Усынаўленне, адпаведна з тым, што даецца ў слоўніку, — гэта прыняцце дзіцяці, народжанага іншымі бацькамі, і ўключэнне яго ў сваю сям’ю з усімі наступствамі, якія адсюль вынікаюць.
«А чым табе перашкодзіць, што двое мужчын, якія кахаюць адзін аднаго, усыновяць дзіця?» — задалі мне пытанне, каб выясніць, што я думаю пра ўсынаўленне дзяцей гомасексуальнымі парамі. Я здзівілася: чым мне перашкодзіць? І зразумела, што мы перавярнулі пытанне ўсынаўлення з ног на галаву.
Нам ніяк не абмінуць дыскусіі на гэтую тэму, раней ці пазней давядзецца паразмаўляць. Мы бачым, як развіваецца сітуацыя ў суседніх краінах. Усё больш відавочны падзел між людзьмі: калі сказаць, што ты выступаеш за аборты, легалізацыю гомасексуальных сужэнстваў і ўсынаўленне дзяцей аднаполымі парамі, ты будзеш выглядаць як сучасны еўрапеец з шырокім мысленнем. Калі ж думаеш інакш і маеш адвагу выказаць свае сумненні наконт гэтых пытанняў, цябе назавуць цемрашалам і залічаць да шэрагу неталерантных людзей з састарэлымі поглядамі.
Мы не ўмеем размаўляць пра важныя праблемы. Публічная дыскусія ператвараецца ў вайну словаў: суразмоўцаў прыніжаюць, падымаюць крык, а гэта супярэчыць правілам годнай аргументаванай спрэчкі. Ніхто не мае часу выслухаць аргументы супрацьлеглага боку і тым больш паразважаць над імі. Кожны з суразмоўцаў лічыць сябе экспертам у любой галіне і настолькі перакананы ва ўласнай беспамылковасці, што ўвогуле не дапускае, што іншы бок таксама можа мець рацыю. Я ніколі ў жыцці не чула, каб які-небудзь удзельнік публічнай дыскусіі сказаў: «Вы гаворыце цікавыя рэчы, я ніколі раней пра гэта не чуў. Мне трэба абдумаць сказанае». Выглядае так, нібыта абдумаць аргументы суразмоўцы — гэта нейкая ганьба, што выставіць цябе чалавекам, які лёгка змяняе свае погляды. Аднак тое, як мы звычайна дыскутуем, сведчыць пра адно: нам яшчэ шмат чаму трэба навучыцца ў справе публічнага вядзення дыскусіі.
Сустрэчы
Вернемся да пытання ўсынаўлення. Я не псіхолаг і не педагог па адукацыі, ніколі не працавала ў дзіцячым доме або ва ўстанове па ўсынаўленні дзяцей, таму не магу прафесійна выказвацца на гэтую тэму — не маю адпаведнай кампетэнцыі. Аднак я бяру на сябе смеласць гаварыць пра ўсё гэта. Чаму ж я лічу, што маю такое права?
Некалькі гадоў таму я напісала кнігу пра ўсынаўленне. Працуючы над ёю, пазнаёмілася з некалькімі дзясяткамі сем’яў, якія ўсынаўлялі дзяцей, і з многімі дарослымі, што выхоўваліся ў падобных сем’ях. Мы правялі разам дзясяткі гадзінаў, я пазнаёмілася з іх дзецьмі, гасцявала ў іх дома, выслухоўвала вельмі асабістыя і вельмі кранальныя сведчанні. Я бывала сведкаю іх слёз і неаднойчы чула, што яшчэ ніколі нікому яны не гаварылі таго, чым дзеляцца са мною цяпер. Яны не мелі прычыны прыкідвацца, не здавалі мне «экзамен» на ўзорнае бацькоўства. Я прыходзіла не для таго, каб асуджаць або павучаць іх, а толькі для таго, каб іх выслухаць і, апісаўшы іх гісторыі, дадаць адвагі ўсім, хто думае пра такі шлях бацькоўства. Яны гаварылі вельмі шчыра, не хавалі ад мяне праблемаў, разгубленасці, расчаравання, а часам распавядалі пра сапраўдныя трагедыі. Я адкладала ўбок свой журналісцкі прафесіяналізм і плакала з імі разам. Я пачула шчаслівыя і нешчаслівыя гісторыі пра ўдалыя і няўдалыя ўсынаўленні, пра бацькоўства, якое акрыляла, і пра бацькоўства, якое несла выпрабаванні, большыя, чым можна вытрымаць. Я пачула пра сужэнствы, якія распадаліся адразу пасля ўсынаўлення, пра жанчын, якія заставаліся з дзецьмі адны. Падчас некаторых сустрэчаў у мяне бывала адчуванне, што я пазнаёмілася з геніямі бацькоўства і магу многаму ад іх навучыцца. Я зайздросціла таму, якую адвагу і адкрытасць да іншага чалавека яны маюць, якія нялёгкія жыццёвыя рашэнні ўмеюць прымаць.
Дагэтуль я памятаю трагічныя размовы, ад якіх аж рвалася сэрца: жанчыны распавядалі, як аддавалі дзяцей на ўсынаўленне і шукалі новых бацькоў праз інтэрнэт. Яны хацелі цалкам упэўніцца, што аддаюць дзяцей у добрыя рукі.
З некаторымі героямі маёй кнігі я дагэтуль падтрымліваю сувязь і час ад часу думаю зноў сустрэцца з імі і дапісаць чарговыя раздзелы іх гісторый усынаўлення. Ведаю, што не кожная з гэтых гісторый заканчвалася сказам: «Яны жылі доўга і шчасліва»…
Апроч сем’яў, якія ўсынаўлялі і аддавалі на ўсынаўленне дзяцей, я пазнаёмілася з супрацоўнікамі розных установаў па ўсынаўленні, з псіхолагамі і педагогамі, якія дапамагаюць будучым бацькам падчас усынаўлення, з тэрапеўтамі, што працуюць з такімі сем’ямі, з выхаваўцамі дзіцячых дамоў, юрыстамі, суддзямі. Мы доўга і грунтоўна размаўлялі. Тады я і пачула фразу, якая здаецца мне ключавою ў дыскусіі аб ўсынаўленні: «Памятайце, калі ласка, што ўстановы па ўсынаўленні ўзніклі не таму, што ёсць шмат бясплодных сужэнстваў, якія жадаюць мець дзіця, а таму, што ёсць шмат дзяцей, для якіх мы шукаем лепшую сям’ю». Колькі з нас думае гэтак жа?
«Так» або «не»
Усынаўленне, адпаведна з тым, што даецца ў слоўніку, — гэта прыняцце дзіцяці, народжанага іншымі бацькамі, і ўключэнне яго ў сваю сям’ю з усімі наступствамі, якія адсюль вынікаюць. На ўсынаўленне маюць права сужэнскія пары або адзінокія людзі, закон не прадугледжвае магчымасці ўсынаўлення для параў, якія жывуць не ў зарэгістраваным сужэнстве. У розных краінах працэс усынаўлення з моманту падання просьбы аб усынаўленні і да прымання дзіцяці ў сям’ю доўжыцца розны час, звычайна некалькі гадоў.
У Польшчы штогод усынаўляюць каля 2,5 тысяч дзяцей (паводле афіцыйных дадзеных, у 2019 г. у Беларусі ўсынавілі 452 дзіцяці. — Заўв. перакл.). Найбольш шанцаў трапіць у новую сям’ю ў нашай краіне маюць здаровыя дзеці да трохгадовага ўзросту. Чым далей, тым менш верагоднасць, што дзіця будзе ўсыноўленае. Не трэба здзіўляцца. Вядома, сужэнцы хочуць атрымаць досвед бацькоўства ад самага пачатку жыцця дзіцяці, каб стаць сведкамі яго першых рухаў, усмешак, крокаў, словаў. Яшчэ яны спадзяюцца, што чым меншым будзе дзіця, калі трапіць у сям’ю, тым лягчэй яму будзе наладзіць сувязь з новымі апекунамі. Падлеткі, хворыя дзеці або некалькі дзяцей з адной сям’і трапляюць у новыя сем’і рэдка. Застаецца шанец трапіць на ўсынаўленне з-за мяжы або ў прыёмную сям’ю, але гэты шанец малы. Людзям бракуе адвагі і сілаў станавіцца бацькамі для некалькіх дзяцей адразу. Відавочна, што дзіцячы дом — не лепшае месца для дзяцей, але калі няма іншых магчымасцяў, для многіх гэта застаецца адзінай альтэрнатывай. <...>
Я ніводнага разу не сустракала ў СМІ добрай дыскусіі на тэму ўсынаўлення, прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў, не сустракала грунтоўных матэрыялаў, зробленых з удзелам спецыялістаў — ніхто не запрашаў іх на студыі тэлебачання або радыёвяшчання. А для чаго? Раптам яны скажуць тое, чаго мы не хочам чуць, і што тады?
Мы прызвычаіліся, што ў дыскусіях пра важныя справы часцей за ўсё прымаюць удзел палітыкі і знакамітасці, а не спецыялісты, якія добра ведаюць праблему і могуць падзяліцца досведам, прывесці вынікі даследаванняў. Падчас палітычных кампаній раз-пораз нехта з палітыкаў кажа, што трэба дазволіць гомасексуальным парам усынаўляць дзяцей, бо гэта для малых лепш, чым «існаваць у жудасных умовах у дзіцячых дамах». А ў мяне адразу ўзнікае пытанне: «А вы адкуль пра гэта ведаеце?». <...>
Цешыць эга
У дзіцячых дамах у Польшчы цяпер жыве больш за дзесяць тысяч дзяцей (у беларускіх дзіцячых дамах прабывае каля дзвюх тысяч. — Заўв. перакл.). Большасць з іх мае абодвух або прынамсі аднаго з бацькоў. Сіроты — гэта рэдкасць. Дзіця трапляе ў дзіцячы дом тады, калі яго біялагічныя бацькі з розных прычынаў аказваюцца няздольнымі выхоўваць дачку або сына. Некаторыя дзеці ў дзіцячым доме ўпершыню атрымліваюць магчымасць спаць на ложку, насіць чыстае адзенне, есці гарачую ежу, жыць у спакоі і пад наглядам. Многія з іх спадзяюцца вярнуцца ў родны дом, калі залежныя ад алкаголю і наркотыкаў бацькі атрымаюць лячэнне, знойдуць працу. Часам так сапраўды бывае, але не ўсе дарослыя маюць моцны характар: залежнасць аказваецца мацнейшаю за любоў, а бытавая бездапаможнасць не дае клапаціцца пра сваё патомства. Нягледзячы на тое, колькі цяжкіх успамінаў дзеці выносяць з роднага дому, яны звычайна хочуць вярнуцца туды і, апынуўшыся на бяспечнай адлегласці ад бацькоў, пачынаюць па іх сумаваць, ідэалізаваць іх, чакаюць, што бацькі выправяцца і ўсё будзе інакш. Не факт, што кінутыя дзеці радасна кінуцца на шыю патэнцыяльным новым бацькам: яны вельмі недаверлівыя, і часам гэты недавер укараняецца так глыбока, што яны не ў стане прыняць апекуноў як сваіх тату і маму. Мы адусюль чуем, што дзіцячыя дамы — жахлівыя ўстановы, але гэта зусім не азначае, што дзеці, якія жывуць там, хочуць і могуць трапіць у прыёмныя сем’і. Таму той, хто адназначна ўхваляе ўсынаўленне аднаполымі парамі дзяцей, бо малыя, нібыта, існуюць у дзіцячых дамах у самых жудасных умовах, яўна нічога або амаль нічога не ведае пра рэальнае становішча гэтых дзяцей.
І адкуль пра гэта ведаць палітыкам і знакамітасцям, якія наведваюць дзіцячыя дамы толькі пад Новы год, прыносяць слодычы і робяць памятныя фотаздымкі з выхаванцамі, бо гэта цешыць іх эга?..
Звычайныя грамадзяне таксама ведаюць мала. У навінах пра дзіцячыя дамы ўзгадваюць толькі тады, калі там адбываецца нешта дрэннае, а звычайнае жыццё там для СМІ нецікавае. Адкуль жа ў нас узяцца гатоўнасці выказвацца на тэмы, пра якія мы нічога не ведаем?
Але…
Нягледзячы на тое, што мы думаем пра ўсынаўленне дзяцей аднаполымі парамі, выступаем мы «за» ці «супраць», нельга заплюшчваць вочы на тое, што аднаполыя саюзы, якія выхоўваюць дзяцей, існуюць і жывуць побач з намі. Гэтыя дзеці ходзяць у дзіцячыя садкі, у школы, бавяцца ў двары, прыходзяць у паліклінікі, трапляюць у шпіталі, спяваюць у хоры, ходзяць на танцы. Неабходна зрабіць усё магчымае, каб іх не крыўдзілі іншыя дзеці або дарослыя, каб з іх не смяяліся і не здзекаваліся, не тыкалі ў іх пальцамі. Трэба, каб яны адчувалі сябе ў бяспецы. І калі дзеля іх дабра неабходныя новыя законы, ад гэтай неабходнасці нельга ўцякаць.
Нельга сцвярджаць, што забарона ўсынаўляць дзяцей гомасексуальным саюзам — гэта дыскрымінацыя. Гетэрасексуальныя пары, якія не жывуць у зарэгістраваным сужэнстве, таксама не маюць такога права. Да таго ж, усынавіць дзіця могуць толькі тыя сужэнцы, якія жывуць разам ужо некалькі гадоў. Відавочна, за гэтымі законамі стаяць пэўныя факты і прычыны, і ніхто звычайна не выказваецца супраць. <...>
А калі ўзнікне публічная дыскусія пра тое, ці маюць аднаполыя пары права ўсынаўляць дзяцей, як ужо узгоднена законам у некаторых краінах, трэба найперш паслухаць, што думаюць на гэты конт спецыялісты, а не палітыкі і знакамітасці, і ўпэўніцца, што яны абапіраюцца ў меркаваннах толькі на свае веды і досвед, а не на палітычныя веянні і «моду». Разумею, што і спецыялісты могуць не быць аднадумцамі, але варта выслухаць усе аргументы дзеля дабра і інтарэсаў усыноўленага дзіцяці. У першую чаргу не варта выказваць на камеру суджэнні наконт жудаснага існавання ў дзіцячых дамах, бо гэта крыўдзіць саміх дзяцей, а таксама іх выхаваўцаў і апекуноў. У такой атмасферы немагчыма знайсці добрыя вырашэнні праблемы і распрацаваць правільныя законы. Пачынаючы абмяркоўваць тэму ўсынаўлення, давайце заўсёды памятаць, што гэта робіцца не дзеля дарослых, каб споўніць іх мары аб бацькоўстве, а дзеля дзяцей, для якіх мы шукаем лепшую сям’ю, дзе іх атуляць любоўю.
Катажына Кольска.
Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько.
W drodze, №10, 2021 г.