Трэба ўмець чакаць...

 

У першую нядзелю кастрычніка ў віцеб­скай парафіі Святога Духа адбылася Імша ў інтэнцыі настаўнікаў, прымеркаваная да прафесійнага свята педагогаў. Адна з такіх педагогаў — Анэля Зайцава, парафіянка гэтай жа парафіі, актыўная ўдзельніца каталіцкага жыцця ў горадзе. Філолаг паводле адукацыі, яна шмат гадоў займаецца навучаннем дзяцей і моладзі польскай мове. Пра карані яе асабістага захаплення моваю суседняга народа, пра поспехі выхаванцаў Анэлі Зыгмунтаўны ў навучанні — наша размова

— Анэля Зыгмунтаўна, чаму менавіта польская мова? Калі прыйшло да Вас такое захапленне?

— З часоў касцёльнага маленства. Паходжу з каталіцкай сям’і, з парафіі святога Станіслава, што ў вёсцы Далёкія на Браслаўшчыне. Там прыняла ўсе сакрамэнты, там далучылася да актыўнага хрысціянскага жыцця. Ад самага пачатку польская мова асацыявалася ў мяне з Божым храмам, з малітвай, рэлігійнымі спевамі. Піетэт застаўся на ўсё жыццё, таму тут, у Віцебску, ужо падчас працы ў гімназіі, дзе была настаўніцай і загадвала бібліятэкай, арганізавала гурток па вывучэнні мовы і пачала выкладаць для ахвотных гэты прадмет, чым і па сённяшні дзень вось ужо больш за 20 гадоў займаюся.

— Не баіцеся папрокаў у прапагандзе чужой мовы? Маўляў, сваёй не ведаем, а тут яшчэ — польская? 

— Зусім не баюся. Хіба адно аднаму можа шкодзіць? Калі польскія святары і манашкі нашу мову вывучаюць і часам ледзь не часцей за нас саміх ёю карыстаюцца, дык чаму мы не можам выказаць гэткую ж пашану да іх мовы? Калі гэтак вузка глядзець, дык тады на­огул нічога не трэба спасці­гаць. Нездарма ж кажуць: колькі моваў ведаеш, гэтулькі разоў ты чалавек. Веданне гісторыі суседняй краіны, яе культуры, мовы яшчэ, здаецца, нікога духоўна не збядніла. Тым больш, што і мовы падобныя, з аднаго кораня паходзяць. 

— І тым больш, што з карыстаннем роднаю ў Вас, як бачна, праблем няма. Відаць па тым, як Вы актыўна бераце ўдзел у беларускамоўных імпрэзах пры культурна-рэлігійным цэнтры парафіі Езуса Міласэрнага…

— Канечне. Творы класічнай беларускай літаратуры, айчыннай паэзіі, прозы, вершы Барадуліна, іншых сучасных творцаў, жывых і тых, што адышлі ў вечнасць,  — усё гэта сваё, роднае, блізкае. І мова — таксама. Інакш не ўяўляю.

— Вашы выхаванцы заўсёды займаюць прызавыя месцы на розных польскамоўных конкурсах. У чым сакрэт такога поспеху?

— Ніякага асаблівага сакрэту няма. Проста — праца, але з элементамі гульні, спеваў, музыкі, дэкламавання твораў мастацкай літаратуры. Важна ўмець заахвоціць дзяцей. І вельмі пазітыўная, станоўчая рэч у працэсе навучання — зацікаўленасць бацькоў. Ёсць яна ў сукупнасці з жаданнем дзіцяці вучыцца — і вынік не прымусіць чакаць. Гэта можна сцвярджаць не толькі пры навучанні польскай мове, але і ў навучанні любому прадмету.

— Каго з сённяшніх гурткоўцаў Вы маглі б назваць у пераліку тых, хто найбольш радуе сваімі поспехамі?

— Напрыклад, сёлетніх прызёраў дыяцэзіяльнага конкурсу на лепшага дэкламатара польскага верша: Яну Латыш, якая, дарэчы, становіцца прызёрам з года ў год, Дар’ю Дзербянкову, Мікіту Папова, якія будуць прадстаўляць Віцебшчыну на аналагічным конкурсе ў Гродне. Не магу не адзначыць і Катажыну Пянткоўскую, і Карыну Мацыняк, і Тамару Савіну, і Арыну Глухоўскую, і Аляксандра Юковіча. Наогул, шмат вартых увагі і ўхвалы дзяцей — старанных, дбайных, артыстычных.

— Так атрымліваецца ў Вас, што вывучэнне мовы ў гуртку тут жа набывае і ўжытковае прымяненне: у конкурсах, спектаклях, іншых культурніцкіх мерапрыемствах…

— Так, і гэта вельмі добра, бо ўсё гэта не толькі спрыяе замацаванню навыкаў карыстання моваю, але і садзейнічае пашырэнню кругагляду маладога чалавека, развіццю навыкаў сацыяльнай адаптацыі, супрацы ў калектыве, не кажучы ўжо пра развіццё выразнасці маўлення, памяці, умення паводзіць сябе перад аўдыторыяй. Удзел у канцэртах падчас касцёльных або свецкіх урачыстасцяў, у рамках Дзён хрысціянскай культуры, у фестывалях «Зорка Бэтлеема» і «Нас з’яднала зямля Беларусі», што праходзяць у Мёрах, падрыхтоўка сцэнак да святаў Божага Нараджэння і Змёртвых­паўстання — усё гэта не толькі магчымасць прадэманстраваць напрацаванае, але і выдатная нагода для дзяцей праверыць сябе на трываласць ведаў, моц характару.

— Распавядзіце, калі ласка, пра арганізаваны Вамі гурт «Młode listki».

— Гэта дзіцячы мастацкі калектыў, утвораны ў 1999 годзе на грамадскіх пачатках з ліку навучэнцаў музычнай школы і гімназіі — гурткоўцаў па вывучэнні польскай мовы. Калектыў, склад якога, зразумела, штогод абнаўляецца і членамі якога з’яўляюцца юныя прадстаўнікі розных канфесій. Абсягі дзейнасці гурта — усё тыя ж выступленні, канцэрты. У рэпертуары песні — народныя, патрыятычныя, дзіцячыя, вершы знакамітых аўтараў, — напрыклад, Міцкевіча, Канапніцкай і іншых, сцэнкі — як на тэмы біблійныя, так і сучасныя, рэлігійнага або свецкага зместу. 

— Такая шматгранная праца, безумоўна, вымагае шмат часу і сілаў. І жаданы вынік, напэўна, не адразу прыходзіць… 

— Правільна, не адразу. Што было б, каб усё ў жыцці лёгка давалася ды само рабілася? Як пісаў у адным са сваіх вершаў знакаміты ксёндз і паэт Ян Твардоўскі, — трэба ўмець чакаць. У тым ліку і дапамогі Пана Бога. Такая логіка жыцця: маеш цярплівасць чакаць, робіш справу належным чынам — і вынік будзе. Бог дапаможа, нават калі мы часам той Яго дапамогі і не ўсведамляем. 

— Усё ў руках Бога?

— Так. Але ж, напэўна, і чалавека таксама. Бог мала дапаможа таму, хто ў жыцці толькі тое і робіць, што чакае Яго дапамогі. Свет так з Божае ласкі ўладкаваны, што кожны з нас мусіць развівацца. Чагосьці не ведаю — павінен даведацца. Штосьці не ўмею — навучуся. А іначай не выпадае. Бог дае нам дар жыцця, а ўжо як мы ім распарадзімся — найперш ад нас саміх, ад нашай волі і жадання залежыць.

— Поспехаў Вам у працы і ўдзячных вучняў, якія б заўсёды гэта разумелі!

Размаўляў 

Францішак Дубраўскі.

Фота з сямейнага архіва Анэлі Зайцавай. 

 

Цэтлікі: Інтэрв’ю

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней