Вось ужо 12 гадоў католікі Беларусі маюць магчымасць удзельнічаць у святой Імшы, якая транслюецца кожную нядзелю ў прамым эфіры Беларускага радыё. Гэта вялікая Божая ласка для хворых людзей і тых, хто жыве далёка ад касцёла. Каб цэлебраваць св. Імшу па радыё, у мінскую архікатэдру прыязджаюць ксяндзы з розных парафій Беларусі і толькі нязменным застаецца той, хто тэхнічна дапамагае здзяйсняць гэтую святую справу: Аляксандр Міхайлавіч Хаменка, супрацоўнік Белтэлерадыёкампаніі, інжынер, начальнік участка перасовачных сродкаў.
Наш карэспандэнт сустрэлася з Аляксандрам Міхайлавічам адразу пасля нядзельнай святой Імшы ў радыёкласе, пад які абсталявана адно з памяшканняў у мінскай архікатэдры. Ён быў вельмі здзіўлены і сказаў, што ніякай цікавасці для нашага часопіса не мае. І тым не менш нам удалося з ім паразмаўляць.
— Аляксандр Міхайлавіч, праца ў архікатэдры — гэта Ваш уласны выбар альбо яе Вам даручыла кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі?
— Думаю, што 50 на 50. Наша кіраўніцтва прапанавала мне гэтую працу як вопытнаму спецыялісту: я больш за 10 гадоў адпрацаваў на прамых трансляцыях з пасяджэнняў Вярхоўнага Савету. Гэта былі штодзённыя эфіры па 8 гадзінаў у дзень. Трансляцыя святой Імшы — таксама і мой выбар, бо душа гэтага патрабавала. А па сутнасці, я думаю, гэта быў выбар Бога.
— Для Вас гэта больш праца ці служэнне?
— Хутчэй за ўсё — служэнне. Скажу нават, што гэта мой крыж. Я чалавек вельмі адказны: калі бяруся за нейкую справу, стараюся выконваць яе добра, нягледзячы ні на што. Амаль 12 гадоў кожную нядзелю нязменна еду раніцаю ў архікатэдру, каб дапамагчы святарам несці па радыё людзям Божае слова. Ужо даўно не планую ніякіх заняткаў на выходныя дні, бо ў нядзелю трэба вельмі рана ўставаць. Не магу сабе дазволіць больш працяглы адпачынак. Карацей кажучы, пастаянна трэба ад нечага адмаўляцца. Вось сёння, напрыклад, я ўвогуле амаль што не спаў, бо ноччу быў на рэпетыцыі параду, прысвечанага Дню незалежнасці.
Прызнаюся, што адчуваю пэўную асалоду ад гэтай працы. Разумею, што яна вельмі патрэбная людзям, якія не могуць прыехаць у касцёл, асабліва хворым, якія знаходзяцца дома альбо ў шпіталях. Ведаю гэта на прыкладзе роднай цёткі маёй жонкі. Цёця Юзэфа сваё жыццё ахвяравала Хрысту, жыла ў самоце, шмат малілася. Калі была здаравейшаю, хадзіла пехатою альбо ездзіла на веласіпедзе ў рубяжэвіцкі касцёл. Калі ж сур’ёзна захварэла, чакала з вялікай нецярплівасцю нядзелі, каб памаліцца на святой Імшы, што транслюецца па радыё. Не раз чуў і ад іншых людзей, што яны гэтым жывуць. Многія перажываюць падчас радыё-Імшы асаблівыя ласкі, маючы магчымасць у цішыні, калі ніхто не перашкаджае, сам-насам сустракацца з Богам. Гэта не можа не радаваць і мяне як чалавека, які хоць крыху спрычыняецца да шчасця іншых.
— Нашыя высілкі, старанні, тым больш нашая ахвярнасць заўсёды ўзнагароджваюцца Божаю ласкаю. Вы яе адчуваеце ў сваім жыцці?
— Безумоўна. З першых дзён маёй працы ў архікатэдры было адчуванне таго, што я ў сябе дома. Духоўна было вельмі камфортна. З касцёла іду, нібы крылы за плячыма! Мая праца ў архікатэдры падштурхнула і маю жонку часцей бываць у касцёле. Яна з каталіцкай сям’і, але веру не практыкавала. Я сам у маленстве быў ахрышчаны ў праваслаўнай царкве. Мой тата, святой памяці, быў непрактыкуючым католікам, а мама — праваслаўная. Пяць гадоў таму на свой 25-гадовы юбілей сумеснага жыцця мы з жонкаю ўзялі шлюб у касцёле. Я прыняў каталіцкую веру. Дзеці нашыя вельмі радаваліся, бо і сын, і дачка, і ўнук ахрышчаныя ў касцёле. У адзін голас яны сказалі: «Як добра, што ўсе мы цяпер адной веры!». Рашэнне маё было абдуманым і можна нават сказаць выпакутаваным. Я часта задумваўся над балючым пытаннем: «Чаму мы, хрысціяне, падзеленыя?». Потым сам сабе адказаў: «Гэта як у той сям’і, дзе двое дзяцей называюць бацьку па-рознаму — адзін «татам», другі «папай», але сутнасць ад гэтага не мяняецца. Галоўнае, што ў цябе ў сэрцы». Маё сэрца больш цягнулася ў касцёл.
— Прамая трансляцыя святой Імшы па радыё — гэта вельмі адказная справа. Ці ўзнікаюць у Вас нечаканыя праблемы альбо нейкія збоі?
— Як вядома, прафесіянал адрозніваецца ад непрафесіянала тым, што першы пралічвае ўсё, што трэба прадпрыняць, калі здарыцца нейкі збой, і што рабіць, каб яго не было, а калі нават і здарыцца, то каб слухачы гэтага не заўважылі. І ўсё ж аднойчы ў нас была кур’ёзная сітуацыя. У архікатэдры тады працаваў ксёндз Аляксандр Барыла, які павінен быў цэлебраваць св. Імшу ў прамым эфіры, аднак напярэдадні тут працавалі сувязісты і раскамуціравалі лініі. Я аб гэтым не ведаў. Раніцаю зрабіць што-небудзь было ўжо немагчыма. І вось да эфіра застаецца 10 хвілін, а мы з ксяндзом Аляксандрам паляцелі на яго машыне ў Дом радыё. Я дамовіўся, каб святар там змог адслужыць святую Імшу. З намі быў хлопец міністрант, ён і адказваў ад імя парафіянаў на словы ксяндза. Дзякуй Пану Богу, што радыёслухачы ў тую нядзелю не засталіся без Божага слова.
— Дзякуй і Вам, Аляксандр Міхайлавіч, за размову, а таксама за гэта вельмі важнае служэнне на патрэбу людзям і на хвалу Пану Богу.
Размаўляла Галіна Калевіч.
Фота аўтара.