«Чорная я, прыгажуня сабою...»

Чорная Мадонна Мантсэрат з Дзіцяткам Езусам

Як пісалася ў № 7-8 і 9 гэтага года часопіса «Ave Maria», Чорныя Мадонны пачалі з’яўляцца ў Еўропе ў выглядзе статуй паміж XI і XIII ст. пераважна ў Францыі, Германіі і Іспаніі. Зазначалася, што існуе сувязь паміж чорнымі выявамі Панны Марыі і дахрысціянскімі культамі багіняў-маці, што існавалі ў Еўропе і паўночнай Афрыцы. Напрыклад, адна з самых вядомых і шанаваных выяваў Панны Марыі — выява Чорнай Мадонны Мантсэрат з Дзіцяткам Езусам. Яна выглядае амаль ідэнтычна са старажытнымі выявамі вельмі папулярнай егіпецкай багіні Ісіды (лац. Isis) з сынам Горам. Больш за тое, і Марыю, і Ісіду называюць Ранішняй Зоркаю, Валадаркаю неба і Зоркаю мора. Думаю, сучасным католікам падаецца амаль ерэтычным разважаць нават пра магчымасць такога падабенства, але найбольш грунтоўныя даследаванні гэтага падабенства былі праведзены менавіта каталіцкімі святарамі і навукоўцамі. З іх дапамогаю можна не толькі глыбей зразумець вучэнне Каталіцкага Касцёла пра Панну Марыю, але і знайсці сапраўды каталіцкі падыход да з’яваў нашага сучаснага жыцця.

Пачнём з таго, як Чорныя Мадонны сталі распаўсюджвацца ў Еўропе ў час так званага высокага, ці класічнага Сярэднявечча. Пасля падзення Заходняй Рымскай імперыі Еўропа трапіла ў перыяд «цёмных» часоў, калі вялікае перасяленне народаў (масавая міграцыя плямёнаў) суправаджалася бясконцаю барацьбою за новыя дзяржаўныя утварэнні. У тыя часы Касцёл веў місіянерскую дзейнасць ва ўсіх кутках Еўропы і хутка перамог у спаборніцтве з мясцовымі рэлігійнымі культамі за сэрцы людзей. З аднаго боку, прыняцце хрысціянства рознымі плямёнамі і народамі суправаджалася пераследам старых культаў, а з другога — намаганнямі захаваць культавыя прадметы ад знішчэння. Пачатак другога тысячагоддзя пазначаны росквітам сярэднявечнай цывілізацыі. 

Паляпшэнне клімату і адносная палітычная стабільнасць прывялі да росту насельніцтва, сельскай гаспадаркі і гандлю. Адпаведны росквіт мастацкага і інтэлектуальнага жыцця адлюстраваліся ў ззяючых фрэсках Джота, глыбока метафізічнай паэзіі Дантэ, узнёслай гатычнай архітэктуры, еднасці веры і розуму ў вучэннях св. Тамаша Аквінскага. Вандраванні Марка Пола і Крыжовыя паходы, якія пачаліся ў 1095 годзе, пазнаёмілі паўночныя народы са знешнім выглядам паўднёвага насельніцтва. Новыя манаскія ордэны —францішканскі (1209 г.) і дамініканскі (1216 г.) — разам з існуючым бэнэдыктынскім займаліся актыўнаю апостальскаю дзейнасцю. 

Вельмі адметную ролю ў сярэднявечным росквіце культу Панны Марыі адыграў цыстэрцыянец св. Бэрнард Клярвоскі (1090–1153). У юнацтве св. Бэрнард быў выратаваны Чорнаю Мадоннаю Chatillion-surSeine ад небяспечнай інфекцыі. Калі ён у роспачы чытаў перад Яе выяваю малітву «Вітай, Зорка мора…», то пры словах «пакажыся Маці» выява пахіснулася і тры кроплі малака з Яе грудзі ўпалі на яго вусны. Гэты цуд не толькі вылечыў юнака, але перапоўніў яго сэрца любоўю да Маці Касцёла і праз яго распаўсюдзіў Яе палымянае шанаванне ва ўсёй Еўропе.

У гэты час Чорныя Мадонны пачынаюць з’яўляцца ў розных кутках Еўропы. Слова «з’яўляцца» тут выкарыстоўваецца невыпадкова, бо выявы, большасць з якіх статуі, не былі яшчэ створаныя ў той час. Некаторыя з Чорных Мадоннаў былі знойдзеныя ў дрэвах і пячорах, з дапамогаю хатніх жывёлаў ці побач з імі. Магчыма, што сярод іх былі і шанаваныя, і даўно забытыя дахрысціянскія статуі. Стаўленне Касцёла да прадметаў старажытных культаў, а таксама шанавання святых крыніцаў, дрэваў і камянёў было неадназначным. Яны не заўсёды знішчаліся і забараняліся, але, па магчымасці, хрысціянізаваліся. Такі падыход адлюстраваны ў лісце да святароў (601)святога папы Грыгорыя Вялікага: «Кажуць, што мясцовыя жыхары маюць звычай ахвяраваць валоў. Неабходна, каб гэты звычай быў ператвораны ў хрысціянскі... Яны могуць ахвяраваць і забіваць хатніх жывёлаў, але не ў гонар д’ябла, а ў гонар Бога, якому яны падзякуюць пасля спажывання. Толькі такім чынам, захоўваючы для людзей некаторыя са свецкіх радасцяў, вы лягчэй зможаце прывесці іх да атрымання асалоды ад радасцяў духу».

Так, у Еўропе перад пачаткам пасеву былі шырока распаўсюджаны святы шанавання багіняў, звязаных з зямлёй і ўрадлівасцю (у цёплым клімаце Рыма яны прыпадалі на люты). У 472 годзе папа Геласій замацаваў узнікшую ў Ерузалеме традыцыю адзначаць свята Ахвяравання Пана 2 лютага, пры гэтым захоўваючы розныя сімвалы зямлі і сонца. Напрыклад, у гэты дзень папа Геласій раздаваў у Рыме бліны, якія сваёю формаю сімвалізавалі сонца. Гэтая традыцыя і цяпер захоўваецца ў Францыі, Бельгіі, Мексіцы і іншых краінах. Падобным чынам Касцёл адрэагаваў на кельцкі паганскі звычай шанавання памерлых 1 лістапада. Кельты верылі, што ў гэты дзень, перад пачаткам доўгай цёмнай зімы, духі памерлых сыходзяць на зямлю і свавольнічаюць. Каб духі іх не пазналі, людзі хадзілі па вуліцах ў масках. Папа Грыгоры III (731–741) устанавіў на гэты дзень свята шанавання Усіх святых (у стараанглійскай мове Alholowmesse, сёння вядомы як Halloween), а калі хрысціянства ўмацавалася сярод кельцкіх народаў паўночнай Францыі, Ірландыі і Брытаніі, то ў 1000 годзе Касцёл дадаў у літургічны календар Дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў 2 лістапада. Гэты дзень адзначаўся, як у старажытнасці: з вялікімі вогнішчамі і працэсіямі ў касцюмах анёлаў і чарцей. У сучаснай гісторыі гэта свята распаўсюдзілася ў ЗША, спачатку ў пераважна каталіцкім штаце Мэрыленд, а з хваляю эмігрантаў з Ірландыі, і па ўсёй краіне. Па старой традыцыі ў дзень успаміну памерлых бедныя людзі прасілі ежы ўзамен малітвы за памерлых сваякоў. Касцёл падтрымліваў гэту традыцыю замест пакідання ежы на могілках памерлых. 

Kалі кароль франкаў Карл I Вялікі часова забараніў усе дахрысціянскія традыцыі і прыродныя святыні, то Панна Марыя як бы выратавала іх. З’яўляючыся на старажытных камянях і дрэвах, Яна благаслаўляла іх і прасіла будаваць на гэтых месцах касцёлы. Такім чынам, Яна, якая першая з людзей стала «новым стварэннем» праз прыняцце Пана Бога ў сваё ўлонне, засведчыла, што ўсё аддадзенае Богу становіцца асвячоным. 

Сёння мы зноў сцвярджаем той падыход да з’яваў свету, які быў паказаны Паннай Марыяй: вяртаемся да сваіх каранёў для таго, каб прывесці іх да паўнаты рэлігійнага жыцця ў Хрысце. Такім чынам, словы Дэкларацыі пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій на Другім Ватыканскім Саборы (Nostra Aetate) можна выкарыстоўваць і ў дачыненні да старажытных культаў: «Ужо са старажытнасці і да цяперашняга часу ў многіх народаў існуе пэўнае адчуванне таямнічай сілы, якая прысутнічае ў хадзе справаў і ў падзеях чалавечага жыцця, а часам і прызнанне Найвышэйшага Боства ці нават Айца. Гэтае адчуванне і гэтае прызнанне напаўняе іх жыццё глыбокім рэлігійным зместам... Каталіцкі Касцёл не адмаўляе нічога, што ў гэтых рэлігіях ёсць праўдзівага і святога. Ён са шчырай павагай разглядае той спосаб дзеянняў і жыцця, тыя прадпісанні і вучэнні, якія, хоць і значна адрозніваюцца ад таго, што развівае і чаму навучае Касцёл, усё ж часам адлюстроўваюць промень той Праўды, якая асвячае ўсіх людзей. Сапраўды, Касцёл абвяшчае і заўсёды павінен абвяшчаць Хрыста —„дарогу, праўду і жыццё“ (Ян 14, 6), у якім людзі знаходзяць паўнату рэлігійнага жыцця і праз якога Бог прымірыў усё з сабою» (NA 2).

Хрысціяне Сярэднявечча менавіта так і ставіліся да старажытных культаў багіняў зямлі і ўрадлівасці. У іх яны прызнавалі як бы папярэдніцаў Панны Марыі, сапраўднай Валадаркі зямлі, бо Яна атрымала гэтую ласку праз свайго Сына Езуса Хрыста. Яна стала першым чалавекам, які дасягнуў сапраўднай мэты чалавечага жыцця — стаць «саўдзельнікамі Божай натуры» (2 П 1, 4). 

У вобразе Чорнай Мадонны Мантсэрат мы бачым, як у Яе гісторыі, знешнім выглядзе і справах адлюстраваны чалавечы пошук еднасці з Богам. Легенда гаворыць, што гэтая статуя паходзіць з Ерузалема і што яна была прывезена ў Іспанію біскупам Барселоны. У 718 годзе падчас акупацыі краіны сарацынамі статую схавалі недалёка ад Каталоніі на гары Мантсэрат (літаральна азначае «зубчастая гара»), і з часам яе месцазнаходжанне згубілася. У 880 г. вясковыя хлопчыкі заўважылі незвычайнае святло ў пячоры і паведалімі пра гэта мясцоваму святару і біскупу. Святло зыходзіла з невялікай статуі Панны Марыі з Езусам. Людзі спрабавалі перанесці яе ў бліжэйшую вёску, але не змаглі зварухнуць яе з месца. Так Марыя сама абрала сабе месца, на якім урэшце былі пабудаваныя касцёл і кляштар.

Статуя Маці Божай Мантсэрат выканана ў адпаведнасці са старажытным канонам, які называецца «трон мудрасці»: Панна Марыя сядзіць на нізкім троне і трымае на каленях Дзіця. Абедзве фігуры ўкаранаваныя. У правай руцэ Марыя трымае сферу, якая сімвалізуе валадарства над усім стварэннем; левая рука адпачывае на плячы Дзіцяці, якое з’яўляецца крыніцай Яе ўлады. Езус правай рукой благаслаўляе свет, а ў левай трымае хваёвую шышку, знак ўрадлівасці. На мове сярэднявечнага сімвалізму такая поза азначае, што Марыя — гэта трон Мудрасці, крыніца мудрасці ў свеце, бо Яна — улонне, з якога прыйшоў на свет Пан Бог.

Хутка пасля цудоўнага з’яўлення Мадонна Мантсэрат атрымала рэпутацыю цудадзейнай. Яе моц асабліва звязаная з жаночаю плоднасцю і мацярынствам. У Каталоніі нават кажуць, што толькі той сапраўды ажаніўся, хто прывёў жонку да Мантсэрат. За стагоддзі Мадонну наведала шмат пілігрымаў, сярод якіх былі каралі Францыі, Рымскія Папы і ўсе каралі Іспаніі. Самым вядомым наведвальнікам быў святы Ігнацый Лаёла, заснавальнік ордэну езуітаў. Каля Мадонны ён правёў тры дні ў нястомнай малітве, пасля чаго аддаў сваю багатую вопратку бедным, пакінуў свой меч каля Яе ног і на некалькі месяцаў сышоў у пячору, дзе пачаў пісаць сваю кнігу «Духоўныя практыкаванні» (Ejercicios espirituales), якая стала адным з самых папулярных у свеце кіраўніцтваў да духоўнага жыцця.

У наш час Мадонна Мантсэрат з’яўляецца сімвалам нацыянальнага руху Каталоніі, ахоўніцай яе мовы і звычаяў. Штогод да Яе прыбывае каля мільёна пілігрымаў, каб узнесці свае малітвы і дакрануцца да Яе правай рукі (адзінай часткі статуі, не прыкрытай шклом). Акрамя дапамогі ў нашых штодзённых праблемах, Яна з’яўляецца той, у чыім улонні адбыўся «шлюб зямлі і неба», і нястомна нагадвае нам пра галоўную мэту нашага жыцця — еднасць з Панам Богам.

Анастасія Вудэн

Цэтлікі: Маці Божая

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней