Аборт перастае быць нормаю

Алена Місан — маладая жанчына, хрысціянка, гінеколаг у адной з мінскіх паліклінік. З самага пачатку працоўнай кар’еры ёй прыйшлося сутыкнуцца з цяжкасцямі, выкліканымі яе непрыманнем забойства дзіцяці ва ўлонні маці. Мы папрасілі Алену расказаць, якім чынам яна дапамагае жанчынам прыняць правільнае рашэнне і нарадзіць зачатае жыццё.


 


— Аборт у гінекалогіі лічыцца звычайнай медыцынскай працэдурай, але Вы з самага пачатку сваёй медыцынскай практыкі пайшлі на поўнае адмаўленне ад перарывання цяжарнасці. Ці былі перашкоды ў гэтым, і як успрымаюць такое Ваша рашэнне кіраўніцтва і калегі?

— Ва ўстанове, куды я была скіраваная падчас інтэрнатуры, мне далі зразумець, што ў нашай прафесіі ёсць і дабро, і зло: мы ўдзельнічаем і ў нараджэнні і ў забойстве. Мой кіраўнік інтэрнатуры, даведаўшыся пра маё стаўленне да працэдуры аборту, наогул сказала мне, што я ім такая не патрэбна. Думаю, яна гэта зрабіла не таму, што дрэнна да мяне ставілася, а пад уплывам абставінаў. Для мяне гэтая фраза была першым ударам.

Адным словам, падчас інтэрнатуры я сутыкнулася з рэзкім стаўленнем да майго выбару не рабіць аборты. Калі я прыехала па размеркаванні, то першае, што я сказала: не раблю абортаў. У мяне спыталі, ці гэта катэгарычнае стаўленне, і мой адказ быў: «Так». І я вельмі ўдзячная сваёй загадчыцы за тое, што яна без асуджэння прыняла маю пастанову і ніколі не схіляла мяне да выканання гэтай працэдуры.

— Ці падымалі Вы пытанне адносна абортаў з калегамі, якія яго робяць?

— Для кожнага гінеколага тэма абортаў і асабістага ўдзелу ў ім не простая. Я не адважваюся пры размовах закранаць гэтую тэму з дактарамі, якія сёння непасрэдна ўдзельнічаюць у забойстве чалавека. Магу толькі маліцца за іх і спадзявацца, што калі-­небудзь яны не будуць гэтага рабіць. Я раскажу пра некалькі чалавек, якія рабілі аборты, але цяпер не робяць і чаму не робяць. У аднаго доктара пачалі адбывацца нейкія дзіўныя з’явы: у яго кабінеце на сцяне вісела ікона, а за гэтай сцяною якраз быў маніпуляцыйны кабінет, дзе звычайна і робяцца аборты. Аднойчы пасля правядзення аборту ён заўважыў, што ікона ўпала на падлогу. Гісторыя з яе падзеннем пасля той жа працэдуры паўтарылася. Гэтыя выпадкі і сталі для яго штуршком, каб у хуткім часе зусім адмовіцца ад перарывання цяжарнасці.

Адна жанчына ўрач расказвала, што падчас аперацыі аборту сама адчувала боль унізе жывата, нібыта яе цела разумела ўвесь жах гэтай аперацыі. Са мною аднойчы адбылася дзіўная гісторыя. Прыйшла неяк жанчына на прыём, і я адчула, што ўнутры мяне нешта адбываецца: маё сэрца пачало бунтавацца, бо нешта не тое было ў гэтым чалавеку. Падчас агляду я ўбачыла ў яе спіраль (раннеабартыўны сродак перарывання цяжарнасці — В. К.). Нібыта на імгненне Бог даў мне адчуць сваё стаўленне да гэтага, бо і Яму баліць, калі жанчына ў сваім улонні мае іншароднае цела, якое садзейнічае смерці яе дзяцей.

— Калі жанчына кажа, што хоча зрабіць аборт, ці пытаецеся Вы, чаму яна хоча забіць дзіця? Якія найбольш частыя прычыны?

— Такія размовы заўсёды ёсць. Падчас аднаго з семінараў па абароне жыцця я зразумела, што мы павінны быць абаронцамі жанчын, бо ў такіх абставінах ім і так вельмі дрэнна, і мы не маем права іх асуджаць, бо яны ўжо асуджаныя. Трэба быць з такімі жанчынамі вельмі далікатнымі. Падчас агляду я стараюся адразу як бы благаславіць зачатае дзіця, незаўважна, хоць бы нават пальцам. Пасля ўжо я малюся за жанчыну. Калі агляд скончаны, мы пачынаем размаўляць. Я заўсёды тлумачу, што можна нарадзіць дзіця і пакінуць у раддоме, але не забіваць! Часам жанчыны абураюцца і кажуць, што ніколі так не зробяць. Адмовіцца ад дзіцяці пасля яго нараджэння яны лічаць дзікасцю, а вось забіць, калі яно яшчэ малое і нябачнае, ім падаецца прасцей. Я часам патрабую, каб жанчына прыйшла на прыём з мужам.

Аднойчы прыйшла такая пацыентка з мужам. Аказваецца, ён ужо і свечку па дзіцяці паставіў: нібы пахаваў яго для сябе. Я ўзяла і павяла іх абоіх на УГД — паказваю дзіця на экране, тут муж папрасіў, каб я яму пол паказала, ну так, дзеля забаўкі. Дзіўна гэта, але мужчыны і жанчыны нібыта зусім не задумваюцца, што свядомае забойства свайго дзіцяці любымі сродкамі раней ці пазней будзе мець балючыя наступствы. Я веру, што калі мужчына скажа: «Мая любая, дарагая, я не дазваляю табе забіць нашае дзіця, я ўсё зраблю, каб цябе падтрымаць», то ні адна жанчына не адважыцца на аборт. Аднойчы пасля размовы з пацыенткаю, якая сумнявалася, што ж ёй рабіць з цяжарнасцю, яна пайшла ад мяне з надзеяй усё ж нарадзіць, але пасля прыйшла і сказала: «Мяне не падтрымаў мужчына», і пайшла на аборт. Важным для жанчыны падчас так званай крызіснай цяжарнасці з’яўляецца падтрымка яе родных, сяброў, супрацоўнікаў. Была ў мяне такая жанчына, у якой двое дзяцей, і з трэцім яна прыйшла на аборт, бо іх з мужам зацкавалі родныя, маўляў, у іх усіх па двое, дык куды вам трэцяга. Страшная сітуацыя...

— У беларускіх СМІ была дыскусія наконт спробаў заканадаўча забараніць аборты ў Польшчы. Ці абмяркоўвалі вы з калегамі гэтую праблему?

— Не, не абмяркоўвалі. Наколькі я зразумела, законапраект прадугледжваў забарону забойства дзіцяці з генетычнымі анамаліямі, калі толькі гэта не пагражае жыццю жанчыны. У сувязі з гэтым раскажу, што мяне шакіруе ў нашай сістэме аховы здароўя. Першае планавае УГД жанчына робіць у «Рэспубліканскім навукова­практычным цэнтры „Маці і дзіця“» ў тэрмін 11,1–13,6 тыдняў. Пасля, калі дактары на УГД знаходзяць паталогію, жанчына ідзе на кансультацыю да генетыка. І я заўважыла, што часам гэтыя дактары, мякка кажучы, некарэктна паводзяць сябе з пацыенткамі. Напрыклад, адной жанчыне зрабілі УГД на тэрміне 11,1, у дзіцяці знайшлі процьму паталогіяў, нічога ёй не растлумачылі і з каменным тварам сказалі: вялікая верагоднасць, што яна выношвае хворае дзіця. Уся ў слязах яна прыбягае да мяне. Я казала ёй пачакаць, бо гэта толькі першы дзень, калі дактары маглі зрабіць тую генетычную УГД: на такім тэрміне могуць быць свае асаблівасці, і не абавязкова гэта паталогія. А яна кажа, што ўжо мае двух дзетак, і калі гэтае незапланаванае дзіця народзіцца хворым, то не будзе ёй жыцця. Жанчыне і так цяжка, а генетыкі такія «дыягназы» ставяць! І вось гэтая цяжарная жанчына цэлы тыдзень плача, а праз тыдзень зноў ідзе на паўторнае УГД, і аказваецца, што паталогіі ў дзіцяці ўжо няма! Яны сябе багамі там лічаць, ці што? Вядома, часам дзіця сапраўды можа быць хворым. Акрамя УГД, гэта пацвярджаецца і іншымі даследаваннямі. Цікава, што медгенетыкі пры выяўленай паталогіі пішуць у медкартах: «Рэкамендавана перарыванне па ўзгадненні з сям’ёю». Але ў вуснай форме многія генетыкі быццам загадваюць рабіць аборт, нібыта няма тут чаго выбіраць і абмяркоўваць. Псіхічна і духоўна для сям’і гэта вялікая розніца: забіць дзіця ва ўлонні ці даць яму ўсё ж нарадзіцца і памерці самому, калі настане час. Здаецца, такое нават не прапаноўваюць.

— Вы казалі, што моліцеся за пацыентак, якія вырашылі зрабіць аборт. Ці былі выпадкі, калі Вы бачылі яўныя плады малітвы?

— Калі размаўляю з жанчынаю, то прашу Духа Святога, каб падказаў мне, што менавіта ёй трэба сказаць у гэты цяжкі для яе момант. Штодзённа стараюся маліцца таямніцаю Ружанца за жанчыну на працягу таго часу, калі яна прымае рашэнне. Я стараюся не асуджаць жанчыну, бо яна ўжо пад уплывам злога духа. Веру, што міласэрны Бог уратуе тое ненароджанае дзіця, а ці ўратуецца душа жанчыны? Гэты грэх руйнуе менавіта яе, таму трэба маліцца аб ачышчэнні яе душы. Нават калі яна ўсё ж зрабіла аборт, то трэба маліцца за яе, каб д’ябал да канца не зруйнаваў яе душу.

Раскажу гісторыю, калі я ўба­чыла плады сваёй малітвы за жанчыну. Пацыентка была гадоў сарака. На жаль, гэта крызісны ўзрост для нараджэння ў Беларусі. Маючы дзіцё 20­-ці гадоў, жанчына не планавала яшчэ мець дзяцей, бо лічыла сябе ўжо ледзь не бабуляй. Зацяжарыўшы, яна вырашыла рабіць аборт. Размоваў з ёю было вельмі шмат, але без выніку. Калі гэтая жанчына сядзела каля кабінета для перарывання цяжарнасці, я выпадкова праходзіла побач па калідоры. Сядаю і пачынаю зноў з ёю размаўляць, шукаць новыя аргументы за тое, каб нарадзіла. Выпадкова ў той момант у мяне з сабою была маленькая гумовая лялька — вобраз дзіцяці на 11–12-­м тыдні, якую я дала ёй у рукі патрымаць. Але яна ўсё ж пайшла ў кабінет перарываць цяжарнасць. Я пачала маліцца і, напэўна, гэта была мая самая шчырая малітва аб захаванні дзіцяці. Я казала Богу: «Ты ўсемагутны, толькі Ты можаш змяніць гэтую сітуацыю!» Праз дзень гэтая жанчына прыйшла да мяне на прыём, гэта быў дзень майго нараджэння. Яна распавяла, што, калі лягла на крэсла, доктар ёй сказаў: «Можа, Вы ўсё ж пойдзеце? Давайце цяпер не будзем рабіць аборт. У Вас ёсць яшчэ дзень. Прыміце правільнае рашэнне». І яна ўстала з крэсла! А пасля прыняла рашэнне не забіваць дзіця. Я ёй сказала, што гэта лепшы падарунак на мой дзень нараджэння. Нарадзілася дзяўчынка, а імя ёй далі Любоў. Так што цуды бываюць!

Вядома, нашае грамадства глыбока зраненае: аборт яшчэ нядаўна лічыўся проста аперацыяй, нібыта выдалялі «згустак крыві» — так называлі дзіця ва ўлонні, і ўсё ж у грамадстве ёсць і пазітыўная дынаміка. Маладыя дактары часта адмаўляюцца рабіць аборт, карыстаюцца сваім законным правам, і аборт пера­стае ўспрымацца як норма.

— Алена, дзякуй Вам за размову, за Вашу мужнасць, за тое, што падзяліліся сваім  досведам!


Гутарыла Вольга Качалка

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней