У сям’і Аляксандра і Іны Дзятко чацвёра дзяцей. Іна — настаўніца пачатковай школы, цяпер яна ў дэкрэтным адпачынку і выхоўвае двух таленавітых хлопцаў-блізнятаў — Алеся і Арсенія, і дзвюх цудоўных дзяўчынак — Агату і Адэлю. У вольны час Іна займаецца творчасцю — вяжа прыгожыя рэчы для сваіх дзетак і знаёмых. Сям’я Аляксандра і Іны жыве ў Вілейцы (Мінская вобласць) і актыўна ўдзельнічае ў жыцці мясцовай парафіі Узвышэння Св. Крыжа. Я сустрэлася з Інай, каб распытаць яе пра клопаты і радасці вялікай сям’і і жыццё шматдзетнай маці.
— Іна, ці марылі Вы ў дзяцінстве мець вялікую сям’ю?
— Безумоўна, я марыла мець сваю сям’ю, але раней я думала, што хачу мець адну дачушку альбо дачушку і сына. Пра вялікую сям’ю ў мяне наогул не было думак.
— Вядома, што кожнае дзіця — гэта цэлы свет, у кожнага свае таленты і зацікаўленасці, пра якія можна распавядаць гадзінамі. Раскажыце, калі ласка, пра вашых дзяцей.
— Старэйшая — Агата, ёй 13 гадоў, і яна вельмі самастойная дзяўчынка, добра вучыцца ў школе, таму я рэдка дапамагаю ёй з урокамі. Агата добра малюе і ўжо другі год займаецца танцамі. Блізнятам, Алесю і Арсенію, 11 гадоў, і яны ў нас футбалісты, таму ходзяць на трэніроўкі 4 разы на тыдзень, і ўсе іх размовы толькі пра футбол. Мы ўсёй сям’ёй іх падтрымліваем, а калі ў Вілейцы праходзяць спаборніцтвы па футболе, я не магу ўседзець на трыбуне, бо вельмі хвалююся. Яшчэ Алесь і Арсеній — міністранты ў нашай парафіі. Яны называюць сябе «міністрантамі святла», і я заўважаю, як адказна яны ставяцца да сваіх абавязкаў у касцёле. Малодшая Адэля, якой яшчэ няма 3-х гадоў, — сапраўдны падарунак для нашай сям’і. Ёй пашанцавала — столькі ўвагі! Цешымся з яе ўсе! Калі летам старэйшыя дзеці выязджалі на міжнародную Парафіяду ў Варшаву, то прасілі толькі аднаго — паказаць ім праз інтэрнэт Адэлю. Хлопцы разам са мною ходзяць яе забіраць з садка і з радасцю разам гуляюць.
— Цікава, што імёны ўсіх вашых дзяцей пачынаюцца на літару «А»: Агата, Арсеній, Алесь, Адэля? Можа, гэта нейкім чынам звязана з іменем таты?
— Агата нарадзілася ў дзень святой Агаты, таму яна, можна сказаць, сама выбрала сабе імя і першую літару. Арсень носіць імя дзядулі мужа, а Алеська — проста прыгожае беларускае імя. Чацвёртую, Адэлю, называў муж, ён доўга шукаў прыгожае беларускае імя і адмыслова на літару «А», бо ўжо не хацелі змяняць нашу «традыцыю».
— Напэўна, у Вас вельмі шмат абавязкаў і справаў, таму мала часу застаецца для сябе. Як выглядае Ваш звычайны дзень?
— Цяпер я ў дэкрэтным адпачынку, таму ў мяне больш вольнага часу. Я — жаваранак, таму ўстаю рана, калі ўсе яшчэ спяць. І гэта час для сябе: я вару сабе каву, планую дзень, часам магу вязаць. Пасля таго, як усе ўстаюць, пачынаецца актыўны працоўны дзень: я гатую снеданне, збіраю і адводжу малодшую дачушку ў садок, дапамагаю збірацца старэйшым дзецям у школу, а мужу — на працу. Пасля ізноў застаюся адна: гатую, прыбіраю, вяжу. Калі дзеці вяртаюцца са школы, іх трэба накарміць, дапамагчы хлопцам зрабіць хатняе заданне, што, дарэчы, займае шмат часу, забраць дачушку з садка. Калі ўвечары застаецца вольны час, мы можам разам паглядзець штосьці цікавае, пагуляць з Адэлькай. Адпачываць я звычайна іду каля апоўначы. Але калі я стамлюся, то магу не хвалявацца і заснуць рана ўвечары, бо муж і старэйшыя дзеці самі ўсё дагледзяць. Штодня мы таксама збіраемся разам. У асноўным гутарым пра тое, як прайшоў дзень, што ў ім адбылося. На выходныя мы любім разам ездзіць у вёску, на прыроду альбо проста шпацыраваць у гарадскім парку.
— Ці лёгка было прыняць Божую волю, калі Вы даведаліся, што носіце пад сэрцам адразу дваіх дзяцей? Як Вы ўспрынялі навіну пра чацвёртае жыццё, якое Бог даў вашай сям’і?
— Мы наогул не падазравалі, што будзе двойня. Чакалі браціка для Агаты. Калі я пачула на УЗІ, што ў мяне пад сэрцам двое, то заплакала... Чаму? Спужалася, бо Агаце яшчэ не было двух гадоў. А калі прыйшла дадому і расказала мужу, то плакалі ўдваіх. Баяліся, што не справімся... Але справіліся! А вось чацвёртага дзіцяці, шчыра кажучы, не чакалі. Але я заўсёды ведала, што калі Бог пашле нам яшчэ адно новае жыццё, то я буду цешыцца. А муж кажа, што адчуваў, што будзе чацвёртае дзіця: «для раўнавагі» яму яшчэ не хапала дачушкі.
— Наколькі складана ў адзін момант стаць маці дваіх дзетак і адначасова ўсё рабіць двойчы?
— На мой погляд, маці двайнятаў — гэта гераіні. Уявіце сабе: карміць адразу дваіх, мыць, насіць, люляць і ўсё гэта рабіць адначасова. Хлопцы нарадзіліся па 3,5 кілаграмаў кожны, а разам аж 7 кілаграмаў! Абодва аднолькавыя. Да трох месяцаў мы малявалі ім на пупах зялёнкай лічбы, каб не паблытаць. Потым ужо пазнавалі, дзе хто і так! Я навучылася карміць адразу дваіх. Карміла іх грудным малаком да 1,5 года, і яны раслі, як на дражджах. У паўгода хлопцы важылі па 12 кілаграмаў! Былі моманты, калі я плакала, бо не спраўлялася і не ведала, што рабіць, але з Божай дапамогай мы разам пераадолелі ўсе цяжкасці Хлопцы спачатку не разумелі, што яны Алесь і Арсеній. Называлі адзін аднаго Асенька. А калі я казала, што ты — Арсенька, то тады проста гаварылі «брацік». Старэйшай жа Агаце прыйшлося хутка падрасці і пайсці ў садок, каб мне было лягчэй.
— З якімі клопатамі, праблемамі, а таксама радасцямі сустракаюцца шматдзетныя сем’і ў штодзённым жыцці? Да чаго павінны быць падрыхтаваныя сужэнцы, якія жадаюць мець шмат дзяцей?
— Самы вялікі клопат, калі дзеці хварэюць, бо калі захварэў першы, то абавязкова гэта пераймаюць астатнія. І так па чарзе, а ў выніку атрымліваецца «лазарэт». Яшчэ вельмі цяжка каго-небудзь не абдзяліць. Калі штосьці купілі аднаму, то і другому трэба, і трэцяй, таму, каб не было разладу, прыходзіцца купляць адразу ўсім. Мяркуйце самі, ці лёгка адразу купіць тры добрыя смартфоны? Таму, лепш без іх! Гэта ў жыцці не галоўнае, аднак трэба ўмець гэта мудра растлумачыць дзецям.
Пра радасці можна гаварыць шмат, бо калі бацькі цешацца, ганарацца адным, то мы ў разы больш! Сёння адзін прынёс дзясятку, заўтра — другі, паслязаўтра — трэцяя, вось вам колькі шчасця! А калі сур’ёзна, нават усмешка на твары дзяцей для мяне радасць. Дзеці заўсёды бачаць мой настрой, падхопліваюць яго. Што я хацела б сказаць маладым сужэнцам? Не бойцеся! Калі Бог дае дзіця, то дае і сілы! Цяжка выгадаваць аднаго, а калі дзяцей шмат, то яны адзін аднаго і вучаць, і дапамагаюць, і гуляюць разам. Мне лягчэй за ўсё было з чацвёртай дачушкай, бо старэйшыя ўсе мне дапамагаюць.
— Як вы з мужам рэалізоўваеце рэлігійнае выхаванне сваіх дзяцей? Што найважнейшае ў выхаванні дзяцей і іх духоўным развіцці?
— У нашай сям’і ўсё адбываецца з верай. Кожны дзень мы молімся і благаслаўляем адзін аднаго. У малітве я давяраю сваіх дзяцей Богу, таму галоўным у іх духоўным развіцці лічу міласэрнасць і ўзаемаразуменне паміж імі і бліжнімі. Мы з мужам вучым дзяцей быць сумленнымі і адказнымі за свае ўчынкі: калі зрабіў штосьці дрэннае, то абавязкова павінен прызнацца, перапрасіць і выправіць крыўду. Рэлігійнае жыццё ў нашай сям’і — гэта наш уласны прыклад. Дзеці давяраюць нам, таму і цягнуцца за намі. Калі моляцца бацькі, то будуць маліцца і дзеці. Мы практыкуем сумесную Ружанцовую малітву. Пяць таямнічак — і нас пяць, кожнаму па таямнічцы. Адэлька разам з намі пакуль проста перабірае пацеркі, але праз гэта таксама вучыцца. Да малітвы мы рыхтуемся: дзеці ўпрыгожваюць наш хатні алтарык і запальваюць свечкі. Удзел дзяцей у катэхезах пры парафіі і нядзельная святая Імша ў нашай сям’і нават не абмяркоўваюцца. Не ведаю, што павінна здарыцца, каб мы не пайшлі ў нядзелю да касцёла. Ногі самі туды вядуць!
Мы стараемся разам перажываць увесь літургічны год. На Адвэнт і Вялікі пост абавязкова выбіраем адну супольную пастанову — чытанне Святога Пісання. Мы разам чытаем Біблію, пасля абмяркоўваем, што Бог жадае нам сказаць. Любімае ў перажыванні Адвэнту для дзяцей — гэта Рараты! Дзеці майструюць ліхтарыкі і з радасцю прачынаюцца на раратнія святыя Імшы, якія ў нашай парафіі адбываюцца раніцай у 6:30. А летам мы ходзім пешай пілігрымкай з Вілейкі да Маці Божай Будслаўскай, разам спяваем і молімся. Калі я не магла пайсці ў пілігрымку, то старэйшыя дзеці хадзілі адны.
— Іна, ці адчуваеце Вы сябе шчаслівай жанчынай? Якое Вашае найбольшае жаданне?
— Я адчуваю сябе вельмі шчаслівай маці і жанчынаю і кожны дзень дзякую Богу за сваіх дзяцей і мужа! Разам мы сіла і праўда, таму разам мы не баімся ніякіх цяжкасцяў. Я адчуваю іх любоў і спрабую пераказаць ім сваю. Маё жаданне, каб дзеці сталі сапраўднымі людзьмі, патрэбнымі і неабыякавымі да бліжніх. І яшчэ я мару аб тым моманце, калі мы пераедзем у свой вялікі дом, які цяпер будуем сваімі сіламі.
— Іна, вялікі дзякуй за цёплую і шчырую размову! Няхай Бог надалей благаслаўляе вашую вялікую цудоўную сям’ю!
Размаўляла Кацярына Дурко
Фотаздымкі з сямейнага альбома Аляксандра і Іны