Ролі мужчыны і жанчыны ў бацькоўстве

Інтэрв’ю з сямейным псіхолагам Ірынаю Шмак.


— Спадарыня Ірына, прапаную сёння паразмаўляць пра ролю бацькоў у выхаванні дзіцяці. Хто адыгрывае ў гэтым галоўную ролю і чым адрозніваюцца ролі бацькі і маці?

— Выхаванне дзіцяці не павінна быць аднабаковым: добра, калі яно ўсебаковае, калі ў ім ёсць і бацькоўскае, і мацярынскае. Калі адно ці другое выпадае або, наадварот, дамінуе, патрэбна залатая сярэдзіна. Калі дзіця толькі нарадзілася, галоўная роля ў мамы: ужо самі роды даюць цесны кантакт з немаўлём, бо маці корміць, клапоціцца пра малое, і ў ёй моцна дзейнічае мацярынскі інстынкт. Але гэта не значыць, што роля бацькі ў гэты час няважная. Калі бацька не будзе дапамагаць маці, яна таксама не зможа добра выконваць сваю мацярынскую функцыю: каб дзіцяці хапала малака, цяпла, кантакту з мамай, яна абавязкова павінна адпачываць. І тут патрэбная дапамога: пагуляць з дзіцем, прыбраць, прыгатаваць ежу і г. д. Калі пра гэта клапоціцца муж, бацька, ствараецца найбольш натуральнае асяроддзе для дзіцяці — яно праз матчына малако і эмоцыі ўспрымае таксама клопат бацькі пра маці і пра яго самога. Дзіця расце, і роля бацькі ў выхаванні і важнасць яго прысутнасці ў жыцці дзіцяці таксама расце. У пэўны час маці адыходзіць на другі план, а першасную функцыю ў выхаванні пачынае выконваць бацька.

— У чым гэта праяўляецца?

— Бацька ў большай ступені адказвае за пазнаванне свету і людзей, за гульню, прыгоды. Ужо ва ўзросце аднаго года для дзіцяці тата становіцца найважнейшым. Часам кажуць, што мацярынскі інстынкт нараджаецца разам з дзіцем, а бацькоўскі расце разам з дзіцем. Чым большае дзіця, тым большы і бацькоўскі інстынкт. Гэта жарт, але ў ім ёсць доля праўды.

— Чаму жанчыны часам імкнуцца адсунуць бацьку ад выхавання, быццам не давяраюць яму? Гэта таксама інстынкт? Як пазбегнуць канфлікту паміж сужэнцамі і не знеахвоціць бацьку праводзіць час з дзецьмі?

— Пачну з другога пытання. Вы кажаце, што бацьку можа стаць нецікава з дзецьмі, але бацькоўству трэба вучыцца — гэта нялёгкая справа, штодзённая праца. Да гэтай ролі неабходна сябе прывучаць, выхоўваць таксама і сябе. Добрыя бацькі, якія вырашылі, што будуць удваіх несці адказнасць за дзяцей, павінны разумець, што гэта абавязак і ён не залежыць ад таго, цікава ім ці не. Так, некаторым малыя дзеці ўвогуле нецікавыя, але ж ёсць адказнасць! Гэта датычыць і бацькоў пасля разводу, калі маці застаецца адна. Бацька ж часта скідвае з сябе гэтыя абавязкі, але насамрэч ён не перастае быць бацькам. Ці можна назваць такога мужчыну сапраўдным мужчынам: адказным, сталым, тым, хто ўмее любіць, — вось гэта пытанне.

Калі жанчына адсоўвае мужчыну ад выхавання — гэта, безумоўна, праява сляпога мацярынскага інстынкту. Нараджаецца малы бездапаможны чалавек, і маці літаральна адказвае за тое, каб дзіця жыло, яна заўсёды дбае, каб малое было ў парадку, — чыстае, сухое, задаволенае. Яна ўвесь час жыве ў гэтым клопаце, бо так настроены цяпер яе арганізм. Гэтая настройка настолькі сляпая, што часам блакуе здольнасць жанчыны бачыць каля сябе мужа, бацьку дзіцяці, таму ад мужчыны патрэбна шмат цярплівасці і прысутнасці побач, каб жанчына ўбачыла, што можа яму давяраць, раздзяляць з ім клопат пра дзіця. Жанчына супакойваецца і адчувае, што добра, калі побач ёсць муж, які дапамагае, вучыцца будаваць адносіны з дзіцем. 

Такім чынам, з аднаго боку, мацярынскі інстынкт бароніць дзіця ад небяспечнага свету, з іншага — прытупляе давер да мужчыны. Тут важныя іх асабістыя стасункі да з’яўлення дзіцяці: ці заўсёды яна магла давяраць мужу? Узаемнае ўмацаванне даверу і разуменне таго, як працуе сляпы мацярынскі інстынкт дапаможа маладым бацькам паступова знайсці неабходны баланс. Гэта іх узаемная праца і ўзаемны абавязак. Калі мужчына і жанчына разам чакалі нараджэння дзіцяці, то абое ведаюць, чаго можна чакаць ад жаночай псіхікі пасля родаў. У выніку мужчына не будзе мець прэтэнзій да жанчыны з-за таго, што яна так бароніць сваё дзіця, разумеючы, што гэта натуральна, і будзе дапамагаць жонцы, каб яна магла адпачыць і даверыцца яму.

— Патрэбна ўзаемная падтрымка і разуменне сваёй адказнасці, так?

— Так. Нельга перакладаць адказнасць адно на аднаго ў фармулёўках «ён мне павінен», «яна мне павінна». Часам мужчына патрабуе, каб жанчына і добрай маці была, і ўсе абавязкі сужэнскіх адносінаў таксама выконвала. Бывае, што і жанчына кажа, маўляў, я нарадзіла, і цяпер ён мусіць каля мяне скакаць і да канца жыцця мне дагаджаць. Бацькоўства — абавязак на ўсё жыццё. На жаль, пра гэта сёння гавораць рэдка, але ж у сэрцах бацькоў на ўсё жыццё пасяляецца клопат пра сваіх дзяцей, перажыванні, звязаныя з іх будучыняй, іх жыццём.

— А чым дрэнна для дзіцяці, калі бацькі не ўмеюць падзяліць ролі ў выхаванні?

— Перш за ўсё ў дзіцяці не будзе прыкладу жаночай і мужчынскай роляў у сям’і. Яно не будзе ведаць, што значыць быць жанчынай і мужчынам, якія адносіны бываюць паміж імі, што такое поўная сям’я. Адсюль вынікае неразуменне, як будаваць уласную сям’ю. Калі побач не было жывога прыкладу, застаюцца толькі ўяўленні і мары. Тады рэальнасць вядзе да расчаравання, нежадання ствараць сям’ю, няздольнасці будаваць трывалыя адносіны. 

Для хрысціяніна роля бацькі яшчэ больш важная, бо ў будаванні веры і адносінаў з Богам бацька мае пераважнае значэнне, ён з’яўляецца правобразам Бога Айца. Адносіны з бацькам часам уплываюць на нашыя адносіны з Богам Айцом, але бывае і наадварот: людзі, у якіх не было бацькі, могуць кампенсаваць яго адсутнасць адносінамі з Богам. Але ўсё ж калі бацька быў блізкі з дзецьмі, гэта добрая глеба для будавання адносінаў з Богам, давер да Яго ад самага пачатку. Праз адносіны з бацькам з’яўляецца нашае разуменне саміх сябе, стаўленне да Бога і да свету.

— Вы ўжо казалі, што галоўная задача бацькі — дапамагаць дзіцяці пазнаваць свет, але ж і жанчына можа ўзяць на сябе гэтую ролю?

— Адзінокая маці выконвае дзве ролі: і маці, і бацькі, і добрай, і патрабавальнай — усё ў адным. Гэта не заўсёды эфектыўна. Немагчыма ўсё зра біць адной, таму, калі жанчына адна бярэ на сябе абавязак па ўтрыманні дзіцяці, у яе амаль няма часу займацца ўласным здароўем, няма часу на шчырую размову з дзіцем, на блізкі і даверлівы кантакт. Увесь час яна будзе заклапочаная матэрыяльнымі пытаннямі, каб забяспечыць патрэбы дзіцяці. Калі бацькоў двое, лягчэй знайсці час пабыць разам. Маці — гэта бяспека, дабрабыт, утульнасць, пяшчота. Бацька — акно ў свет, прыгоды, а таксама, што вельмі важна, досвед разлукі з матчынай цеплынёй і вяртання ў цёплыя матчыны абдымкі.

— Чым роля бацькі небяспечная для самой жанчыны?

— Немагчыма рабіць усё самой, таму нешта будзе занядбана або зроблена дрэнна. Запоўніць адсутнасць бацькі сабою маці да канца не зможа. У сэрцы дзіцяці застанецца пытанне і пустэча ад таго, што бацькі няма. Жанчына апынаецца ў небяспецы праблемных псіхалагічных наступстваў — бясконцага пачуцця віны з-за таго, што яна не змагла даць дзіцяці паўнавартаснай сям’і, хоць многія маці сапраўды выдатна выхоўваюць сваіх дзяцей.

— А калі, напрыклад, сужэнцы ў разводзе, ці трэба імкнуцца падтрымліваць адносіны, бо гэта нібыта лепш для дзіцяці?

— Найперш трэба паразважаць пра бяспеку дзіцяці, разабрацца, чаму адбыўся развод. Калі мужчына становіцца небяспечным з прычыны алгакагалізму, агрэсіі, псіхічнай хваробы, то, вядома ж, дзіцяці не будзе добра з такім чалавекам. Калі ёсць магчымасць захаваць адносіны, гэта, безумоўна, добра для развіцця дзіцяці. Як наладзіць адносіны пасля разводу, залежыць ад дарослых. Развод не закрэслівае бацькоўскіх абавязкаў, таму важна дамовіцца, як далей выхоў ваць дзяцей. Гэта важныя рэчы, якія ўжо дарослыя дзеці будуць узгадваць: тое, як бацька забыўся пра іх або маці не дазваляла бацьку з імі бачыцца. Дзіцячыя раны застануцца. Развод выклікае шмат болю ў людзей, якія некалі любілі адно аднаго, а боль і крыўда перашкаджаюць ім убачыць выйсце з сітуацыі: мужчына ўнікае бацькоўскага абавязку, а жанчына праз крыўду карае мужчыну, не дазваляючы бачыцца з дзецьмі. Беручы шлюб, дарослыя людзі ўжо мусяць дамаўляцца пра выхаванне чалавека, які цалкам залежыць ад іх, таму трэба шукаць спосабы гэтай апекі: існуе, напрыклад, сямейная юрыдычная медыяцыя, якая дапамагае ў канфліктных сітуацыях.

— Як жа заахвоціць мужчыну да ўдзелу ў выхаванні дзяцей?

— Падкрэслю зноў, што абоім сужэнцам трэба рыхтавацца да бацькоўства яшчэ да нараджэння дзіцяці. Лепш нават яшчэ да шлюбу паразмаўляць пра тое, як яны бачаць ролю кожнага ў працэсе выхавання. Другі крок — гэта школа падрыхтоўкі да бацькоўства, і я ўсіх заахвочваю знайсці час для такіх заняткаў. Гэта аб’ядноўвае мужа і жонку, дапамагае ставіць агульныя мэты ў выхаванні. Асобнае пытанне — выра шыць, ці будзе бацька прысутнічаць пры родах: гэта таксама моцна звязвае яго з дзіцем, становіцца істотным момантам уключэння ў ролю бацькі. Наступны крок — ад самага пачатку быць разам з дзіцем і разам вучыцца бацькоўству: напрыклад, вучыцца адрозніваць дзіцячы плач, каб зразумець, ці яно хоча цяпер есці, ці яму сумна, ці яно мокрае. Жанчына можа не разумець, што мужчына часам баіцца зашкодзіць дзіцяці тым, што не так яго возьме ці не тым накорміць. Патрэбная чуласць і цярплівасць, каб паказаць і расказаць: не бойся, вось так трэба ўзяць, а так карміць, зараз малое прывыкне, пазнаёміцца з табой, тваімі рукамі, тваім пахам. Мужчыну цяжэй вучыцца быць бацькам, бо яго бацькоўства не нараджаецца натуральна, як у жанчыны, а толькі ў самім працэсе быцця бацькам.

Каб дапамагчы мужчынам вучыцца бацькоўству, існуюць спецыяльныя «Тата-школы», інтэрнэт-курсы. Не трэба саромецца звяртацца з пытаннямі да іншых мужчын — сваіх знаёмых або ў інтэрнэт-суполках. Таксама рэкамендую маладым татам і мамам кнігі Я. Пулікоўскага, Л. Петраноўскай і Ю. Гіппенрэйтэр — спецыялістаў у сямейнай псіхалогіі.

Я ўвесь час гаварыла пра адказнасць і абавязкі бацькоў, але бацькоўства — гэта таксама вялікая радасць ад магчымасці быць побач з чалавекам, які любіць вас. Гэта радасць ад чыстай і праўдзівай любові, якая дае разуменне той любові, якую мае да нас Бог. Гэта, з аднаго боку, цалкам чалавечыя перажыванні, а з іншага — містычныя перажыванні любові, цяпла, узаемнасці, быцця разам. Бацькоўства — гэта прадсмак любові Бога.


Гутарыла Юлія Шэдзько

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней