Бог, які прыходзіць праз падлеткаў

Інфантыльныя. Лянівыя. Залежныя ад тэлефонаў. Не паважаюць дарослых. Яны нічога не ведаюць пра жыццё. А магчыма, і наадварот —  заўчасна пастарэлі. Магчыма, яны адчуваюць пустэчу не таму, што «пустыя», а таму, што ім не хапала ад нас блізкасці і прысутнасці. Яны адчуваюць голад па гэтым. І калі яны знікаюць за дзвярыма сваіх пакояў, то шукаюць, як суцішыць сваю трывогу.


Пажаданне «Бог у дом» можа стаць адкрыццём таго, што Ён ужо ў ім. У тым ліку ва ўзбунтаваным падлетку, якога часта нават веруючыя бацькі бачаць як «праблемнае дзіця». Лёгка прыляпіць гэты ярлык, калі мы кіруемся толькі знешнім. Калі мы ацэньваем паводзіны і ігнаруем тое, што ўнутры чалавека. А можа, падлетак — гэта ліст ад Пана Бога да нас? Ліст пра тое, якія ў нас адносіны з нашымі дзецьмі. Чаго ім не хапае (мы можам гэтага не ведаць, калі ўвесь час расказваем, чаго не хапае нам). Гэта ліст пра тое, якімі мы былі бацькамі і якімі яшчэ можам стаць. І перш за ўсё — наколькі нашыя дзеці, што часам на галаву вышэйшыя за нас, маюць у нас патрэбу.

Дзіця — гэта падарунак

Дзеці добра ведаюць, калі бацькі адчуваюць расчараванне імі. Той факт, што сённяшні падлетак становіцца дзіцём-праблемаю для бацькоў, часам з'яўляецца працягам таго, што пачалося ў дзень яго нараджэння. Калі бацькі ўскладаюць на дзіця ўласныя чаканні: якім ідэальным, ветлівым, мудрым ён павінен быць, якіх поспехаў павінен дасягнуць у школе і ніколі не прыносіць праблемаў.

А тым часам Бог піша свой адвэнтавы ліст, у якім паведамляе, што дзіця, якое прыходзіць у свет, з'яўляецца дасканалым. Яго трэба любіць і прымаць такім, які ёсць. Ён варты таго, каб цікавіцца ім, быць побач, вучыцца ад яго. З першых месяцаў і да таго моманту, калі «згубіўся ў святыні», як Езус-падлетак. І ажно да ад’езду на вучобу і не толькі.

Дзіця, якое чуе ад бацькоў, што не адпавядае іх чаканням, жыве ў канфлікце: ці можа выбіраць сябе і тое, кім ён ёсць, ці таксама ён павінен выбріаць тое, што задаволіць бацькоў? Гэта асабліва цяжка тады, калі дзіця пачынае шукаць уласную ідэнтычнасць, каштоўнасці і межы ў падлеткавым узросце. Калі бацькі пастаянна расчароўваюцца ў ім, ён адчувае, што, спрабуючы зразумець сябе, ён ужо не варты іх любові.

Не будзем падманваць сябе тым, што на дзяцей-падлеткаў сарказм не ўплывае. Уздыхі, назадаволены твар, крыкі і заламанне рук. Расказваючы сваякам ці сябрам, наколькі выдатна мы спраўляемся.

Дзеці, якія знікаюць

Калі дзеці адчуваюць, што яны для нас не важныя, яны аддаляюцца. Знікаюць. За сваімі дзвярыма, у тэлефонах, камп'ютарных гульнях. І гэта няпраўда, што яны не спрабавалі. Перш чым замкнуцца ў сваім кокане, яны падавалі шмат сігналаў. Просьбаў. Спробаў зразумець сябе. Размаўлялі. Пракліналі. Бразгалі дзвярыма. Мы не чулі.

За зачыненымі дзвярыма падлеткі ўсё яшчэ прагнуць любові і адносінаў, хаця ўжо і на сваіх умовах. Трохі падобныя да котак — тады, калі ў іх ёсць жаданне, настрой і гатоўнасць. Гэта важна, таму што мы хочам, каб яны навучыліся ісці сваім шляхам.

Баючыся, каб іх дзеці не згубіліся, бацькі часта робяць контрпрадуктыўныя рэчы, кіруючыся тым, што дзеці «вырастуць людзьмі». Аднак яшчэ нікому ніколі не дапамагала развівацца тое, што яны яшчэ пакуль «не людзі».

Калі мы хочам, каб падлеткі вярнуліся ў нашую прастору — гасцёўню ці кухню — больш чым на некалькі хвілін, то варта злезці з канапы і шукаць іх, пачаўшы да іх прыслухоўвацца. Глыбока, засяродзіўшыся не на знешнім, не на мове, а на будаванні адносінаў. Калі мы не ведаем, з чаго пачаць, то можам паспрабаваць здагадацца пра іх пачуцці: «Я бачу, што гэта цябе злуе», «Гэта сапраўды цябе захапляе», «Ты хочаш сказаць мне, што расчараваная?» і г.д.

Мы таксама можам запісаць нашыя «мантры». Размовы і настаўленні. Выразы, якія чулі ад сваіх бацькоў, і паўтараем іх аўтаматычна: «Табе што, Бог рук не даў?», «Ты нават умееш думаць?». І калі мы бачым, што размаўляем, а яно як аб сценку гарох, то гэта таксама цэнна, бо нарэшце можам зразумець, што так не трэба размаўляць. Паколькі ад такіх размоваў сцяна робіцца толькі таўсцейшай, магчыма, трэба вярнуцца да пачатку — слухаць.

Адразу дзеці могуць не ісці на кантакт. Могуць не верыць, што мы іх слухаем для таго, каб зразумець, а не ацэньваць. Аднак варта і сабе, і ім даць шанец. Калі яны адчуюць, што іх пачулі, то гэта ўжо той момант, каб святкаваць нараджэнне Бога ў нашым доме.


Малгажата Рыбак
Пераклад з польскай мовы Вольгі Адамовіч паводле pl.aleteia.org

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней