
Пачынаць тэму нявіннасці — значыць заведама жартаваць з агнём. Для многіх веруючых устрыманне да шлюбу — святы Грааль, для няверуючых — незразумелыя забабоны з Cярэднявечча. Страчваць адэкватнасць і пырскаць слінаю абодва бакі гатовыя аднолькава.
Звязаныя з нявіннасцю міфы веруючых — асобная вялікая тэма. Але цяпер мне цікава паглядзець на «жалезны контраргумент» няверуючых: «Як жа так, не паспрабаваўшы, купляць ката ў мяшку! Так могуць рабіць толькі адчайныя дурні, якія збіраюцца загубіць сваё жыццё! А калі паміж імі сексуальная несумяшчальнасць?»
І кожны раз мой унутраны голас замучана пішчыць: «Ээ-э, народ, а як жа развод, які вы ўсімі сіламі абараняеце? Па іншых прычынах — нармальна, а калі ў ложку не сышліся — дык трагедыя?»
Я не ведаю аніводнай пары, якая распалася б па гэтай (натуральна, міфічнай) прычыне. Маўляў: «Ён чалавек добры, проста золата, але вось у ложку не супалі!» Я і сама ніколі не разыходзілася з хлопцамі з-за гэтага. Разыходзяцца з іншых прычынаў. А калі секс сыходзіць на нішто, то зусім не з-за «несумяшчальнасці», а таму, што ён, у першую чаргу, «завязаны» на адносінах. Калі адносіны трашчаць па ўсіх швах, то і сексам займацца не хочацца.
Секс — гэта справа тэхнікі, як на гітары граць.
Можна, канешне, усе гітары ў краме перагледзець,
задумліва перабіраючы струны, і чакаць,
на якой атрымаецца. Тут вучыцца трэба,
а не «сумяшчальнасць» тэсціраваць.
«Ну і добра, чаму б да шлюбу не пратэсціраваць? Заадно і павучыцца», — спытаецеся вы. Ды толькі праблема ў тым, што «тэсціраванне» багата на пабочныя эфекты. І я не буду казаць пра венерычныя захворванні, незапланаваную цяжарнасць і аборты. Дапусцім, вакол усе разумныя, засцерагаюцца і правяраюцца (ага).
Справа ў іншым. Кажуць, што «тэсціраваць» партнёра ў пасцелі да шлюбу рацыянальна. Аднак вучоныя выявілі такую штуку, як узаемнае «гарманальнае прывыканне» партнёраў: секс прывязвае. Жанчыну больш, чым мужчыну, але яго таксама. Чым больш сексу, тым менш розуму. Чым бліжэйшыя адносіны, тым хутчэй адключаецца рэжым «рацыянальнага тэсціравання». А потым гармоны згасаюць і… ой.
Чамусьці дзяцей з дзіцячых дамоў не прынята «тэсціраваць» гадамі. На бацькоў, якія вярнулі дзіця ў дзіцячы дом, будуць глядзець скоса. Дзеці прывязваюцца, для іх разрыў — драма. Але дакладна гэтак жа прывязваюцца мужчына і жанчына! І колькі б мы ні рабілі выгляд, што гэта «дагаворныя адносіны», якія «контрагенты» вырашылі па ўзаемнай згодзе спыніць, гэтае расставанне, хутчэй, падобна да паласной аперацыі, калі рэжуць па жывым.
Кажуць: навошта пячатка ў пашпарце, справа ж не ў пячатцы! Канешне, не ў ёй. Але секс — гэта больш сур’ёзна, чым штамп. Выдаткі ад сексуа не меншыя, чым юрыдычныя і псіхалагічныя наступствы разводу. Тым больш калі «справа не ў штампе», чаму б яго не паставіць? Можна сказаць і наадварот: «справа не ў сексе» (мала хто запярэчыць, што толькі ў сексе, а на чалавека мне пляваць), тады навошта ім займацца?
Які пасыл нясе ўстрыманне да шлюбу, акрамя традыцыі? Ад мужчыны: «Мне патрэбны ад цябе не толькі секс». А ад жанчыны: «Я магу даць табе не толькі секс». Уявіце сабе, што да пачатку адносінаў партнёрам задаюць пытанне: «А ты ажаніўся б з ёю? А ты выйшла б за яго?» Мала хто адказаў бы: «Так, канешне! Хоць заўтра! Але навошта?» Пытанне пра сужэнскія адносіны — гэта заўсёды пытанне аб планаванні, рацыянальнасці і адказнасці. Гэта вяртанне з «гарманальных нябёсаў» на грэшную зямлю з нявымытым посудам, крэдытам і сваякамі. І ў большасці выпадкаў — не мяккая пасадка, а сапраўдная катастрофа для адносінаў.
У каментарах да аднаго з маіх артыкулаў мне нагадалі мудрую фразу: «Да шлюбу глядзі ва ўсе вочы, а пасля — праз пальцы».
Але значна часцей робяць наадварот.
Спачатку жмурацца ад шчасця і глядзяць праз пальцы,
а калі эмоцыі схлынуць, з жахам пазіраюць на тое,
што ляжыць у іх пад бокам.
І адразу: «Ой, фу, тэст не пройдзены, ідзі прэч».
Але справа тут зусім не ў сексе.
Секс да шлюбу — гэта што заўгодна, толькі не разумны выбар. Гэта «ўсе так робяць», «гэта нармальна», «так і трэба», «закаханыя і хочацца ж», «чаму б і не». У аповесці пра Пятра і Фяўронію Мурамскіх ёсць выдатны эпізод, калі Фяўронія прапануе спадарожніку, які глядзіць на яе «з распуснымі намерамі», пакаштаваць ваду з двух бакоў чаўна. Вада аказваецца аднолькаваю на смак, і жанчына кажа, што «сутнасць жаночая» таксама ва ўсіх аднолькавая.
Я стаю воддаль ад ханжаскіх галашэнняў: о, займаліся сексам да шлюбу — цяпер не бачыць вам шчасця! У маім асяродку (зусім сабе не рэлігійным) такі сцэнар адносінаў быў нормаю. Трэба сказаць, што большасць з гэтых параў, што ажаніліся на маіх вачах, на маіх жа вачах і развяліся. Але для мяне гэта не нагода для злараднасці — маўляў, атрымалі па заслугах, грэшнікі. Я вельмі спадзяюся, што ў тых з маіх нерэлігійных сяброў, каму ўдалося захаваць сужэнскі саюз, будзе ўсё добра. Але ў мяне пабудаваць адносіны і захаваць любоў без веры не атрымалася — як не атрымалася ў многіх з тых, каго я ведаю. Яны да гэтае пары адзінокія, мітусяцца і пакутуюць, намагаючыся знайсці любоў і шчасце ў той парадыгме, якую я ў свой час пераступіла. Пераступіла, але перад гэтым паводзіла сябе гэтак жа, як і ўсе, — грашыла. Так што чытаць мараль я магу толькі сабе: не бачыць табе, Дар’юшка, шчасця.
Але, на шчасце, хрысціянства — не вытворчы рэгламент, дзе за бездакорныя паводзіны налічваюць балы, а за грахі выкідаюць: Бог прабачае любы грэх, калі мы шчыра каемся. А што такое пакаянне? Гэта не неўратычнае «уу-у-у, які я дрэнны, я павінен цярпець». Гэта — перамена мыслення, гатоўнасць перагледзець свае каштоўнасці і свае паводзіны, і — галоўнае — цвёрда пастанавіць дзейнічаць па-іншаму (як бы гэта ні было напачатку цяжка).
Калісьці я паспрабавала іншы сцэнар, і не гатовая згадзіцца, што я, звар’яцелая рэлігійная дурнічка, «кінулася ў вір галавою». Не, тады я першы раз у сваім жыцці павяла сябе сапраўды разумна. Ні ў кога не было няўдалага сужэнства толькі таму, што людзі вырашылі ўстрымацца да шлюбу. І дакладна ні ў кога адносіны не сталі мацнейшыя таму, што яны адразу ж перайші да сексу. А вось адваротных прыкладаў — колькі заўгодна.
У гурта Animal Джаz ёсць песня «Шчасце» з рэфрэнам, які я часта цяпер успамінаю.
И помню я, и помнишь ты,
Как слишком быстро все мечты
Сбылись,
И вот мы стали как одно!
Кто не прошёл весь длинный путь,
Тот с лёгкостью теряет суть...
Зачем
Такое счастье нам дано?
Дар’я Косінцава, праваслаўны блогер
Пераклад з рускай мовы Дар’і Ахламёнак