Большасць з нас цяпер, падчас каранціну або самаізаляцыі, застаюцца дома ўжо некалькі доўгіх тыдняў (а можа, месяцаў?). У каго ёсць маленькія дзеці, гэты час, магчыма, запаўняецца праглядам тэлепраграм. Паглядзеўшы праўдзе ў вочы, давайце прызнаем, што не заўсёды дзіцячыя праграмы адпавядаюць нашай бацькоўскай разважнасці. Калі вы хочаце знайсці нешта цудоўнае для прагляду з вашымі дзецьмі, вось некалькі выдатных варыянтаў, якія можна адшукаць у інтэрнэце.
«Лега Фільм 2» (2019)
Гэта амерыкана-аўстралійскі поўнаметражны камп'ютарны анімацыйны фільм. Самае лепшае ў «Лега Фільмах» тое, што ў іх шмат гумару, зразумелага як дарослым, так і дзецям. Гэта выдатны працяг «Лега Фільма» 2014 года.
У ім прадстаўлены некалькі пацешных песень, мноства неверагоднай пабудовы з канструктара лега і пошукі-прыгоды, каб выратаваць некаторых герояў Лега, якіх выкралі мілыя, але злыя прышэльцы з планеты Дупло.
Акрамя таго, у пачатку гэтага года фільм узяў галоўную ўзнагароду ў катэгорыі «Лепшыя фільмы для сям'і» на Movieguide Awards. Кампанія Movieguide разглядае фільмы з пункту гледжання хрысціянства і сям'і і працуе ў Галівудзе, каб інфармаваць кіраўнікоў кінаіндустрыі аб неабходнасці прытрымлівацца зместу веры.
«Мегамозг» (2010)
Гэта амерыканскі камп'ютарны анімацыйны фільм DreamWorks Animation. Вы маглі незаслужана прапусціць гэты фільм пра суперзлачынцу, які ператварыўся ў добрага хлопца, таму што ў 2010 годзе «Гадкі я» атрымаў больш шырокую папулярнасць.
Нягледзячы на тое, што сюжэт пайшоў па даволі папулярнай лініі «ад асобы суперзлачынца», у яго «зашыта» велічэзная колькасць вельмі глыбокіх думак пра месца асобнага чалавека ў гэтым свеце, пра карысць і шкоду перавагі над іншымі, пра каханне і хлусню, пра адданасць і здраду, пра наша грамадства, пра шаблоны, па якіх мы жывём...
Гэта адзін з тых рэдкіх мультфільмаў, што смела можна паказаць дзецям — тут няма грубага цялеснага гумару, агрэсіі, прыкладаў паводзінаў на мяжы дэградацыі.
«Згубленыя ў космасе» (2018)
Гэта амерыканскі фантастычны серыял Netflix пра прыгоды сям’і касмічных каланістаў, чый карабель збіўся з курса. Гэта рэмейк аднайменнага серыяла 1965 года.
Ідэальна падыходзіць для сямейнага прагляду, бо ў цэнтры серыяла —сям'я: тата, мама і трое дзяцей. Яны заўсёды падтрымліваюць і дапамагаюць адно аднаму, разам пераадольваюць незлічоныя выклікі і перашкоды. Увогуле, ствараецца цёплая атмасфера сямейнай любові. У кожнай серыі з'яўляюцца новыя загадкі і нявырашаныя праблемы. Прыгоды чакаюць герояў на кожным кроку.
«Чалавек-павук: Праз сусветы» (2018)
Амерыканскі анімацыйны фільм, заснаваны на персанажы Marvel Comics Майлзе Маралесе, зроблены Columbia Pictures і Sony Pictures Animation.
У гэтым мультфільме вы не знойдзеце звыклага Пітэра Паркера. У цэнтры мультфільма — падлетак Майлз Маралес, якому ўсяго пятнаццаць гадоў. Падлетак са сваімі праблемамі, замарочкамі, тараканамі. І менавіта гэтаму хлопцу трэба будзе вярнуць гасцей з іншых сусветаў дадому. На гэтым і будуецца ўвесь сюжэт.
У фільме закранаюцца сур'ёзныя тэмы: сяброўства, маральнае сталенне, важнасць сям'і, праблема бацькоў і дзяцей, узаемаадносіны вучняў і іх настаўнікаў. Хоць гэта і мультфільм пра супергерояў, на першым плане не экшэн, а сям'я.
«Наша планета» (2019)
Калі вашы дзеці вельмі любяць жывёлаў, гэтая серыя дакументальных фільмаў ад Netflix ім спадабаецца.
Кожная серыя-фільм расказвае пра пэўную частку жывой прыроды. Ад лясоў і джунгляў да акіянскіх глыбіняў і арктычных ледавікоў. Расказчык апавядае пра ўзаемаадносіны ўсяго жывога, пра тое, што на планеце нішто не існуе проста так. І пра тое, як чалавецтва забівае само сябе, вынішчаючы цэлыя віды, высякаючы лясы, забруджваючы атмасферу і ваду.
Многія кадры ўнікальныя і бясцэнныя. Гэты цыкл абавязковы да прагляду абсалютна ўсім: дзецям — каб з малых гадоў вучыліся аберагаць свет, дарослым — каб адумаліся...
Па матэрыялах з інтэрнэт-рэсурсаў падрыхтавала Эльвіра Палінеўская