Як паміраюць ненароджаныя?

Усе людзі так ці інакш цяжка ўспрымаюць інфармацыю, якая датычыць іх прыватнага жыцця. У сексуальным жыцці сучасныя людзі наогул працівяцца ўсялякім маральным ацэнкам. Натуральным наступствам сужэнскай блізкасці з’яўляецца зачацце новага жыцця. І калі мы кажам аб праве на жыццё дзіцяці, тады ўзнікае пэўны супраціў гэтай тэме, бо нашае грамадства на сённяшні дзень не забяспечвае гэтага права для зачатага жыцця. Усё ж такі праўда застаецца праўдаю: зачатыя дзеці свядома ці не свядома забіваюцца і, на жаль, многія, нават каталіцкія сем’і, слаба знаёмыя з тым, у якіх выпадках можна казаць пра забойства ненароджанага дзіцяці. Мы назавём гэтыя выпадкі.


 1. Аборт.

Аборт з’яўляецца цяжкім грахом, бо гэта свядомае і дабравольнае забойства дзіцяці ва ўлонні маці (ККК, 2271). Аборт з’яўляецца грахом не толькі для жанчыны, але і для кожнага чалавека, які так ці інакш змушае жанчыну да гэтага ўчынку, а таксама для медперсаналу, які ўдзельнічае ў гэтай працэдуры (ККК, 2272).

Медыкаментозны аборт — гэта паэтапнае перарыванне цяжарнасці. Спачатку жанчына прымяняе спецыяльны абартыўны прэпарат, які забівае дзіця ва ўлонні. Пазней жанчыне даецца прэпарат, які выклікае моцныя схваткі, і рэшткі дзіцяці выхо­дзяць з маткі. Медыкаментозным абортам называюць таксама салявы амніяцэнтэз, калі ў поласць маткі ўводзіцца канцэнтраваны салявы раствор, каб атруціць дзіця.

На ранніх тэрмінах цяжарнасці робяць вакуум-аспірацыю. Гэты метад шырока выкарыстоўваецца не толькі ў бальніцах, але і ў жаночых кансультацыях. Уводзячы ў матку спецыяльную трубку, утвараюць ціск, які літаральна разрывае зачатае дзіця на кавалкі.

Медыцынскі аборт (выскабліванне поласці маткі) робіцца спецыяльным нажом, які ўводзіцца ў поласць маткі, і доктар разразае дзіця на кавалкі (выскабліваючы, выдаляе цела дзіцяці з маткі).

2. Кантрацэпцыя.

Большасць сучасных людзей, на жаль, не ўяўляе свайго жыцця без кантрацэпцыі. За апошнія дзесяцігоддзі яна моцна ўкаранілася ў нашае жыццё, цалкам змяніўшы падыход да сужэнскіх адносінаў. Аднак, згодна з каталіцкім веравучэннем, кантрацэпцыя з’яўляецца таксама грахом, бо супрацівіцца з’яўленню на свет дзіцяці (ККК, 2370). Назавём спосабы кантрацэпцыі, якія прыводзяць да знішчэння зачатага дзіцяці, — абартыўныя кантрацэптывы.

Унутрыматачныя сродкі. У матку ўводзіцца іншароднае цела: спіраль, пятля, унутрыматачнае кольца і г. д., што пры­во­дзіць да моцнага раздражнення слізістай сценкі маткі. У выніку апладнёная яйцаклетка (эмбрыён — зачатае дзіця) не можа прымацавацца да сценкі маткі і адбываецца міні-аборт, пра які жанчына можа нават не здагадвацца.

Гарманальныя кантрацэптывы таксама не даюць нарадзіцца дзіцяці. Яны выкарыстоўваюцца ў выглядзе таблетак, вагінальных кольцаў, пластыраў, ін’екцый. Асноўны механізм дзейнасці гэтых прэпаратаў — не дазволіць апладнёнай яйцаклетцы прымацавацца да сценкі маткі, а значыць і гэтыя кантрацэптывы забіваюць ненароджанае дзіця.

3. ЭКО (экстракарпаральнае апладненне).

Смерць ненаро­джаных дзяцей падчас працэдуры ЭКО — звычайная рэч. Справа ў тым, што для эфектыўнасці метада апладняюць не адну, а некалькі яйцаклетак, якія змя­шчаюць у арганізм жанчыны і назіраюць, якія з эмбрыёнаў прыжывуцца, а «лішніх» выдаляюць з маткі.

Да сужэнскай блізкасці неабходны свядомы падыход, бо пад медыцынскімі тэрмінамі можа хавацца забойства чалавека.


 Падрыхтавала Вольга Качалка
Паводле інтэрнэт-рэсурсаў

Больш падрабязную інфармацыю
на тэму натуральных спосабаў планавання сям’і
вы можаце знайсці на сайце
Дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы»
prolife-belarus.org.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней