугор’е стала проста фінальнай кропкай на яе шляху да Бога... Пачалося ўсё наступным чынам. Адна маладая ўкраінка, прыехаўшы ў Меджугор’е, горача малілася аб тым, каб знайсці спонсараў для арганізацыі пілігрымак украінскай моладзі ў гэтае святое месца. Практычна адразу да яе падышоў нейкі англічанін, які, зноў жа, падчас малітвы зразумеў, што ён павінен прапанаваць гэтай дзяўчыне сваю фінансавую дапамогу для таго, каб вазіць сюды ўкраінскіх гінеколагаў, а Міле прапанавалі суправаджаць групы гінеколагаў у гэтых паездках».

Аповед пра гэтыя паездкі ў Меджугор’е я пачула і ад самой Мілы, з яе дазволу запісала яго і хачу гэтым цудоўным сведчаннем падзяліцца:

«Я супрацоўнічала з адным украінскім фондам, які займаўся кансультаваннем па метадах распазнавання плоднасці. Яны прапанавалі мне вазіць групы гінеколагаў у Меджугор’е. На той час, у 2008 годзе, я пачула пра гэтае месца ўпершыню. Шлях туды — паўтары тысячы кіламетраў, і падчас паездкі мы, кіраўнікі групы, чыталі лекцыі для дактароў-гінеколагаў па МРП. Звычайна я ўмею наладжваць кантакт з аўдыторыяй, а тут я адчула, што мяне проста ненаві­дзяць: людзі крычалі, абражалі, я зразумела, што яны нас не пачулі. Я хацела сказаць ім, што калісьці была адною з іх, у пачатку сваёй практыкі таксама рабіла аборты, назначала таблеткі. Я хацела паказаць, што існуе іншы кірунак мыслення. Адным словам, першая група мяне не ўспрыняла, але з цягам часу, з вопытам, мы былі ўжо добра падрыхтаваныя да дыялогу з дактарамі. Усяго мы звазілі ў Меджугор’е 16 груп дактароў. Падчас адной з апошніх паездак, гэта быў кастрычнік 2013 года, я адчула такі вялікі згустак агрэсіі, скіраваны на мяне, што мяне быццам ахінула нейкая чорная заслона. Вынікам стала маё падзенне падчас узыходжання на гару, гэта быў нейкі эмацыйны ўдар. Каля сёмага прыпынку я ўпала, моцна ўдарылася спінаю і параніла патыліцу. У мяне здарыўся інсульт, што прывяло да атрафіі зрокавага нерва і страты зроку на адно вока... Потым ва Украіне пачалася вайна і туры ў Меджугор’е перапыніліся.

Фота: Андрэй Свадзебнік

Я ўспамінаю той час як неверагодны вопыт. З гінеколагамі вельмі цяжка размаўляць на тэмы абортаў, кантрацэпцыі, але плады тых паездак былі вялікія. Некаторыя гінеколагі нават сыходзілі з прафесіі або пераставалі рабіць аборты, было шмат навяртанняў, шмат пакаянняў. Меджугор’е ўвогуле лічыцца сусветнай спавядальняй. Калі людзі прыязджаюць туды, у многіх першае жаданне — пакаяцца, паспавядацца і прыняць Камунію. Шлях да веры наогул няпросты... Я сама вельмі доўга да гэтага ішла. Ездзячы ў Меджугор’е, я пастаянна быццам пыталася ў Багародзіцы, ну калі ж ужо можна мне паспавядацца. А Яна адказвала мне, каб я яшчэ трошкі пачакала. Але тое, што я буду каталічкаю, я чамусьці ведала ўжо даўно. Мой пераход у каталіцтва адбыўся ў 2011 годзе, мы ўжо 3 гады вазілі групы ў Меджугор’е. Падчас паездак я пазнаёмілася з айцом Андрэем, які працаваў у Запарожжы. Калі Багародзіца „падказала“ мне, што я магу ўжо прыступіць да сакрамэнту споведзі і прыняць Камунію, я паехала ў Запарожжа на тры дні. Гэта была субота, айцец Андрэй мяне паспавядаў, а першая Камунія адбылася ў нядзелю. Калі мне прыйшоў час ад’язджаць, айцец спытаў, ці ведаю я, якое цяпер свята, а я не ведала... Гэта быў дзень Божай Міласэрнасці, і гэты маленькі цудоўны касцёл меў такі самы тытул. А яшчэ айцец сказаў, што таму чалавеку, які прыступае ў свята Божай Міласэрнасці да першай споведзі, адпускаюцца ўсе грахі, нават тыя, пра якія ён ужо зусім забыўся, таму яго душа чыстая, як у немаўляці. Ведаеш, я адчула сябе неверагодна! З гэтым пачуццём я паехала ў чарговую паездку ў Меджугор’е і там я перажыла сапраўдны цуд — мне з’явіўся мой анёл...

У Меджугор’і ёсць гара Крыжэвац, на якой стаіць вялікі крыж, яго бачна з усіх бакоў мясцовасці. Мы жылі за пару кіламетраў ад Крыжэўца. Штодня я вельмі рана прачыналася: а 6-й гадзіне там ужо ярка свеціць сонца. Я піла каву, потым малілася і вельмі часта глядзела на вялікі крыж на гары, увесь асветлены сонцам. І вось аднойчы я гляджу на гэты крыж і бачу, што да яго ляціць вялікая птушка і сядае на самы верх крыжа. Канешне, крыж быў далёка, але я тады падумала, якая ж вялізная птушка! Калі параўноўваць яе з крыжам, то яна была не меншаю за паўтара метра. Такіх вялікіх птушак я тут не бачыла. Я выйшла, узяла фотаапарат, вярнулася, птушка яшчэ сядзела, і я зрабіла некалькі здымкаў. Калі я на момант адвярнулася, то ўжо не ўбачыла той птушкі. Гэта быў дзень майго зачацця, 10 мая. Потым я забылася пра гэты выпадак. А па прыездзе, калі я ўжо была на семінары ў Казахстане, выпадкова ўбачыла свае кадры з той паездкі на камп’ютары. Я прыблізіла фатаграфію і ясна ўбачыла абрысы чалавека, гэта мяне моцна здзі­віла. Я паказала фота святару, запыталася, што гэта можа быць, а ён, не вагаючыся, адказаў, што гэта мой Анёл Ахоўнік».

...Апошнія дні свайго жыцця Міла правяла ў сваіх сяброў Уладзіслава і Алены Валаховічаў у Магілёве. Яны ад свайго імя кажуць вялікі дзякуй тым, хто малітваю, грашыма або звычайнай падтрымкаю дапамагалі Міле ў цяжкі і такі важны для яе час. Як кажа Алена, Міла кожны дзень атрымлівала дзясяткі пасланняў, нават у апошні вечар, калі ў яе ўжо зусім не было сілаў, Алена і Уладзіслаў зачытвалі ўслых усе словы ўдзячнасці Міле.

Вядома, я не магу расказаць пра ўсё, што рабіла Людміла, у якіх ініцыятывах яна была задзейнічана. Я проста хацела распавесці пра тое, што сама ведаю і чула ад іншых і ад яе самой. Думаю, самым важным для Мілы было б тое, каб справа яе жыцця, яе сілы і веды працягвалі жыць у тых сем’ях, якім Міла дапамагла. Метады распазнавання плоднасці — гэта адзінае выйсце для хрысціянскіх сем’яў, якія хочуць у радасці будаваць сваё жыццё, планаваць цяжарнасць, граматна падыходзячы да ўсіх працэсаў, звязаных з зачаццем і нараджэннем новага жыцця.

Уся інфармацыя пра беларускі дабрачынны фонд
«Адкрытыя сэрцы», які праводзіць семінары
па метадах распазнавання плоднасці і рыхтуе да родаў,
дае шмат важнай інфармацыі пра шкод­насць кантрацэптываў, — на сайце
prolife-belarus.org


Вольга Качалка
Фота на вокладцы: Анастасія Шарапава

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней