Маці Тэрэза пра аборт

«Аборт — гэта фактычна вайна супраць дзіцяці, прамое забойства нявіннага дзіцяці, якога забівае сама маці».


Калі мы не гатовыя аддаць усё для таго, каб рабіць дабро адзін аднаму, то грэх усё яшчэ трывае ў нас. Вось чаму мы таксама павінны аддаваць сябе адзін аднаму ажно да болю. Недастаткова казаць: «Я люблю Бога». Я таксама павінен любіць свайго бліжняга. Святы Ян пісаў, што ты хлусіш, калі кажаш, што любіш Бога, але не любіш бліжняга. Як ты можаш любіць Бога, якога не бачыш, калі не любіш бліжняга, якога бачыш, дакранаешся да яго, жывеш з ім?

Таму нам вельмі важна зразумець, што каб любоў была сапраўднаю, то павінна быць балюча. Мы павінны быць гатовымі зрабіць усё неабходнае, каб не нашкодзіць іншым людзям, а найлепш — чыніць дабро для іх. У адваротным выпадку ўва мне няма сапраўднай любові, і я прыношу несправядлівасць, а не супакой тым, хто побач са мною. <…>

У сем'ях на Захадзе нярэдка бацька і маці бываюць настолькі занятыя, што ў іх няма часу на дзяцей, альбо яны нават не жанатыя альбо разведзеныя. Таму іх дзеці выходзяць на вуліцы, пачынаюць ужываць наркотыкі альбо займаюцца нейкімі іншымі рэчамі. Мы кажам пра любоў да дзіцяці, з якой павінны пачынацца любоў і мір — тут, у нашай сям’і.

Я адчуваю, што сёння самай вялікай прычынай разбурэння міру з’яўляюцца аборты, бо Езус казаў, што, прымаючы дзіця, мы Яго прымаем.  Таму кожны аборт — гэта адмова прыняць Езуса, ігнараванне Яго.

Аборт — гэта фактычна вайна супраць дзіцяці, прамое забойства нявіннага дзіцяці, якога забівае сама маці. І калі мы пагаджаемся з тым, што маці можа забіць сваё дзіця, то як мы можам забараніць іншым людзям забіваць адзін аднаго? Але як пераканаць жанчыну не рабіць аборт? Як заўсёды, мы павінны гэта рабіць толькі з любоўю. <…> Але бацька гэтага дзіцяці таксама павінен ахвяраваць сабою ажно да болю. Робячы аборт, маці не вучыцца любіць, а забівае ўласнае дзіця, каб вырашыць свае праблемы. Аборт вучыць бацьку, што ён не павінен браць ніякай адказнасці за дзіця, якое прывёў у гэты свет. Значыць, гэты бацька, магчыма, давядзе іншых жанчынаў да такой самай долі. Атрымліваецца, аборты проста прыводзяць да новых і новых абортаў.

Любая краіна, якая дазваляе аборт, не вучыць сваіх грамадзянаў любіць адзін аднаго, але вучыць выкарыстоўваць гвалт для дасягнення таго, чаго хочацца. Вось таму аборты — гэта найбольшая небяспека, якая знішчае любоў і супакой.

Цудоўны дар, які Бог даў людзям, — гэта барацьба з абортамі шляхам усынаўлення. <…> Прашу, не забівайце дзіця. Я хачу гэтага дзіцяці. Калі ласка, аддайце яго мне. Я гатовая прыняць кожнае дзіця, якое павінна было быць забітым абортам. Я гатовая даць гэтае дзіця мужу і жонцы, якія будуць любіць яго і будуць адчуваць сябе любімымі гэтым дзіцём.

Я разумею, што парам трэба планаваць сваё патомства, але для гэтага падыходзяць натуральныя метады планавання сям’і, распазнавання плоднасці, а не кантрацэпцыя. Кантрацэпцыя знішчае здольнасць даваць жыццё і сапраўдную блізкасць, муж і жонка ў сужэнскай блізкасці канцэнтруюцца на саміх сабе. Такі лад жыцця вядзе да засяроджання на сабе і гэтак знішчае ў сям’і дар любові. У сужэнскай блізкасці муж і жонка звяртаюць увагу адно на аднаго, як гэта і адбываецца ў выпадку натуральнага планавання сям’і, а не толькі на сябе, як у выпадку з кантрацэпцыяй. Калі блізкасць знішчаецца кантрацэпцыяй, зрабіць аборт становіцца проста. Таму я ніколі не аддаю дзіця ў сям’ю, якая карыстаецца кантрацэпцыяй, бо калі маці знішчыла сілу кахання, як яна будзе любіць гэтае маё дзіця? <…>


З выступу маці Тэрэзы ў 1994 г.
на Нацыяльнай малітве перад сняданкам у гатэлі «Хілтан»
, Вашынгтон.
Пераклад з польскай мовы Вольгі Адамовіч
паводле: oaza.pl, americanrhetoric.com.

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней