Метад распазнавання плоднасці на практыцы

Мы ўжо неаднаразова пісалі пра метад распазнавання плоднасці, які дапамагае або адкласці зачацце дзіцяці, або, наадварот, вызначыць найлепшы момант для зачацця. Гэтым разам мы прапануем вашай увазе аповеды жанчынаў, якія паспяхова карыстаюцца МРП.


Надзея, Мінск

— Мне 34 гады, і ў нас з мужам трое цудоўных дзяцей. Пра метад распазнавання плоднасці я чула не раз, але падрабязнасцяў не ведала. Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці я зразумела, што на чарговую цяжарнасць не гатова ні фізічна, ні маральна. Блізкасць з мужам у мяне выклікала толькі страх цяжарнасці — радасці не было. Напружвае, калі робіш тэст на цяжарнасць, ледзь не кожныя 3 тыдні. Адносіны ў сям’і сталі нацягнутымі. Ніякія метады кантрацэпцыі мне не падыходзяць, бо не хачу жыць у граху. Мне неабходна было знайсці тое, што будзе бяспечна і духоўна, і фізічна, а таксама будзе надзейна працаваць. Такім аказаўся метад распазнавання плоднасці. Вядома, былі сумненні ў дзейснасці метаду, таму я шукала пацвярджэння ў тых, хто гэтым метадам карыстаецца. МРП стаў для мяне пацверджаннем, што можна заставацца і ў еднасці Богам, і ў каханні з мужам. Натхнёная, я «апусцілася на зямлю» тады, калі мой муж сказаў, што не верыць ва ўсё гэта. Падтрымкі ад мужа няма... Усё дарма? І не мае сэнсу? Не. Ратаваць трэба сябе, сваю душу! Таму я працягвала вывучэнне метаду. Было вельмі складана праводзіць назіранні за сваім арганізмам у самым пачатку, калі я яшчэ карміла малодшага, бо там свае асаблівасці ў выкарыстанні МРП. Але наша настаўніца Алена вельмі дапамагла не ўпасці духам і далей праводзіць назіранні. На занятках я атрымала не сухую тэорыю і інструкцыю, а рэальны досвед жанчынаў, якія выкарыстоўваюць МРП, бо гэта пацвярджала, што метад працуе. Усе цяжкасці, звязаныя з назіраннем за сабой, проста сталі часткаю майго жыцця і ўжо не так адчуваюцца. Паступова адносіны з мужам пачалалі наладжвацца. Нягледзячы на тое, што мой каханы не паглыбляецца ва ўсе тонкасці метаду, ён не перашкаджае мне, а значыць падтрымлівае.

У мяне да гэтага часу выклікае захапленне тое, як дасканала стварыў нас Бог. Хвала Яму! Дзякую Алене Шымак за цікавыя заняткі, за творчы падыход да іх, за падтрымку і дапамогу.

Вольга, Смаргонь

— Наша сям’я не была знаёмая з метадам распазнавання плоднасці. Мы ведалі пра вымярэнне тэмпературы, графікі, а што далей? Пытанне… Аднойчы, чытаючы часопіс «Ave Maria», мы з мужам натыкнуліся на артыкул, дзе шматдзетная сям’я дзялілася сваім досведам у выкарыстанні МРП. З гэтага ўсё і пачалося.

Нашай сям’і ўжо 18 гадоў, у нас двое хлопчыкаў. Заўсёды хацелася быць вялікай, шматдзетнай сям’ёй, але жыццё дае свае ўрокі. Пасля чарговай неразвітай цяжарнасці мы вырашылі вывучыць метад распазнання плоднасці, каб дапамагчы сабе рэалізаваць свой рэпрадуктыўны патэнцыял. Усё складвалася па волі Божага Провіду, бо якраз у нашай парафіі святога Міхаіла Арханёла ў Смаргоні сям’я Рогачаў, Эдуард і Вераніка, арганізавалі навучанне МРП. У 2020 годзе мы з мужам прайшлі навучанне, за што вялізная падзяка Вераніцы і Эдуарду за адкрыццё мноства таямніцаў экалогіі шлюбу! Навучанне праходзіла ў вялікай кампаніі сем’яў-аднадумцаў.

З першых дзён у нашай сям’і з вялікай цікавасцю пачалося вывучэнне МРП. Аднак цякасці ў вывучэнні МРП, канешне, былі: трэба ж падабраць правільны і прыдатны спосаб вымярэння тэмпературы, падбудавацца пад час, правільна весці і расшыфроўваць карты! Але калі ўсё робіш не адзін, а разам, усё нашмат прасцей.

Метад распазнання плоднасці дапамагае быць адкрытымі, натуральнымі ў шлюбе, шанаваць адно аднаго, бачыць прыгажосць сямейных адносінаў. Ведаючы гэты метад, вельмі хочацца дзяліцца і перадаваць свой вопыт, у тым ліку сваім дзецям, каб у будучыні ён быў і іх сем’ях. На жаль, многія сумняваюцца ў эфектыўнасці МРП, таму што не спрабавалі жыць па гэтым метадзе, а можа, не вывучылі ў поўным аб’ёме ўсю інфармацыю ў надзейных настаўнікаў. Прасцей сказаць «не атрымліваецца», чым узяць і зрабіць, а павінны быць вера і вялікае жаданне.

Таццяна, Мінск

— Мне 43 гады, але да метаду распазнавання плоднасці я прыйшла толькі год назад і не з першага разу, бо адразу, як пачынала вывучэнне, мне было надта цяжка, я нічога не разумела і кінула на палове дарогі. І вось цяпер у мяне ўжо ўсё атрымалася. Чаму я да гэтага прыйшла? Я не магла жыць без Езуса, не магла спавядацца, не магла прымаць святую Камунію, каб у паўнаце ўдзельнічаць у святой Імшы, бо я свядома рабіла цяжкі грэх. У мяне ўжо трое дзяцей. Калі было двое, я ўжо тады прымала таблеткі, бо не хацела болей. Я на той час чула, што ў жанчыны ёсць плодныя і бясплодныя дні ў цыкле, але мне здавалася, што выпіў таблетку ― і жыві спакойна. Так я жыла каля 15-ці гадоў. МРП увайшоў у маё жыццё тады, калі я пазнаёмілася з Богам і зразумела, што хачу жыць у супакоі і еднасці з Ім. Метад таксама дапамог мне пазнаць сябе як жанчыну, даведацца, што адбываецца з жаночым арганізмам на працягу цыклу.

Навучанне метаду мела свае цяжкасці, але самае цяжкое ― гэта даверыцца Пану Богу. Я раней думала, што зацяжарыць можна пасля кожнай блізкасці з мужам, і для мяне было адкрыццём, што ёсць не толькі дні, а цэлыя тыдні, калі можна жыць адкрыта і без граху. Вельмі цяжка было данесці гэтую праўду мужу, бо ён у мяне чалавек закрыты, няверуючы, але пайшоў мне насустрач. Я вельмі хвалявалася на самым пачатку, калі мы сталі жыць з мужам без кантрацэпцыі… Але час праходзіў, усё працавала, і гэта было для мяне знакам, што Пан Бог мне дапамагае, нават нягледзячы на маё грэшнае мінулае, Ён мяне ўсё роўна любіць. Цяпер у маім сэрцы жыве супакой: я прыступаю да святой Камуніі і адчуваю Божую ласку, хоць, прызнаюся шчыра, мне было вельмі сорамна пайсці на навучанне метаду, бо тады прыйшлося б прызнацца чужому чалавеку, што я жыла з таблеткамі. Але Дух Святы даў сілы.

Людзі, на жаль, вельмі мала ведаюць пра метад распазнавання плоднасці. Напрыклад, калі я здавала залікі падчас навучання метаду, я кансультавалася з суседкаю, урачом, якая сама не ведала, што такі спосаб замяняе кантрацэпцыю. Аказваецца, некаторыя лекары ведаюць толькі пра каляндарны, зусім ненадзейны спосаб…

Канешне, кожная жанчына абірае свой шлях. Ёсць такія радкі ў песні: «Не бойцеся жыць для Любові, для той Любові варта жыць…» Хіба толькі зразумеўшы, для чаго гэта табе персанальна трэба, тады не будзе перашкоды, мне здаецца, вывучыць метад распазнавання плоднасці і карыстацца ім.

 

Вераніка, Смаргонь

— Мы пачалі карыстацца з мужам метадам распазнавання плоднасці толькі таму, што як для людзей веруючых іншага выбару ў нас не было. Гэта адзіны спосаб, якім Касцёл дазваляе карыстацца для адкладвання зачацця дзіцяці ― 10 гадоў таму гэта было так. А цяпер ёсць і іншыя прычыны, чаму мы працягваем карыстацца МРП. Упершыню мы з мужам пазнаёміліся з гэтым метадам падчас падрыхтоўкі да шлюбу. Увесь курс змяшчаўся ў двух занятках, інфармацыі было вельмі шмат! Тады здавалася, што немагчыма ўсё гэта запомніць і выканаць, бо ёсць шмат умоваў, каб метад працаваў правільна. Мы з мужам вельмі хацелі дзіцятка, таму больш глыбокае знаемства з МРП мы адклалі на больш позні час. Гэты час настаў хутка пасля нараджэння дзіцяці, але тады мы атрымалі пераважна тэхнічныя звесткі: як адбываецца вымярэнне тэмпературы, колькі дзён неабходна адлічыць, дзе паставіць крыжык, дзе правесці лінію на карце. Гэта дазволіла нам пачаць карыстацца метадам, але без разумення, чаму так ці інакш адбываецца з жаночым арганізмам.

Урэшце, у нашай парафіі арганізаваліся курсы МРП. Настаўнікамі былі нашыя блізкія сябры, Эдуард і Вераніка, таму была абсалютная ўпэўненасць, што нам дадуць патрэбную інфармацыю. Так і адбылося: мы вывучалі гісторыю МРП, асновы мужчынскай і жаночай фізіялогіі, псіхалогію адносінаў і толькі пасля ўсяго гэтага перайшлі да разбору картаў. Такі парадак вывучэння даў яшчэ большую ўпэўненасць у надзейнасці МРП.

Хачу сказаць, што гэты метад нашмат прасцейшы, чым падаецца. Не трэба баяцца карыстацца ім, ён вельмі надзейны!

Таццяна, Мінск

― Я вельмі хацела навучыцца жыць натуральным метадам, каб не парушаць Божую запаведзь, бо я разумела, што перарваны палавы акт ― гэта грэх. Я пастаянна прасіла Бога,  каб Ён паказаў, дзе і як гэтаму можна навучыцца.

На курсы МРП я прыйшла з поўным недаверам да гэтага метаду, таму што ўжо спрабавала самастойна, дома, пралічыць бясплодныя дні, але нічога не атрымлівалася. Да вучобы я не ведала, што ў кожнай жанчыны бываюць індывідуальныя асаблівасці.

Я жыву метадам распазнавання плоднасці ўжо амаль 2 гады. Дзякую Богу за тое, што Ён мне падказаў, у каго я магу гэтаму метаду навучыцца. Гэта зусім іншыя адносіны з мужам ― у поўным даверы і супакоі. Мой муж не практыкуючы католік, таму для яго было складана згадзіцца з тым, што неабходна ўстрымлівацца ад блізкасці вызначаны перыяд, калі не плануем зачацце дзіцяці. Ён адразу злаваўся і абураўся, але разумеў, што па-ішаму я не згаджуся жыць. Паступова, з Божаю дапамогаю, ён пачаў ужо сам цікавіцца і вывучаць мой графік назіранняў. На дадзены момант ён разумее, дзе які перыяд. Галоўнае ― не здавацца і не падаць духам, Бог заўсёды дапаможа.

Вераніка, настаўнік натуральнага планавання сям’і, Смаргонь

Я пачала карыстацца МРП, бо гэта адзіны спосаб жыць у гармоніі і еднасці са сваёй прыродай і сваім сумленнем. Мы з мужам не бачылі іншага спосабу планаваць дзіця ці адкладваць зачацце, бо выкарыстанне сродкаў кантрацэпцыі з’яўляецца цяжкім грахом, нясе сур’ёзную шкоду мужчынскаму і жаночаму арганізму, а найперш ― адносінам сужэнцаў, паміж якімі з’яўляецца страх, недавер і напружанасць.

Упершыню я пазнаёмілася з МРП, калі вучылася ў школе сямейнага жыцця. Пад кіраўніцтвам сястры Барбары даведалася шмат і зразумела, што хачу гэтым жыць. Здзіўляла ўсё, асабліва ― мудрасць, з якой стварыў Бог мужчыну і жанчыну, што прадугледзіў асаблівы перыяд у жанчыны, калі яна можа стаць маці, гэта захапляла. Праз пару гадоў вырашылі з мужам, што хочам глыбей пазнаць МРП, і з гэтай мэтай адправіліся на семінар «Экалогія сужэнства» ў Оршу, які арганізоўваў дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы». Перыяд навучання змяніў погляд на сям’ю, адкрыў вочы на новыя гарызонты адносінаў у сям’і. Прайшоўшы навучанне і паспяхова здаўшы экзамены, мы як сям’я вырашылі, што не можам гэтыя веды трымаць пры сабе. Сабраўшыся з духам, пераадолеўшы страх, арганізавалі ў родным горадзе Смаргонь курсы па навучанні МРП, а ў верасні гэтага года распрацавалі онлайн-курс «Прикосновение к тайне», пра які падрабязней можна пачытаць на маёй старонцы ў Instagram @veronikarogach.

Атрымаўшы каштоўныя веды, хацелася ўсім усё расказаць і навучыць, але потым прыйшло разуменне, што ў кожнага свой шлях. Адзінае, што можам рабіць разам з мужам як настаўнікі натуральнага планавання сям’і ― гэта сведчыць сваім жыццём і дзяліцца ведамі з тымі, хто гэтага сам жадае. На вывучэнне МРП людзі часта прыходзяць са скептытызмам і недаверам, але крок за крокам вучні пачынаюць разумець, што гэты метад ― цуд, радуюцца, што вырашылі пазнаць МРП і ніхто аб гэтым не пашкадаваў.

Сумненне прыходзіць туды, дзе няма дастатковых і якасных ведаў. МРП ― гэта не вера, МРП ― гэта канкрэтныя веды пра сваю прыроду, якія кожны можа спасцігнуць. Для таго, каб не сумнявацца, патрэбна знайсці сертыфікаваных настаўнікаў планавання сям’і, не парушаць правілы метаду і мець узаемную матывацыю карыстацца метадам разам з мужам.

***

У аповедах жанчын прагучалі імёны настаўнікаў метаду распазнавання плоднасці:

Алена Шымак ― настаўнік МРП у Мінску пры парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ (м-н Кунцаўшчына).

Тэл./viber: +375 33 636 77 30.

Эдуард і Вераніка Рогач ― настаўнікі МРП у Смаргоні, ёсць магчымасць дыстанцыйнага навучання.

Тэл./viber: +375 44 724 90 07

Instagram: @veronikarogach


Падрыхтавала Вольга Адамовіч

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней