Прыклад бацькі

«Прыклад цярплівай вашай любві, у якой сакрэт шчасця сям’і...». Гэтыя словы вядомай песні вельмі падыходзяць і да сям’і Найдзічаў са Смаргоні. Больш за тое, без усялякага пафасу хочацца сказаць: пакуль існуюць такія сем’і, брамы пякельныя не перамогуць інстытут сям’і.

Калі я запланавала матэрыял пра моладзевы цэнтр смаргонскай парафіі святога арханёла Міхала, святары ў адзін голас скіроўвалі мяне да Марка Найдзіча, які быў на той час яўным лідарам у араторыі і нават збіраўся на вучобу ў семінарыю салезіянскай супольнасці. Пасля размовы з Маркам я вырашыла абавязкова напісаць пра яго сям’ю. Хлопец расказваў, што не памятае дня ў сваім жыцці, каб яны не маліліся ў сям’і разам: вечарам усе становяцца на калені і бацька пачынае малітву, дзе б яны ні былі і што б ні было. «Тата для мяне вялікі прыклад шчырай веры і адданасці Богу, — гаворыць Марк. — Я вельмі ганаруся ім, ганаруся нашай сям’ёй».

Было гэта тры гады таму. Сёння Марк Найдзіч вучыцца ў навіцыяце салезіянскай кангрэгацыі ў Славакіі, а яго сястра Вікторыя нядаўна распачала выпрабавальны тэрмін у сясцёр салезіянак у Смаргоні. У сям’і яшчэ двое дзяцей — Павел і Вераніка, якія маюць ужо свае сем’і. Іх бацькі — Антон  і Ірына — пазнаёміліся ў 1986 годзе на вяселлі ў Ірыніных сваякоў. У Антона гэта было каханне з першага позірку. Ірына ж не на жарт тады спалохалася, бо хлопец, не ведаючы нават яе імя, падчас першага танца прапанаваў ёй выйсці за яго замуж. Першае, што яна падумала: ён для мяне занадта прыгожы і да таго ж  легкадумны,  ветраны. Старалася трымацца воддаль. А хлопец назаўтра спытаў яе, ці памятае яна пра яго прапанову.

Антон ужо адслужыў у войску, а Ірына адпрацоўвала двухгадовы тэрмін у Краснагорску Маскоўскай вобласці пасля вучылішча. Перад яе ад’ездам на працу Антон паехаў да Ірыніных бацькоў і папрасіў рукі іх дачкі.  І вось праз чатыры месяцы з дня свайго знаёмства маладыя згулялі вяселле. Да гэтага бачыліся ўсяго чатыры разы. Шлюб бралі патаемна ў Жодзішках — Ірына адтуль родам.

Антон і Ірына паходзяць з каталіцкіх сем’яў, дзе вера практыкавалася нават тады, калі гэта было забаронена. Сям’я Антона Найдзіча жыла ў Смаргоні. Касцёл тут быў зачынены, але ў іх доме заўсёды праводзіліся маёвыя, чэрвеньскія, ружанцовыя набажэнствы. У нядзелю бацькі з дзецьмі (а іх у сям’і двое) ездзілі да касцёла ў Солы. Паездка была нялёгкаю:  няблізка ісці да цягніка, даехаць, там чакаць некалькі гадзінаў да Імшы і потым — назад. Так праходзіў цэлы дзень. Вядома, малому хлопцу ўсё гэта не вельмі  падабалася, але сёння Антон Мечыслававіч удзячны бацькам за іх адданы прыклад веры. З часам яму стала падабацца ў касцёле і нават цягнула туды. Праблемаю было тое, што святая Імша цэлебравалася на польскай мове, таму глыбіні і сэнсу літургіі хлопец не разумеў. Аднойчы, перамогшы нясмеласць, ён звярнуўся з пытаннямі да ксяндза Альберта Масальскага, які ў той час служыў у Солах. Святар з вялікім задавальненнем узяў хлопца ў духоўную апеку. Словы ксяндза — «Ніколі не забывайся пра малітву» — на ўсё жыццё адбіліся ў сэрцы юнака.

{gallery}213-01{/gallery}

Пра малітву ён не забываўся нават падчас службы ў войску. Калі толькі выпадала вольная хвілінка, ішоў у парк, які быў побач, і маліўся на пальцах Ружанец. Сёння Антон Мечыслававіч упэўнены, што вера і малітва не раз уратавалі яму жыццё яшчэ ў войску. Аднойчы на яго ляцеў груз вагою каля паўтоны. Здавалася, няма выратавання, і тады хлопец закрычаў: «Божа! Дапамажы!». І адбылося так, як і сказана ў Новым Запавеце: «...кожны, хто будзе прызываць імя Бога, будзе збаўлены» (пар. Дз 2, 21). Нябачная сіла нібы адпіхнула гэты груз. Жыццё было выратавана. Пазней, там жа ў войску, дактары выявілі ў Антона туберкулёз лёгкіх. Паўгода лячыўся, яго нават збіраліся камісаваць. Маці Антона, Ванда Вікенцьеўна, ездзіла ў Вострую Браму і шчыра малілася за свайго сына. І здарыўся цуд — хвароба знікла. Дактары здзіўлена разводзілі рукамі, і толькі салдат ведаў, Хто яму дапамог.

У нашай размове Ірына не раз паўтарала: «Мне вельмі пашчасціла з мужам, я за ім, як за каменнай сцяной. Ён — галава нашай сям’і, і менавіта ён вядзе нас па дарозе жыцця з Богам». Гэта, сапраўды, шчасце! Сёння вельмі рэдка сустракаюцца сем’і, дзе муж з’яўляецца галавою сям’і, як таго хоча Бог: «... бо муж ёсць галава жонкі, як Хрыстус

Галава Касцёла...»(пар. Эф 5, 22–24). Менавіта мужчына павінен быць правадніком у веры і абаронцам веры ў сям’і, таму што для гэтай ролі ён быў прызначаны Створцам. А мэта сужэнства, па словах благаслаўлёнага Яна Паўла II — гэта супольная дарога да святасці.

Вядома, што такая дарога не бывае  без цяжкасцяў і выпрабаванняў. Здараюцца яны і ў сям’і Найдзічаў. Ірына шчыра прызналася, што, калі зацяжарыла чацвёртым дзіцем (Маркам), была спакуса зрабіць аборт. Дзеці ў сям’і — адзін за аднаго меншыя: Павел з 1987 года нараджэння, Вікторыя — з 1988-га, Вераніка з 1990-га, а ў 1991-м — зноў цяжарнасць.

— Памятаю, — расказвае Ірына, — прывёз мяне муж з раддому з Веранічкаю, а сам паляцеў на працу. Я сяджу з трыма малымі і плачу. Таму, калі зноў зацяжарыла, вельмі разгубілася. Знайшлася сяброўка, якая ўгаворвала мя-не перарваць цяжарнасць і нават нейкай травы для гэ-тага прынесла. Мужу я нічога не казала. Усё жыццё буду дзякаваць Пану Богу, што мне хапіла тады мудрасці і духу не зрабіць гэты непапраўны крок.

Хлопчык рос вельмі адданым Богу. З маленства прыслужваў пры алтары міністрантам і вельмі любіў маліцца. Па словах бацькоў, калі б яны ні зайшлі ў яго пакойчык, ён заўсёды маліўся. У дзень 50-гадовага юбілею свайго таты Марк зрабіў яму сюрпрыз — сказаў, што ідзе вучыцца на святара. Гэта быў найкаштоўнейшы падарунак для бацькі. Неўзабаве пасля юбілею ў Антона Мечыслававіча дактары знайшлі анкалагічнае захворванне ныркі. Аперацыя была прызначана на 5 красавіка 2012 года — гэта быў Вялікі чацвер. Свой «прабіты» правы бок і цярпенні бацька ахвяраваў за сына...

Сёння Антон Мечыслававіч адчувае сябе добра, нават вярнуўся на ранейшую працу інжынера ў Гаргаз. Сапраўдным бальзамам на яго рану стала рашэнне дачкі Вікторыі пайсці ў кангрэгацыю сясцёр салезіянак. Віка скончыла педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і працуе ў дзіцячым садку выхавацелькай. З верасня гэтага года — у сясцёр. Няхай Міласэрны Бог дапамагае Вікторыі і Марку Найдзічам у іх святым пакліканні, а таксама адорвае гэтую цудоўную сям’ю шчодрымі ласкамі.


Галіна Калевіч

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней