Вучэнне Яна Паўла ІІ адносна чалавечага жыцця

Абарона жыцця — адна з важных тэмаў нашага сайту. Прапануем вам урывак з дакладу арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча «Трыпціх вучэння Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і папы Францішка», з якім ён выступіў падчас першага Міжнароднага малітоўнага кангрэсу ў абарону жыцця, які праходзіў у лістападзе 2021 г. у Навагрудку.

Сутнасць чалавечага жыцця

Святы Ян Павел ІІ увайшоў у сучасную гісторыю Касцёла і свету як абаронца і прамоўтар Божага дару жыцця і яго святасці ў часы крызісу, што ставіць вялікае пытанне пра нашу будучыню.

Сутнасць чалавечага жыцця — гэта неразгаданая таямніца. Яна вечная, як вечны Бог — Творца жыцця, і непасрэдна звязана з існаваннем самога Бога, які з’яўляецца не Богам памерлых, але Богам жывых. Бог з’яўляецца Крыніцаю жыцця, і гэтае жыццё не ёсць толькі існаваннем, бо яно таксама мае духоўны характар. Ян Павел ІІ у энцыкліцы «Evangelium vitae» («Евангелле жыцця») піша, што жыццё чалавека адрозніваецца ад жыцця іншых стварэнняў, бо ён, хоць і створаны з той «самай гліны», але з’яўляецца аб’яўленнем Бога, знакам Яго прысутнасці і славы1.

Сапраўды, чалавек створаны па вобразе і падабенстве Божым (гл. Быц 1, 27) і такім павінен быць. Гэта азначае, што праз стварэнне чалавека адбываецца самаадданне Бога чалавецтву.

Дар чалавечага жыцця

Дар жыцця з’яўляецца самым вялікім дарам Бога, плёнам і знакам Яго любові да самога чалавека2. Бог адорвае яго целам і несмяротнай душой. Гэтую праўду пацвярджае ўцелаўленне Сына Божага, які прыняў чалавечую прыроду разам з целам і душою.

Чалавечае жыццё перадаецца з пакалення ў пакаленне праз нараджэнне новага чалавека, што адбываецца пры ўдзеле Бога3, як вучыць папа Павел VI у энцыкліцы «Humanae vitae» («Чалавечае жыццё»). Бацькі пера­каз­ваюць свайму патомству цела, а Бог — душу. Таму можна казаць, што чалавечае жыццё з’яўляецца двайным дарам: дарам бацькоў, бо гэта плён іх узаемнага кахання, і дарам Бога, як дару ажыўляючай душы. Таму жыццё чалавека найперш належыць Богу. Адсюль вынікае маральны абавязак пашаны гэтага дару, а таксама яго матэрыяльнага, інтэлектуальнага, культурнага і духоўнага развіцця. Недапушчальным з’яўляецца абмежаванне і пазбаўленне жыцця чалавека ад зачацця да натуральнай смерці. Гэта права кожнага чалавека!

Грэх Адама парушыў Богам устаноўлены парадак і стаўся прычынай смерці. Лучнасць з Творцам была знішчана, і толькі Хрыстус, як новы Адам, дзякуючы Пасхальнай Таямніцы сваёй крыжовай смерці і ўваскрасення аднавіў яе. Пасхальная Таямніца Езуса Хрыста стала крыніцай новага жыцця. На крыжы, як вучыць Ян Павел ІІ, нарадзіўся «народ жыцця»4.

Годнасць чалавечага жыцця

Клопату пра абарону жыцця павінен спадарожнічаць клопат пра яго годнасць, што вынікае з факту стварэння чалавека па вобразе і падабенстве Божым (гл. Быц 1, 27). Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што, «паколькі чалавек створаны паводле Божага вобразу, ён мае годнасць асобы: з’яўляецца не чымсьці, а кімсьці, здольным пазнаваць сябе, дабравольна даваць сябе і ўваходзіць у супольнасць з Богам і іншымі асобамі»5. Такой самай годнасцю цешацца мужчына і жанчына, якія ўзаемадапаўняюць адно аднаго6.

Ян Павел ІІ вучыць, што год­насць чалавека вынікае з таго, што ён з’яўляецца ўласнасцю Бога7. Паводле Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, супрацоўніцтва бацькоў з Богам у стварэнні чалавека падкрэслівае яго годнасць8.

Чалавечая годнасць была здэфармаваная першародным грахом (гл. Быц 3, 1–7) аж да такой ступені, што ён пачаў нішчыць жыццё чалавека. Найлепшым прыкладам з’яўляецца забойства Каінам свайго брата Абеля (гл. Быц 4, 1–8). Гэтая сумная гісторыя, на жаль, паўтараецца. Сучасны Каін у вобразе несумленных лекараў забівае ненароджаных і народжаных Абеляў у найлепшых клініках, аднак чалавек не ў безнадзейнай сітуацыі: яго годнасць ізноў заззяла з прыйсцем Хрыста. Толькі ў Ім чалавек можа вярнуць нанова тоеснасць Божага дзіцяці і поўню свайго жыцця9.

Годнасць чалавека таксама ўказвае на мэту яго жыцця: на вечнае жыццё ў Богу, адзінства з Ім, пазнанне і любоў Яго10. Святы Ірынэй з Ліёна кажа, што славаю Бога ёсць жывы чалавек11.

«Чалавечая асоба адначасова з’яўляецца цялеснай і духоўнай <…> і ўдзельнічае ў годнасці Божага вобраза»12, таму чалавек не павінен пагарджаць сваім целам, адносіцца да яго з пашанай, бо яно прызначана да ўдзелу ў Божай славе13. Вартасць чалавека ацэньваецца яго здольнасцямі. У сучасным свеце, на жаль, чалавек цэніцца не па тым, кім ён ёсць, але па тым, што ён мае, у выніку чаго жыццё чалавека знаходзіцца пад пагрозай, бо ўспрымаецца як тавар14.

Пагрозы чалавечаму жыццю

Ян Павел ІІ шмат увагі ўдзяліў праблеме пагрозы чалавечаму жыццю. Чалавечая прырода здэфармаваная першародным грахом і лёгка паддаецца злу. Нездарма святы апостал Павел кажа: «Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю» (Рым 7, 19).

Ян Павел ІІ у энцыкліцы «Evan­gelium vitae» нашу эпоху ацэньваў як эпоху атакі на чалавечае жыццё і падкрэсліваў існаванне адмысловай міжнароднай змовы супраць Божага дару жыцця15. Пры гэтым ён канцэнтраваў сваю ўвагу на пагрозы ад зачацця аж да завяршэння чалавечага жыцця. Да пагрозы зачаццю адносяцца кантрацэпцыя, аборты, апладненне in vitro, эксперыменты на эмбрыёнах і іх выкарыстанне16. Да завяршэння жыцця — эўтаназія17.

Прычыну гэтых анамалій Ян Павел ІІ бачыў у адсутнасці пашаны да Бога і чалавека18. Без Бога чалавек глядзіць на сваё жыццё як на нейкую рэч, на сваю выключную ўласнасць, якой можа маніпуляваць19.

Ян Павел ІІ падкрэсліваў, што ў сучасным свеце адбываецца барацьба паміж культурай жыцця і культурай смерці, у якой праяўляецца змаганне за захаванне нашай цывілізацыі. Ён заклікаў да сусветнай мабілізацыі агульнага сумлення, каб усім разам бара­ніць чалавечае жыццё і будаваць яго культуру20.


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Фота з першага Міжнароднага малітоўнага кангрэсу ў абарону жыцця Марыны Валасар.

_________
1 Пар. EV 34.
2 Пар. тамсама, 81.
3 Пар. HV 8.
4 Пар. EV 51.
5 ККК. Кампендый, 66.
6 Пар. ККК. Кампендый, 71.
7 Пар. EV 34.
8 Пар. ККК. Кампендый, 71.
9 Пар. EV 36.
10 Тамсама.
11 Пар. https://opoka.org.pl/biblioteka/TTD/chwala_boga2.html.
12 Пар. ККК. Кампендый, 69.
13 Пар. GS 14.
14 Пар. EV 23.
15 Тамсама, 17.
16 Тамсама, 61. 13–14. 58–63.
17 Тамсама, 64.
18 Тамсама, 21.
19 Тамсама, 22.
20 Тамсама, 95.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней