Размова з Аленаю Шымак, маці 6-х дзяцей, настаўніцаю сімпта-тэрмальнага метаду распазнавання плоднасці (падвойнага пацверджання англійскай мадыфікацыі) у парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску.
— Улічваючы тое, што католікі не павінны карыстацца кантрацэпцыяй, на дапамогу прыходзяць метады распазнавання плоднасці. Але дагэтуль не ўсе давяраюць гэтым метадам, кажуць, што яны часта падводзяць. Алена, як Вы думаеце, з чым звязаны гэты недавер?
— Сапраўды, даверу вельмі мала або зусім няма. Я сама была сярод тых, хто цалкам расчараваўся ў натуральных метадах распазнання плоднасці. Канкрэтна мяне гэта закранула падчас пасляродавага аднаўлення арганізма. З шасці цяжарнасцяў тры былі падчас груднога кармлення па ўсіх правілах. Аднаго з гэтых дзяцей мы страцілі... Для нас любая кантрацэпцыя заўсёды была недапушчальная, таму з’явілася адчуванне, што мы ў тупіку: як жыць па-хрысціянску? Якім чынам адкласці зачацце, каб нарэшце з’явілася магчымасць вырашыць праблемы са здароўем?
Бог нас не пакінуў. Мы пазнаёміліся з сям’ёй Валаховічаў, і пасля навучання ў іх у наша жыццё ўвайшоў сімпта-тэрмальны метад падвойнага пацверджання англійскай мадыфікацыі і разам з ім — выдатны чалавек, інструктар метаду, урач акушэр-гінеколаг святой памяці Людміла Баракава.
Са свайго вопыту магу сказаць, што прычыны недаверу даволі сур’ёзныя. Той, хто навучае любому метаду распазнання плоднасці, павінен сам гэтым жыць. Калі настаўнік ведае метад толькі ў тэорыі, то тады «сляпы павядзе сляпога». Хутчэй за ўсё, будзе расчараванне метадам. Акрамя таго, важна, колькі часу па´ра вучылася метаду. Калі перад шлюбам і адбудзецца адна-дзве сустрэчы, то гэта амаль нічога. Курыраваць жанчыну ці сужэнскую пару неабходна мінімум тры цыклы.
І не магу не сказаць пра асаблівыя сітуацыі ў жыцці жанчыны — кармленне, аднаўленне арганізма пасля адмены гарманальных прэпаратаў і набліжэнне менапаўзы — тут таксама важна якаснае навучанне не толькі карыстальнікаў, але і саміх настаўнікаў.
Навучаць метадам распазнавання плоднасці — гэта вельмі вялікая адказнасць і перад людзьмі, якія вырашылі жыць па-хрысціянску, захоўваючы чысціню сужэнства, і ў першую чаргу перад новым зачатым жыццём, бо хтосьці прымае яго, а хтосьці не... Таму навучаць метаду трэба якасна, каб людзі не баяліся даверыцца яму.

Алена са сваімі вучнямі
— Калі коратка, то ў чым сутнасць МРП? Якія самыя важныя прынцыпы гэтага метаду?
— Па-першае, МРП (метады распазнавання плоднасці) — гэта не кантрацэпцыя. У іх не прымяняецца нічога, што б знішчала натуральную плод насць. Па-другое, аснова метадаў распазнавання плоднасці — гэта выключна саманазіранне. Канкрэтныя веды анатоміі, фізіялогіі і гарманальнай рэгуляцыі рэпрадуктыўнай сістэмы мужчыны і жанчыны дазваляюць дакладна вызначаць перыяды плоднасці і няплоднасці сужэнскай пары. І, самае галоўнае, — гэтыя веды, іх прымяненне даюць мужу і жонцы магчымасць жыць паўнавартасным хрысціянскім жыццём, з павагаю ставіцца да сваёй плоднасці — дару, які мы ўсе атрымалі ад Бога.
Па-трэцяе, МРП — гэта выбар пэўнага стылю жыцця. Гэта канкрэтны выбар сужэнскай пары, якая вырашыла захаваць чысціню і адкрытасць сваіх адносінаў. Гэты стыль дазваляе захаваць здароўе, радасць і свежасць сужэнскай блізкасці на доўгія гады, дазваляе разумна, свабодна і свядома рэгуляваць інтэрвалы паміж зачаццем дзяцей.
— Раскажыце, калі ласка, як Вы сталі настаўнікам МРП? Як Вы можаце ацаніць даступнасць для людзей ведаў на гэтую тэму?
— З самага пачатку нашага сямейнага жыцця мы жылі прынцыпамі МРП, але гэта не быў нейкі канкрэтны метад — хутчэй, абрыўкі ведаў, набор дэталяў, якія не давалі яснага бачання ўсёй сітуацыі. Пасля нараджэння шостага дзіцяці мы зразумелі, што гэты наш уласны «метад» у перыяд кармлення не працуе. У сувязі з тым, што неабходна было вырашаць праблемы са здароўем, перад намі паўстала пытанне, як адкласці зачацце. Калі метад, якім мы карысталіся, не працуе, а кантрацэпцыя непрымальная, застаецца толькі адмовіцца ад сужэнскай блізкасці на 1,5–2 гады... У гэтым тупіку на той момант апынуліся не адны мы. Нас было некалькі кормячых мамаў, якім было вельмі важна адкласці зачацце: з эндакрыннымі праблемамі, пасля чацвёртага кесарава і г.д. Мы звярнуліся да пробашча сваёй парафіі з прапановай арганізаваць семінар па МРП і запрасіць у Мінск Уладзіслава і Алену Валаховіч і акушэра-гінеколага Людмілу Баракаву. Пробашч ксёндз Алег Шпець з радасцю пагадзіўся і дапамог усё арганізаваць. Гэта было ў лютым 2018 года. Так пачалося нашае навучанне.
Калі мы з мужам вывучылі сімпта-тэрмальны метад падвойнага пацверджання англійскай мадыфікацыі, калі ён стаў стылем нашага жыцця і мы на сабе пераканаліся ў яго надзейнасці, тады я зразумела, што не магу не дзяліцца гэтымі ведамі. Колькі сварак, крыўдаў, неразумення паміж мужам і жонкаю проста таму, што людзі не ведаюць, як жыць у згодзе з рытмамі плоднасці! Для таго, каб выкладаць, мне неабходна было вучыцца далей. Я вучылася ў гінеколага Людмілы Баракавай і стала вучыць гэтаму метаду. У Мінску навучыцца менавіта сімпта-тэрмальнаму метаду падвойнага пацверджання англійскай мадыфікацыі можна ў мяне на курсе пры парафіі святога Яна Евангеліста ў Кунцаўшчыне.
Калі казаць аб даступнасці ведаў па МРП, то ёсць проста бачнасць даступнасці. Перад шлюбам маладыя людзі наведваюць адно-два заняткі па МРП (калі наведваюць наогул). На мой погляд, такі падыход вельмі моцна змяншае годнасць плоднасці чалавека, асабліва жанчыны. Вобразна кажучы, гэта як быццам сказаць пары: «Пасля навучання метаду вы павінны гаварыць адно з адным на новай для вас мове». Узнікае пытанне: ці можна за адзін-два заняткі навучыць замежнай мове? Ці стануць людзі размаўляць на ёй? Ці змогуць яны ацаніць яе прыгажосць, ці стане яна для іх роднаю? Таксама і з распазнаннем плоднасці — гэта працэс, тут трэба час і супрацоўніцтва мужа і жонкі разам з настаўнікам. Інакш не будзе ні разумення, ні прыняцця, ні даверу, ні выніку.

Штогадовая канферэнцыя, прысвечаная метаду распазнавання плоднасці. Орша, 2020 г.
— А ў чым канкрэтным можа дапамагчы МРП? Адкладваць цяжарнасць? Змагацца з бясплоднасцю? Аднавіцца пасля родаў?
— Сімпта-тэрмальны метад дапамагае разабрацца ў магчымасцях арганізма да зачацця і выношвання. Калі пара імкнецца да зачацця, варта вывучаць стан свайго арганізма. Для гэтага трэба навучыцца весці назіранні і граматна іх інтэрпрэтаваць. Гэта важна, таму што дапамагае прадухіліць страту цяжарнасці. Першыя 12 тыдняў цяжарнасці вельмі пажадана мераць базальную тэмпературу цела, каб ба чыць, як працякае цяжарнасць. Гэта дапамагае пазбегнуць хвалявання, непатрэбнага ўмяшання, якое часам шкодзіць дзіцяці.
Таксама сужэнцы адкрываюць для сябе, як цыклічныя змены ў арганізме жанчыны ўплываюць на настрой, самаадчуванне і гэтак далей. Ведаючы пра гэта, можна пазбегнуць непаразумення, непатрэбных крыўдаў і сварак.
Парам з паніжанай плоднасцю асабліва важна весці назіранні, каб вызначыць самы спрыяльны для зачацця дзень. Вывучыць працу свайго арганізма — гэта доўгі шлях, тут трэба набрацца цярплівасці і быць гатовымі нешта мяняць у сваім жыцці. Па статыстыцы каля 80% сужэнскіх параў з паніжанай плоднасцю пасля асваення сімпта-тэрмальнага метаду нараджаюць доўгачаканых дзетак. Гэты метад дапамагае сужэнскім парам спраўляцца з асаблівымі сітуацыямі ў жыцці жанчыны, калі плоднасць «паводзіць сябе» цалкам нетыпова. Акрамя таго, вельмі часта ў гэтыя перыяды няма магчымасці вынасіць дзіця, таму МРП дапамагае жанчыне ў перыяд кармлення, ведучы назіранні, нейкі час адкладваць зачацце, каб даць арганізму аднавіцца для выношвання наступнага дзіцяці.
Вельмі добра, калі муж і жонка навучаюцца МРП разам. Калі мужчына ведае магчымасці сваёй жонкі да зачацця і выношвання, ён бярэ на сябе адказнасць за новае зачатае жыццё. Калі ўмоваў няма, то трэба дапамагчы іх стварыць, бо гэта справа дваіх.

Асобна хацелася б сказаць пра перыяд набліжэння менапаўзы. Чамусьці прынята лічыць, што вывучэнне МРП — гэта для маладых, а сталым жанчынам неяк нават непрыстойна прыйсці на навучальныя курсы. На самай справе МРП дапамагае перажыць набліжэнне менапаўзы больш якасна, пазбегнуць непатрэбнай гарманальнай тэрапіі, якая толькі яшчэ больш расхіствае здароўе.
Таксама ёсць маладыя дзяўчаты, якія пакуль не замужам, але вырашылі вывучыць свой арганізм, каб зразумець, як ён працуе, і тым самым лепш пазнаваць сябе.
— З вопыту іншых жанчын ці заўважаеце Вы, калі сужэнцы перастаюць карыстацца кантрацэптывамі і пераходзяць на МРП? Як гэта ўплывае на клімат у сям’і, на адносіны ў пары?
— І мы з мужам, і іншыя пары, якія ніколі не карысталіся кантрацэпцыяй, можам засведчыць, што калі мы нарэшце разабраліся, як жыць у згодзе са сваёй плоднасцю, нашыя адносіны сталі лепшымі. Тыя пары, якія з дапамогаю гэтага метаду адмовіліся ад кантрацэпцыі, таксама сведчаць пра тое, што іх адносіны сталі значна лепшымі. У сужэнцаў з’яўляецца разуменне таго, калі блізкасць можа прывесці да зачацця, а калі — не. Знікаюць прэтэнзіі, бо муж і жонка пачынаюць адказна падыходзіць да сужэнскай блізкасці.
Часам людзі скардзяцца на тое, што жыццё з МРП пазбаўляе спантаннасці ў адносінах. Выдатна пра гэта ў сваім артыкуле «Мядовы месяц працягваецца ўсё жыццё» пісала Галіна Масленнікава, спасылаючыся на «Маленькага прынца» Экзюперы: «Лепш прыходзь у адзін і той жа час, — папрасіў Ліс. — Вось, напрыклад, калі ты будзеш прыходзіць а чацвёртай гадзіне, я ўжо з трэцяй адчуваю сябе шчаслівым. І чым бліжэй да назначнага часу, тым больш шчаслівым. А чацвёртай гадзіне я ўжо пачну хвалявацца і непакоіцца. Я спазнаю кошт шчасця! А калі ты прыходзіш кожны раз у іншы час, я не ведаю, да якой хвіліны рыхтаваць сваё сэрца...» Да сустрэчы можна рыхтавацца загадзя, як да свята, бо падрыхтоўка да свята прыносіць не менш радасці, чым само свята. Гэта вельмі важна для жанчыны і вельмі карысна для мужчыны».
Гутарыла Вольга Адамовіч