Пачытаць пра выхаванне сёння можна ў безлічы кніг, артыкулаў, паглядзець відэа, схадзіць на семінар. Так, усё гэта карыстаецца попытам, але згадзіцеся, што не менш цікава даведацца, як менавіта працуюць парады па выхаванні ў рэальным жыцці. Дарагія чытачы, знаёмцеся: Кацярына Раюнец, жонка і мама, якая дзеліцца сваім досведам выхавання сына Марка. У невялікіх публікацыях у Facebook і Instagram яна расказвае пра тое, як прымяняе веды па псіхалогіі і педагогіцы, атрыманыя з кніг, лекцый і проста з жыццёвага вопыту. Аповеды Кацярыны цяпер можна будзе прачытаць і на нашым сайце. Гэта не звычайныя артыкулы, а невялікія нататкі. Нататкі «на палях жыцця», дыялог са сваім досведам.
Пра базавы (або базісны) давер мы з мужам даведаліся з лекцый у Школе сямейнага жыцця. Калі апісваць гэтае паняцце простымі словамі, то на працягу першага года ў дзіцяці закладаецца «падмурак» на ўсё яго далейшае жыццё. Наступныя гады ― гэта будаўніцтва «сцен» і г. д., але трываласць «падмурка» ― першаснае. Ён вызначае, якім будзе дзіця, як будзе паводзіць сябе ў цяжкіх, незнаёмых сітуацыях, як будзе адчуваць сябе ў гэтым свеце.
Варыянты даволі простыя. Першы ― дзіця будзе цікаўным да жыцця, не будзе баяцца новага, нешта спрабаваць і памыляцца, зноў спрабаваць. Дзіця не будзе саромецца звярнуцца па дапамогу. Наогул, свет для яго будзе выдатным месцам для жыцця. Другі варыянт ― дзіця будзе ставіцца да ўсіх з падазронасцю, будзе ва ўсім бачыць падвох, баяцца дзейнічаць і г.д. Свет для яго будзе месцам барацьбы і турботаў. Таму базавы давер так неабходны чалавеку.
Як жа можна сфармаваць гэты базавы давер? Праз міміку, словы, цялесны кантакт, задавальненне сапраўдных патрэбаў дзіцяці. Было б выдатна, калі б гэта было так проста, як яно гучыць. Напрыклад, малы плача, а мама псіхічна знясіленая (не выспалася, зацягнуў быт і г.д.). Нягледзячы на ўсё гэта, трэба ўзяць сябе ў рукі, усміхнуцца яму, пагаварыць, растлумачыць, што з ім адбываецца, дапамагчы. І ўсё гэта рабіць шчыра, бо няшчырую ўсмешку і абдымкі дзіця адразу адчувае. Гэта цяжка.
Мы з мужам вельмі стараемся сфармаваць у нашага дзіцяці базавы давер. У самыя складаныя ночы падмяняем адно аднаго, каб змагчы даць малому цяпло і клопат. Здаецца, у нас атрымліваецца, і гэта вельмі радуе. Наш сын вельмі жыццярадасны, цікаўны, любіць знаёміцца з людзьмі, гучна і настойліва крычыць, калі нешта не так (ведае, хітрун, што мама ці тата прыбягуць і абавязкова дапамогуць). Наперадзе ў нас яшчэ вельмі шмат працы. У першую чаргу над сабою, каб гэты свет быў для Марка месцам перамогаў і эксперыментаў. Бо так важна, праз якую прызму дзіця будзе ўсё жыццё глядзець на свет!
П.С. Тэрмін «базавы давер да свету» ўвёў Эрык Эрыксан.
Кацярына Раюнец

