Ілюзія сям’і

Усё часцей і часцей да заключэння сужэнства моладзь змяняе некалькі сексуальных партнёраў, а некаторыя наогул адмаўляюцца ад афіцыйнага сужэнства на карысць сужыцельства, памылкова называючы яго «грама­дзянскім сужэнствам», лічачы сам інстытут сям’і састарэлым. Чым жа так прываблівае людзей спроба сумеснага дасужэнскага жыцця? Чаму такі вялікі працэнт мужчынаў і жанчынаў ідзе на гэта? Статыстыка пацвярджае вельмі малы працэнт тых, хто цяпер захоўвае чыстасць да шлюбу.


Першая прычына папулярнасці псеўдасужэнстваў — гэта страх паразы, няўдачы, які абвастраецца яшчэ больш, калі бярэш шлюб у Касцёле — магчымасці павярнуць назад і нешта змяніць не будзе, гэта раз і назаўжды. Таму людзі думаюць: лепш спачатку проста пажыць разам, каб дакладна ўпэўніцца, што ў нас ўсё атрымаецца, тады ўжо возьмем шлюб або разыдземся і будзем будаваць адносіны з некім іншым. Чаму б не паспрабаваць знайсці і праверыць ідэальнага партнёра для жыцця? Пробнае «сужэнства» — гэта адны плюсы.

Можа быць бясконцая колькасць такіх спробаў, і чым далей, тым больш разумення, што іншы чалавек — не ідэал, а проста чалавек, які мае свае адмоўныя і станоўчыя рысы. У пробным сумесным жыцці гэта раскрываецца, але скіраванасць на поспех ва ўсіх сферах не дае нам мірыцца з гэтым. Мы хочам, каб усё ў жыцці было ідэальна, і частая змена партнёраў — гэта пошук ідэалу і боязь няўдачы на асабістым фронце. Грамадства патрабуе ад нас поспеху ва ўсім: у працы, сямейным жыцці, бацькоўстве. Асабліва гэта датычыць мужчынаў, бо хлопчыкаў з дзяцінства вучаць: «Дамагайся свайго ва ўсім!». Аднак прэсінг паспяховасці ніяк не суадносіцца з хрысціянскім шляхам пакоры і прыняцця іншага чалавека — гэтыя два погляды немагчыма сумясціць.

Яшчэ адна прычына — страх у дзяўчат, што іх не возьмуць замуж і яны будуць нікому не патрэбныя  пасля дасягнення пэўнага ўзросту, і гэта прымушае іх пайсці на рызыку.

Яны недаатрымалі падтрымкі бацькоў, асабліва цёплых, даверлівых, адкрытых адносінаў з бацькам і таму неўратычна шукаюць гэтага досведу з іншымі мужчынамі, а маладыя людзі маніпулююць імі: «Я прапаную табе пакуль проста пажыць разам, інакш застанешся адна». Калі ў папярэдняй сітуацыі абое эгаістычна настроеныя партнёры выбіраюць псеўдашлюб, то тут дзяўчына вымушана «наступае на горла» сваім маральным каштоўнасцям ад страху адзіноты. Яна імкнецца быць у гэтых адносінах добрай «жонкаю», каб паказаць: «Я файная, вазьмі мяне замуж». А для чаго партнёру нешта змяняць? Усё і так добра: яна заўсёды побач, гатуе, прыбірае, радуе. Для чаго спяшацца ў ЗАГС або да алтара? Такі падман можа доўжыцца гадамі, пакуль цярплівасць жанчыны не скончыцца і яна не разарве адносіны або таксама пачне маніпуляваць мужчынам: паставіць перад выбарам «або сыходжу, або ідзем у ЗАГС», паспрабуе зацяжарыць і гэтак прымусіць юрыдычна ўзако­ніць адносіны. Але ці можа быць шчасліваю сям’я, заснаваная на маніпуляцыях і падмане?

Яшчэ адна істотная тэндэнцыя сучаснага грамадства, якая правакуе людзей на сексуальную свабоду — культ задавальнення ўласных патрэбаў.

Сум па іншым чалавеку, неабходнасць блізкасці і прыналежнасці да іншага часта прымаецца за сексуальнае прыцягненне, якое неабходна задаволіць. Моладзь асабліва востра перажывае гэта, бо такая чалавечая прырода, але ў грамадстве ўкараняецца меркаванне, што калі ты не вядзеш сексуальнага жыцця, ты хворы або ненармальны, ты амаль не чалавек, культывуецца прыярытэтнасць сексуальных патрэбаў перад усімі іншымі, абсалютная неабходнасць адразу ж супакойваць свой сексуальны «голад». Дзяўчаты на прыёме ў гінеколага часта сутыкаюцца з дзіўнаю праблемаю, калі яны гавораць, што не маюць сексуальных адносінаў: іх літаральна высмейваюць або «выхоўва­юць»: «Што ты сабе думаеш у сваім узросце? Гэта трэба для здароўя! Можа, ты ненармальная і маеш праблемы з псіхікай?»

Такія ўстаноўкі на першас­насць задавальнення сексуальных патрэбаў пашыраюцца ва ўсім грамадстве, але на прыёме ў доктара гэта найбольш выразна бачна. Сацыяльны рэйтынг асобы, асабліва мужчынаў, павышаецца з колькасцю партнёршаў, моладзь заахвочваюць да ранняй сексуальнай рэалізацыі, нават бацькі! Як у такіх умовах вучыцца будаваць адносіны з іншымі людзьмі, як дзяўчынкам вучыцца гаварыць «не», а хлопцам разумець свае сапраўдныя патрэбы, вялікае пытанне. Часта маладыя людзі пачынаюць жыць сексуальным жыццём толькі дзеля цікаўнасці або таму, што «так трэба, усе так робяць». У цэнтр, дзе я працую, мамы з цалкам добрых сем’яў прыводзяць цяжарных дачок 15–16-ці гадоў, якія засталіся адны. Я дзіўлюся: «Як так атрымалася? Дзяўчынка ж яшчэ школьніца, ёй трэба расці, вучыцца, сацыялізавацца», і чую ў адказ: «Ну, яна закахалася, у яе з’явіўся хлопец, і мы дазво­лілі ім жыць разам у нас, каб яны былі пад нашым наглядам, а не бадзяліся невядома дзе». Гэта рэальнасць сучаснага свету: бацькі — ініцыятары ранніх сексуальных адносінаў сваіх дзяцей у той час, калі ім трэба вучыцца разумець сябе і іншага чалавека, будаваць сацыяльныя адносіны. Аднак усё зводзіца да сексу, адсюль колькасць адзінокіх маці, разводаў, разбітых жыццяў. Культ сексу ў грамадстве — самая простая і прымітыўная прычына дасужэнскага сумеснага жыцця, але і самая балючая.

Калі ўсё ж у маладых людзей, якія паспрабавалі жыць разам, зарадзілася новае жыццё і яны вырашылі стварыць сям’ю, то сужэнства дае ім вялікі шанец стварыць паспяховыя адносіны, стаць добрымі мужам і жонкаю, што будзе патрабаваць сумеснага станаўлення, развіцця, росту. Але многія ўсё адно на гэта не ідуць. І тут мы падыходзім да самай галоўнай і складанай прычыны, у якой не кожны здолее прызнацца: у пробным «сужэнстве» можна жыць без абавязкаў. Усе правы ёсць: прыемны чалавек побач, сумеснае задавальненне, сумесны клопат аб гаспадарцы, але ў любы момант, калі нешта не спадабаецца, можна скласці рэчы і сысці. Здаецца, так прасцей і лягчэй, справядлівей і праў­дзівей: мы ж адразу дамаўляемся, што «паспрабуем», і калі не атрымаецца, кожны пойдзе сваёй дарогай. Папулярызуеца міф: штамп у пашпарце — зло; калі мы ажэнімся, стане горш: яна начэпіць бігудзі і халат, будзе выстаўляць непамерныя патрабаванні, як старая з казкі пра рыбака і рыбку; ён пачне ўваходзіць «у правы», стане тыранам, перастане дарыць падарункі і прымусіць назаўжды стаць каля пліты.

У сужыцельстве ёсць амаль поўная бачнасць сям’і і адносі­наў, задавальненне ўсіх базавых патрэбаў: ежа, секс, любоў, прыняцце.

Тылы забяспечаныя, ёсць з кім паразмаўляць, правесці час, а што яшчэ трэба? Вось ключ прыцягальнасці пробных «сужэнстваў» — усе асноўныя патрэбы нібыта задаволеныя, а адказнасці ніякай няма. Лічыцца, што ў пробным «сужэнстве» разрыў адносінаў нібыта не такі балючы — ну разышліся і разышліся, нічога страшнага, гэта ж была толькі спроба. У сапраўднай сям’і немагчыма проста так узяць і сысці. Развод стварае стос праблемаў, цяжкасці з раздзелам маёмасці, вымагае аліментаў, а сакрамэнтальнае сужэнства наогул не разарвеш, і мы зноў прыходзім да страху паразы. У ілюзіі сужэнства можна пражыць шмат гадоў, і абое ніколі да канца не возьмуць адказнасці адно за аднаго, а хрысціянскі шлюб патрабуе яшчэ большай адказнасці: мы адказваем адно за аднаго перад Богам, каб разам дайсці да святасці і стаць перад Ім напрыканцы зямнога жыцця, беручы за прыклад любоў Хрыста да Касцёла.

Коранем нежадання ствараць сем’і з’яўляецца нежаданне станавіцца дарослымі, бо гэтак мы заўжды застаемся толькі дзецьмі сваіх бацькоў, замыкаемся ў сваёй эгаістычнай ракавінцы, ніколі не раскрываючыся для іншага чалавека.

Сям’я — гэта ўзаемная адказнасць за сужэнца і дзяцей, нягледзячы ні на што, у горы і радасці, але гэта здаецца нам занадта складаным. Гэта праблема і бяда сучаснага грамадства, якое выхоўвае у нас спажывальнікаў у духу індывідуалізацыі асабістай прасторы, самарэалізацыі і задавальнення ўласных патрэбаў, якія стаяць на першым месцы. Таму так цяжка ўзяць на сябе адказнасць за іншага чалавека — мы і за сябе не хочам браць адказнасць. Ці існуе агульнае рашэнне, я не ведаю. Кожны вырашае для сябе, хоча ён быць дарослым ці выбірае заставацца ў ілюзіях і сваім замкнутым эгаістычным свеце.

Заканадаўства Беларусі дае права весці сексуальнае жыццё з 17-ці гадоў па ўзаемнай згодзе. Але часцей за ўсё псіхіка і фізіялогія чалавека яшчэ недастаткова развітыя ў такім ўзросце. Да таго ж, права, адарванае ад каштоўнасцяў, ад павагі да іншага чалавека — гэта яго вульгарнае выкарыстанне, нават па ўзаемнай згодзе. Сексуальныя адносіны не вядуць да пазнання сябе, свайго цела, сваёй асобы, асобы іншага чалавека. Аргумент пра тое, што гэта «натуральная патрэба, якую неабходна задавальняць», разбіваецца, калі ўзгадаць, што мы — не толькі біялагічныя істоты, а яшчэ разумныя і духоўныя. Чаму ж такая ўвага не надаецца задавальненню духоўных і інтэлектуальных патрэбаў? Сексуальны інстынкт не роўны нашым патрэбам у ежы, пітве, сне, адсутнасць сексу не пагражае жыццю і здароўю. Можна сказаць, што самы сексуальны орган у чалавека — мозг, які кіруе намі, а не гармоны. Калі малады чалавек не зразумее сваю фізіялогію і не навучыцца рэгуляваць палавы інстынкт, гэта можа па­шкодзіць яму, нават прывесці да псіхічных адхіленняў. Давайце лепш развіваць свае мозг і сэрца!

Якое выйсце з сітуацыі? Па-першае, многае залежыць ад прыкладу адносінаў у бацькоўскай сям’і. Калі яны сапраўдныя, шчырыя, поўныя любові і падтрымкі, да такіх жа адносінаў будуць імкнуцца іх дзеці. Да пабудовы шчаслівых адносінаў трэба рухацца не праз пробныя «сужэнствы», а найперш праз самапазнанне: неабходна зразумець сябе, убачыць свае моцныя і слабыя бакі, свае ўменні і здольнасці. Пасля можна рухацца ў кірунку пазнання іншага чалавека, каб не мець ілюзій наконт яго асобы. Толькі пасля сапраўднага пазнання іншага можна навучыцца быць з ім і ў прыемных, і ў непрыемных сітуацыях, і на падмурку агульных каштоўнасцяў і прыняцця іншага чалавека будаваць сапраўдныя ўзаемаадносіны. Кожны чалавек сумуе па блізкіх, добрых і чыстых адносінах з іншым і так шукае сваю «палову». Дашлюбныя спробы размываюць гэтае імкненне, і часта на вяселлі ў маладых лю­дзях шмат горычы, бо яны хацелі б, каб не было гэтых папярэдніх спробаў і расчараванняў, але не змаглі, і гэтая горыч перадаецца ў добрыя сем’і, атручваючы іх існаванне.

Важна таксама выхоўваць у сынах і дочках годнасць дзяцей Божых, вартых лепшага, не згодных пераступаць праз свае каштоўнасці, гатовых адказваць за сваё жыццё і жыццё іншага, здольных любіць і прымаць любоў.

Жыццё ў чыстасці дазваляе нарачоным навучыцца стрымліваць свае сексуальныя інстынкты і выяўляць любоў праз пяшчоту, узаемную ўвагу, чуласць. Гэта каштоўна, бо і ў сужэнскім жыцці ёсць час, калі неабходнае ўстрыманне, як, напрыклад, пасля нараджэння дзіцяці. Дашлюбная чыстасць вучыць чыстасці і ў сужэнскім жыцці. Ёсць прыклады цудоўных сем’яў, якія змаглі захаваць чыстасць да шлюбу і ў ёй ўвайсці ў сужэнства, і добра, калі бацькі не саромеюцца расказаць дзецям, што ў іх гэта атрымалася, і сведчаць пра каштоўнасць дашлюбнай чыстасці, якая дае ўзаемны вялізны давер на ўсё жыццё, упэўненасць у цвёрдасці сваіх рашэнняў, бо адно з асноўных рашэнняў у жыцці было адназначным: разам ісці па ім у любові, праўдзівасці, чыстасці і даверы. Прыклад сем’яў, створаных у чыстасці, дае нам права гаварыць пра тое, што за гэта варта змагацца.

Калі гэтага разумення няма ў дзецях, калі яно не было выхавана ў сям’і, праз веру, у хрысціянскай супольнасці, падчас катэхізацыі, само яно не знойдзецца. Таму хрысціянства дае найлепшы падмурак для годнага жыцця: каштоўнасці, на якіх яго можна будаваць. Часта псеўдасужэнствы — гэта менавіта недастатковая ўпэўненасць ва ўласным падмурку. Калі невядома, на чым стаіш, немагчыма нічога пабудаваць.


Ірына Шмак — псіхолаг,
кіраўнік сацыяльнага цэнтра «Шчаслівы малыш»
SOS Дзіцячай вёскі
ў Бараўлянах

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней